Вы тут

Гірлянды, шчаўкункі, прысмакі, дрэвы. Што прапануе гандаль да зімовага свята


Да самага чароўнага свята года застаецца зусім няшмат. Калі вы яшчэ не паспелі падрыхтавацца, для вас карэспандэнт «Звязды» прабеглася па розных гандлёвых пунктах сталіцы, каб ацаніць асартымент ёлак і цацак, а разам з тым даведацца аб запытах пакупнікоў.


Зляпіць Снягурку сваімі рукамі

Зайшоўшы ў адзін з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў, адразу затаіла дыханне: усё зіхаціць. Адусюль відаць высокая ёлка з яркімі шарамі і рознакаляровымі агеньчыкамі. Да таго ж чутны калядныя песні, што, безумоўна, стварае патрэбную атмасферу. У адной з крамаў падарункаў наведвальнікаў дастаткова, хоць і будні дзень. Касір, заўважыўшы маю зацікаўленасць, вырашыла дапамагчы.

— У нас ёсць усё, што патрэбна для Новага года. Актыўна купляюць ёлкі, свечкі, гірлянды і іншае. Самае таннае ўпрыгажэнне каштуе рубель — гэта магніт з прадказаннямі, самае дарагое — снежны шар з быком за 120 рублёў. Папулярныя статуэткі шчаўкунка, якія каштуюць крыху больш за 10 рублёў, шкляныя навагоднія шары ручной работы — ад 7 да 23 рублёў за экзэмпляр, маленькія сувеніры, асабліва ў форме быка за 2-3 рублі, а таксама календары з сімволікай наступаючага года — ад 5 да 20 рублёў (яны, дарэчы, штогод добра прадаюцца). Сёлета многім вельмі спадабаліся спрэі з трафарэтамі, з дапамогай іх можна рабіць малюнкі на вокнах. А яшчэ тыя падарункі, якія трэба дарабіць самастойна: сшыць, зляпіць, звязаць і іншае. Напрыклад, набор для творчасці «Чароўны шар» можна набыць за 10—15 рублёў у залежнасці ад памеру, пластыкавы шар для дэкарыравання — за 3,19 рубля.

Набор ёлачных шароў з дваццаці штук каштуе тут 6,75 рубля, з дваццаці чатырох — 19,19 рубля, за сорак адзінак аддасце 24,4 рубля. Чатыры шкляныя шышкі абыдуцца ў 8 рублёў, а сэрцы — у 6,5. Свечкі розных пахаў і колераў каштуюць ад 3 да 5 рублёў, а вось гелевыя ў наборы з трох штук — крыху больш за 20 рублёў. Мішура — амаль за 3 рублі, а гірлянда — без малога 59. Галоўны атрыбут свята — ёлку — тут можна купіць ад 100 рублёў.

— Лічу, што ў першую чаргу трэба выбіраць нешта для душы, — кажа пакупніца Людміла. — Пры выбары навагодніх упрыгажэнняў аддаю перавагу толькі беларускім гандлёвым цэнтрам. Зайшла сюды, каб «быць у курсе», што нам прапаноўваюць іншыя прадаўцы. Але для мяне відавочна: па якасці і асартыменце выйграе айчынная вытворчасць. Большасць ёлачных шарыкаў, якія выкарыстоўваю ў святочныя дні для дома цяпер, засталіся яшчэ з 50-х гадоў, але часам хочацца набыць нешта новенькае. А ёлку стаўлю штучную, бо так больш практычна: купіў прыгажуню, — і гадоў 15 можна не турбавацца.

«Апельсін у цукры» і «Зімовы лес»

Зазірнулі ў іншую краму падарункаў, дзе таксама вельмі адчуваецца надыходзячае свята. Хтосьці выбірае абрусы, хтосьці — цацкі.

— Чаго ў нас толькі няма! — паказвае навагодні асартымент загадчыца. — Сёлета шмат навінак: ад сувеніраў да посуду з навагоднімі арнаментамі. Асноўны вытворца — Кітай. Напрыклад, дэкаратыўны вянок абыдзецца ў 18,18 рубля (дыяметрам 44 сантыметры), чырвоная зорка (49 на 49 сантыметраў) — у 15,5 рубля, але ёсць і танней — за 10,75 (дыяметрам 37 сантыметраў). «Дожджык» у залежнасці ад колеру і даўжыні каштуе ад 2 да 6 рублёў. Навагодні фартух дыяметрам 60 на 65 сантыметраў — 20 рублёў. Абрус са стапрацэнтнай бавоўны (149 на 220 сантыметраў) — ад 39 да 71 рубля, прыхоп-рукавіцы — ад 3 да 12 рублёў, вязаныя пледы — ад 23 да амаль 82 рублёў. Свечкі ад 7 да 11 рублёў за набор. Аромасашэ па 10 грамаў за 3,49 рубля, у іх, дарэчы, вельмі прыгожыя назвы: «Апельсін у цукры», «Зімовы лес», «Калядны кірмаш». А што датычыцца ёлак, то бяруць рознага памеру, высокія нават у прыярытэце, часцей за ўсё — белага колеру. Па кошце дыяпазон даволі шырокі: ад 100 да 420 рублёў.

