Дзесяцігоддзямі тэатру прадракаюць хуткую пагібель, успрымаючы як рудымент сучаснага мастацтва. Супярэчыць гэтаму сцэнарыю як мінімум адзін факт: кожнае маладое пакаленне імкнецца спасцігнуць акцёрскую прафесію, адтачыць майстэрства, стаць часткай храма Мельпамены, мастацтва тут і зараз… Зліццё і перапляценне маладосці і сцэны заўсёды лічылася прыкладам неверагоднага сімбіёзу, здольнага даць свету новыя імёны. Магчыма, менавіта таму тэатр у цэлым, фестывалі і асобныя пастаноўкі дагэтуль можна лічыць зладжаным механізмам, транслятарам гісторый вечных і сучасных.
Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў «Тэатральны куфар», які праходзіць у сталіцы ўжо 17-ы раз, — якраз тая пляцоўка, дзе асноўным рухавіком з’яўляюцца перапоўненыя ідэямі і энтузіязмам юнакі і дзяўчаты. «Традыцыі. Пошук. Эксперымент» — нязменны слоган фэсту, місія якога ў тым, каб прадставіць сучасны маладзёжны тэатр ва ўсіх яго праявах.
«Тэатральны куфар, БДУ — 2020» прымеркаваны да 100-годдзя УНОВІС — авангарднага мастацкага аб’яднання, створанага Казімірам Малевічам у Віцебску. У фэсце вырашылі паўдзельнічаць звыш 100 артыстаў з Беларусі, Расіі, Ірана і Бразіліі. У выніку ў праграме — 12 аматарскіх і прафесійных спектакляў, і асноўныя з іх праходзяць на сцэнах Мінска. З замежнымі пастаноўкамі гледачы знаёмяцца на YouTubeканале фестывалю.
Безумоўна, у параўнанні з праграмамі мінулагодніх фестываляў сёлетняя выглядае больш чым сціпла. Але, як і заўсёды, ёсць на што паглядзець. Тым больш што ў 2020 годзе арганізатары вярнулі магчымасць свабоднага ўваходу і наведвання па папярэдняй рэгістрацыі — усё з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі. Між тым і дэгэтуль была абрана разумная цэнавая палітыка, каб уваход мог дазволіць сабе кожны жадаючы. Доўгі час «Тэатральны куфар» увогуле быў бясплатным, на некаторых спектаклях збіраліся натоўпы па дзве тысячы чалавек. І ўсё ж магчымасць праводзіць «Тэатральны куфар» і рабіць яго даступным, нягледзячы на перашкоды, існуе не ў апошнюю чаргу дзякуючы Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту — заснавальніку і арганізатару фестывалю.
Дарэчы, змены ў арганізацыі і праграме закранулі і конкурсны складнік. Сёлета вызначаць толькі ўладальніка Гран-пры «Тэатральнага куфара, БДУ — 2020». У галасаванні прымаюць удзел гледачы: яны запаўняюць бюлетэні пасля прагляду спектакля. Паміж чым даводзіцца выбіраць?
Ад дачкі Малевіча да Чэхава
Адкрыў фестывальную праграму 2 снежня небалет «Уна дачка Казіміра» ў выкананні маладзёжнага тэатра «Кола» Цэнтра культуры «Віцебск». Падчас спектакля, рэжысёрам якога выступіў Уладзіслаў Цвікі, гледачы маглі назіраць пераўвасабленне акцёраў у арт-аб’екты. «Уна дачка Казіміра» — гэта асацыяцыя з супрэматычным балетам, паказаным у лютым 1920 года ў адзін вечар з футурыстычнай операй «Перамога над сонцам», які таксама стаў кропкай адліку авангардных ідэй у Віцебску. «Метамадэрнісцкае прадстаўленне “Уна дачка Казіміра” — гэта выхад за межы супрэматычных форм у вобласць чыстай метафізікі, дзе душа дачкі Малевіча ажывае разам з яго віцебскай працай», — адзначылі напярэдадні арганізатары фестывалю. Спектакль прайшоў у Ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Таксама ў дзень адкрыцця і таксама ў Ліцэі БДУ адбыўся паказ спектакля «Цар Эдып» паводле трагедыі Сафокла. Гледачы ўбачылі ігру акцёраў тэатра-студыі «7 ПАВЕРХ» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам рэжысёра Зінаіды Пасюцінай.
