Вы тут

У Нацыянальным гістарычным музеі адкрыецца выстаўка фатаграфій археалагічных артэфактаў


У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 18 снежня ўсіх зацікаўленых і неабыякавых да беларускай гісторыі чакае ўнікальная фотавыстаўка — «Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым». Ці не ўпершыню праз аб’ектыў фотаапарата зроблена спроба паказаць прыгажосць артэфактаў, якія здабыты, знойдзены ў час археалагічных раскопак. Аўтар — фатограф Варвара ВЫСОЦКАЯ.


На выставе будзе прадстаўлена болей за 20 фотаздымкаў. Адбіткі розных арнаментаў на кераміцы, рэтушаваныя краі крамянёвых сякер і наканечнікаў, гравіроўка на кінжале з ікла… Дробязі, паверце, уражваюць, узводзяць артэфакты айчыннай археалогіі на новыя вышыні. Знойдзеныя і акрэсленыя праз творчы фатаграфічны ракурс артэфакты выяўляюцца раптам шматслоўнымі, гаваркімі. Складваецца ўражанне, што ты сам прысутнічаеш на раскопках, а калі і далей углядацца ў змест здымкаў, то і ўвогуле становішся ўдзельнікам даўніх гістарычных падзей, у нечым набліжаешся да спраў і дзей старажытнага чалавека, пачынаеш жыць яго побытам.

Усе артэфакты, адлюстраваныя на здымках, узростам крыху болей за чатыры тысячы гадоў і належаць да бронзавага веку. Прадметы, якія ў большасці сваёй ствараліся ў чыста практычных мэтах, цяпер уяўляюць каштоўную крыніцу інфармацыі не толькі для археолага. Прыгожыя формы, акуратна вылепленыя, вырабленыя рукамі чалавека, кампазіцыі арнаментальнага дэкору глінянага посуду, сколы ад наўмыснай апрацоўкі крэменю для атрымання наканечніка… Кожны з гэтых прадметаў унікальны, мае сваю непаўторную тэкстуру. Уважліва разгледзеўшы ўсе выявы, можна сапраўды натхніцца на новыя здабыткі, на стварэнне сапраўдных шэдэўраў.

Фатаграфічная праца праведзена на аснове археалагічных калекцый, якія сабраны па выніках раскопак пад кіраўніцтвам вядомага беларускага археолага кандыдата гістарычных навук Мікалая Мікалаевіча Крывальцэвіча, старшага навуковага супрацоўніка сектара неаліту і бронзавага веку аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Асноўныя абсягі навуковых інтарэсаў даследчыка — археалогія позняга неаліту і бронзавага веку на тэрыторыі Беларускага Палесся. Фатаграфічная выстаўка Варвары Высоцкай — частка вялікага музейнага праекта «Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі», накіраванага на папулярызацыю археалогіі сярод шырокіх колаў грамадства.

Чакаем усіх аматараў гісторыі ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь па адрасе: Мінск, вуліца Карла Маркса, 12.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.