Вы тут

Два «К» беларускай літаратуры


Хоць Якуб Колас і Уладзімір Караткевіч належалі да розных пакаленняў, іх па жыцці звязвала шмат. Сімвалічна, што малады паэт Караткевіч дэбютаваў у беларускай літаратуры вершам, прысвечаным менавіта Якубу Коласу:


Якуб Колас сядзіць у цэнтры, Уладзімір Караткевіч стаіць другі злева

Пясняр наш, пісьменнік вялікі,

У змрочныя злыя гады

Ты быў нашым шчырым музыкай,

Ты нас пазбаўляў ад нуды.

Спяваў нам аб нашай свабодзе,

Каб цвёрда, упэўнена йшлі.

Аб жудасным лёсе народа,

Аб новай жаданай зямлі.

Бацькоў нашых зваў да змагання,

Да моцных, узрушаных сіл,

Да сілы вялікай паўстання,

Да косаў, да стрэльб і да віл.

Народнай цудоўнаю мовай

Цудоўныя песні ты пеў.

За новае вольнае слова

У каменных турмах сядзеў.

Зваліліся цяжкія путы,

Пазбыўся кайданаў народ

І разам з народам раскутым

Ты рушыў у новы паход…

Верш быў надрукаваны ў раённай аршанскай газеце ў 1951 годзе. Прыкладна ў той самы час бяруць свой пачатак і асабістыя стасункі паэтаў. Падчас навучання на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Уладзімір Караткевіч звярнуўся да Якуба Коласа з просьбай даць ацэнку яго творчасці. Ліст маладога аўтара-пачаткоўца Якуб Колас беражліва захаваў у сваім асабістым архіве: «Канстанцін Міхайлавіч! Выбачайце за тое, што аднімаю ў вас каштоўны час. Магчыма, што за гэтай жа справаю я павінны быў звярнуцца ў кабінет маладога аўтара, але тут справа ў тым, што мне трэба не тое, каб заўважылі асобныя недахопы, а каб ацанілі наогул усё. З маленства я прывык лічыць Вас прыкладам і таму звяртаюся да вас і ні да каго больш. Калі знойдзеце магчымасць — напішыце мне, ці варта мне прадоўжваць. Да гэтага часу я надрукаваў некалькі вершаў і крытычны нарыс аб творчасці Янкі Брыля ў часопісе “Савецкая Украіна”. Астатняе я чытаў людзям. Адні лаюць, іншыя хваляць, але мне ўсё здаецца, што гэта не тое.

Вучуся я зараз у Кіеве ва ўніверсітэце, а жыву ў Оршы. Летам шмат часу хаджу па Беларусі. Вось толькі што павярнуўся з Вязынкі і зараз шкадую толькі аб тым, што не давядзецца мне быць на гадавіну Купалы. У канцы лета паеду на Палессе.

Казкі, якія ў сшытку стаяць першымі, не выдуманыя. Я іх толькі вельмі моцна і, здаецца, няўдала абрабіў. Але іншага й нельга было зрабіць, бо першыя дзве чуў я ад свайго дзеда яшчэ да вайны, не памятаў нічога, акрамя сюжэту і асобных выразаў, “Надзвычайную котку”, “Мужыка і дзіва”, “Аўтуха-дамоўніка” пашырыў з двух-трох сказаў. “Пятра разбойніка” пачуў у Рагачове ад рыбака Ганцоўскага, які мне сказаў яе “па случаю” (я яму расказаў казку “аб двох вялікіх грэшніках” з Некрасава, падобную да гэтай). Казак у мяне ёсць яшчэ з паўсотні, дзесятак песен і іншае. “Вобразы казак” нарадзіліся з павер’яў, асобных фрагментаў казкі. Чаму толькі не намагаюцца фалькларысты запісаць усё гэта. Яно ці перад новымі інтарэсамі адступае.

