Вы тут

Бэла Масумян. Сцэна як сэнс жыцця


8 снежня, пасля працяглай хваробы на 84 годзе жыцця не стала легенды айчыннага тэатра — народнай артысткі Беларусі Бэлы Масумян. «Яе смерць — вельмі цяжкая і незаменная страта для ўсіх нас, для сяброў і мільёнаў прыхільнікаў яе неабсяжнага таленту, велізарная страта для мастацтва, служэнню якому яна прысвяціла ўсё сваё жыццё», — такія словы спачування выказалі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага.


Спектакль Філумена Мартурана, 1964 г.

На адных падмостках

Бэла Масумян нарадзілася 15 верасня 1937 года ў Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласці Украіны.

У 1961 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «Акцёр тэатра і кіно». Гэта быў курс народнага артыста БССР Дзмітрыя Арлова. Сярод яе дыпломных работ — Віёла з «Дванаццатай ночы», Катарына з «Утаймавання свавольнай» Уільяма Шэкспіра і Вольга ў «Трох сёстрах» Антона Чэхава.

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага працавала з чэрвеня 1961 года і была верная гэтым падмосткам усё жыццё — іншых запісаў у яе працоўнай не было. За гады служэння ў тэатры яна ўвасобіла на роднай сцэне больш за 100 роляў. Хай словазлучэнне «служэнне ў тэатры»  гучыць крыху пафасна, але гэта сапраўды так: творчае жыццё актрысы звязана толькі з адным калектывам. Але без уліку здымкаў у кіно, якіх, на жаль, было няшмат. Так, сёння мы маем магчымасць паглядзець лічаныя стужкі з удзелам артысткі, сярод якіх — фільм-спектакль «Грэх акцёрства» (1991) і кароткаметражка «Чацвёра ў адной скуры» (1963). У гэтым сэнсе на біяграфію Бэлы Масумян паўплывалі армянскія карані. Па словах актрысы, яе знешнасць «ніяк не адпавядала параметрам беларускага кіно».

Шмат пра стаўленне да прафесіі, у тым ліку што тычыцца выбару паміж тэатрам і кіно, кажа наступнае выказванне Бэлы Масумян: «З падмосткаў амаль зніклі драмы, трагедыі. Не таму, што мы развучыліся іх іграць — няма публікі, гатовай да перажывання і спачування. А нават падчас вайны ігралі Шылера ці Шэкспіра — публіка перажывала, знаходзіла для сябе нейкія адказы. Але сёння ў прынцыпе патрэба ў тэатры мінімальная, а, напэўна, ад жыццёвых праблем людзі хочуць бачыць толькі камедыі — чым прасцей, тым лепш. Гэта і нядрэнна, вось толькі акцёрская прафесія стала даволі неабавязковай: не атрымалася ў тэатры, адыграў слабавата — ну, пайду ў кіно здымуся, хоць падзараблю. Тэатр перастаў быць манастыром, калі служыш толькі яму» на курс Дзмітрыя Арлова. Калі ўсё высветлілася, нічога мяняць не захацела: бо недалёка, у Вільнюсе, жылі бацькі — маці-полька і бацька-армянін (будучая актрыса нарадзілася ў сям’і лётчыка-выпрабавальніка).

Як пазней расказвала актрыса, была яшчэ адна прычына застацца ў Мінску: «Як скупы складае манеткі, так і я — ролі. Яны былі мне вельмі дарагімі! Мяне часта запрашалі — у Піцер, Кіеў, Харкаў, Рыгу. Але здавалася: я дзесьці сыграю, але затое страчу нейкую з мінскіх роляў. А што атрымаю ўзамен — невядома.

Бывае, што акцёры прыйдуць у тэатр, папрацуюць годдва і адчуваюць: гэта не іх калектыў. А мне падабаўся тэатр, падабаўся Мінск. Адчувала, што гэты горад стаў мне родным».

Здаецца, родным для артысткі з часам станавілася ўсё і ўсе. У 1982 годзе, калі на сцэне падчас спектакля памёр яе даўні сябар і калега Леанід Крук, артыстка на некалькі тыдняў страціла зрок і слых, ні з кім не размаўляла, не магла знаходзіцца ў тэатры. Пераадолець крызіс дапамог Расціслаў Янкоўскі, які, між іншым, называў яе «жонкай тэатра».

 

Лёс быць моцнай

Амаль заўсёды яна выконвала ролі моцных жанчын — у апошнія гады пераважна арыстакратак, каралеў. Ёй, дарэчы, заўсёды падабаліся мужчынскія ролі, і ў інстытуце яна іх нават іграла, у любым вобразе шукаючы моцны бок. Гледачы старэйшага пакалення яшчэ памятаюць Бэлу Масумян іншай: у ролі Машы Кулыгінай у чэхаўскіх «Трох сёстрах», Рыты Асянінай у спектаклі Юрыя Любімава «А досвіткі тут ціхія» і Гелен у «Варшаўскай мелодыі» Леаніда Зорына… У яе творчым рэпертуары самыя розныя гераіні: Вера («Пад адным небам» Аркадзя Маўзона), Вольга («Аб’ява ў вячэрняй газеце» Алены Паповай), Гітэль Москі («Двое на арэлях» Уільяма Гібсана), Агда («Сунічная паляна» Інгмара Бергмана)… Але не ўсё было казачна, як падаецца на першы погляд. «Калі я прыйшла ў трупу, — успамінала Бэла Масумян, — тут было шмат старых, а моладзі — зусім мала. Таму нам даставаліся ролі, як з рэшата. Амаль 20 гадоў я іграла толькі ў прыезджых рэжысёраў. Міма прайшло столькі роляў, якія, можа, і не ўдаліся б, але я іх нават не паспрабавала ўвасобіць. Гэта нармальна, калі ў пастаноўшчыка ёсць свае акцёры, на якіх ён абапіраецца. Але ці павінен ён пры гэтым не любіць іншых артыстаў трупы? Бо заўсёды ёсць магчымасць двух складаў або ролі на пробу, адмовы, нарэшце. Але навошта гадамі трымаць чалавека ў няведанні, за што яго караюць і не любяць? Я спытала неяк у рэжысёра, чаму мне не дасталася роля — вельмі хацела яе сыграць.

