Вы тут

На паверхні знешняга і ўнутранага


Трэці па ліку Мiжнародны фестываль мастацтваў «Арт-Мінск — 2020» размясціўся ў сталічным Палацы мастацтва. Увазе наведвальнiкаў прадстаўлены работы I трыенале жывапiсу, графiкi i скульптуры Беларускага саюза мастакоў «VIVAT VITA», а таксама выставачны праект «Графiка года». У канцы фестыва­ лю журы, у склад якога ўваходзяць мастацтвазнаўцы, вызначыць пераможцаў сярод удзельнiкаў трыенале i праекта «Графiка года» ў такiх намiнацыях, як «Жы­ вапiс», «Графiка», «Скульптура», i асобна ў намiнацыях «Графiка года» i Гран-пры. Чакае мастакоў і прыз сімпатый гледачоў.


Вольга Юхновіч «Каханне Юх-Пух», 2020

Такім чынам, у адным фэсце аб’ядналiся тры вялiкiя праекты, якiя наведвальнiкi змогуць убачыць да 16 снежня. Змясцiць усе работы амаль 400 мастакоў на адной пляцоўцы арганізатары не змаглі, таму ацаніць маштаб экспазiцыі фэсту можна ў розных мінскіх лакацыях. З-за сёлетніх неспрыяльных умоў, акрамя беларускіх, удзельнічаюць мастакі толькі з Эстоніі і Славакіі. Тым не менш айчынныя творцы здолелі кампенсаваць недахоп «замежнага сегмента».

Жывапіс, графіка, скульптура, фатаграфія, артаб’екты — у разнастайнасці твораў «Арт-Мінска» складана абазначыць тэндэнцыі, праблемы і недахопы, тэматычны і тым больш ідэйны абсяг. Але адно несумненна: як ніколі раней неабходна ўлічваць кантэкст. Чаму Дональд Трамп намаляваны з клоўнскім носам? Па якой прычыне ў работах айчынных мастакоў даволі часта сустракаюцца жукі? Чаму чалавек, падобны да Уладзіміра Пуціна, выглядвае з прабоіны ў дзвярах? У такіх розных поглядах мастакоў — адлюстраванне часу, які выбраў іх. Гэтая неабыякавасць да знешняга свету супярэчыць звыклай і даволі традыцыйнай для беларускага мастацтва засяроджанасці майстра на сваім унутраным.

Перад чытачом — пералік 10 работ выстаўкі ў Палацы мастацтваў. Гэты спіс, тым не менш, можа даць уяўленне пра тое, што хвалюе сучасных мастакоў і, значыць, арганізатараў фестывалю, якімі сродкамі яны імкнуцца заваяваць увагу гледача і чым удаецца зацікавіць «спажыўца кантэнту». Гэты «топ», зразумела, умоўны і адносны.

Таццяна Галаўкова (Гімро) «Папера. Крызіс 2020». Беларускіх мастакоў (прынамсі, тых, якія прадстаўлены на фестывалі), у адрозненне ад тых жа пісьменнікаў ці паэтаў, мала хвалюе тэма пандэміі і пагрозы для чалавецтва. Але яшчэ ў пачатку сусветнага крызісу прадстаўнікі розных відаў літаратуры і мастацтва (асабліва кіно) адлюстравалі свае хваляванні і ў сур’ёзных развагах, і ў гумарыстычным рэчышчы накшталт вечных размоў пра дыфіцыт грэчкі. Іншым шляхам пайшла і Таццяна Галаўкова. Варта толькі ўявіць рулон туалетнай паперы, што ляжыць на бляклай паверхні, на насычаным і злавесным цёмна-карычневым фоне — і вы нічога не страціце, калі не ўбачыце твор «Папера. Крызіс 2020» у шыкоўнай раме (яшчэ крыху іроніі). Але тут паўстае рытарычнае пытанне: ці вартая асаблівай увагі работа, якую можна з лёгкасцю апісаць і сэнс якой настолькі відавочны? З іншага боку, улічваючы складанасць і адносную навізну такой тэмы, даволі цяжка стварыць нешта абстрактнае і неадназначнае. Прынамсі, спробы ёсць: дастаткова прыгадаць творы Вольгі Міронавай «Стэрыльнасць сняданку, абеду і вячэры ў красавіку 2020» і Яўгена Маглыша «У чатырох сценах» (2020).

