Вы тут

Мікалай Шарснёў: Усё дзеля паляпшэння жыцця людзей!


Як прайшла трылогія Года малой радзімы на Віцебшчыне? Якія цікавыя праекты рэалізавалі? А можа, некаторыя атрымаюць працяг? Ці з’явіліся ідэі, якія ў бліжэйшым будучым плануюць ажыццявіць? Што такое малая Радзіма асабіста для губернатара, які нарадзіўся на Віцебшчыне? І якія папярэднія вынікі працоўнай пяцігодкі? Пра гэта і іншае карэспандэнт «Звязды» пагутарыў са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым.


— Вы родам з Аршаншчыны. Ці часта бываеце на сваёй малой радзіме? Што згадваецца пра часы, калі Вы жылі там, у тыповай беларускай глыбінцы?

— Я нарадзіўся ў вёсцы Прыгузкі. Гэта невялікая вёсачка. Сёння там крыху больш за паўсотню дамоў, з іх жылымі засталася толькі палова.

У школу хадзіў у суседнюю вёску Барздоўка, дзе цяпер настаўнікі-энтузіясты стварылі «Музей гісторыі роднай вёскі», за што я ім вельмі ўдзячны. У ім жыве дух мінулай эпохі і аптымістычны погляд у будучыню. Рэдкае адчуванне, якое дарагога варта...

Я часта бываю ў родных мясцінах, дзе да гэтага часу памятаю ўсе палі і сцяжынкі, сустракаюся з аднакласнікамі, аднавяскоўцамі. Гэтыя сустрэчы вельмі дарагія майму сэрцу. Яны падымаюць настрой, бударажаць успаміны пра дзяцінства, маладыя гады... Малая радзіма для мяне — гэта ўнутраны стрыжань, аснова жыцця, пачатак пачаткаў. Гэта памяць аб бацькавай хаце, пра сям’ю, гэта душа маёй вялікай Радзімы — Беларусі.

Аб’яўленне Года малой радзімы падштурхнула больш пільна прыгледзецца да праблем маленькіх вёсак, невялікіх пасёлкаў, іх добраўпарадкавання. Упэўнены, сапраўдная любоў да радзімы пачынаецца з клопату пра яе...

Пра «перазагрузку» майго роднага Аршанскага раёна, якая ажыццяўляецца згодна з адпаведным прэзідэнцкім указам, СМІ пішуць пастаянна. Галоўнае, што тутэйшыя адчулі: клопат аб паляпшэнні якасці іх жыцця — не толькі на паперы. І на гэты раён раўняюцца астатнія, адпаведны вопыт пераймаюць. Сярод іншага, шмат чаго зроблена для забеспячэння камфортных умоў жыцця ў глыбінцы.

Так, летась быў рэалізаваны пілотны праект па ўкараненні ўдасканаленай сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. У цяперашні час па выніках рэалізацыі праекта і вывучэння грамадскай думкі вядзецца работа па карэкціроўцы сістэмы для ўсёй рэспублікі.

Акрамя таго, у Аршанскім раёне паспяхова праведзены эксперымент па стварэнні альтэрнатывы спажывецкай кааперацыі: у 2018 годзе кампаніі «Еўрагандаль» былі перададзены гандлёвая сетка фінансава няўстойлівага раённага спажывецкага таварыства і маршруты аўтакрам для абслугоўвання 219 маланаселеных пунктаў.

На сённяшні дзень на сельскай тэрыторыі працуюць 38 крам і 6 аўтакрам сеткавага аператара. Вяскоўцы станоўча ацанілі змены, якія адбыліся.

— Адна з ключавых задач, агучаных Прэзідэнтам, калі ён аб’яўляў Год малой радзімы, навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, павышэнне якасці жыцця людзей. Безумоўна, гэта ўсё было ў цэнтры ўвагі ўлады розных узроўняў і раней. Што паспелі зрабіць у рэгіёне?

