Вы тут

Убачыў свет чацвёрты па ліку ў 2020-м годзе выпуск альманаха «Астрамечаўскі рукапіс»


Убачыў свет чарговы, чацвёрты па ліку ў 2020-м годзе (выданне прыходзіць да чытача адзін раз у квартал), выпуск брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс».


Краса нумара — раздзел «Чароўныя спевы і паданні спадчыны». «Каляды» — публікацыя, якая звяртае ўвагу да цыкла свят і абрадаў зімовага сонцазвароту. «Адраджэнне» сонца — пачатак новага сонечнага, а разам з ім і аграрнага года (яно абяцала прыход цяпла і святла, прабуджэнне пладаноснай сілы зямлі). Звычай святкавання Новага года таму і з'яўляецца для сялян адным з самых значных каляндарных свят. У гэты перыяд з асаблівай сілай разгортваюцца магічныя абрады ўрадлівасці, якія суправаджаюцца песнямі, танцамі, забавамі», — як з гэтым не пагадзіцца?!

Чытачы «Астрамечаўскага рукапісу» атрымліваюць магчымасць зазірнуць у берасцейскую вёску Гута, з якой карэспандэнтамі па каляднай тэме выступаюць жыхары нараджэннем 1930—1944 гадоў, — Кацярына Якімаўна Качалоўская, Вера Якаўлеўна Каранчук, Вольга Іванаўна Качалоўская, Лідзія Іванаўна Мацкевіч, Кацярына Іванаўна Сац, Марыя Сцяпанаўна Аляксеева, Кацярына Пятроўна Супрунюк. Дарэчы, тэксты раздзелу «Каляды» варта прачытаць і ў школе арганізатарам выхаваўчай работы. Бо ў іх — і пра мясцовыя народныя гульні: «Каляды», «Шчадруха», пра свавольствы моладзі і калядныя абходы. Як не ведаць моладзі, падлеткам вось гэта: «Мы прызнавалі Каляду. А на 13-е прызнавалі Шчодрык. У нас Калядой не звалы. То хадылы большэнство. Ходылы і ўзрослые...» І яшчэ: «І ўжэ под окно подойдыть і спеваюць Шчодрыця. І ўжэ выносяць бліна. Тады кроме бліна ныц не давалы. На Шчодрыка, гэта було 13-е, бліны давалы, ны було ныц, ні канфет, нічога. Хто даст кусочак калбаскі ілі кусочак сала, або бліна памазаны, чы маслом, чы салом — гэто ўжэ як кто...»

Чарговы выпуск краязнаўчага альманаха багаты на публікацыі героіка-патрыятычнага характару (на ваенныя тэмы — і раздзел адпаведны: «Беларусь памятае»). Па традыцыі «Астрамечаўскі рукапіс» уважлівы да праваслаўнай праблематыкі. Відавочна, што рэдактар і ўкладальнік выдання, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Валковіч разважліва, грунтоўна пазіцыянуе абсягі праваслаўнага краязнаўства, імкнецца знайсці і ў гэтым кірунку многія важкія драбніцы памяці.

Ізноў даводзіцца выказваць шкадаванне, што работа гісторыка-краязнаўчага характару на рэгіянальным узроўні не дужа заўважана. Пра гэта сведчыць і наклад выдання, якім апякуецца Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт. Да яго істотнай падтрымкі далучыць бы нашмат больш шырокую ўвагу... «Астрамечаўскі рукапіс» гэтага, несумненна, варты.

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Каляды па-астрамечаўску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?