Вы тут

Музыка з нотамі настальгіі


Яшчэ ў 1983 годзе ў вёсцы Кіркаўшчына Нясвіжскага раёна я адшукаў скрыпача, які на пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя стварыў аркестр і іграў нават у палацы Радзівілаў па запрашэнні самога гаспадара. Звалі гэтага музыканта Іван Буглай. У яго аркестры гучалі кларнет, труба, дзве скрыпкі і барабан. Перад вайною кіркаўшчынскі аркестр удзельнічаў у прэстыжных конкурсах, і таму вясковыя юнакі-музыкі імкнуліся дасягнуць найвышэйшага выканальніцкага майстэрства.


Скрыпач Буглай Іван Міхайлавіч з жонкай Марыяй Антонаўнай. Вёска Кіркаўшчына Нясвіжскі раён, Беларусь. 1983г.

— Тады не было ніякіх табе клубаў і палацаў культуры, нас запрашалі на маладзёжныя ігрышчы, вяселлі-бяседы, ігралі на вясковых фэстах, выконвалі мазурку і абэрак, факстрот і бастон, польку і вальс, танга і кракавяк — усё, што прасілі танцоры, — распавядаў Іван Міхайлавіч. Ён даставаў і настройваў зробленую сваімі рукамі скрыпку, прыгадваў мелодыі, якія ў час яго маладосці былі надзвычай папулярныя.

Гарманісты з Расонскага раёна, Беларусь. 1989г.

Я здымаў Івана Буглая разам з жонкай Марыяй Антонаўнай у садзе пад яблыняй. Такіх самабытных музыкаў, як кіркаўшчынскі скрыпач, я сустракаў няшмат. Іх трэба было шукаць, ездзіць па вёсках. У васьмідзясятых і пачатку дзевяностых яны яшчэ ігралі на нядзельных кірмашах, на провадах у армію, на фальклорных святах. На вяселлях іх амаль не было: музычную прастору запаланіла эстрада з электрычнымі інструментамі. І ўсё-такі мне шанцавала: раз-пораз здымаў таленавітых самародкаў, якія не адмаўляліся ад свайго, традыцыйнага, народнага. Пямятная сустрэча адбылася з музыкантамі з вёскі Дворышча Расонскага раёна. Не верылася: адразу чатыры гарманісты! У Веткаўскім раёне, у славутай вёсцы Неглюбцы, жыў унікальны гарманіст і майстар па вырабе гармонікаў Пятро Прыходзька. Памяць пра яго ў наш час нагадваюць галасістыя двухрадкі з чырвоным перламутрам, на якім інкруставана слова «Перамога» (ён быў франтавік).

Майстар па вырабе гармонікаў Пётр Прыходзька. Вёска Неглюбка, Веткаўскі раён. 1985г.

Слава аркестра вёскі Перхавічы Баранавіцкага раёна неслася далёка за межы раёна. Калі музыканты пасталелі, сталі дзядулямі, то ўсё роўна не спяшаліся развітвацца з музыкай, без іх не праводзілася ніводнае свята. Вось і на ўшанаванне паэта-каваля Паўлюка Багрыма ў вёску Крошын «Перхавіцкіх музыкаў» таксама запрасілі.

Ансамбль народных інструментаў з вёскі Перхавічы Баранавіцкага раёна, Беларусь. 1988 г.

Партрэт вядомага на Смаргоншчыне акардэаніста-жалеечніка Мечыслава Багдановіча ў маім архіве з'явіўся ў ліпені восемдзесят дзявятага — у час этнафальклорнага кірмашу, які праходзіў каля вёскі Жодзішкі. Пасля вайны ў краіне было шмат музыкантаў-інвалідаў, якія напоўніцу хапілі гора, але не паказвалі сябе слабымі, панурымі, хворымі. Наадварот, як і Мечыслаў Багдановіч, сваёй музыкай неслі пазітыў і стваралі адпаведны настрой. А яшчэ захоўвалі душу народнай культуры.

Багдановіч Мечыслаў Пятровіч з в.Арэхаўка Смаргонскага р., Беларусь.1989 г.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».