— Штогод мы маштабна трансфармуем райцэнтры, якія прымаюць эстафету свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі», што дазваляе ім набыць новае сучаснае аблічча. Паралельна ўладкоўваем па два пасёлкі вобласці, раўняючыся на аграгарадок Копысь Аршанскага раёна, дзе, бадай, правялі самыя маштабныя работы.

Шмат чаго зрабілі ў пасёлках розных раёнаў: Балбасава, Езярышча, Бягомль, Багушэўск, Відзы, Обаль. Гэтыя населеныя пункты не павінны быць тэрыторыямі кантрастаў. Галоўнае, навесці парадак ва ўсім: ад прыдамавых участкаў да цэнтральных вуліц. Гэта работа датычыцца не толькі мясцовай улады. Самі жыхары не павінны заставацца ўбаку ў справе па падтрыманні парадку. Іх намаганні — для сябе, падрастаючага пакалення, каб кожнаму стала прыемней жыць, працаваць і адпачываць.

Цяжка пералічыць усе мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы. Нават калі коратка напісаць пра кожнае, думаю, не хопіць для гэтага нумара газеты.

— Вы згадалі «Дажынкі». Ці маглі б коратка распавесці пра святы нашых кармільцаў за апошнія тры гады?

— «Дажынкі-2018» адбыліся ў Верхнядзвінску. Падчас падрыхтоўкі да фестывалю стварылі выразнае аблічча райцэнтра. Дзякуючы пераўтварэнням ён набыў рысы сучаснага горада. Больш за дзвесце аб’ектаў атрымалі другое нараджэнне. У тым ліку будынкі цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзіцячай школы мастацтваў.

Своеасаблівым рэсурсным цэнтрам для прасоўвання інавацый у адукацыі раёна стала сярэдняя школа № 2, якая адчыніла свае дзверы пасля капітальнага рамонту напярэдадні Дня ведаў. Тады быў адкрыты новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Імпульс» з басейнам, дзвюма саўнамі, трэнажорнай і залай для фітнесу, мадэрнізаваны будынак цэнтра культуры і народнай творчасці. Падарункам для жыхароў райцэнтра стаў 12-кватэрны жылы дом, пабудаваны ў рэкордныя тэрміны — усяго за чатыры з паловай месяцы.

Новае аблічча атрымалі цэнтральная плошча Юбілейная, гарадскі сквер, набярэжная Заходняй Дзвіны, з’явіўся фантан.

«Дажынкі-2019» прайшлі ў Браславе. Больш за сто аб’ектаў атрымалі адраджэнне. У гэтым спісе СШ № 2, якая стала лепшай па ўмовах. Тут з’явіліся залы рытмікі і адзінаборстваў. Па-новаму аснашчаны лінгафонны і камп’ютарны класы. На прылеглай тэрыторыі абсталяваны пляцоўкі з вулічнымі трэнажорамі, для гульні ў валейбол і баскетбол. Стварылі і аўтамабільны гарадок для навучання правілам дарожнага руху.

Пасля капітальнага рамонту кардынальна змяніў свой знешні выгляд дзіцячы сад № 3, у якім з’явіліся новая мэбля, гульнявое, надворнае абсталяванне.

Мадэрнізавалі гарадскі стадыён, дзе цалкам замененыя хакейная каробка, футбольнае поле, адрамантаваны трыбуны для гледачоў, з’явіліся бегавыя дарожкі з сучасным пакрыццём.

У цэнтральнай раённай бальніцы праведзены рамонт хірургічнага аддзялення, прыёмнага пакою, паліклінікі, а таксама стаматалагічнага аддзялення, для якога закуплена спецыяльнае абсталяванне.

У ліку ключавых аб’ектаў, дзе выкананы комплекс рамонтных работ: дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённы цэнтр культуры, цэнтральная раённая бібліятэка, школа мастацтваў.

Пасля маштабнай мадэрнізацыі новы выгляд мае прыбярэжная паласа возера Дрывяты. Добраўпарадкавана месца правядзення асноўных урачыстасцяў — лесапарк «Леснічоўка»...

