Вы тут

Калядная песня


Калядная песня

Пісьменнік ратаваўся ад бессані. Ён выходзіў з дому і крочыў па начных вуліцах проста куды павядуць ногі, бо адчуваў: сёння яму зноў не заснуць. Рэспектабельныя кварталы змяняліся раёнамі для людзей сярэдняга дастатку. Чым бліжэй да ўскраін, тым часцей трапляліся суворыя цагляныя будынкі заводаў ды фабрык. А далей — цёмная прорва. Змрочныя вуліцы хавалі ў сабе небяспеку. Акрамя даведзенага да жабрацтва простага люду тут знаходзілі сабе прытулак аферысты і злодзеі розных гатункаў: махляры, рабаўнікі, забойцы. Страху ў пісьменніка не было. Ён добра ведаў гэты свет, бо сутыкнуўся з ім у дзяцінстве, калі бацька трапіў у даўгавую турму, а яму, дванаццацігадоваму, давялося працаваць на ваксавай фабрыцы. Ён памятаў, як бесклапотнае жыццё разбілася на дробныя аскепкі. Надзея на вяртанне да ўлюбёных кніг і летуценняў, здавалася пахаванаю назаўсёды. Слоікі ваксы, якія цягам бясконцых гадзін трэба было абгортваць паперай, налепліваючы зверху этыкетку, сніліся па начах, і збавення ад іх не было адкуль чакаць...
Яму пашчасціла. Ён вырваўся з замкнёнага кола, папрацаваўшы толькі некалькі месяцаў. І, як ні кажы, ён быў хлапчук, і яму было цэлых дванаццаць. А на фабрыках жа працавалі і сямігадовыя дзяўчынкі. Як склаўся іх лёс? А як ён мог скласціся? Лёс амаль ва ўсіх іх быў адзін — хваробы, галеча і безвыходнасць. І змагацца з гэтай безвыходнасцю немагчыма: парламент прыняў ажно шэсць законаў дзеля «затыкання ратоў», якія нішчылі свабоду друку, цалкам забаранялі мітынгі. Нават пасля скасавання такіх законаў колькі спатрэбіцца часу і намаганняў, каб штосьці тут пачало змяняцца да лепшага?
Галеча спараджае злачыннасць. Але што спараджае галечу? Чэрст васць ды эгаізм. Безупынная хцівасць. Абыякавасць да чалавечай бяды і кпіны з яе. Хіба тое — не злачынствы? Тут, у смуродных трушчобах, вялі рэй жывёльныя інстынкты і грубая сіла. Але па-д’ябальску цынічных і акрутных злодзеяў, якіх можна было б назваць агульным імем, у гэтай цемрадзі не было. Ні ірадаў, ні герастратаў. Абсалютнае зло гнездавалася не ў трушчобах.
Каб стаць герастратам, трэба, прынамсі, задумвацца пра нейкую ўсясветную славу. Насельнікам цёмных завулкаў папросту не да гэтага. Ён ведаў на ўласным досведзе: цяжкая манатонная праца забівае думкі. Дый ці паліў насамрэч той Герастрат храм Артэміды? Можа, падпал учынілі самі жрацы, каб схаваць грашовую нястачу, а потым проста «павесілі» яго на няшчаснага эфесца?
З ірадамі ўсё відавочна. Яны жывуць у палацах, аточаныя хеўрай прыслужнікаў. Постаці жорсткіх самаўладцаў, гатовых на ўсё, аж да забойства ўсіх немаўлят у краіне, не могуць выклікаць нічога, акрамя жаху ды гневу. Але ў гаротным становішчы жыхароў трушчоб вінаватыя не толькі бессардэчныя ўладары. Імя вінаватым — легіён. І ён мусіць напісаць пра іх.
Ён напіша пра тых, хто дзеля нажывы гатовы забраць у чалавека апошні шэлег і астатнюю радасць. Але як жа іх назваць... Мусіць быць нейкае асаблівае найменне для іх усіх... Як герастраты... Як ірады... Яны абвінаюць, абкручваюць ахвяру вэксалямі, даўгавымі распіскамі і выціскаюць з яе ўсе сродкі да існавання. Выціскаюць... Ціснуць... Scrouge... Скрудж... Вось яно — прозвішча для галоўнага героя.


