Вы тут

Паэтыка драўляных карункаў


Аўтар звыш 20 манаграфій і шматлікіх публікацый, якія сёння складаюць аснову навуковага светапогляду ў галіне беларускага народнага мастацтва, Яўген Сахута з’яўляецца адным з даследчыкаў, здольных заўважаць, скрупулёзна выяўляць, клапатліва зберагаць і нястомна папулярызаваць багатыя набыткі мастацкай творчасці нашага народа.


На працягу паўстагоддзя навукова-даследчыцкай дзейнасці ён плённа прычыняецца да фарміравання вобраза беларускага народнага мастацтва, натхняючы новыя пакаленні даследчыкаў, майстроў, мастакоў на творчыя пошукі.

Выданне навукоўца-даследчыка — «Беларускі народны архітэктурны дэкор» — прысвечана даволі пашыранаму і, тым не менш, мала вядомаму віду народнай мастацкай творчасці. Даследчыцкая празорлівасць аўтара нібыта спыняе рух часу, каб захаваць для будучых пакаленняў вобраз мінулай эпохі і дапоўніць мастацкую карціну народнага досведу яшчэ адным каштоўным для беларускай культуры мастацкім феноменам. Натуральнае жаданне чалавека аздобіць сваё жыллё, відаць, уяўляецца ўсім звычайнай, звыклай з’явай, на якую не спяшаліся звяртаць увагу нават спецыялісты ў галіне традыцыйнай культуры. Ды ўрэшце стала відавочным: традыцыйная вёска або занепадае, або непазнавальна перабудоўваецца і мяняецца, таму трэба спяшацца занатаваць, зафіксаваць, пакуль яшчэ можна, узоры народнага цяслярскага майстэрства. Бо заўтра мы і гэтага можам не пабачыць… За дзесяцігоддзі даследчыцкай дзейнасці аўтар сабраў шматтысячную фотатэку, адкуль выбраў для выдання звыш сямісот найбольш характэрных узораў разьбянога аздаблення, якім вызначаліся традыцыйныя ліштвы, вільчыкі, ганкі, дзверы, вуглы, брамы і іншыя элементы драўляных збудаванняў, галоўным чынам жылля. Багаты даследчыцкі матэрыял раскрывае выразную карціну бытавання, характару, каларыту, мастацкіх асаблівасцей і лакальных адметнасцей народнага архітэктурнага дэкору ўсёй Беларусі. Калі дагэтуль было прынята вызначаць прыкметныя адрозненні ў  дэкоры традыцыйнага жылля хіба толькі паўночнага захаду і паўднёвага ўсходу Беларусі, то аўтар вылучае ажно чатырнаццаць лакальных раёнаў, у кожным з  якіх тыя ці іншыя віды дэкору хоць і не надта значна, але ўсё ж адрозніваюцца. Як відаць, народнай мастацкай творчасці аднастайнасць і аднолькавасць зусім не ўласцівыя.

Нельга не заўважыць пры гэтым, што хоць культурная каштоўнасць гэтага віду народнай творчасці не падлягае сумневу, ацэнка мастацкай вартасці некаторых дэкаратыўных элементаў і традыцыйных прыёмаў архітэктурнага дэкору, у  прыватнасці прапілоўкі, мае неадназначны характар. Меркаванні даследчыкаў адносна яе вар’іруюцца ад цалкам станоўчых і натхнёных водгукаў да выказванняў аб выпадковасці і штучнасці такога дэкору для традыцыйнага драўлянага дойлідства Беларусі.

Такая супярэчлівасць у меркаваннях невыпадковая. Як вядома, беларускае народнае мастацтва ў цэлым характарызуецца дэкаратыўнай стрыманасцю і сціпласцю, якія абумоўлены рацыянальнасцю і практычнай мэтазгоднасцю народнай форматворчасці: мастацкая форма, як правіла, з’яўляецца вынікам канструкцыйных, функцыянальных, тэхналагічных і ахоўна-сімвалічных вырашэнняў.

Стрыманасць такая выразна назіраецца ў архаічным дойлідстве, калі мастацкімі вартасцямі надзяляліся архітэктурныя элементы, функцыянальна звязаныя з тэктонікай пабудовы, яе суразмернасцю, прапорцыямі, пластыкай. Прыкладамі элементаў, якія падкрэслівалі і ўзмацнялі аб’ёмна-планіровачныя вырашэнні, могуць быць вуглавыя злучэнні бярвёнаў у зрубе, кансолі-падпоркі, выпускі трамаў і бэлек, апорныя слупкі з падкосамі, нават слупы-шулы ў брамах ці варотах.

Тэхналагічныя навацыі ХХ ст. прыўносяць змены ў мастацкую архаічную парадыгму. Назіраецца прыкметнае ўзбагачэнне прыёмаў архітэктурнага аздаблення, дэталі і кампаненты пабудоў набываюць выразную дэкаратыўнасць і наўмысную складанасць формы, натуральная манахромія драўніны саступае месца яркай паліхромнасці. На думку некаторых даследчыкаў, дэкаратыўныя элементы больш не з’яўляюцца часткай агульнай архітэктонікі, а нібыта існуюць самі па сабе, ствараючы ўражанне выпадковых накладак і штучных дадаткаў.

Але ці сапраўды гэта так? Ці магчыма дапусціць, што мастацкі падмурак традыцыйнага светапогляду, які фарміраваўся не адно стагоддзе, дазволіў праявіцца выпадковым формам, не здолеўшы асіміляваць запазычанні, калі такія і мелі месца, і не скарыстаўшы тэхналагічныя дасягненні на карысць свайго развіцця?

Можна, хутчэй, меркаваць, што дэкаратыўнае аздабленне ліштваў, падстрэшкаў, шчытоў, аканіц прыкметна і смела выдзелілася з агульнага стрыманага аблічча менавіта дзеля таго, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, стаць яркім абрамленнем, завяршэннем, вянцом мастацкага вобраза драўлянай пабудовы — падобна таму, як аклад абразоў сваёй выразнай дэкаратыўнасцю падкрэслівае змест вобраза і робіць яго эстэтычна і сімвалічна завершаным.

Багаты, лагічна структураваны даследчыцкі матэрыял, прапанаваны ў выданні, дорыць магчымасць кожнаму сфарміраваць асабісты погляд на мастацкі феномен, самастойна інтэрпрэтуючы культурныя, мастацкія і сімвалічныя сэнсы. Адно застаецца бясспрэчным — запоўнена яшчэ адна дагэтуль мала вядомая, але, як аказалася, адметная старонка ў гісторыі мастацкай культуры беларусаў.

Эліна ШЫНДЛЕР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.