У арт-прастору HIDE аматары тэатра завіталі дзеля пастаноўкі Андрэя Саўчанкі «Азірніся ў гневе» паводле аднайменнай п’есы Джона Осбарна: у свой час твор выклікаў наймацнейшы грамадскі рэзананс. Тэатр «На балконе» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт) прапанаваў свой пункт гледжання на твор.
У чацвер у Ліцэі БДУ тэатральная майстэрня «Па факце» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прадставіла пастаноўку «Клятвенныя дзевы». Дзеянне адбываецца ў нашы дні на ўскраіне Тыраны — сталіцы Албаніі. З-за кроўнай помсты ў гэтым мястэчку амаль не засталося мужчын, многія дамы страцілі галоў сваіх сем’яў, але ж гаспадаром хтосьці быць павінен?! І гэта бурнешы — жанчыны, на чыю галаву выпаў гонар стаць старэйшымі. Яны атрымліваюць усе правы і сацыяльныя прывілеі мужчын: паводзяць сябе як мужчыны, апранаюцца належным чынам і ў пэўным узросце губляюць апошнія рэшткі жаноцкасці. Пра гэта гледачу распавялі на прыкладзе адной албанскай сям’і. Як яна жыве, з якімі цяжкасцямі змагаецца, з якімі забаронамі і законамі сутыкаецца — пра гэта твор Алега Міхайлава, які паставіла Ганна Якаўлева.
«Чэхантэ. Хірургія» — паказ спектакля пад такой назвай прайшоў у арт-прасторы HIDE. Стваральнікі — рэжысёр Вячаслаў Сашчэка і тэатральная майстэрня «Студиозы» БДУКМ. «Чэхантэ, Шампанскі, Гайка № 6, Грак, Чалавек без селязёнкі, Нехта, Архіп Індзейкін — усё гэта літаратурныя псеўданімы Антона Чэхава. Столькі вясёлых асоб у аднаго чалавека, столькі смешных апавяданняў. Хто хаваецца за гэтымі імёнамі? Часта з-за гумару Чэхава-пісьменніка прагледжваецца сумны пільны позірк Чэхава-лекара, які са спачуваннем даследуе «хваробы» чалавечыя. Што ж за хваробы? Спектакль «Чэхантэ» пабудаваны не толькі на знакамітых апавяданнях Чэхава, але і на думках пісьменніка з дзённікаў і запісных кніжак, цытатах з аповесцей і п’ес. Так на нашых вачах доктар Чэхаў піша гратэскную гісторыю хваробы грамадства», — лічаць стваральнікі.
Фестывальная афіша
Па традыцыі ў фестывалі ўдзельнічаюць і прафесійныя калектывы. У іх ліку «Тэатр дакумента Ганны Сулімы» БДУКМ. Яго артысты падрыхтавалі дакументальны перформанс «Запісная» (сёння ў артпрасторы Hide). У аснову пастаноўкі лёг унікальны дакумент, няскончаны дзённік вязня гродзенскага гета, які вёўся з 12 лютага па 8 красавіка 1943 года. Знойдзены на руінах горада каталіцкім святаром у канцы Другой сусветнай вайны, праз некаторы час ён быў апублікаваны і перакладзены з польскай на тры мовы. Зараз гэты гістарычны дакумент захоўваецца ў Ватыкане. Імя аўтара невядома, але, мяркуецца, яму было каля 40 гадоў.