У адказ пачула: “Дык вы ж не руская!” Ого, думаю, добра, што армянін Джыгарханян не ведаў такіх аргументаў». 16 снежня народная артыстка Беларусі павінна была выйсці на сцэну ў спектаклі «Пане Каханку», а 24 снежня сыграць адну са сваіх найлепшых роляў — Веры Максімаўны ў пастаноўцы Барыса Луцэнкі «Сыходзіў муж ад жонкі». Гэтую ролю актрыса называла адной са сваіх самых любімых. У спектаклі пра людзей, якія пражылі разам паўстагоддзя, але так і не здолелі зразумець адно аднаго, рэжысёр Барыс Луцэнка бачыў выключна надзвычайную Бэлу Масумян.

Гаворачы пра пастаноўку «Сыходзіў муж ад жонкі», яна адзначала: «П’еса гэтая была напісана для Марыі Міронавай, якая іграла яе так, нібы гаворка пра Льва Талстога і яго домработніцу. Але з рэж ысёрам і маім партнёрам па спектаклі мы вобраз перапрацавалі.

Я ж іншая. Калі ўжо праводзіць паралель з сям’ёй Талстога, то гаворка пра яго і жонку Соф’ю — разумніцу, здольную выцягнуць другую палову з усіх бед, падставіць плячо. Яна моцная, таму і памірае першай.

А яшчэ я разумела, што ў залу прыйдзе нямала такіх Сафій. Цяпер наогул час моцных жанчын, якія могуць усё, беручы на сябе ўсё больш функцый моцнага мужчыны».

 

Апошні рамантык

Унёсак Бэлы Масумян у беларускае тэатральнае мастацтва адзначаны шэрагам узнагарод. Яна народная артыстка Беларусі, заслужаная артыстка БССР, уладальніца медаля Францішка Скарыны за заслугі ў галіне культуры, прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка», медаля Саюзнай дзяржавы «За супрацоўніцтва», спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ды іншых узнагарод.

Цырымонія развітання з народнай артысткай Беларусі адбылася ў родным тэатры. Большасць з тых, хто прыйшоў, — акцёры, якім было што сказаць Бэле Амаўне. — Пайшла наша Бэлачка — апошні рамантык тэатра... — казаў падчас развітання народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак. — Неяк язык не паварочваецца казаць «сыходзіць старэйшына нашага тэатра». Яна ніколі не была старэйшынай — у плане ўзросту. Нягледзячы на ўсе балячкі, якіх было дастаткова, устойліва трымалася, пераадольвала нездароўе, хацела іграць! Тэатр быў для яе адным з самых галоўных сэнсаў жыцця, яна прысвячала працы ўсю сябе цалкам.

Заслужаны артыст Валерый Шушкевіч быў партнёрам Бэлы Амаўны па сцэне ў многіх спектаклях. — Я памятаю, як мяне ўводзілі ў спектакль «Сыходзіў муж ад жонкі», дзе мы ўдваіх з ёй на сцэне. Як яна тактоўна падказвала мне, усё тлумачыла… Пасля спектакля яна вельмі перажывала, калі ёй здавалася, што нейкая сцэна прайшла не так.

Заўсёды вінаваціла сябе ў гэтым і прасіла прабачэння: даруй, Валерачка, гэта я трошкі напартачыла. А сёння многія акцёры ў памылках абвінавачваюць партнёраў, — расказаў Валерый Шушкевіч.

Спектакль Валянцінаў дзень, 2007 г.

Вядучы майстар сцэны Руслан Чарнецкі пацвердзіў меркаванне многіх акцёраў, што Бэла Масумян аддавалася кожнай ролі без астатку: — Я здзіўляўся заўсёды: адкуль у яе столькі сіл?

Яна была бясконца добрым чалавекам. Заўсёды магла падказаць, калі ты чагосьці не разумеў. Магла падтрымаць, калі ты наогул нічога не разумеў. Бывала і такое.

Народная артыстка БССР Наталля Гайда, якая іграла з Масумян спектаклі «Валянцінаў дзень», адзначыла, што актрыса заўсёды давярала рэжысёру: — Яна разумела: усё, што трэба, мне скажа рэжысёр.

Але яна ведала, як мяне супакоіць, як даць магчымасць расслабіцца, рабіла гэта настолькі незаўважна! Напрыклад, яна прапаноўвала застацца, паўтарыць тэкст да рэпетыцыі. Мы размаўлялі і пра жыццё, пра мастацтва, пра тэатр... Я ёй удзячная да канца жыцця. Гэта дзіўная жанчына.

Пахавалі Бэлу Масумян на Усходніх могілках Мінска.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта rustheatre.by

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».