Вы тут

У многіх краінах з высокім узроўнем даходаў расце разрыў у аплаце працы мігрантаў і мясцовых работнікаў


За апошнія пяць гадоў у шэрагу краін з высокім узроўнем даходаў разрыў у аплаце працы мігрантаў і мясцовых работнікаў павялічыўся, гаворыцца ў новым дакладзе, падрыхтаваным Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП). Так, у Італіі, паводле апошніх звестак, працоўныя мігранты атрымліваюць на 30 % менш мясцовых грамадзян, у той час як у 2015 годзе гэты паказчык складаў 27 %.


Найчасцей — выпадковая праца

У шэрагу краін, такіх як Кіпр, Італія ці Аўстрыя, разрыў у аплаце працы паміж мігрантамі і мясцовымі работнікамі яшчэ вышэйшы: 42, 30 і 25 % адпаведна. У Фінляндыі ён ніжэйшы за сярэдні і складае 11 %, а ў Еўрапейскім Саюзе ў цэлым — амаль 9 %.

Разам з тым, як паказвае даследаванне МАП, з праблемамі дыскрымінацыі і адчужэння мігранты сутыкаюцца ва ўсіх краінах, і пандэмія COVІD-19 толькі пагоршыла сітуацыю.

У дакладзе адзначаецца, што ў краінах з высокім узроўнем даходаў мігранты часцей задавольваюцца выпадковай працай. 27 % з іх працуе на падставе часовых кантрактаў, 15 % — на ўмовах няпоўнага працоўнага часу. Яны непрапарцыянальна прадстаўлены ў так званым першасным сектары эканомікі — сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, лясной гаспадарцы — і займаюць больш, чым мясцовыя грамадзяне, працоўных месцаў у другасным сектары: горнаруднай справе, апрацоўчай прамысловасці, электра-, газа- і водазабеспячэнні, а таксама ў будаўніцтве.

«Працоўныя мігранты на рынку працы нярэдка сутыкаюцца з няроўнасцю абыходжання, у тым ліку ў тым, што датычыцца аплаты працы, доступу да працаўладкавання і прафесійнай падрыхтоўкі, умоў працы, сацыяльнага забеспячэння і прафсаюзных правоў. Між тым у эканоміцы многіх краін яны іграюць асноватворную ролю і не могуць лічыцца грамадзянамі другога гатунку», — кажа кіраўнік аддзела працоўнай міграцыі МАП Мішэль Лейтон.

Неадпаведнасць працоўных навыкаў

Працоўныя мігранты зарабляюць менш, чым мясцовыя грамадзяне, якія маюць такую ж, як у іх, кваліфікацыю і якія адносяцца да той жа прафесійнай катэгорыі. Яны часцей, чым мясцовыя, займаюцца некваліфікаванай і нізкааплатнай працай, якая не адпавядае ўзроўню іх адукацыі і навыкаў. Высокаадукаваныя працоўныя мігранты ў краінах з высокім узроўнем даходаў маюць таксама менш шанцаў атрымаць працу высокай прафесійнай катэгорыі.

Так, у Злучаных Штатах і Фінляндыі, дзе сярод працоўных мігрантаў людзі з сярэдняй адукацыяй складаюць адпаведна 78 і 98 %, доля мігрантаў, занятых высока- або сярэднекваліфікаванай працай, складае ўсяго 35 і 50 %. Гэта сведчыць аб тым, што мігрантам цяжка знайсці прымяненне сваім навыкам і вопыту ў іншых краінах — шмат у чым з-за адсутнасці сістэмы прызнання навыкаў і кваліфікацыі мігрантаў.

Працоўныя мігранты-жанчыны падвяргаюцца двайной дыскрымінацыі

Мігранты-жанчыны губляюць у заробку ўдвая: і як мігранты, і як жанчыны. Разрыў у аплаце працы паміж мясцовымі мужчынамі і жанчынамі-мігрантамі ў краінах з высокім узроўнем даходаў ацэньваецца ў 21 % у гадзіну. Гэта вышэй гендарнага разрыву ў аплаце працы (16 %) у тых жа краінах.

Збольшага гэта тлумачыцца тым, што жанчыны-мігранты складаюць істотную частку тых, хто займаецца хатняй працай, а менавіта 73 % (8,45 млн) усіх хатніх работнікаў-мігрантаў у свеце. У краінах з высокім узроўнем даходаў разрыў у аплаце працы паміж мігрантамі і мясцовымі работнікамі ў сферы дагляду складае каля 19 %.

Наступствы пандэміі

Як у плане здароўя, так і ў эканамічным плане на становішчы працоўных мігрантаў пандэмія адбілася мацней, чым на астатніх катэгорыях работнікаў. На пачатковым этапе крызісу, звязанага з COVІD-19, дзясяткі мільёнаў працоўных мігрантаў пазбавіліся працы і былі вымушаныя вярнуцца на радзіму.

Мігрантам пры іх родзе дзейнасці цяжэй перайсці на аддалены рэжым, чым мясцовым грамадзянам, да таго ж многія з іх занятыя сацыяльнай працай і больш нетрывалыя перад вірусам.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pinsk.info

Загаловак у газеце: Прыезджым плацяць менш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».