Вы тут

Вялікая паэзія і маленькі нюанс. Разбор кнігі Дзмітрыя Строцава «Большие стихи и маленькие поэмы»


Падчас напісання большасці сваіх рэцэнзій нярэдка даводзіцца адчуваць велізарную спакусу падысці да разбору з клішаванай дыхатаміяй у заплечніку. Іншымі словамі, усё, што адкрываецца погляду, так і цягне, незалежна ад роду мастацтваў, раскідаць па двух пакойчыках: формы і зместу. Такія кіданні адбываюцца па прычыне чакання сутыкнення з выверанымі і комплекснымі арт-канструкцыямі, узаемадзеянне з якімі папросту немагчыма ў іншых формах, акрамя метадычнага адслойвання касцяной структуры ад мышачнай.


Любы іншы падыход у выпадку з такімі гіпераб’ектамі пагражае крытычнаму разбору зваротам у піцу, але не са звыклай трохкутна-сектарнай нарэзкай, а з надрэзамі ў выглядзе адвольных фігур і ў выпадкова выбраных месцах. Вядома, кавалак, выразаны з самага цэнтра, проста абавязаны аказацца самым смачным, але кантэкст піцы (гэта значыць, яе борцік) пры гэтым непазбежна знікне. Дарэчы, у інтэрнэт-крытыцы такі вось канцэнтраваны баль духу — цалкам распаўсюджаная з’ява: вольны фармат, не прывязаны да колькасці знакаў, дазваляе пладзіць сярод чытачоў сапраўдных атлантаў, якія, як праграмісты, могуць дазволіць сабе пакінуць на талерцы ад піцы гэтыя самыя борцікі (а часам і цэлыя кавалкі).

І як жа сумна па выніку адмаўляцца ад свайго абстрактнага формазмястоўнага падыходу-прадчування, калі аб’ект крытыкі аказваецца на некалькі парадкаў больш прымітыўным. Лоевыя пасноты неандэртальскага сінкрэтызму — вось тая рэальнасць, з якой неахвотна звыкаешся, калі існуеш у полі ўзаемаперасякальных сінепілюльных матрыц. І, паверце, з такога жыцця атрымліваецца той яшчэ самасны кіберпанк: чырвонапілюльны хайтэк свядомасці супраць пасінелага, якому пагражае распад на знакі-сімулякры, літаратурнага быцця. Той, каму давядзецца затрымацца ў цяперашнім культурным полі Беларусі на птушыных правах, будзе проста-такі вымушаны засцерагчы свае тонкія эстэтычныя мікрасхемы некалькімі пластамі ахоўнага двухдумства і двухсвецця. Практыка рамантызму гэтыя хады ўжо даўным-даўно адпрацавала (цікава, а ці быў у гэтай плыні і  сугучны з нашай культурнай сітуацыяй псіхалагічны падтэкст?..), а значыць, здаецца, баяцца няма чаго. Самае галоўнае — пазначыць межы і казаць, казаць, казаць.

І тэзіс, які хочацца прагаварыць неадкладна, гучыць наступным чынам: рускамоўная вербальная культура як з’ява грамадская, а не індывідуальная, сёння не працуе. Пачынаючы з прытулку гэтага самага тэксту (і арт-перыёдыкі ў агульным) і заканчваючы суб’ектамі маіх далейшых слоў, паэтычнымі тэкстамі, — усё прасякнута беларускай мовай, што, вядома ж, мае пад сабой даволі доўгую гісторыю, закопвацца ў якую на дадзены момант не мае сэнсу. А сэнс мае толькі адзін факт: рускамоўнай паэзіі (і пляцовак для яе прэзентацыі) у Беларусі бязбожна мала. Гаворка, зразумела, пра тое, што здабыла нейкую сацыяльную вагу, бо падполле нязменна кішыць невядомымі талентамі, якім няма куды сябе выплюхнуць. Але нават нягледзячы на гэтую гістарычную несправядлівасць, часы вялікага савецкага кацялка, які булькоча сам з сабою, усё ж паспелі разліць у талерку беларускай моўнай поліўкі моцнага паэтычнага рускамоўнага варыва. Пра адзін з такіх рэдкіх феноменаў і пойдзе зараз гаворка.