— Безумоўна, сёлетнія віцебскія «Дажынкі» па масавасці і маштабнасці сталі рэкорднымі, напэўна, ва ўсёй краіне. Абласны цэнтр рыхтавалі да свята, як паказалася многім старажылам, нават больш грунтоўна, чым да чарговага «Славянскага базару», які, дарэчы, у наступным годзе правядзём у трыццаты раз.

— Так, «Дажынкі-2020» сталі святам вельмі маштабным. Напрыклад, у іх бралі ўдзел больш за шэсць тысяч работнікаў аграпрамысловага комплексу. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася ў адной з самых вялікіх пляцовак — у Летнім амфітэатры.

У Віцебску падчас падрыхтоўкі да форуму звыш ста аб’ектаў адраманатавалі, зрабілі больш утульнымі, каб яны адпавядалі патрэбам часу. З’явіліся і новыя. Вялікая ўвага аддавалася сацыяльнай сферы. Напрыклад, мадэрнізавалі другі корпус абласнога Палаца дзяцей і моладзі. Адкрылі дзіцячую амбулаторыю ў спальным мікрараёне Білева, сучасны спартыўны комплекс Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, спартыўныя пляцоўкі. Усталявалі вулічныя трэнажоры для шэрагу іншых устаноў адукацыі. На карце Віцебска з’явіўся і трэніравальны манеж, які атрымала дзіцяча-юнацкая школа футбольнага клуба «Віцебск».

Няма аналагаў у вобласці новай сярэдняй школе № 47 імя генерала Іваноўскага, абсталяванай па апошнім слове тэхнікі.

Правялі абнаўленне фасадаў жылых дамоў і адміністрацыйных будынкаў.

На вуліцах з’явіліся новыя малыя архітэктурныя формы. Кардынальна змянілі свой знешні выгляд плошча Свабоды, сквер на вуліцы Кірава, парк Тысячагоддзя...

Сапраўдны падарунак для жыхароў 40-тысячнага маладога мікрараёна Білева і ўсяго абласнога цэнтра — адкрыццё аўтадарогі, якая стала працягам праспекта Будаўнікоў (на ўчастку ад вуліцы Броўкі да Караткевіча). Разам з магістраллю быў уведзены ў эксплуатацыю падземны пешаходны пераход. Пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыта адна з найважнейшых транспартных артэрый Віцебска — пуцеправод «Полацкі». Гэтая сучасная дарожная развязка стала сапраўдным упрыгажэннем паўночнай сталіцы Беларусі.

— Нагадайце, калі ласка, пра тое, што было зроблена ў час падрыхтоўкі да «Дажынак» у Віцебскім раёне.

— Лічу, што вельмі дастойна выглядае і гэтая «агранка» абласнога цэнтра. Новыя сучасныя рысы набыў аграгарадок Ноўка. Тут добраўпарадкавалі ўнутрыдваровыя тэрыторыі, пасля капітальнага рамонту змяніліся да лепшага шматкватэрныя жылыя дамы, устаноўлены новыя гульнявыя комплексы для дзяцей. Па-сучаснаму абсталявалі школу, дзіцячы сад.

У ліку ключавых аб’ектаў, дзе выкананы комплекс рамонтных работ, будынкі Ноўкінскага сельскага выканкама, пошты, мясцовага ФАПа, аўтастанцыі ў Мядзвёдцы і Сасноўцы. Прыкметна палепшылася якасць дарог.

У пасёлку Тулава уведзены 60-кватэрны дом з электраацяпленнем. Новыя спартыўныя комплексы з’явіліся ў пасёлках Кіраўскі, Акцябрскі, Альгова. Пабудавана станцыя абезжалезвання ў вёсцы Буяны.