Чарльз Дыкенс задумаў сваю «Калядную песню ў прозе» падчас шматгадзіннай хады па начным Лондане. Пазней аўтар прыгадваў, што той бясконцай кастрычніцкай ноччу плакаў і смяяўся разам са сваімі героямі... Гісторыя пра бяздушнага камерсанта-ліхвяра Эбенезера Скруджа напісалася хутка. Ужо праз два месяцы яна выйшла ў свет, каб разысціся вялікімі накладамі па абодва бакі Атлантыкі і стаць адным з найпапулярнейшых твораў пісьменніка. «Калядная песня» ішла на тэатральных сцэнах; увішныя літаратары пісалі яе працяг, уяўляючы далейшы лёс галоўнага героя. Паводле яе зняты не адзін фільм, у тым ліку анімацыйны. Імя Скрудж сапраўды стала агульным для хцівых дзялкоў-срэбралюбцаў, да таго бессардэчных, што нават простая чалавечая ўсмешка ім ненавісная. На гэтае імя з’явіліся шматлікія алюзіі. Многія з нас памятаюць з дзяцінства каларытнага дыснэеўскага качарамільянера Скруджа Макдака, улюбёнай справай якога было даць нырца ў залатыя россыпы свайго банка.
Нягледзячы на велізарны поспех «Каляднай песні», Дыкенс не зарабіў на ёй нічога. Відавочна, гэта быў свядомы крок аўтара: ён папрасіў выдаўцоў выпусціць кнігу ў дарагім святочным афармленні, але прадаваць усяго за пяць шылінгаў. Калі згадаць, што мізэрны заробак Боба Крэтчыта — адзінага клерка ў канторы Эбенізера Скруджа — складаў пятнаццаць шылінгаў за тыдзень, становіцца зразумелым, наколькі танна прадавалася шыкоўнае першае выданне «Песні».
Дыкенс не перапісваў аповесць начыста перад тым, як перадаць яе ў друк. Напісанае пайшло да выдаўцоў з усімі аўтарскімі праўкамі, устаўкамі ды закрэсліваннямі. Пасля выхаду кніжкі ў свет і вяртання рукапісу пісьменнік адаслаў яго пераплётчыку, каб падараваць на памяць блізкаму сябру Томасу Мітану. Майстар апрануў рукапісныя аркушы ў цёмна-чырвоны саф’янавы пераплёт, выціснуўшы на ім імя Thomas Mitton Esquire. Пройдзе некалькі дзесяцігоддзяў, і рарытэт апынецца ў калекцыі вядомага нью-ёркскага мільянера-мецэната Джона Пірпанта Моргана, стаўшы з цягам часу адной з цікавостак заснаванай ім навуковай бібліятэкі.
Сёння на сайце Морганаўскага музея-бібліятэкі рукапіс «Каляднай песні» прэзентуецца ў бездакорнай лічбавай версіі. Якасныя факсіміле дазваляюць цікаўнаму наведніку не толькі расчытаць почырк Дыкенса, але і як бы перанесціся ў творчую прастору пісьменніка, прасачыць за бегам яго пяра, ходам думак. Прыемнай нечаканасцю з’яўляецца мажлівасць не толькі праглядаць і капіраваць сабе на прыладу рукапісныя аркушы ў максімальным павелічэнні, але і праслухоўваць аўдыёзапіс тэксту кожнай старонкі.
Многія крытыкі лічаць творчасць Дыкенса наіўнай. Папракаюць яго ў прадказальнасці сюжэта, схематызме характараў, адсутнасці глыбіні. У нейкай ступені гэтыя папрокі абгрунтаваныя. Але разам з тым творы Дыкенса былі зразумелыя ўсім: ад універсітэцкага выкладчыка да рабочага докаў, кранаючы кожнае сэрца і захінаючы ад злых, неспрыяльных вятроў парасткі чалавечнасці. Немажліва не пагадзіцца з Іосіфам Бродскім, які ў сваёй нобелеўскай лекцыі адзначыў, што чалавеку, які начытаўся Дыкенса, значна складаней стрэліць у сабе падобнага ў імя якой бы там ні было ідэі, чым таму, хто Дыкенса не чытаў.
Расійскі часопіс «Отечественные записки» ў свой час жорстка раскрытыкаваў «Калядную песню», назваўшы яе амаральнай. Маўляў, галоўны герой мяняецца да лепшага не дзякуючы ўласным думкам і перажыванням, а толькі з-за ўмяшання духаў. Аднак цяжка ўявіць, якія думкі і перажыванні мусяць напаткаць абсалютнага зладзея, каб ён раскаяўся. Што павінна стацца з сябелюбным і цынічным вандалам-герастратам, каб ён пашкадаваў пра знішчаную святыню? Што мусіць здарыцца з крывавым і падступным ірадам, каб ён адмовіўся ад улады? Што можа перавыхаваць закончанага злоснага і жорсткага хціўцу, каб ён раптам стаў спачуваць і дапамагаць абяздоленым ды нямоглым? Па-сапраўднаму каменнае сэрца так каменным і застанецца. І Дыкенс тое, відавочна, разумеў. Расчуліць і перавыхаваць абсалютнага нягодніка можа толькі цуд. Штосьці звышнатуральнае. Вось толькі цудаў гэткіх у нашым свеце, напэўна, не бывае.
Хіба што на Каляды.
 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.