Колькі сябе памятаю, на літаратурных мерапрыемствах сярод шэрага як высакародна пабранзавелых, так і шапатліва-зеленаватых выступоўцаў раз за разам даводзілася назіраць адну і тую ж ільвінагрывую рускамоўную постаць, чыя дэкламацыя нагадвала загадкавую вакальна-рытмічную гульню на музычным інструменце свайго голасу. Гэтым паэтам быў Альбер... у сэнсе, Дзмітрый Строцаў. Аўтар унікальны для нашых краёў тым, што яго тэксты не трапляюць пад модныя для сучаснасці заходнееўрапейскія каноны верша, бо, па вялікім рахунку, усе дэталі, на якія можна раскласці гэтыя вершы, лёгка адгадваюцца ў рускім авангардзе ХХ стагоддзя і асобных яго персаналіях (і нават у адной персаналіі беларускай нетрадыцыйнай паэзіі). У цэлым можна нават выказаць крамольную думку і паспрабаваць аднесці Строцава хутчэй да рускага паэтычнага пантэона, чым да беларускага. Але ўсяго адной просценькай метафарай можна з лёгкасцю патлумачыць каардынаты культурна-геаграфічнага дома паэта: Дзмітрый Строцаў  — гэта Гары Потэр, які абраў свой Грыфіндор.

А падставай для ініцыяцыі гэтай размовы паслужыла выдадзеная летась пад эгідай «Мінскай школы» кніга «Большие стихи и маленькие поэмы». Хітрасць яе ў тым, што там няма ніводнага новага тэксту: гэта канцэптуальна складзеная падборка з тэкстаў апошніх 30 гадоў, якія, калі не раздувацца лішнімі эпітэтамі, служаць мэце прадставіць паэта як майстра вершаванага эпасу. Многія могуць ведаць Строцава як паэта-мінімаліста і афарыста, але бывала і так, што аўтар браўся за буйныя формы. У  адным са сваіх выступленняў, падчас прэзентацыі гэтай кнігі, паэт тлумачыў паходжанне вялікіх вершаў, паэм і цыклаў патрэбай у падсумаванні пэўнага творчага перыяду. Такім чынам, можна вывесці, што на кожны перыяд малых і сярэдніх па памеры вершаў прыпадае ўсяго-нічога буйных. Па прычыне такога разрэджанага размеркавання кніга дае магчымасць сакумуліравацца эпічнай лініі аўтара ў агульны непарыўны кантэкст і гэтым самым дае нагоду не столькі для аналізу агульнага творчага метаду асобных тэкстаў, колькі для засяроджвання на іх цэласным прадстаўленні.

Адна з найбольш яркіх асацыяцый, якая запускае перад адукаваным чытачом працэс разгортвання паэтычнага генеалагічнага дрэва, гэта, несумненна, уплыў самага паслядоўнага рускага футурыста Веліміра Хлебнікава. Уплыў прасочваецца адразу на двух узроўнях: кантэкстуальна-вобразным і метамоўным. У вершах шмат прыроды, жывой і нежывой, але нясе яна пры гэтым не звыклы для рэалістычнага мастацкага метаду «фонавы» або, у  крайнім выпадку, псіхалагічны сэнс, а замест гэтага адсылае да старажытнай першапачатковасці, у  рамках яе, згодна з Бібліяй, яшчэ да з’яўлення чалавека ўжо існаваў сфарміраваны свет. Сюжэты, у якія Строцаў апускае гэтую прыроду, уяўляюцца вялікім святам для ўсяго даі нечалавечага, што таксама з’яўляецца характэрным для футурыстаў матывам. Паралель жа моўная заключаецца ў падобным з Хлебнікавым прынцыпе канструявання сваёй непаўторнай рэальнасці: выпісаныя аўтарам вобразы не пастулююцца як вечная і незалежная ад верша дадзенасць, а, нібы выходзячы з туману, ператвараюцца ў жыццё неадрыўна ад свайго «мацярынскага радка». Аднак у строцаўскага светастварэння ёсць акцэнт, які не дазваляе канструяванню рэальнасці канчаткова прыняць футурыстычныя законы ці, напрыклад, сюррэалістычныя.

