Вы тут

Мікалай Кузьміч — ці, як яго называюць, «другі Лазар Богша» — пра крыж Еўфрасінні Полацкай і мары ювеліра


Імя Мікалая Кузьміча мы ўпершыню сустракаем у падручніках па гісторыі Беларусі. Самая галоўная праца ўнікальнага мастака-ювеліра з Брэста — адноўлены крыж Еўфрасінні Полацкай. Праца доўжылася чатыры гады і была завершана ў 1998-м. Годам раней ювелір атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне» і званне «Чалавек года». З 2005-га пяць гадоў узначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза мастакоў. А ў 2010-м майстар вярнуўся да сваёй самай маштабнай і  вядомай працы — з часам захацелася ўдасканаліць вынік, прыйшло больш дакладнае разуменне, як павінен выглядаць знакаміты крыж.


У размовах з журналістамі Мікалай Кузьміч адмаўляецца ад гучнага тытула «другога Лазара Богшы», кажучы пра сябе проста: мастак, які працуе з металам. Майстар адзначае, што ў працы яму спадарожнічае адчуванне шчасця. Ён стварае розныя ювелірныя вырабы: і ўпрыгажэнні, і іконы. Але замаўляюць яму рэчы даволі рэдка — мастак лічыць, што куды прасцей прадаць ужо створанае.

Мікалай Кузьміч быў адзіным у Беларусі майстрам, які валодае тэхнікай перагародкавай эмалі ХІІ стагоддзя. Але цяпер у яго ёсць паслядоўнікі. Адзін з іх — сын Пётр, які таксама працуе ва ўнікальнай тэхніцы. Пра яе асаблівасці і ўласныя падыходы да жыцця і творчасці Мікалай Кузьміч распавёў карэспандэнту «ЛіМа».

— З чаго пачалося ваша захапленне мастацтвам?

— Хацелася б верыць, што яно мае нябачныя духоўныя сувязі і перадаецца ў спадчыну. Мой дзед Нікіфар быў вядомым кавалём, ліцейных спраў майстрам, капаў студні, меў сталярную майстэрню і быў уладальнікам раскошных вусоў. А ўвогуле — майстрам ва ўсіх справах. Меў вялікі хутар. Мая мама Ніна валодала вытанчаным густам, добра вышывала і вязала кручком. У дзяцінстве займалася роспісам на сценах. І хочацца думаць, што іх імкненне да прыгожага перадалося і мне.

— Што самае складанае ў тэхніцы перагародкавай эмалі, у якой у Беларусі працуеце толькі вы?

— Сама па сабе тэхніка перагародкавай эмалі не такая ўжо і складаная. Патрэбна ўсяго толькі школа і культура часу, у якім вы працуеце. Але так адбылося, што ў ХІІ стагоддзі тэхніка згасла. Так, гэта самая карпатлівая і дарагая тэхніка. Тут цэлая філасофія: праца з перагародкай, прыпайка перагародкі, кладка эмалі, праца з колерам, з малюнкам і, самае галоўнае, маштаб (памер работы) — усё залежыць ад энергіі майстра і пастаўленай задачы, ну і, вядома, школы, якую даводзіцца напрацоўваць самому. Мне пашчасціла мець зносіны з Таццянай Іванаўнай Макаравай, доктарам навук, мастацтвазнаўцам РАН, якая вывучыла ўсю спадчыну Старажытнай Русі. Дзесьці дапамагло і гэта. Царства ёй нябеснае і Вечная памяць.

— Як змяніўся падыход да мастацтва пасля вашай самай вядомай работы — Крыжа Еўфрасінні Полацкай?

— Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай і Лазар Богша... З яго майстэрні выйшаў твор, што лічыцца вяршыняй старажытна-візантыйскай перагародкавай эмалі Старажытнай Русі. У мяне была толькі нясмелая спроба дакрануцца да гэтага часу. Паступова з'явілася любоў да матэрыялу і спадчыны, якую мы страцілі.

— Ці лічыце вы крыж галоўнай работай для сябе, для свайго творчага шляху?

— Крыж вядомы, пра яго гавораць, і гэта адпраўная кропка ўсяго майго жыцця.

— Ці ёсць нейкая тэма, да якой вы вяртаецеся ў творчасці? Над чым працуеце цяпер?

— Для сябе нечакана адкрыў мастацтва выемчатай эмалі, мастацтва ліній, малюнка і плямы. Мне аднолькава цікава працаваць і з упрыгажэннямі, і з іконай, хоць яны абсалютна розныя па духу.

— Ваша праца напаўняе энергіяй або больш змушае яе аддаваць?

— У працы з матэрыялам прысутнічае ўзаемасувязь. Ты дапаўняеш матэрыял, матэрыял дапаўняе цябе. Эмаль — гэта вогненнае мастацтва, а агонь — сімвал жыцця.

— Ці аказала прафесія ўплыў на ваш характар?

— Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Для маёй працы патрэбна вялікая самадысцыпліна і самаўдасканаленне.

— Летась у інтэрв'ю казалі, што ваша мара — каб у Мінску адкрылі невялікую галерэю, дзе выстаўлялі б творы ювеліраў. Як лічыце, наколькі гэта магчыма цяпер? Наколькі людзі цікавяцца мастацтвам?

— Сегмент аўтарскага ювелірнага мастацтва ў нас абсалютна не развіты. Пра гэта застаецца толькі марыць.

— Многія інтэрв'ю вы заканчвалі словамі аб тым, што вы шчаслівы чалавек. На ваш погляд, што такое шчасце?

— Шчасце — што ты жывеш, узаемадзейнічаеш з навакольным светам, а ў цябе ў душы гармонія і любоў.

Дар’я СМІРНОВА

Фота bvn.by, vb.by

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».