Таксама сёння ў Ліцэі БДУ — «У пошуках дурня» па матывах п’есы «У пагоні за дурнем» Уладзіміра Жарабцова. Рэжысёр — Ганна Шэлепава, на сцэне будуць выступаць акцёры тэатра «АРТ» (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, г. Наваполацк). Анансуюць спектакль так: «У мэрыі аднаго маленькага гарадка — нечарговае пасяджэнне. Тэма яго вельмі экстравагантная... Некаторы час таму аднаго маладога чалавека Івана Гараніна выгналі з мясцовай школы, палічыўшы поўным дурнем. Таму Іван быў вымушаны з’ехаць у сталіцу і пачаць новае жыццё. Стварыў свой бізнес і разбагацеў. І зараз, калі мінуў час, вырашыў падтрымаць таго, хто цяпер лічыцца дурнем, выплаціўшы яму велізарную суму. З такой прапановай ён звярнуўся да членаў гарадскога савета. Яны і павінны вырашыць, хто з іх дурань».
Заўтра тэатральнае майстэрства пакажуць юныя акцёры дзіцячай тэатральнай майстэрні «АГА» Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, якія выступяць са спектаклем «Птушкі» (Ліцэй БДУ). Аўтарам і рэжысёрам стала Алена Яркевіч. На пастаноўку запрашаюцца гледачы ад шасці гадоў.
Закрывае фестываль спектакль «Баладына» тэатра «На балконе» (БДУ). Аўтар твора Юліуш Славацкі, рэжысёр Андрэй Саўчанка. «Баладына» была завершана ў снежні 1834 года, а выдадзена праз пяць гадоў у Парыжы. Драма ўзнікла ў эміграцыі падчас дыскусій аб прычынах нядаўняга разгрому лістападаўскага паўстання і дэбатаў аб агульнай гісторыі і будучым лёсе народа. Паэт злучыў у творы рэалізм і фантастыку, засяродзіўшыся на аналізе характараў і ўчынкаў герояў. У выніку расказаная на фоне казачных падзей гісторыя пра дзвюх сясцёр — Баладыну і Аліну — стала вельмі папулярнай. Яна аказала вялікі ўплыў на нацыянальную культуру, а відовішчныя тэатральныя пастаноўкі натхнялі і захаплялі цэлыя пакаленні. Па сюжэце сёстры жывуць з маці ў беднай хаце ў лесе. Гаплана, каралева возера Гопла, закаханая ў Грабца — каханага Баладыны. З-за сваёй рэўнасці яна ўмешваецца ў чалавечыя справы і блытае лёсы герояў. Аднойчы слуга Гапланы Скерка прыводзіць у лясную хату багатага каралевіча Кіркора. Гаплана спадзяецца, што Кіркор закахаецца ў Баладыну — і тады Грабец застанецца з ёй. Аднак воляю Скеркі каралевіч закахаўся ў абедзвюх сясцёр адразу. Каб вырашыць, чыім мужам стане Кіркор, дзяўчаты спаборнічаюць у зборы малін: Кіркор стане мужам той, якая першая назбірае поўны збан. Калі выяўляецца, што выйграла Аліна, Баладына забівае сястру... Прага ўлады, павольнае ператварэнне ў сапраўднага злачынцу і зацятая барацьба дабра са злом з’яўляюцца асноўнымі матывамі трагедыі.
Даведка «ЛіМа»
Фестываль «Тэатральны куфар» праводзіцца ў БДУ з 2004 года. Штогод на мерапрыемства збіралася да 20 тэатраў, больш за 250 удзельнікаў з розных краін свету, 12 000 гледачоў. За гады існавання ў фестывалі прынялі ўдзел каля 230 тэатраў з 65 краін свету.
Фестываль адзіны ў Беларусі мае статус міжнароднага, з 2006 года ўваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў, з 2008 года — у выканаўчы камітэт асацыяцыі.
У 2011 годзе ўключаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у афіцыйны рэестр фестываляў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе прызнаны «Брэндам года» і становіцца арганізатарам найбуйнейшага сусветнага тэатральнага кангрэса пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў (AITU-IUTA).
Па выніках высокай арганізацыйнай культуры «Тэатральны куфар БДУ» тройчы намінаваны на спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота з сайта фестывалю
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.