Вы тут

Якія змены рыхтуюцца ў Законе «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь»?


Кавярня адкрылася, а потым зарэгістравалася. І як яна будзе працаваць — вызначыць сам уладальнік. Якія змены рыхтуюцца ў Законе «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь»?


Вядома, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ужо разгледзелі гэты законапраект у двух чытаннях, зараз чарга ўхвалення членамі Савета Рэспублікі. На заключнай сёлетняй сесіі заканадаўчыя навацыі прэзентаваў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір КАЛТОВІЧ. Ён растлумачыў, што мэта законапраекта — удасканальванне нормаў існуючага закона з улікам практыкі яго выкарыстання, а таксама спрашчэнне патрабаванняў да вядзення бізнесу ў сферах гандлю і грамадскага харчавання, у тым ліку за кошт узмацнення механізмаў самарэгулявання суб'ектаў гаспадарання, мінімізацыі ўмяшальніцтва службовых асоб дзяржорганаў у іх работу, з захаваннем пры гэтым мінімальнага ўзроўню кантролю з боку дзяржавы.

У прыватнасці, прапануецца перайсці на заяўляльны прынцып адкрыцця гандлёвых аб'ектаў, пунктаў грамадскага харчавання, гандлёвых цэнтраў, рынкаў, ажыццяўлення гандлю ва ўсіх формах. Іншымі словамі, пасля адкрыцця такіх аб'ектаў іх уладальнік будзе накіроўваць паведамленне ў Гандлёвы рэестр толькі праз пяць дзён пасля іх адкрыцця.

Прапануецца і самастойнае вызначэнне суб'ектамі гандлю, грамадскага харчавання, адміністрацыямі гандлёвых аб'ектаў і рынкаў рэжымаў сваёй работы. Выключэнне робіцца толькі для тых, хто плануе працаваць пасля 23:00 і да 7:00. У такім выпадку рэжым неабходна ўзгадніць з адпаведным выканкамам па месцы знаходжання аб'екта.

Навацыяй з'яўляецца і прапанова самастойнага разліку суб'ектамі, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль харчовымі таварамі ў гандлёвай сетцы ці буйной краме, іх долі ў аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

Праектам закона адмяняюцца некаторыя патрабаванні, якія дзейнічаюць зараз. Напрыклад, аб'екты грамадскага харчавання могуць стварацца без падзелу на тыпы і класы і не мець асартыментныя пералікі прадукцыі. Суб'ектам гандлю не трэба будзе даваць звесткі аб рознічным і аптовым тавараабароце ў Гандлёвы рэестр.

Адмяняецца таксама адміністрацыйная працэдура ўзгаднення правядзення кірмашоў з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама аблвыканкамамі. Выключаны патрабаванні да стварэння фірменных крам і фірменных секцый.

Са свайго боку старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ расказаў калегам, што падчас работы над законапраектам профільнай камісіі былі прапановы па дадатковым рэгуляванні інтэрнэт-гандлю. У прыватнасці, прапанавана ўстанавіць нормы, якія прадугледжваюць неабходнасць размяшчаць на сайце інтэрнэт-крам інфармацыю аб юрыдычным адрасе асобы, якой належыць гэтая інтэрнэт-крама, нумары кантактных тэлефонаў службовых асоб, што маюць права прымаць рашэнні па зваротах спажыўцоў згодна з адпаведным заканадаўствам, а таксама інфармацыю аб правах спажыўцоў і абавязках інтэрнэт-крам.

— Дадзеныя прапановы былі падтрыманы зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і пасля прыняцця законапраекта будуць уключаны ў Правілы продажу тавараў пры ажыццяўленні рознічнага гандлю на ўзор, зацверджаных урадам, — адзначыў ён.

Старшыня профільнай камісіі падкрэсліў, што прыняцце закона будзе садзейнічаць сістэмнаму і ўзгодненаму прававому рэгуляванню ў сферы гандлю і грамадскага харчавання. Сенараты цалкам з ім пагадзіліся.

Вольга АНУФРЫЕВА

Прэв’ю: alterainvest.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.