Шышкі, снегавікі, быкі, гномы... Праўда, найбольшым попытам карыстаюцца звычайныя шкляныя шары. Вытворцы прапануюць камплекты ў сінім, чырвоным, залатым, зялёным і іншых колерах. Напрыклад, за набор з дванаццаці штук аддасце амаль 5 рублёў, а за шаснаццаць — ад 6 да 12. Самыя запатрабаваныя тыя, што патанней. Вось і студэнтка Паліна зайшла ў краму паглядзець на сталічны навагодні асартымент, кажа, што купляць асабліва нічога не збіраецца, бо прывыкла рабіць гэта ў іншым месцы.

— Сама са Смалявічаў, таму набываю ўсё там, — і ехаць далёка нікуды не трэба, і па цане выгадна. Напрыклад, тыдзень таму купіла гірлянду за 7 рублёў, а тут у гандлёвых цэнтрах яна каштуе мінімум 20. Я студэнтка, таму пакуль няма вялікіх сродкаў на дарагія ўпрыгажэнні для дома. Але каб зрабіць свой куточак асаблівым, лічу, што трэба ўмець часам вылучыць час на пошук «самага-самага», бо з першага разу можа не атрымацца, і гэта нармальна. А таксама можна зрабіць нешта сваімі рукамі. Напрыклад, у мінулым годзе мы з мамай зрабілі вянок з яловых пухнатых галінак і вяроўкі: павесілі на яго шышкі, маленькія цацкі, нацерлі паралон, быццам снег. Атрымалася вельмі прыгожа!

16 рублёў за «Бычка» і 4 — за «цукеркі»

Штогод на навагоднім кірмашы ў адным са сталічных універмагаў робяць пакупкі тысячы мінчан і гасцей сталіцы. Знайсці святочнае дрэва і падарункі тут атрымаецца лёгка. Шэрагі зялёных прыгажунь сустракаюць наведвальнікаў на самым уваходзе. Прыкладна палова ёлак — айчыннай вытворчасці. Астатнія пераважна з Польшчы і Кітая. Кошт на іх залежыць ад памеру і якасці. Напрыклад, за польскую хвою на 1,2 метра аддасце без малога 79 рублёў, «сібірскую» той жа вытворчасці на 1,8 метра можна набыць за 225 рублёў, «цёмна-зялёную» на 1,95 метра — за 355,9 рубля, дрэва на 1,8 метра абыдзецца ў 837,9 рубля, на 2,2 метра — 691,9, на 2,5 — 359,9, а самая высокая на 3 метры каштуе амаль 800 рублёў (усе апошнія — Беларусь).

Прадавец-кансультант расказаў, што попыт зараз ёсць на ўсе прапанаваныя тавары.

— Больш за ўсё пытаюцца пра тыя ёлкі, што з сіліконавымі галінкамі. Самыя маленькія дрэвы звычайна набываюць людзі сталага ўзросту, бо іх лягчэй данесці. Сярэдняга памеру бяруць уладальнікі ўласных дамоў і тыя, хто жыве ў кватэры. Самыя высокія ў большасці купляюць прадпрыемствы і кампаніі. Што датычыцца іншых упрыгажэнняў, дык, напрыклад, агеньчыкі на ёлку бяруць часцей за ўсё ў цэнавым дыяпазоне ад 15 да 40 рублёў, яны адрозніваюцца колерам, формай, даўжынёй шнура, памерам, колькасцю святлодыёдаў, усе яны — з Кітая. Цацкі ў форме быка, статуэткі, скарбонкі — таксама топ продажу. Напрыклад, за керамічную скарбонку «Бычок» аддасце ад 16 да 23 рублёў у залежнасці ад памеру. Навагоднія наборы шарыкаў з шасці штук — ад 6 да 9,4 рубля, па дзевяць штук — ад 7 да 10 рублёў. Дэкаратыўная галінка — 4,5 рубля. Ёсць тавары са зніжкамі. Напрыклад, чатыры шкляныя «цукеркі» абыдуцца ў 4,14 рубля.

Дзед Мароз ці Санта Клаус?

А што прапаноўваюць сталічныя гіпермаркеты? У адным з іх, што ў Серабранцы, навагоднія атрыбуты сабраны побач.

— Бяруць гірлянды, мішуру, цацкі, шары, агеньчыкі, сувеніры, свечкі. Зразумела ж, купляюць цукеркі, шампанскае, мандарыны, — кажа таваразнаўца. — Сёлета амаль увесь асартымент новы. Напрыклад, статуэтка «Шчаўкунок» каштуе без малога 200 рублёў, 15-сантыметровая свечка «Гном» — 8,99 рубля, сувенір «Санта» — 39,98, Дзед Мароз — 69,99, статуэтка быка — 5,89 рубля. Калядны вянок з белымі кончыкамі і шышкамі — за амаль 50 рублёў, з
ягадамі — за 54,99 рубля. «Дожджыкі» можна набыць па кошце ад рубля і вышэй, наборы ёлачных шароў — ад 7 рублёў за тры штукі да 70 рублёў за 94 адзінкі. Свечкі ёсць як за 6 рублёў, так і за 12. Посуд са святочным арнаментам — ад 20 да 34 рублёў. Электрагірлянды на 400 лямпачак — 82,9 рубля, а, напрыклад, на 576 — 127,99, самая танная — амаль 10 рублёў. Штучныя ёлкі каштуюць ад 90 рублёў за метровую да 600 рублёў за двухметровую.