Андрэй Пяткевіч «Воўка ногі кормяць» (2020). Насамрэч, адкрыта гумарыстычнага ці нават іранічнага на выстаўцы аказалася няшмат: аўтарам бліжэй сарказм. І чамусьці менавіта гэты твор Андрэя Пяткевіча прымушае ўсміхнуцца. Але тут уплыў не столькі сюжэта (усё ж адлюстравана агрэсія жывёл), колькі смеласці і нечаканасці створанай сцэны, дзе ваўкі (намаляваныя, дарэчы, без рамантычнага ўспрымання гэтых жывёл) грызуць адно аднаму лапы — своасаблівая алегорыя жыцця ў грамадстве. Іншасказальнасць, гульня з асацыяцыямі — ключавыя якасці работы «Воўка ногі кормяць». Аўтар увогуле схільны да гульні з вобразамі і ўяўленнямі, што пацвярджае яшчэ адзін твор пад назвай «Бацькі і дзеці» (2020). На выяве — тыповы Геракл, толькі ў татуіроўках: шматпакутная лічба 12, надпісы «ZEUS» і «Только Бог мне судья», сэрцайка, леў, шматзначныя дзве васьміканцовыя зоркі…

Уладзімір Кандрусевіч «Zeitgeist» (2020). «Дух часу» ў аўтарскай манеры адлюстраваў мастак, для якога аголенае цела прыкмета не эротыкі ці сексуальнай разняволенасці, а прыроднай свабоды. Адлюстроўваючы сваіх герояў, як правіла, у палёце, у стане найвышэйшага адчування лёгкасці і, магчыма, шчасця, гэтым разам Уладзімір Кандрусевіч спусціў іх на зямлю і паставіў у адзін шэраг са шматлікімі дэталямі нейкай машыны на палатне, зрабіўшы ці то творцамі, ці то такімі ж шрубкамі. Гэта адна з нямногіх работ на выстаўцы, што як мага лепш адлюстроўвае сапраўднае жыццё і яго няспынны рух, які чалавек у паўсядзённасці звык упарта не заўважаць. Назву ж можна ўспрымаць дваяка: тут дарэчы прывязаць і філасофскі тэрмін (у гэтым рэчышчы чамусьці згадваецца індустрыялізацыя ў СССР), і аднайменны непалітычны рух, звязаны ў тым ліку з аўтаматызацыяй і неабароненасцю чалавека ад машыны, прытым  нельга адмаўляць і рэлігійны падтэкст… Памер палатна — 90 × 100 см — прымушае шукаць дэталі нават там, дзе іх няма, звяртаючы ўвагу на кожны прыкметны мазок.

Павел Кандрусевіч «Acqua alta» (2020). Абсалютна нецікавай на першы погляд падаецца панарама яшчэ аднаго мастака з сям’і Кандрусевічаў. Перад гледачом — від на Венецыю, пейзаж, выкананы ў насычаным блакітным колеры. Неба амаль зліваецца з вадой, а будынкі на двух берагах нібы злучаны вясёлкай, што не змяшчаецца на палатне цалкам. Непазбежнасць і надзея, прыродныя і вышэйшыя сілы, мінулае і будучыня — гэтыя антонімы напрошваюцца самі сабой пры пільным разглядзе выявы горада, які хаця і не цалкам, але сыходзіць пад ваду. Так ці інакш, але сярод іншых работ на выстаўцы «Acqua alta» глядзіцца не вельмі сучасна, як і некаторыя побач: «Над ракою Пціч» (2018) Алены Бараноўскай, «Пах восені» (2020) Наталлі Гедрановіч, «Сакавік» (2020) Сямёна Дамарада.

