Вы тут

Падхоплены голас згоды. Як выглядаў даўні беларускі каляндар?


Пачатак пашырэння на беларускіх землях календароў кніжнага фармату прынята адлічваць з XVIII ст. Універсальныя выданні змяшчалі шмат цікавай і карыснай у побыце інфармацыі, а таму карысталіся вялікай папулярнасцю сярод розных слаёў насельніцтва — шляхты, мяшчан, сялянства. Масавы характар календароў, іх шырокая запатрабаванасць з цягам часу выкарыстоўваліся як для правядзення дзяржаўнай унутранай палітыкі, так і для папулярызацыі і ўкаранення новых ідэй і поглядаў.


Беларускі каляндар, 1911.

Традыцыя ўласна беларускіх календароў зыходзіць да пачатку ХХ ст. У той час яна знаходзілася ў агульнай плыні энтузіязму нацыянальнай культурнаасветніцкай працы, ішла поруч з важным этапам станаўлення літаратурнай класікі. Пра падрыхтоўку календароў у 1910—1913 гг. рупілася віленская газета «Наша ніва», што было адлюстравана ў  саміх назвах выданняў — «Беларускі каляндар “Нашай нівы”».

Афармленне і змест календароў улічвалі запыты поліэтнічнай і шматканфесійнай чытацкай аўдыторыі: варыянтнасць графікі (кірыліца і лацініца), рэлігійныя святы (праваслаўныя і каталіцкія), экскурсы ў гісторыю, візуальнае суправаджэнне тэкставай інфармацыі (ілюстрацыі), практычныя парады і інш. Літаратурная частка папулярных кніг прадстаўляла найлепшыя ўзоры беларускага пісьменства, многія з якіх прайшлі папярэднюю апрабацыю на старонках «Нашай нівы».

Украінскія календары ў ЗША

У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. календары ў асяродку працоўнай эміграцыі, беззямельных сялян з Аўстра-Венгрыі выконвалі, як мінімум, дваістую задачу: адаптацыі да ўмоў жыцця ў новай краіне і захавання спадчыны еўрапейскай (пра) радзімы. За Атлантыку перабіраліся і праяўляліся ў новым фармаце адметнасці нацыянальнай самаідэнтыфікацыі (украінцы і русіны), канфесійнай разнастайнасці (уніяты і каталікі), пісьменства (варыянтнасць графікі, актуальныя працэсы кадыфікацыі літаратурнай мовы) і інш.

Піянерам у гэтай справе быў «Першы Руска-Амерыканскі каляндар» (1897). У выданні вылучаны дзве часткі: уласна каляндарная і літаратурная, што займае большасць старонак, прадстаўляе розныя жанры нацыянальнага пісьменства (паэзію, прозу, нарысы), тэкст суправаджаецца ілюстрацыямі з рэлігійнага і грамадска-культурнага жыцця.

Календары, што выходзілі ў пачатку ХХ ст. у ЗША для патрэб русінскай/ украінскай эміграцыі, зместава больш дыферэнцыраваны, маюць шмат агульных рыс з календарамі «Нашай нівы», што выпускаліся ў віленскай друкарні Марціна Кухты. Відавочнае падабенства датычацца структуры, зместу, а таксама мастацка-паліграфічных характарыстык амерыканскага і еўрапейскага выданняў: выкарыстанне элеменатаў стылю мадэрн, нацыянальнай арнаментыкі і гістарычных сюжэтаў, шчодрае ілюстраванне (фатаграфічныя партрэты, малюнкі і інш.), рэкламны матэрыял.

Напрыклад, у «Календары для амерыканскіх русінаў на 1911 год» прадстаўлены ўласна каляндарны корпус звестак, што ўлічвае канфесійныя інтарэсы чытацкай аўдыторыі, называе святочныя дні паводле грэка-лацінскай і каталіцкай традыцый, а таксама нацыянальныя святы і памятныя падзеі з гісторыі ЗША і ўкраінскіх земляў. Асобна вылучаны літаратурная, лекарская, папулярна-навуковая, гістарычная, інфармацыйная, гумарыстычная часткі.

Украінскія календары былі вельмі патрабавальнымі адносна літаратурных твораў. Акрамя ўкраінскіх пісьменнікаў, на старонках выданняў змяшчаліся выключна ўзоры творчасці прызнаных майстроў пяра — еўрапейскіх і амерыканскіх: Чарльза Дыкенса, Ірвінга Вашынгтона, Фенімора Купера, О. Генры, Марка Твэна, Льва Талстога, Мікалая Гогаля, Івана Вазава і інш.

Старонкі календара на 1915 год

 Украінскі каляндар, 1915.

