Вы тут

«Настаўніцкай газеце» споўнілася 75 год


Адна з прафесій, для якіх немагчыма вылічыць аб'ём работы, колькасць рэальна адпрацаваных гадзін, — настаўнік: ні на хвіліну не спыняе ён сваёй працы. Педагог пастаянна ў працэсе работы, нават калі, здавалася б, фармальна свабодны. У такіх няпростых умовах надзвычай важнае адчуванне адзінства са сваёй прафесійнай супольнасцю, усведамленне агульнай місіі, каштоўнасцяў, традыцый. У гэтым — выключная роля прафесійнай прэсы.


Роўна 75 гадоў побач з выхавальнікамі дзіцячых садкоў, педагогамі сярэдніх і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, прафесарска-выкладчыцкім складам ВНУ краіны «Настаўніцкая газета». Першы нумар яе выйшаў у Мінску 20 снежня 1945-га.

З гэтай нагоды ўчора ў Нацыянальным гістарычным музеі па вуліцы Карла Маркса, 12 у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «Настаўніцкая газета». 75 гадоў з асветнікамі Беларусі». Некалькі месяцаў супрацоўнікі газеты і Нацыянальнага гістарычнага музея працавалі над канцэпцыяй выстаўкі і падборам экспанатаў, каб умясціць насычаную гісторыю выдання ў кампактную экспазіцыю. Тут прадстаўлены рэдкія архіўныя дакументы, фотаздымкі, узнагароды, асабістыя рукапісы першага рэдактара газеты ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны А. С. Крушынскага. Аляксей Сцяпанавіч з канца чэрвеня 1941 года ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі. Вёў падпольную работу ў Оршы. З-за пагрозы арышту быў накіраваны начальнікам разведкі, а потым начальнікам штаба атрада К. Я. Варашылава партызанскай брыгады Канстанціна Заслонава. У кастрычніку 1945 года быў прызначаны рэдактарам толькі што створанай «Настаўніцкай газеты».

Іншыя прадметы выстаўкі ілюструюць цікавыя праекты і кірункі дзейнасці газеты, а таксама нагадаюць наведвальнікам пра прафесіяналізм, адданасць журналістаў «Настаўніцкай газеты» сваёй нялёгкай справе.

Трэба сказаць, што сёння свята не толькі ў «Настаўніцкай газеты»: цяпер гэтае выданне з'яўляецца часткай рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Педагагічная прэса», які выпускае ў свет не толькі «Настаўніцкую газету», але таксама навукова-педагагічны часопіс «Народная асвета», газеты для падлеткаў «Переходный возраст» і «Раніца», газеты для замяшчальных сем'яў і спецыялістаў у галіне сямейнай псіхалогіі адносін «Домой!», часопіса аб беларускім спорце «Спортtіme». Свята — ва ўсіх!

Міністр інфармацыі Ігар Луцкі, вітаючы калектыў рэдакцыі на адкрыцці выстаўкі, адзначыў, што старонкі «Настаўніцкай газеты» — сапраўдны летапіс айчыннай адукацыі, гісторыі станаўлення і развіцця беларускай педагогікі: «Газетныя публікацыі ўсебакова і поўна асвятляюць найважнейшыя падзеі сучаснай асветы і жыцця нашай краіны, праблемы сярэдняй і вышэйшай школы і шляхі іх вырашэння, дасягненні навукоўцаў і творчых студэнтаў — усё гэта, безумоўна, дзякуючы зладжанай рабоце творчага калектыву. Газета адкрыта для шырокай і кампетэнтнай дыскусіі па праблемах маральна-духоўнага і прафесійнага выхаванння і навучання падрастаючага пакалення».

У прывітанні міністра адукацыі Ігара Карпенкі адзначалася асаблівая роля «Настаўніцкай газеты» як трыбуны для абмену педагагічным вопытам. Па словах міністра, «за 75 гадоў на газетных старонках былі адлюстраваны лёсы тысячы айчынных педагогаў, людзей самых розных пакаленняў. Настаўнік — не проста прафесія, гэта лёс, своеасаблівы спосаб жыцця — жыцця на карысць дзяцей і грамадства краіны».

Завіталі на мерапрыемства і творчыя сябры «Настаўніцкай газеты», сярод якіх і дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч, які адзначыў: «Настаўніцкая газета» — унікальны рухавік новых інавацыйных ідэй у грамадстве». А на думку дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Паўла Сапоцькі, 75 гадоў для галоўнага педагагічнага выдання краіны — «не проста ўзрост, а паказчык даверу чытача, адлюстраванне прафесіяналізму рэдактараў і журналістаў газеты, якія з годнасцю трымаюць планку і захоўваюць гісторыю і памнажаюць традыцыі выдання».

«Мы працуем для людзей, — сказаў у сваю чаргу дырэктар — галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Педагагічная прэса» Вадзім Кнышаў. — Таму што і журналістыка, і педагогіка — гэта пра людзей. І ў сённяшняй экспазіцыі яно асабліва падкрэслена. Мы імкнуліся аб'яднаць мінулае і сучаснасць, паказаўшы як гісторыю ўзнікнення газеты і этапы яе дзейнасці на адукацыйнай прасторы Беларусі, так і сучасныя грамадска важныя праекты, якія рэалізуе «Настаўніцкая газета», а таксама выданні Выдавецкага дома. Гэтая выстаўка дазваляе ацаніць уклад газеты ў станаўленне і развіццё педагагічнай супольнасці нашай краіны, убачыць, як на старонках газеты адлюстроўваецца высакародная педагагічная
справа».

Дарэчы, да юбілею супрацоўнікі газеты адшукалі ў архівах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу адзін з першых нумароў свайго выдання (№ 2 за 27 снежня 1945 года) і ў якасці падарунка дзеляцца знойдзеным рарытэтам са сваімі чытачамі. Рэпрынтная копія газеты змешчана ўкладкай у суботнім нумары.

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

Фота Уладзіміра Фалалеева і Алега Ігнатовіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?