Вы тут

У 2021-м чакаецца 150 новых электразаправак у Мінску і абласцях


Задачы па фарміраванні сеткі Malanka у гэтым годзе выкананы, а ў 2021-м чакаецца 150 новых электразаправак у Мінску і абласцях, пачнецца будаўніцтва вельмі хуткіх ЭЗС. Днямі прадстаўнікі «Беларуснафты» падвялі вынікі і расказалі пра планы на будучыню, якія датычацца развіцця зараднай інфраструктуры для электрааўтамабіляў у краіне.


Было 400,  а стала 1600

Гэты год быў цяжкі. Барацьба з COVІD-19 істотна паўплывала на сусветны рынак, перазагрузка прамысловага сектара ўнесла карэктывы ў жыцці многіх людзей, але... Негатыўныя тэндэнцыі на транспартным рынку аказалі мінімальны ўплыў на электрамабілі. Менавіта сёлета ў Еўропе колькасць продажаў электракараў за апошнія 2—3 месяцы перавышае дызельны транспарт.

У выніку новых тэндэнцый Вялікабрытанія ссунула дату адмовы ад продажаў транспарту з рухавіком унутранага згарання на 2030 год. Кітай абмяркоўвае аналагічнае рашэнне тэрмінам да 2035 года. 

Намеснік дырэктара ВА «Беларуснафта» Андрэй Коцік лічыць, што наша краіна не застаецца ў баку ад глабальнага трэнду. Раней у нас быў прыняты ўказ, які стымулюе развіццё электратранспарту. На дарогах сур'ёзна ўзрасла колькасць электрамабіляў. Сёння гэта відаць па колькасці зарадных сесій і электраэнергіі, якая адпускаецца ў электрасеткі Malanka. Таму прагноз у сто тысяч электрамабіляў на нашых дарогах да 2025 года — рэальнасць.

Калі ў чэрвені гэтага года ў краіне было 400 электрамабіляў, то пасля адмены мытнай пошліны і ПДВ іх стала больш за 1600. Спецыялісты «Беларуснафты» прагназуюць, што да 1 студзеня 2021 года колькасць электрамабіляў у краіне складзе каля 2000 адзінак. Разам з тым больш стане і электразарадных станцый.

Амаль як з бензінам, толькі ў разы танней

Такім чынам, вырашана. У наступным годзе сетка ЭЗС Malanka павялічыцца да 600 электразаправак. Прычым з'явяцца станцыі не толькі ў сталіцы і на галоўных магістралях краіны, але і ва ўсіх абласцях Беларусі. Усяго ў рэгіёнах установяць каля 80 новых станцый хуткага тыпу.

Патанненне электрамабіляў, якое будзе працягвацца і ў наступным годзе, павысіць попыт на паслугі зарадкі. Эфектыўнае і камфортнае развіццё сеткі сёння патрабуе інвестыцый. У сувязі з гэтым Андрэй Коцік нагадаў, што ў новым годзе запраўка на ЭЗС Malanka стане платнай.

На дадзеным этапе сетка Malanka знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці, і з 1 студзеня платныя зарадныя сесіі будуць запушчаны. Пры гэтым узровень тарыфаў будзе заставацца самым нізкім у Еўропе: 39 капеек за кВт/г на хуткай зараднай станцыі і 29 капеек — на павольнай. Гэты неабходны мінімум, які дазволіць забяспечыць развіццё сеткі і зручную цану для ўладальніка электракара. Зараджаць электракар будзе ў два разы танней, чым запраўляць аўтамабіль звычайным палівам.

Malanka — не манапаліст на рынку. Развіццё сеткі электразаправак пойдзе на карысць як кіроўцам, так і прадпрымальнікам, таму што простыя павольныя запраўкі могуць стаць дадатковай крыніцай іх даходаў, удакладніў намеснік дырэктара ВА «Беларуснафта».

Аўтобусы адыходзяць на задні план У апошні час на розных узроўнях абмяркоўваецца перспектыва замены аўтобуснага парку на электрычны, у сувязі з чым Malanka будзе развіваць зарадную сетку таксама для грамадскага электратранспарту. Гэта будуць зарадныя станцыі магутнасцю да 350 кВт, якія аснашчаны дадатковым абсталяваннем для зарадкі менавіта электробусаў.

Акрамя гэтага, Malanka сумесна з ПРААН і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацавала канцэпцыю праекта па прасоўванні электрамабіляў у Беларусі. У яго рамках плануецца ўстанавіць дзве першыя суперхуткія станцыі магутнасцю да 350 кВт.

«Электракары з кожным годам ўдасканальваюцца, ёмістасць акумулятараў павялічваецца. Калі яшчэ два гады таму здавалася, што ёмістасць у 40 кВт/г — гэта шмат, то сёння па беларускіх дарогах ездзяць электракары з батарэямі магутнасцю 60, 75, а то і 85 кВт/г. Упершыню ў 2020 годзе беларускія кіроўцы сярод эканамічных і больш магутных электракараў выбралі тыя, якія здольныя на адной зарадцы праязджаць 300—400 кіламетраў.

Паводле нашых прагнозаў, масавы сегмент электрамабіляў будзе здольны прымаць такі зарад праз 2—4 гады. Адпаведна, наша задача на найбліжэйшую будучыню — забяспечыць магчымасць кіроўцам ажыццяўляць зарадку батарэі электракараў за час, раўназначны таму, які вадзіцелі выдаткоўваюць на звычайную запраўку на АЗС. Да таго ж для многіх вадзіцеляў доўгі працэс зарадкі быў аргументам не на карысць электракара. З увядзеннем суперхуткіх ЭЗС папоўніць зарад батарэі на 300 кіламетраў кіроўцы змогуць усяго за чатыры хвіліны», — расказаў начальнік аддзела эксплуатацыі зараднай інфраструктуры ВА «Беларуснафта» Максім Сусарэнка.

Будаўніцтва станцый плануецца пачаць ужо ў наступным годзе. У Мінску комплекс з дзвюх вельмі хуткіх ЭЗС з'явіцца на вуліцы Убарэвіча. Месца размяшчэння станцый «закрые» як гарадскія, так і транзітныя патокі, акрамя таго, на гэтых «падзарадках» будзе зручна ў перспектыве зараджаць і грузавыя электрамабілі да 10 тон.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: «Заправіць» электракар за чатыры хвіліны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.