Узведзены і новыя сучасныя аграпрамысловыя аб’екты. Віцебская бройлерная птушкафабрыка ў Курыне «прырасла» зернеачышчальна-сушыльным комплексам (магутнасцю 140 тон у гадзіну), элеватарам для захоўвання збожжа (на 30 тысяч тон) і рапсу (на 6 тысяч тон), лініяй па перапрацоўцы алейных культур, зернеачышчальна-сушыльны комплексам «Янавічы» (магутнасцю 90 тон у гадзіну), элеватарам для захоўвання збожжа (на 15 тысяч тон), а таксама новымі і рэканструяванымі малочна-таварнымі фермай і комплексам.

Сельгаспрадпрыемства «Мазалавагаз» адкрыла завод па перапрацоўцы алейных культур.

Дарэчы, у Віцебскім раёне толькі за апошні год пабудаваны і рэканструяваны дваццаць жывёлагадоўчых аб’ектаў.

Пасля заканчэння фестываляў аграрыяў абнаўленне райцэнтраў працягваецца. Усё застаецца людзям на гады. І гэта той шлях, які адкрывае перспектыву, у тым ліку і для сельскай моладзі. Калі людзі будуць мець у роднай вёсцы жыллё, аб’екты сацыяльнай сферы, месцы для адпачынку — тады вёска ажыве. Але разам з тым важныя і ўмовы для працы з прывязкай да трывалай вытворчай базы і добрай зарплатай.

— Як кажуць, на слыху рэформы, якія праводзяцца ў сельскагаспадарчай галіне на Віцебшчыне.

— У рэгіёне дзейнічаюць сем аграпрамысловых аб’яднанняў, створаных па Указе Прэзідэнта ад 25 лютага 2020 года № 70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці». Новыя аграпрамысловыя аб’яднанні закліканыя зрабіць, можна сказаць, рэвалюцыю ў аграрнай эканоміцы рэгіёна, што вельмі радуе.

Ёсць, на мой погляд, у іх і яшчэ больш важная задача: яны створаны для вяскоўцаў і павінны прынесці карысць непасрэдна ім — сапраўдным гаспадарам на зямлі.

Рэфармаванне АПК, да якога мы ішлі планамерна і паэтапна, накіравана на павышэнне ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэта звязана і з ростам заработнай платы ў вяскоўцаў, а значыць, і з павышэннем іх прафесійнага ўзроўню, замацаваннем кадраў у вёсцы.

Несумненна, на станоўчую матывацыю да прафесіі ўплывае дзеючая ў нашым рэгіёне прывабная сістэма матэрыяльнага стымулявання. Два гады таму карэкціроўцы ў бок павелічэння падвяргаліся зарплаты механізатараў, спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны. Прафесіяналы сваёй справы пры зацікаўленасці ў канчатковым выніку і павелічэнні паказчыкаў, улічваючы ўсе надбаўкі, могуць зарабіць ад дзвюх тысяч беларускіх рублёў і больш. Там, дзе дастойная зарплата, мяркую, цяжкасцяў з кадрамі не ўзнікае. Дарэчы, разрыў сярэднямесячнай зарплаты на вёсцы ў параўнанні з прамысловасцю скараціўся практычна на пяць працэнтаў.

Яшчэ адзін сур’ёзны вектар, які ўплывае на імідж галіны — падрыхтоўка кадраў. Сёння мы робім стаўку на выхаванне работніка вытворчасці. Ён павінен прыйсці на сваё рабочае месца падрыхтаваным, матываваным спецыялістам. Фарміраванне ўяўлення аб сельскім укладзе жыцця і вытворчасці закладваецца ўжо са школы — на гэта і накіраваны створаныя ў вобласці аграрныя класы. Умацаваць дадзеныя пазіцыі закліканы профільныя сярэднеспецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе ў два разы павялічылі працягласць вытворчай практыкі. У якасці базы — толькі перадавыя гаспадаркі, абсталяваныя сучаснай тэхнікай. Сярод бонусаў, што прадугледжаны выпускнікам, — прадастаўленне адтэрміноўкі ад прызыву ў войска, замена тэрміновай службы ў войску на службу ў рэзерве, аказанне грашовай дапамогі на абзавядзенне гаспадаркай. І плюс — стымулюючыя надбаўкі да заробку, забеспячэнне добраўпарадкаваным жыллём альбо кампенсацыя расходаў па яго найме. Віцебшчына імкнецца стварыць максімальна прывабныя ўмовы для маладых спецыялістаў. У сувязі з гэтым штогод у вобласці павялічваецца працэнт іх прыбыцця і замацавання.