У ходзе папярэдняй пошукавай дзейнасці аўтарам гэтых радкоў быў выяўлены шэраг беларускіх твораў, апублікаваных у пачатку ХХ ст. на старонках украінскай газеты «Свобода» (НьюЁрк). Толькі пад адным тэкстам — вершам Цёткі «З чужыны» (укр. «Із чужини»), надрукаваным 14 лістапада 1914 г., пазначаны перакладчык — А. Л. У ходзе тэксталагічнага аналізу намі было ўстаноўлена, што зыходным для мастацкага перастварэння стаў тэкст, апублікаваны ў «Беларускім календары “Нашае нівы” на 1912 год». Таксама высветлена імя інтэрпрэтатара — Антон Латоцкі, які разам з бацькам Львом Латоцкім дасылаў свае тэксты ў ЗША з Галіччыны (АўстраВенгрыя). Журналіст Уладзімір Латоцкі, родны брат Антона, у 1914-м перабраўся з Еўропы за акіян. Усе названыя прадстаўнікі творчай сям’і «сышліся» на старонках «Календара Украінскага Народнага Саюза на год звычайны 1915».

У прадмове Уладзімір Латоцкі, складальнік і рэдактар выдання, коратка апісаў задачы сваёй «першай спробы на новай зямлі», заклікаў чытачоў прысылаць заўвагі і пажаданні на наступны выпуск. Палічыў патрэбным праінфармаваць пра надзённыя абставіны сувязі з украінскай метраполіяй у складаных умовах ваеннага часу: «Пры гэтай нагодзе мушу адзначыць, што еўрапейская вайна нашкодзіла і нашаму календару. З-за вайны прапала па дарозе з Еўропы (пры канфіскацыі англійскімі ваеннымі караблямі еўрапейскай пошты) багата цікавых артыкулаў, высланых у наш каляндар з Галіччыны і з іншых краёў Еўропы… Таксама прапала ў дарозе багата вельмі прыгожых ілюстрацый, высланых з Львова, яшчэ за месяц перад заняццем нашай галіцкай сталіцы».

Узоры паэтычнай творчасці еўрапейскай Украіны прадстаўлены ў «Календары…» не асобным блокам, а рассыпаны па ўсім выданні, у многіх выпадках падмацоўваюць тэму суседняга матэрыялу — тэкставага і візуальнага. Такім чынам прадстаўлены вершы Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка, Багдана Лепкага, Аляксандра Алеся, Сцяпана Руданскага, Леаніда Глібава, Тараса Вірнага, Хрысці Алчэўскай, Княжны Я. Качубееўны, Аляксандра Калесы, Паўла Грабоўскага і інш., а таксама нямецкага паэта Германа Лінга ў перакладзе Васіля Шчурата.

Нешматлікія празаічныя творы, апублікаваныя на старонках «Календара…», належаць пяру Васіля Стэфаніка, Льва Латоцкага, Антона Латоцкага, рускага пісьменніка Аркадзя Аверчанкі (аўтар украінскага перакладу пазначаны крыптанімам П. Д.).

Антон Латоцкі апублікаваў некалькі сваіх тэкстаў. Аглядны артыкул «Наша народная паэзія» прысвечаны аналізу абрадавай і пазаабрадавай лірыкі. Аўтарскае жанравае вызначэнне «Сястры-казачкі» — «гістарычнае апавяданне на аснове народнай песні».

Калі ў артыкуле «Славянскія мовы», апублікаваным у «Календары для амерыканскіх русінаў на 1903 год» (Оліфант, 1903) беларуская мова нават не згадана ў агульным пераліку, то ў допісе «Славяне» «Календара… на 1915 год» васьмімільённы беларускі народ заняў свой пачэсны, пяты «пасад» (у адпаведнасці з колькаснымі характарыстыкамі) сярод дзесяці названых.

Шэраг матэрыялаў «Календара Украінскага Народнага Саюза на год звычайны 1915» прысвечаны нацыянальнай, лакальна-этнаграфічнай тэматыцы: «Сціслае апісанне ўкраінскіх земляў», «Наша родная мова», «Лемкі», «Лемкаўскія песні пра Амерыку», «Угорская Русь», «Украінская эміграцыя з Галіччыны і Букавіны ў 1913-м годзе» і інш.

Асаблівую цікавасць уяўляе артыкул «Адраджэнне расійскай Украіны», прысвечаны гісторыі грамадска-культурнага руху і яго сучаснаму стану. Аўтар — Юрій Сїрий. Як нам удалося высветліць, гэта адзін з псеўданімаў пісьменніка і грамадскага дзеяча Юрыя Тышчанкі/Цішчанкі (укр. Юрій Тищенко, 1880—1953), які ў пачатку ХХ ст. браў чынны ўдзел у працы практычна ўсіх вядучых украінскіх выданняў і выдавецтваў Расійскай імперыі. Пад пагрозай арышту за сваю палітычную актыўнасць (сябра Украінскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі) у 1913 г. на непрацяглы час выехаў за мяжу. У 1914 г. у ЗША Юрый Тышчанка стаў арганізатарам кнігарні Украінскага Народнага Саюза, сурэдактарам газеты «Свобода». Такім чынам, артыкул «Адраджэнне расійскай Украіны» можна разглядаць як адно са сведчанняў яго непасрэднага ўдзелу ў заакіянскай медыйнай практыцы, хоць месца і дакладны час напісання пазначаны іншыя (магчыма, з канспіратыўных меркаванняў) — Пецярбург, 15 мая 1914 г.

