Вы тут

Анджэйкі — час варажбы


Імкліва надыходзіць чарговы Новы год. Але пакуль мы дачакаемся, каб пад бой курантаў загадаць жаданне, ёсць магчымасць зрабіць гэта ўжо цяпер. Ды і не толькі загадаць, але і паваражыць.


Падчас варажбы на Анджэйкі

Напрыканцы лістапада ў Польшчы адзначаюць Анджэйкі і Катажынкі — святы, падчас якіх дзяўчаты і  хлопцы варожаць на нарачоных і… на будучыню. Гэтае свята некалі было надзвычай папулярным і ў каталікоў Гродзенскага раёна. Цяпер жа традыцыі яго правядзення захоўваюць у г. п. Сапоцкін, аграгарадку Адэльск і яго ваколіцах.

Святы традыцыйна звязаны з варажбой. На Катажынкі варажылі хлопцы, на Анджэйкі — дзяўчаты.

— Сёння ўсё радзей варожаць на будучага мужа або жонку, а раней у гэтую ноч у нас былі вясёлыя забавы, танцы, песні. Варажылі нават дзеці. На Катажынкі амаль не варажылі, у нас традыцыя захавалася толькі на Анджэйкі, — успамінае жыхарка Адэльска Марыя Кандрусевіч.

Дарэчы, свята названа ў гонар святога Анджэя, імяніны якога прыпадаюць на 29—30 лістапада. Па-беларуску называлася б Андрэйкі — ад імя Андрэй, але будзем гаварыць Анджэйкі, згодна з польскім арыгіналам.

Абрад мае доўгую гісторыю. У даўнія часы дзяўчаты збіраліся вечарам 29 лістапада і пачыналі варажыць. Варажба заканчвалася ў ноч на 30 лістапада. У польскай традыцыі Анджэйкі — гэта таксама апошні дзень, калі можна весяліцца і праводзіць розныя забаўляльныя вечарыны, бо пазней пачынаўся Адвэнт — час падрыхтоўкі да Раства, спалучаны з постам.

Дык вось, асноўным пытаннем, якое цікавіла дзяўчат, было: калі і за каго яны выйдуць замуж. Бо ж вядома: раней замужжа для дзяўчыны з’яўлялася самай галоўнай справай у жыцці.

— Дзяўчаты хуценька хапалі ў хаце бярэмя дроў і з ім выбягалі на вуліцу, каб палічыць. Цотны лік азначаў хуткае вяселле. Паненкі таксама лічылі штыкетнік: «Тынь, тынец, кавалер, удавец». Калі выходзіў цотны лік (пара), то трэба было рыхтавацца да замужжа. А з якога боку меў прыехаць кавалер? А з таго, з якога вечарам забрахаў сабака, — дзеліцца ўспамінамі Марыя Зігмундаўна.

На Анджэйкі нельга было плакаць, таму што гэта азначала слёзы на ўвесь наступны год. Пры гэтым рэкамендавалася грызці арэхі, каб зубы былі здаровыя. Дзяўчаты, сабраўшыся ў хаце, варажылі на тое, якая з іх першай выйдзе замуж. Сядалі ў кола на падлозе, і кожная насупраць сябе насыпала жменю ячменю. Усярэдзіну кола пускалі пеўня. І тая дзяўчына павінна першай выйсці замуж, жменьку ячменю якой птушка пачынала дзяўбсці першай. Дарэчы, такія ж варожбы былі і на Каляды.

— Увогуле, спосабаў варажбы было шмат. Адзін з папулярных — пры дапамозе растопленага воску, які лілі праз вушка старога ключа ў халодную ваду і глядзелі, што атрымалася, ды інтэрпрэтавалі вылітую фігуру. Застылую постаць падносяць да сцяны і свецяць на яе так, каб атрымаўся выразны цень, а ўжо па ёй спрабуюць разгадаць, што падрыхтаваў лёс. Калі васковая фігура нагадвала ксяндза, то гэта магло азначаць хуткае вянчанне. Сёння гэта толькі весёлая забава, — распавяла Святлана Ганчыц, бібліятэкар Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэкі-цэнтра турызму і краязнаўства, дзе варажба на Анджэйкі вельмі папулярная і сёння.

А чаму варажылі менавіта на Анджэйкі? А таму, што святы Анджэй з’яўляецца патронам незамужніх дзяўчат. Каб хутчэй выйсці замуж, паненкі ў малітвах прасілі дапамогі менавіта ў яго. Дарэчы, традыцыя Анджэек была характэрна не толькі для каталікоў, але і для праваслаўных у некаторых рэгіёнах, але ў Гродзенскім раёне пра гэта ніхто з праваслаўных не чуў.

Як паведамілі старажылы Адэльска, існавала традыцыя зрэзвання галінак вішні напярэдадні Дня святога Анджэя. Іх ставілі ў ваду. Калі галіна на Каляды пачынала зацвітаць, гэта азначала хуткае замужжа.

Гэтыя два святы непарыўна звязаны адно з адным: «Катажына ключы страціла, а Анджэй іх знайшоў і скрыпкі замкнуў», таму што дню святога Анджэя папярэднічае калядны пост, калі ўжо ніякія скрыпкі гучаць не павінны.

А што ж рабілі хлопцы? Яны таксама не заставаліся ўбаку і хацелі даведацца пра сваю будучыню. Варажылі напярэдадні Дня святой Катажыны, 24 лістапада. Як можаце здагадацца, гэты дзень называецца Катажынкі   — у гонар святой. З цягам часу Катажынкі ў Гродзенскім раёне зусім зніклі.

Хочаце даведацца імя нарачонага — абірайце яблыкі. Гэта яшчэ адзін просты і вельмі папулярны ў дзяўчат спосаб варажбы. Трэба зрэзаць з яблыка тонкі пласт адной стужкай і лупіны кінуць за спіну. Вельмі часта яны падаюць так, што можна ўбачыць літару, на якую будзе пачынацца імя будучага мужа.

Самым цікавым і незвычайным магічным абрадам на свяце Анджэйкі ў Сапоцкіна была, мабыць, гульня з абуткам маладзіц! Усе незамужнія дзяўчаты здымаюць адзін боцік (з левай нагі) і складаюць абутак у адну лінію ад супрацьлеглай сцяны па напрамку да выхаду і перастаўляюць іх: апошні боцік ставіцца перад першым, і так да таго часу, пакуль адзін з іх не закране парог. Тая дзяўчына, якой належаў гэты шчаслівы боцік, выйдзе замуж першая.

А пакуль этнографы будуць высвятляць, чаму менавіта святы Андрэй — апостал, рыбак і паплечнік Хрыста — стаў заступнікам для восеньскіх варожб, я  ўпэўнена, добрая традыцыя адзначаць свята не знікне.

Наталля РАМАНОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».