— Быў час, калі на Віцебшчыне было нямала даўгабудаў. Памятаю, у прыватнасці, ніяк не маглі дабудаваць на сёння самы «зорны» атэль Віцебска — «Лучосу». Як цяпер: ёсць праблемныя будоўлі?

— Толькі за апошніх некалькі гадоў у рэгіёне ўведзены ў эксплуатацыю шэраг аб’ектаў, уключаючы і даўгабуды. Прывяду толькі некалькі прыкладаў. Будаўніцтва раённай бальніцы ў Мёрах пачалося ў 1992 годзе, у далейшым, як кажуць будаўнікі, аб’ект быў «замарожаны», а здадзены пад ключ праз 26 гадоў — у 2018-м.

Паліклініка ў віцебскім мікрараёне «Поўдзень-7» уведзена праз дзевяць гадоў — у 2019-м, тэрапеўтычны корпус Аршанскай гарадской бальніцы № 1 імя Сямашка будаваўся амаль сем гадоў.

Дарэчы, пра ахову здароўя: на фінансаванне гэтай сферы расходуецца чвэрць бюджэту вобласці.

За пяцігодку ўведзены ў эксплуатацыю больш за сто аб’ектаў. Гэта паліклінікі ў Верхнядзвінску, Новалукомлі, Чашніках, Расонах, Ушачах, Сянне, Бягомльская і Балбасаўская ўчастковыя бальніцы, інфекцыйны корпус у Глыбокім, стаматалагічныя аддзяленні ў Браславе, Докшыцах.

Сёлета завершана: мадэрнізацыя лячэбнага корпуса абласнога шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны «Юрцава», капітальна адрамантавана аддзяленне рэабілітацыі гарадской бальніцы № 3 Аршанскай цэнтральнай паліклінікі.

На асаблівым кантролі — паляпшэнне якасці пітной вады. У гэтых мэтах у вобласці працягваецца будаўніцтва 80 станцый абезжалезвання для 30 тысяч жыхароў сельскіх населеных пунктаў.

Вельмі многае робіцца і для паляпшэння экалагічнай абстаноўкі, каб панізіць да мінімальнага ўзроўню магчымыя страты здароўя людзей ад навакольнага асяроддзя. У прыватнасці, запланавана стварэнне шасці аб’ектаў, дзе па сучасных тэхналогіях будуць захоўваць і сартаваць цвёрдыя камунальныя адходы. Яны з’явяцца ў Віцебскім, Аршанскім, Полацкім, Глыбоцкім, Мёрскім, Чашніцкім раёнах.

У цяперашні час завяршаюцца работы па будаўніцтве смеццесартавальнага завода для Віцебска.

— Многае робіцца і для сістэмы атрымання ведаў. Калі ласка, распавядзіце крыху пра гэта.

— Аснова паспяховай будучыні — адукацыя, якая па-ранейшаму з’яўляецца прыярытэтам для фінансавання. На яе развіццё штогод накіроўваецца трэцяя частка бюджэту вобласці. І што вельмі важна — не толькі ў Віцебску ствараюцца сучасныя ўмовы для навучання, адкрываюцца новыя дзіцячыя садкі, школы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

За апошнія гады праведзены капітальныя і бягучыя рамонты ва ўстановах дашкольнай адукацыі: у Браславе, Докшыцах, Талачыне, Ушачах, Лёзне. Пабудаваны новыя — у Віцебску, Глыбокім, Оршы, Наваполацку.

