Вы тут

Добрая цешча з Палесся


У гэтай гісторыі, пачутай у адным з палескіх гарадоў, як у люстэрку высвечваюцца некаторыя асаблівасці каларытных беларускіх характараў


На Палессі такія слаўныя цешчы, што й не трэба лепшых! Фота - Васіль Кулікоў

Бываючы ў глыбінцы, чаго толькі не пачуеш! Праўда, каб выспела сапраўды даверлівая размова, не варта ездзіць туды наскокам, бягом. На хаду й курачка ж яечка не знясе: прысесці ёй трэба. Ну а паляшук, каб разгаварыцца, спачатку да чалавека прыглядаецца: што ты за птушка? Вось у асяродку блізкіх мне й дарагіх людзей пачуў я павучальны аповед пра добрую цешчу, асобу цалкам рэальную. Якой, на шчасце, у маладосці добры хлопец сустрэўся на жыццёвай дарозе. Дык тыя двое, жывучы ладком, у каханні нарадзілі трох дачок-прыгажунь. Якім, кажуць, яшчэ ў школе хлопцы праходу не давалі: бо працавітыя, разумныя, паслухмяныя, даўгакосыя дзяўчаты раслі ды ўсё прыгажэлі.

І сапраўдных жаніхоў чакаць доўга не прыйшлося, як пара настала. Прыгажуні амаль адна за другой вянчаліся з юнакамі статнымі, прывабнымі. Тры вяселлі па чарзе й згулялі, усё як у прыстойных сем’ях заведзена: спачатку старэйшую замуж выдалі, потым — сярэднюю. За грашавітых ды працавітых, як там кажуць. А малодшая дык трохі вагалася, калі адзін музыка падступіўся да яе з сур’ёзнымі намерамі. Бо ці ж дасць прыбытку ў хату тая музыка? Тут ёсць над чым паразважаць і ў сталым веку — не тое што ў дзявочым. Ды ўрэшце пагадзілася-змірылася малодшая дачка цёткі Анюты “жыць з музыкай”. Так і выпала кожнай доля — як Бог даў. І з’явіліся ў цешчы тры зяці. Малодшага землякі, кажуць, спачатку з паблажлівымі ўсмешкамі ўспрымалі: маўляў, што гэта за зяць, калі няма з яго чаго ўзяць?

А ўсе тры зяці з маладымі жонкамі, так сталася, пачалі жыць на першым часе “ ў прымах”: у вялікай хаце, з цешчаю ды цесцем поруч. А што: яна разумная, а ён гаспадарлівы. І месца ўсім хапала, і спрэчак у хаце не было. Ды ўсё ж Анюта, як тое часам бывае, задумала глыбей зазірнуць у душы зяцёў. Магчыма, каб, разгледзеўшы характары, мудрэй выбудоўваць надалей жыццёвую стратэгію, ды загадзя саломкі падсцілаць там, дзе можна незнарок і ўпасці.

Першае выпрабаванне трымаў старэйшы зяць, які з ранку да поцемкаў працаваў на будоўлі. Неяк падыходзіць ён стомлены да парога хаты і марыць, пэўна ж, крышку адпачыць. Ды толькі ён за клямку дзвярэй, а яны самі адчыняюцца, на парозе — любімая цешча з пустым вядром. Ласкава да яго: “Зяцёчак дарагі, прынясі вады!” Хоць калодзеж і зусім блізка… Што ж, сабраў сілы зяць ды пайшоў ваду браць. Кажуць, што чуць ля ганка й не зваліўся з поўным вядром: ці то ад цешчынай нечаканкі, ці то й сапраўды сілы пакідалі. Цешча ваду ўзяла ды з жартам-усмешкай падзякавала. І на другі дзень тая ж просьба паўтарылася. І на трэці сустракае зяця з пустым вядром на парозе. Дык той вядро ўхапіў — і як дасць нагою па ім! Так адфутболіў, што паляцела далёка й пагнулася. Аніхто пры тым ні слова не сказаў — але ж адзін аднаго, відаць, добра зразумелі.

Прыйшла чарга “трымаць іспыт” на цярплівасць і сярэдняму зяцю. Ён толькі да дзвярэй — цешча да яго з вядром і просьбай. Той спакойна вады прынёс, яшчэ й “калі ласка” цешчы сказаў. Тая здзівілася — і… спыніла далейшае выпрабаванне. Відаць, старэйшы зяць вельмі красамоўна даў ёй зразумець, чым такія “гульні” могуць закончыцца. І, скажу я вам з вышыні маіх амаль 80‑ці: гэта ж вялікае шчасце — мець такую мудрую цешчу, якая вельмі хутка — і без слоў! — зяця разумее.

Але ж і ў душу малодшага зяця хочацца цешчы зазірнуць! Вось ідзе ён — вясёлы ды шчаслівы, можна сказаць, з музыкай у душы: бо ён жа музыка ў мясцовым Палацы культуры. Адыграў канцэрт — хоць і нялёгкі ён быў, але ўдалы. Толькі адчыніў хвортку ў двор — цешча ўподбежкі да яго з вядром: “Ой, мой шаноўны зяцёк, вадзічкі, калі ласка, прынясі!”. Той прынёс ды задумаўся: чаго б гэта раптам? І хутка зразумеў, што цешча, відаць, характар ягоны выведвае. Таму й вырашыў зрабіць “ход у адказ”. Купіў неабходнае начынне і, пакуль не было гаспадыні дома, зманціраваў помпу з шлангамі, рэзервуарам. Сама ідзе вада ў хату — толькі кранік пакруці. Ды нікому нічога пра свой “вадаправод” не сказаў.

Зноў зяць малодшы на парог — і тут як тут цешча з вядром. Ён усміхнуўся, паставіў вядро й кажа цвёрда: “Не, не пайду…” Вытрымаў паўзу невялічкую, хітравата ўсміхаючыся. Цешча ў разгубленасці й рот адкрыць не паспела, як зяць падвёў як да краніка: “Даражэнькая, вось толькі кры-ышачку кранік паварочваем сюды — і бяры колькі хоч вады!”. Анюта глянула зяцю ў вочы здзіўлена, крутанула той кранік — і вада ў вядро пабегла. Рассмяялася: ну, кажа, хоць ты й самы малады, але ж які разумны!

Вось як выведваюць патаемныя рысы характару ў сваіх зяцёў добрыя палескія цешчы! Каб жыць надалей усяму роду ў ладзе ды згодзе, іншых паважаць ды сябе ў крыўду не даваць. Аніхто пра цётку Анюту, яе вялікі ўжо род у гарадку кепскага слова не скажа. Усе ўжо яе зяці з дочкамі маюць уласныя хаты, самі сталі добрымі гаспадарамі. Але па-ранейшаму з ахвотай збіраюцца ў святы, а то і ў буднія дні, у хаце дарагой, разумнай, ветлівай маці, цешчы, сябра, дарадцы. А яна, хоць і радая заўжды ўнукам, ды, я чуў, ім таксама прыдумвае ўсялякія хітрыя выпрабаванні. Пэўна, стратэгія ў мудрай паляшучкі такая: лепш разведаць, ведаць і хадзіць-не блудзіць, чым у поцемках сабе потым нос разбіць.

Мікола Котаў, фалькларыст

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».