Уладзімір Вішнеўскі «Рэквіем для Алены Кіш», 2020

Алесь Багданаў «У чаканні перамен» (2020). Супрацьлеглы папярэдняму твору пейзаж і адначасова абстракцыя. Падобны на традыцыйныя абоі для Windows і пазбаўлены сюжэтнасці, ён адсылае гледача да папярэдніх работ мастака — «Поле» (2016), беднай на колеры, і яшчэ адной — «У чаканні перамен» (2020), больш мяккай і размытай. Асноўныя колеры — надзвычай яркі зялёны і чорны — нібы падказваюць, што ёсць зямля і ёсць расліны, ёсць дарога і ёсць шлях, ёсць жыццё і ёсць смерць. Здалёк выгляд поля нагадвае працэс ткацтва, і ўжо толькі гэта — сімвал стваральнасці, пераемнасці, вечнага працягу і, вядома, пошуку новага. Не варта адмаўляць і тое, што на палатне можа быць адлюстравана азімая культура, якой яшчэ трэба вытрымаць усе халады, каб толькі ўлетку забуяць. Аўтар знарок не ствараў роўны гарызонт, каб зрабіць пейзаж жывым, але для гэтага ён не выкарыстоўваў ні дрэва, ні каменьчык, ні птушку, таму атрымалася стэрыльнасць. Не бачыць глядач і сонца, хоць яно, напэўна, ёсць, улічваючы тое, што гарызонт светлы. Ды ў чаканні перамен любы гарызонт абяцае бясхмарную будучыню.

Васіль Пяшкун «Пасля дажджу» (2020). Як ні дзіўна, але Мінск ды ўвогуле канкрэтныя лакацыі сустракаюцца на выстаўцы даволі рэдка. Сярод іх — лірычная работа з адлюстраваннем шырокай панарамы Нямігі, у прыватнасці від на Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа і  суседнія будынкі. Будны дзень: людзі на прыпынку, тралейбус чакае, пакуль пасажыры памяняюцца месцамі, слуп з рэкламай (настолькі выразнай на фоне астатніх прадметаў, што можна прачытаць некалькі слоў) і снег, што там-сям ляжыць на пагорках… Гледзячы на гэтую частку горада, паказаную пры дапамозе буйных мазкоў і спакойных колераў, здзіўляешся, як мастак, скарыстаўшы самую панурую і агідную (нават цяжка дакладна вызначыць, які) пару года, зрабіў Мінск ярчэй і ўтульней, чым ён насамрэч ёсць.

Ірына Пекусава «Касяк» (2020). Работа са шкла, створаная пры дапамозе тэхнікі ф’юзінг, наўрад ці нясе ў сабе нейкія патаемныя сэнсы. Чародка рознакаляровых рыбак у форме трохвугольніка, нібы паветраны змей, ляціць па вадзе ў празрыстым багавінні, сустракаючы на шляху, але не заўважаючы, самотную рыбку, якая плыве супраць цячэння. У іншых абставінах яе б заўважылі, але, мабыць, чым большая суполка, тым непатрэбней становіцца асобная постаць, — верагодна, дзіўная, свавольная і адважная. Увогуле, нешматлікія творы са шкла, у тым ліку «Касяк», — негрувасткія і легкаважныя, у адрозненне ад не толькі фізічна, але і ідэйна абцяжаранай скульптуры, прадстаўленай на фестывалі «Арт-Мінск». Так, у процівагу твору Ірыны Пекусавай можна паставіць работы «Той, якога забіваюць» (2020) Аляксандра Сакалова ці «Парастак» (2019) Міхаіла Фінскага.

Вольга Юхновіч «Каханне Юх-Пух» (2020). Тэма асабістых тараканаў даволі папулярная, таму выдумаць нешта новае складана. Аўтар вырашыла пайсці даволі простым, але адначасова арыгінальным шляхам, адлюстраваўшы тараканаў, якія могуць танцаваць у галаве дзяўчыны (керамічны твор) толькі ў тым выпадку, калі павярнуць ключык каля скроні. Кожны сам вырашае, пра што ідзе гаворка: каханне, захапленне, рэўнасць ці наогул вар’яцтва. Між тым тэму кахання беларускія мастакі гэтым разам амаль цалкам абмінулі.

