Вы тут

Сенатары падвялі вынікі работы за 2020


Падвялі вынікі работы за 2020 год члены Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. У час яе пашыранага пасяджэння, якое адбылося ў канцы мінулага тыдня, абмеркаванне бягучых пытанняў сумясцілі з навучаннем памочнікаў сенатараў.


Старшыня Пастаяннай камісіі Віктар Лісковіч растлумачыў гэта рашэнне жаданнем і неабходнасцю павысіць ролю памочнікаў у ажыццяўленні функцый сенатараў на месцах. У ходзе работы камісіі быў зацверджаны план работы на наступны год. Калі сёлета падрыхтаваны і рэкамендаваны да разгляду Саветам Рэспублікі пяць законапраектаў, то ў 2021 годзе іх запланавана ўжо пятнаццаць. Відавочна, што сенатараў чакае напружаная заканатворчая праца, эфектыўнасць якой у немалой ступені будзе залежаць ад прафесійнай падрыхтоўкі, кемлівасці, аператыўнасці памочнікаў, а таксама іх работы са зваротамі грамадзян, здольнасці наладзіць кантакты з працоўнымі калектывамі, мясцовымі ўладамі, паведаміў старшыня профільнай камісіі.

Памочнікам была дадзена магчымасць убачыць працэс разгляду і непасрэдна адчуць атмасферу працэдуры разгляду законапраектаў сенатарамі. З гэтай мэтай да ўдзелу ў пасяджэнні быў запрошаны старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін. Ён выказаў сваё меркаванне і абазначыў падыходы калег-навукоўцаў у сувязі з неабходнасцю ўнясення змяненняў і карэкціроўкі законаў аб навуковай, навукова-тэхнічнай дзейнасці, адказаў на заўвагі і пытанні прысутных.

Сярод важных законапраектаў, якія будуць разгледжаны ў хуткім часе, напрыклад закон «Аб турызме». Для краіны і яе грамадзян апошні — важная сфера дзейнасці, у ёй напрамую ці ўскосна занятыя многія тысячы грамадзян Беларусі. Асаблівая ўвага сенатарамі будзе аддадзена выпрацоўцы мер па актыўным развіцці ўязнога турызму з мэтай шырокага прыцягнення на адпачынак, стымулявання ўдзелу ў экскурсіях па знакамітых мясцінах Беларусі замежнікаў з розных краін свету і тым самым папаўнення валютных запасаў краіны. З гэтай нагоды ў Пастаяннай камісіі плануюць правесці грунтоўнае тэматычнае пасяджэнне па турыстычнай праблематыцы, каб абмеркаваць усе аспекты будучага законапраекта.

У полі зроку сенатараў будзе і актуалізацыя шэрагу законаў, прыняцце сацыяльна арыентаваных законапраектаў, якія датычацца далейшага паляпшэння аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву, клопату аб інвалідах і састарэлых, ветэранах, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, павышэння працоўных пенсій.

Зразумела, на працягу года члены Пастаяннай камісіі актыўна працавалі з грамадзянамі: праводзілі асабістыя прыёмы наведвальнікаў як у Савеце Рэспублікі, так і ў рэгіёнах, ладзілі прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы і дыскусіі ў працоўных калектывах, актыўна супрацоўнічалі з цэнтральнымі і мясцовымі электроннымі і друкаванымі сродкамі масавай інфармацыі, стварылі акаўнт-камісіі ў сацыяльнай сетцы Іnstagram.

Леанід ТУГАРЫН

Прэв’ю: slova.by

Загаловак у газеце: У новым пашыраным фармаце

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.