Прадстаўлены і навагоднія касцюмы. «Маскарадны пудзель» для хлопчыкаў дашкольнага ўзросту можна набыць за 39,99 рубля, «Снегавік» для дзяўчынкі — за 18,79. Касцюм Дзеда Мароза абыдзецца ў 179,99 рубля, Снягуркі — у 169,99. Таксама тут шмат салодкіх падарункаў у коштавым дыяпазоне ад трох рублёў і вышэй. Напрыклад, за ледзянцовую карамель «Ялінка на палачцы» аддасце 3,9 рубля, за набор цукерак на 115 грамаў — 4,29, «Навагоднія хлопцы» на 700 грамаў каштуюць 8,99 рубля, «Мішкавы прысмакі» — 11,99, а маленькі набор «Монстрык» на 380 грамаў — 7,99 рубля. Усё абазначанае — беларускіх вытворцаў.

— Мне больш падабаецца знаёмы з дзяцінства Дзед Мароз, а не Санта Клаус, — падзялілася наведвальніца крамы Таццяна. — Угаварыла мужа купіць менавіта яго. Акуляры, бародка, кій, валёнкі знаёмыя нашаму пакаленню, хоць ён нават даражэйшы, чым замежны. Шкада, што тыя ўпрыгажэнні на ёлку, якія былі ў дзяцінстве, цяпер амаль не сустрэнеш. Кожнае — як твор мастацтва, а зараз быццам без душы. Не хапае эксклюзіўнасці. Гатова пераплаціць, але каб было не так, як ва ўсіх.

Іглічны пах і перадсвяточны настрой

На адным з вядомых сталічных рынкаў з самай раніцы ўсё кіпіць: прадаўцы развешваюць тавар, узнімаюць адно аднаму настрой, разглядваюць упрыгажэнні, якія прывезлі іншыя калегі. «Дожджыкі» і мішуру тут прадаюць па 2—5 рублёў за штуку, вялікія зоркі і сняжынкі, што свецяцца, — па 55—80 рублёў, магніцікі і статуэткі з быком — па 2—5 рублёў, хлапушкі будуць каштаваць столькі ж, бенгальскія агні — 1,5—3, агеньчыкі — ад 6 да 20 рублёў. Цацкі ў выглядзе Дзеда Мароза — ад 50 рублёў.

— Колькі ў цябе каштуе гэты чароўны шар? — цікавіцца адзін прадавец у іншага, уважліва разглядаючы яго ў руках, паварочваючы то ўправа, то ўлева, каб атрымліваўся прыгожы «снегапад».

— 120 рублёў, толькі сёння прывёз, — адказвае ўладальнік. — Зараз якраз пішу на таблічцы «не чапаць рукамі» (усміхаецца), вы ўжо парушылі гэта правіла.

Прадавец Пётр расказаў, што зараз актыўна купляюць усё тое, што танней.

— Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца папяровыя календары, ды і пластыкавыя бяруць, а таксама тавары, звязаныя з навагодняй сімволікай. Заўсёды імкнуся прывозіць штосьці эксклюзіўнае. Сёлета гэта шары са снегам, якія свецяцца, — па 100 і 120 рублёў. Большасць прадукцыі з Кітая, але ёсць і з Расіі. За якасць адказваю з упэўненасцю, бо працую не першы год. Невялічкія штучныя елкі набываюць з ахвотай, асабліва белага колеру. Вось гэтая, напрыклад, каштуе 50 рублёў (паказвае на пухнатую прыгажуню). Мішуру бяруць розную: ружовага, зялёнага, чырвонага, сіняга колераў. Пра сімвал года — Дзеда Мароза — пытаюцца, але купляюць рэдка, тое ж самае датычыцца іншых вялікіх цацак. Зразумела, больш пакупнікоў прыходзяць у суботу, а калі ў будні, то бліжэй да вечара. Упэўнены, што ўжо праз пару дзён продаж пойдзе нашмат лепш.

Наталля пачала продаж з першага снежня. Адзначае, што многія завітваюць сюды, каб проста ўзняць навагодні настрой. «Гандлюю тут ужо пяць гадоў. Кожны выбірае штосьці зыходзячы з патрэб і магчымасцяў. Заўсёды кажу: з пакупніком важна знаходзіць кантакт, выслухаць, нешта падказаць. Наведвальнікам заўсёды жадаю здароўя і дабра, лічу, што, калі хочаш, каб да цябе нешта прыходзіла, умей аддаваць. Якое б ні было жыццё, трэба глядзець на яго з пазітывам. Таму, калі да мяне падыходзяць нават адзін раз за дзень, ужо вельмі прыемна».

Дар'я ШЛАПАКОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.