Вы тут

Прамыванне костак падчас дэканструкцыі шкілета


Няма нічога новага, а любое мастацтва даўно памерла. Звычайна, каб да гэтай думкі прыйсці, трэба самому далучыцца да свету мастацтва і паспрабаваць нешта ў ім зрабіць. Толькі паспрабаваўшы, разумееш, што вынаходзіш ровар, прычым ровар, які даўно ўжо на звалцы.


Думка пра тое, што нічога новага няма, звычайна прыводзіць або да моцнай фрустрацыі і адмовы ад творчасці, або, наадварот, да больш адчайных спроб вынайсці нешта новае ў наскрозь няновым свеце. Яшчэ, канечне, магчымы варыянт, у якім умоўны творца скараецца перад сітуацыяй і працягвае свае творчыя эксперыменты і спробы не пакутуючы.

Сінтэз мастацтваў, як бы гэта ні гучала, традыцыйна ўспрымаецца як нешта цікавае і незвычайнае. Сінтэз літаратуры і кіно прывычна выглядае як экранізацыя рамана або, напрыклад, біяграфія пісьменніка з элементамі тэкстаў у фільме. Кінамова не менш разнастайная і глыбокая, чым звычайная, у чымсьці — за кошт створанасці — нават больш. Але спроб перанясення кінамовы ў звычайную сустракаецца не так шмат.

Адна з іх — прадмет разгляду ў гэтым тэксце — кніга Макса Шчура «Кінараман». Яе, як і джойсаўскага «Уліса», да прыкладу, можна чытаць дзеля сюжэта — гісторыі чалавека, які займае своеасаблівую ролю ў стварэнні кіно, аб тым, як будаваліся яго стасункі з гэтым мастацтвам. Але самае цікавае ў «Кінарамане», безумоўна, — яго форма. Аўтар фактычна выкарыстоўвае відэамантаж для працы з тэкстам: складае яго з нарэзаных кавалкаў дзённіка героя, размоў з сябрамі за півам, цытат вядомых рэжысёраў і літаратараў, выпадковых разважанняў, расповедаў пра падзеі і лёсы ў кіно.

Калі цалкам пазбавіцца сюжэтнай часткі, кніга будзе нагадваць своеасаблівы падручнік па гісторыі кінамастацтва, напісаны з асабістага погляду аўтара, што не дазваляе фармальнай мове і фактычнай інфармацыі «з’есці» яго стаўленне да прадмету.

Персанаж, цэнтральная асоба ў сюжэтнай частцы тэксту, не мае імені. На працягу тэксту ён быццам бы намагаецца самаідэнтыфікавацца, зразумець, кім з’яўляецца і якое месца займае ў жыцці і структуры тэксту. У першых частках гуляе з чытацкімі чаканнямі наконт яго знешнасці і нават полавай прыналежнасці. У пытаннях гендару называе сябе сексістам і быццам выбачаецца за тое, што вырашыў застацца ў кнізе мужчынам. Гэтыя тлумачэнні выглядаюць дзіўна, але пасля разумееш, што своеасаблівы пасіўна-агрэсіўны настрой можна лічыць рысай персанажа: пазней ён пачынае праяўляцца ў стаўленні да многіх людзей і з’яў, што яго атачаюць. «Падобную з’яву вяртання да першапачатковага стану мы назіраем паўсюль, дзе праехаўся танк няўмольнага прагрэсу Пісьмо здэгенеравала на ўзровень “твітаў”, гэтых віртуальных графіці; фатаграфія апусцілася на ўзровень імгненных “шотаў” і “сэлфі”, кіно вырадзілася ў “споты” і “гіфы”».

У анатацыі зазначана, што гэтая кніга была спробай паяднаць і распавесці пра гісторыю кіно і вобраз пакалення, да якога належыць аўтар. Магчыма, у гэтым скепсісе і ёсць спроба паказаць характар людзей, што выраслі ў адным свеце, а жыць вымушаны абсалютна ў іншым. Іронія аўтара раскрываецца не толькі ў рэзкіх разважаннях, але і ў гульні слоў.

Працягваецца гульня з чытачом не толькі ў сюжэтнай частцы, але і ў цытатнай: некаторыя трансфармаваны, і трэба быць добра абазнаным, каб расшыфраваць гэта. Дарэчы, цытаты тут існуюць не толькі ў якасці частак тэксту: расказваючы гісторыю, пісьменнік перыядычна «цытуе» сюжэты фільмаў.

Так, мімаходзь, М. Шчур вызначае і жанр сваёй кнігі. «Анатомія» — пазначана на вокладцы. Праз некалькі старонак аўтар тлумачыць чужымі словамі: «... Гэта, можа, і раман, але адступленні, каталогі, стылізацыя постацяў паводле аднаго з чатырох “гумараў”, дыскусіі ў стылі сімпозіуму і несупынныя кпіны з філосафаў і педантаў-крытыкаў — усё гэта рысы, што характарызуюць жанр анатоміі». Тэкст неадназначны па настроі: часам аўтар карыстаецца ледзь не акадэмічнай мовай, дзесьці збіваецца на лаянку і эпатажныя выслоўі. Фрагментарнасць, стракатасць і разнароднасць тэксту патрабуе вялікай засяроджанасці, абазнанасці ў тэме і значнага чытацкага майстэрства, каб зразумець гэтую кнігу да канца.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.