Змястоўны і шчодра ілюстраваны тэкст знаёміў чытача з рознымі аспектамі ўкраінскай гісторыі і грамадскай дзейнасці ў тагачаснай Расійскай імперыі: адміністрацыйна-тэрытарыяльным, культурна-асветніцкім, рэвалюцыйным і інш. Асобна вылучаны раздзел «Новы перыяд» адлічвае найноўшы час ад рускаяпонскай вайны і завяршаецца стагадовым юбілеем Тараса Шаўчэнкі, які ва ўмовах афіцыйнай забароны спарадзіў сапраўдную хвалю народнага ўздыму і нацыянальнага яднання. Аўтарскія ідэйныя акцэнты ў гэтай частцы вытрыманы стылёва, вылучаны візуальна (паўтлусты шрыфт): «Настане час і ўжо блізка ён, калі скінем мы з сябе ярмо і змяцем усё тое смецце, увесь той бруд, які яшчэ душыць нас сваёй сілаю».

Заакіянскі водгалас беларускага слова

Гальяш Леўчык. Варшава, 1914 (?) г

Узор беларускай аўтарскай творчасці — верш Гальяша Леўчыка — у «Календары Украінскага Народнага Саюза на год звычайны 1915» падвярстаны да апошняй старонкі артыкула «Адраджэнне расійскай Украіны», падхоплівае яго завяршальныя інтанацыі пабуджальнага характару, уздзейнічае на рэзанатары актуальнага міжнароднага гучання і грамадска-культурнага паразумення:

Г. Левчик

Разом братя!

(З білоруського.)

Разом, братя, будьмо в згодї

Чи в недолі, чи в пригодї

І злучімся в шнур як гуси,

На гаразд всїй Білоруси!

Бо чи хто коли був в силї

Віник поломать відразу? —

Не здолїє — тільки виллє

Много поту, сил і часу!

А коли його розвяже,

Кожду він тодї прутинку,

Як візьметься, як наляже,

Переломить як билинку.

Так і ми, коли в громадї

Разом станемо стїною

Разом будем жить і радить,

Не злякають нас бідою.

Верш Гальяша Леўчыка «Дружна, брацця!..» упершыню апублікаваны ў газеце «Наша ніва» 18 жніўня 1911 г. (№ 33) у  суседстве з вершамі «Кісель» Альберта Паўловіча і «Вечар» Максіма Багдановіча. Наступным выхадам у свет гэтага твора стаў «Беларускі каляндар “Нашае нівы” на 1912 год» (Вільня, 1912). На тое, што перакладчык меў справу менавіта з нашаніўскай дэбютнай публікацыяй, указвае, найперш, паўтораная ў назве ўкраінскай інтэрпрэтацыі пунктуацыйная памылка, выпраўленая ў наступных беларускіх узнаўленнях тэксту, — не вылучаны зваротак.

У біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 4, 1994) зафіксаваны адзіны вядомы да гэтага часу пераклад нашаніўскага аўтара на ўкраінскую мову, ажыццёўлены Мікітам Шапавалам і апублікаваны ў часопісе «Літературно-науковий вісник» (1909, № 10). У рубрыцы «З білоруських поетів» тут былі змешчаны вершы «Ой, тяжко…» Гальяша Леўчыка і «Грайка (Сопілка)» Мацея Крапівы (Цёткі).

Такім чынам, выяўленая намі заакіянская публікацыя не толькі ўзнаўляе геаграфічныя маштабы вядомасці аднаго канкрэтнага аўтара і ўсёй беларускай літаратуры нашаніўскага перыяду, але і вызначае новы напрамак даследчыцкай дзейнасці — высвятленне імені перакладчыка, не пазначанага ў «Календары…».

Можам меркаваць, што кола пошуку звужаецца дзякуючы відавочным фактам непасрэднага ўдзелу ў названым украінска-амерыканскім выданні 1914 г. і папярэдняй практыкай (вядомай і рэканструяванай аўтарам гэтых радкоў) двух еўрапейскіх пісьменнікаў — Антона Латоцкага (Аўстра-Венгрыя) і Мікіты Шапавала (Расійская імперыя). Больш дэталёва кантэкстуальнае вырашэнне гэтага і іншых пытанняў будзе прадстаўлена ў снежаньскім нумары часопіса «Полымя».

Мікола ТРУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?