У Талачынскім, Дубровенскім, Верхнядзвінскім, Браслаўскім раёнах рэалізаваны праект «Школа будучыні», які дазволіў па-сучаснаму перааснасціць гэтыя ўстановы.

За тры апошнія гады правялі рэканструкцыю будынкаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Там створаны адукацыйны цэнтр «Пазітрон», дзе дзеці ствараюць камп’ютарныя 3D-мадэлі таго, што існуе ў рэальнасці, з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій самага высокага ўзроўню. І такія «лабараторыі» адкрыліся ў буйных гарадах вобласці. Усё гэта дазволіла стварыць сучасныя камфортныя ўмовы для развіцця творчых і інтэлектуальных здольнасцяў.

Канешне, ва ўстановах адукацыі шмат цікавага адбылося падчас трылогіі Года малой радзімы. Напрыклад, сумесна з абласной арганізацыяй «Белая Русь» правялі конкурсы «Спадчына малой радзімы. Віцебшчына ў мініяцюры». З энтузіязмам школьнікі бралі ўдзел у конкурсе «Герб маёй малой радзімы».

У Полацкім раёне з вялікім поспехам рэалізуецца гісторыка-адукацыйны праект «Стужка часу». Дзеці сталі не толькі даследчыкамі, але і экскурсаводамі, мадэльерамі, акцёрамі. А маленькія і юныя жыхары вёскі Зубрэвічы Аршанскага раёна летась бралі ўдзел у стварэнні дакументальнага фільма пра класікаў беларускай літаратуры «Нататкі на палях» тэлеканала «Беларусь 3». У Віцебскім раёне вельмі зацікавіў тутэйшых «Музейны дыліжанс на колах часу». Наогул, цікавых прыкладаў творчасці і крэатыўнасці вельмі шмат.

— І, вядома, заўсёды ў прыярытэце будуць фізкультура і спорт.

— Безумоўна. Што датычыцца гэтага кірунку, за пяць гадоў уведзены ў эксплуатацыю дзесяць крытых сучасных спартыўных комплексаў, пяць плавальных басейнаў, тры футбольныя палі, сучасная лыжаролерная траса, дзесяць шматпрофільных спартыўных пляцовак са штучным пакрыццём і шэраг іншых аб’ектаў.

Спартсменамі вобласці за перыяд з 2016 да 2020 года на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах заваявана 574 медалі. У тым ліку па алімпійскіх відах спорту: 209, з іх залатых — 78, срэбраных — 76 і бронзавых — 55.

Па выніках выступлення на ІІ Еўрапейскіх гульнях — 2019 у Мінску было заваявана шэсць залатых медалёў (веласпорт, лёгкая атлетыка, скачкі на батуце, самба).

На матчавай сустрэчы спартсменаў Еўропы і ЗША па лёгкай атлетыцы, якая адбылася летась таксама ў сталіцы нашай краіны, у спартсменаў з Віцебшчыны золата (Максім Недасекаў перамог у скачках у вышыню).

Асноўным паказчыкам у спорце найвышэйшых дасягненняў з’яўляецца выступленне на Алімпійскіх гульнях.

Разам з дасягнутымі вынікамі ў спорце найвышэйшых дасягненняў павышаецца цікавасць насельніцтва да здаровага і актыўнага спосабу жыцця, пра што сведчыць штогадовае павелічэнне працэнта тых, хто займаецца фізічнай культурай і спортам, да агульнай колькасці жыхароў. На сёння такіх каля 25, 4 %, і ў параўнанні з 2016 годам гэты паказчык павялічыўся на 49, 6 тысячы чалавек

— Наколькі паспяхова функцыянуе прамысловасць Віцебшчны?

— Развіццё сацыяльнай сферы знаходзіцца ў прамой залежнасці ад работы рэальнага сектара эканомікі. Віцебшчына стабільна забяспечвае 15 % аб’ёму прамысловай вытворчасці рэспублікі. За пяць гадоў у галіне праведзена тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя шэрагу прадпрыемстваў.