Вершы кепскія, хоць я пісаў спачатку толькі іх. Прыклаў нават два вершы паруску, гэта з ранніх. “Ваўкалака” — гэта з падання аб разбойніку, які мог перакідацца ваўком і ў якога калісь паны забілі бацьку і матку. Апавядання шлю два. Калі ласка, прышліце свой вырак. Яшчэ раз прашу прабачэння. Ул. Караткевіч».

Разам з лістом Караткевіч даслаў Якубу Коласу свой сшытак фальклорных запісаў «Казкі і легенды маёй радзімы». Цікава, што падчас навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Якуб Колас таксама рабіў фальклорныя запісы і, так як і Караткевіч, апрацоўваў народныя казкі. Напэўна, у асобе класіка беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч шукаў родную душу, шукаў таго, каму гэта блізка, цікава, хто абавязкова яго зразумее.

І не памыліўся, бо Якуб Колас заўсёды з бацькоўскай любоўю і клопатам ставіўся да маладых аўтараў, быў настаўнікам і дарадцам для многіх пачынаючых беларускіх пісьменнікаў.

У 1952 годзе, калі шырока адзначаўся юбілей Якуба Коласа, Караткевіч не мог не павіншаваць любімага паэта. Яго віншавальны ліст таксама захоўваецца ў асабістым архіве Якуба Коласа: «Дзень добры, Канстанцін Міхайлавіч!

У дзень Вашага сямідзесяцігоддзя дзякую Вас за тое, што вы існуеце на зямлі, што ў мінуты вялікага шчасця думаеш аб Вас, што у мінуты калі вельмі і вельмі цяжка — зноў такі звяртаешся да Вашых вершаў і паэм, бясконца набіраючыся ад іх сілы. Наўрад ці Вы самі уяўляеце, як уяўляюць гэта вашы чытачы, што Вы для Беларусі, чым бы мы з’яўляліся без Вас і Купалы. Купала быў моцны сваёй тугою па Радзіме, Вы — ўпэйненай верай у яе, спакойнай любоўю да яе. Жадаю Вам доўгіхдоўгіх год жыцця, вялікіх сіл для вялікай працы на яе карысць. Вы зрабілі першы і вялікі крок па шляху да нашай мэты, дзякуй вам за гэта, добры Вы чалавек.

Тое, што Вы пасеялі — не знікае і людзі, выхаваныя Вамі, цвёрдай хадой пойдуць па гэтаму шляху і справы Вашай не згубяць. Ул. Краткевіч».

Уладзімір Караткевіч годна пайшоў па сцяжынцы, закладзенай класікамі, пакінуў яркі след у гісторыі беларускай літаратуры.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца адзін з нямногіх фотаздымкаў, дзе можна ўбачыць пісьменнікаў разам: Якуб Колас з гасцямі i ўдзельнiкамі VI Рэспублiканскай нарады маладых пiсьменнiкаў, якая праводзілася ў 1955 годзе, акурат за класікам стаіць Уладзімір Караткевіч.

Добрыя адносіны ў Караткевіча склаліся не толькі з Якубам Коласам, але і з яго старэйшым сынам Данілам Канстанцінавічам Міцкевічам. У сямейным архіве сына класіка захоўваюцца некалькі кніг з дарчымі надпісамі юбіляра, як напамін аб сяброўстве, пранесеным праз гады. Так, на асобніку «Чорны замак Альшанскі» аўтар пакінуў наступны дарчы надпіс: «Дарагому другу Данілу Канстанцінавічу Міцкевічу — з любоўю.

Ул. Караткевіч. 6 лютага 84 г.». На першым томе выбраных твораў Уладзімір Караткевіч напісаў свайму сябру і яго жонцы: «Мілым Даніле Канстанцінавічу і Але Міцкевічам на знак бязмернай павагі, якая роўная хаця-б павазе да іхняга бацькі.

Ул.Караткевіч. 11 лютага 81 г.».

Няхай павага і любоў да творчасці абодвух пісьменнікаў перадаецца кожнаму новаму пакаленню беларусаў.

Васіліна МІЦКЕВІЧ

Фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага  музея Якуба Коласа

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.