Уладзімір Вішнеўскі «Рэквіем для Алены Кіш» (2020). Нягледзячы на тое, што на карціне прысутнічае пазнавальны вобраз львіцы з дываноў, створаных Аленай Кіш, а таксама выява жанчыны ў рацэ, аўтара твора вызначыць не вельмі складана: падказваюць асноўныя прыкметы стылю, сярод якіх — перавага цёмных і залатых колераў. Увогуле, творчасць Уладзіміра Вішнеўскага амаль цалкам звязана з гісторыяй і нацыянальнай свядомасцю, таму выбар такой тэмы для аўтара, відавочна, невыпадковы. Драматызм, які суседнічае з сюррэалізмам і містыкай у «Рэквіеме для Алены Кіш», не адштурхоўвае, як гэта часта бывае з усялякага тыпу прысвячэннямі. Ды і рашэнне мастака звярнуцца толькі да некаторых сімвалаў, не перагружаць твор адсылкамі да творчасці Алены Кіш зрабіла работу дасканалай — і па кампазіцыі, і па сюжэце, і па настроі.

Святлана Петушкова «Юдзіф з галавой Алаферна / 2020». Галоўнай гераіняй выстаўкі ў Палацы мастацтва, бясспрэчна, можна лічыць жанчыну, прытым нават не маці. Свабодная ці залежная ад абставін, моцная або слабая, ваяўнічая або пакорлівая — жанчына часцей паказваецца як пераможца над любым злом. Найяскравейшы прыклад — аўтарскае пераасэнсаванне постаці Юдзіф, іўдзейскай гераіні, якая стала сімвалам барацьбы супраць прыгнятальнікаў у старажытнасці на Блізкім Усходзе. У сярэднявеччы сюжэт сімвалізаваў перамогу Дзевы над д’яблам, а таксама чысціні і пакорлівасці над пажаднасцю і гордасцю. У еўрапейскім мастацтве прынята было ілюстраваць некалькі эпізодаў гэтай гісторыі, але часцей за ўсё Юдзіф паказвалі з мячом у правай руцэ і галавой Алаферна ў левай. На карціне Святланы Петушковай Юдзіф выглядае як жанчына з савецкага плаката: прыгажуня з чырвонымі вуснамі і чорнымі бровамі сядзіць за сталом у чырвоных сукенцы і хусцінцы са складзенымі рукамі. Галава ворага ляжыць на стале на лісце паперы побач са зброяй — сярпом. Стол, між тым, таксама колеру адзення і крыві на сярпе, аркушы і руках гераіні. Кроплі крыві на твары ўтвараюць рабацінне, чырвань ёсць і ў вачах гераіні, з-за чаго яна выглядае не проста пераможцай, але жорсткай, стрыманай і нават абыякавай да здзейсненага: не вельмі папулярны вобраз у беларускіх мастакоў.

Алесь Багданаў «У чаканні перамен», 2020

Фестываль «Арт-Мінск — 2020» — сумесны праект Цэнтра выяўленчага і медыямастацтва «Новая культурная ініцыятыва», Беларускага саюза мастакоў, Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» пры падтрымцы ТАА «Газпрам трансгаз Беларусь». Арганізатары вопытныя, таму ўдвайне не можа не засмуціць вялікая колькасць памылак у подпісах (так, работу «One evening» Вячаслава Валынца пераклалі як «Аднажды вечарам») і іх адсутнасць на мностве твораў (прынамсі, падчас адкрыцця фэсту). Відавочна, стваральнікам экспазіцыі было даволі складана працаваць з вялізнай колькасцю работ, бо нават проста ўважліва агледзець усю выстаўку ў Палацы мастацтва за адзін раз не выпадае. Але ж поспех ініцыятывы будзе залежаць ад рэакцыі гледачоў, таму раім завітаць не толькі на асноўную пляцоўку. Сярод экспазіцый фестывалю «Арт-Мінск» — выстаўка пейзажаў «Сузіранне цішыні» ў галерэі «Беларт», выстаўка станковай скульптуры і малюнкаў А. Арцімовіча «XXI стагоддзе» ў выставачнай зале А. Бембеля, праект мастакоў Славакіі «Сібірская гарачка» ў галерэі «Арт-Беларусь».

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.