Пабудаваны Віцебская і Полацкая ГЭС. Праведзена рэканструкцыя установак гідраачысткі і вытворчасці вадароду на «Нафтане». Завершана мадэрнізацыя Аршанскага льнокамбіната і Віцебскага футравага камбіната.

У гарадскім пасёлку Балбасава Аршанскага раёна ўведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс мультымадальнага прамыслова-лагістычнага цэнтра «Брэміна-Орша».

У дзень святкавання гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі з удзелам кіраўніка беларускага ўрада Рамана Галоўчанкі на Мёрскім металапракатным заводзе правялі цырымонію запуску вытворчасці халоднакатанага ліста. На ўсёй еўразійскай прасторы аналагічных заводаў адзінкі. Плануемы выхад на праектную магутнасць прадпрыемства — трэці квартал 2021 года. На першым этапе мяркуецца вытворчасць 150 000 тон белай бляхі ў год. А пасля пуску другой чаргі завода прадукцыйнасць павялічыцца да 240 000 тон у год.

Трэць выпушчанай прамысловай прадукцыі — інавацыйная. Тавары, вырабленыя ў вобласці, экспартуюцца сёння ў больш чым семдзесят краін свету.

І гэта толькі невялікая частка праведзенай работы ў прамысловасці за бягучую пяцігодку.

Прыярытэтнай задачай мясцовай улады па-ранейшаму з’яўляецца павышэнне ўзроўню якасці жыцця насельніцтва. Дзеля гэтага мадэрнізуецца вытворчасць і адкрываюцца новыя аб’екты, у тым ліку з прыцягненнем замежных інвестараў, аказваецца падтрымка прыватнай дзелавой ініцыятыве.

Упэўнены, што вобласць яшчэ не раскрыла ўвесь свой эканамічны, прамысловы, інтэлектуальны, творчы і іншы патэнцыял. Гонар паўночнага рэгіёна — працавітыя, разумныя людзі, патрыёты з вялікай літары, якія здзейсняць яшчэ шмат карыснага для любімага краю і краіны ў цэлым і перададуць гэты здабытак і працоўныя навыкі сваім дзецям і ўнукам — каб тыя зрабілі Віцебшчыну яшчэ больш прывабнай і ўтульнай для жыцця.

Гутарыў Аляксандр ПУКШАНСКІ


У нядзелю на Віцебшчыну з Мінска адправіліся вялізныя калоны сучаснай тэхнікі. 240 трактароў BELARUS МТЗ адправіў да месца прызначэння сваім ходам. Зрабіць перадачу трактароў урачыстай — сумеснае рашэнне МТЗ і Віцебскага аблвыканкама. Тым больш што адной з умоў пастаўкі ў кантрактах прапісаны самавываз. Дзень тыдня быў абраны з улікам мінімальнай загрузкі на рэспубліканскіх трасах. Для руху калон, якія накіраваліся ў розныя раёны вобласці ў складзе некалькіх дзясяткаў адзінак тэхнікі, патрэбныя пэўныя ўмовы.

Усяго кантрактамі прадугледжана пастаўка 354 адзінак тэхнікі, у тым ліку 70 энерганасычаных трактароў, на агульную суму Br42,8 млн. Машыны адправяцца ў амаль 40 аграпрамысловых арганізацый вобласці, у тым ліку на Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, Верхнядзвінскі МСЗ, Пастаўскі малочны завод, Полацкі малочны камбінат, Віцебскі мясакамбінат і Аршанскі мясакансервавы камбінат. Працаваць на іх будуць маладыя механізатары. Трактары, што засталіся пасля масавай адгрузкі, плануюць даставіць у Віцебскую вобласць да канца снежня.

Стар­шы­ня Ві­цеб­ска­га абл­вы­кан­ка­ма Мі­ка­лай ШАРС­НЁЎ дзякуе  ге­не­раль­наму ды­рэк­тару ААТ «МТЗ» Ві­талю Воўку за патрэбную вобласці тэхніку.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».