У асобных выпадках спецыфіка светастварэння грунтуецца на паэтыцы рускага канцэптуалізму, які, сярод многіх іншых, ставіць перад мовай задачу адчужанага агалення і каментавання навакольнай рэальнасці, пры гэтым далёка не заўсёды адмаўляючы сабе ў задавальненні замацаваць за аўтарам ролю Стваральніка. У выніку перад чытачом паўстае свет не толькі з падкрэсленай штучнасцю, але і са знарочыстым агаленнем сваіх «інструментаў» і «цаглін». «Давай собирать слова и строить дом» — характэрная цытата, якая тым больш дакладная і, як ні парадаксальна, адчужаная, чым больш яўна сфармуляваная. Постмадэрнісцкае ўспрыманне свету, што лунала ў паветры ўсю другую палову ХХ стагоддзя, а  ў  некаторай ступені і зараз, ураўноўвае адну перад адной рэальнасці розных ступеней адчувальнасці. І  гэта робіць тэкставае вымярэнне Дзмітрыя Строцава не менш рэальным, чым навакольная савецкая або беларуская рэальнасць. І гэта адсылае нас у самы пачатак тэксту. У якасці альтэрнатывы рамантычнага двухсвецця (і ўсім наступным мадэрнісцкім практыкам светавынаходніцкай оптыкі) і неандэртальскага сінкрэтызму паэт стварае жывы, са швамі і  кавалкамі нітак, сінтэтычны арганізм, які сваім халодным вываратным антыпафасам ураўнаважвае самавысмеяную і  самадыскрэдытаваную рэчаіснасць. Але пры выкарыстанні такога дэструктыўнага матэрыялу вельмі складана не страціць чалавечае ў бясконцых калідорах ураўнаваных пакояў, а  значыць, не абысціся без збавіцельнай крыніцы святла і цяпла.

Такой крыніцай для Строцава выступае зварот да рэлігіі, а менавіта яе метарэалістычная іпастась у выкананні Вольгі Седаковай і Леаніда Аранзона. Хоць чыста гістарычна метарэалізм быў свайго роду антаганістам канцэптуалізму, на справе ён уяўляе сабой абагульняльную і прымірэнчую практыку. Практыку, якая перакладае дынамізм усялякіх дуальнасцей з трывожнага рэгістра ў рэгістр адзінамомантнай усяіснасці. Асноўнае дзеянне гэтага рэлігійнага элемента ў вершах паэта адбываецца пры зрашчэнні метафізікі і псіхалогіі, пры ўзяцці за абсалют «святасці» як адначасова і маральнай, і эстэтычнай катэгорыі. Аднак святасць хутчэй старазапаветная і славіць юродства, і такое свядомае пастуляванне недасканаласці стварае свайго роду кампраміс паміж мадэрнісцкімі ідэаламі і постмадэрнісцкай крытыкай гэтых ідэалаў.

На старонках сваёй кнігі Дзмітрый Строцаў выступае ў дзвюх узаемадапаўняльных выявах: у ролі бога ўласнай рэлігіі і свайго ж жраца. Гэтак жа і вершы: адначасова і святыя пісанні, і малітвасловы, прыраўноўваюць сябе да свету і тут жа заклікаюць паверыць у метатэкставую метафізічную сутнасць. Аўтар нібы прысутнічае падчас бясконцага Страшнага судзілішча сваёй душы, на якім нікога, акрамя яго, няма і на які ён сам жа сябе і паклікаў. Адбываецца нараджэнне сапраўднага богачалавека, не абцяжаранага парадоксамі хрысціянства, згодна з якімі Ісус — сутнасць адначасова і боскага парадку, і  напаўбоскага. У цэлым, уся жанрава-канцэптуальная авантура са складаннем кнігі раскрываецца якраз у агаленні дэміургічнай сутнасці аўтара, у пазначэнні яе асаблівых рыс. У выпадку са Строцавым гэта роўнавялікая ўвага да таго, ‘што’ ёсць свет і ‘як’ ён ёсць, а таксама актыўны пошук схаваных унутрысусветных сувязей, якія прасвечваюцца ў пунктах скрыжавання рознага роду моўных магістраляў.

***

А пасярод усяго прыўкраснаслоўя — нечаканы вынік: кніга «Большие стихи и маленькие поэмы» не спраўляецца са сваёй задачай. Ніякіх новых сэнсаў вершы ад такой рэкампіляцыі не знаходзяць, і  найбольшую каштоўнасць зборнік уяўляе толькі для патэнцыйных літаратуразнаўцаў і даследчыкаў літаратуры, якім можа аднойчы захацецца разабрацца канкрэтна ў эпічных досведах Строцава. Назва, у  прынцыпе, сваім падзелам вершаў і паэм гэтую неманалітнасць выдатна адлюстроўвае: роўна такім жа міжстаронкавым «і» тэксты дыстанцуюцца адзін ад аднаго і ўнутры кнігі, не звязаныя нічым, акрамя, уласна, аўтарскага голасу. Голасу, безумоўна, моцнага, але ў разрэзе канкрэтнай кнігі раздробненага на асобныя інтанацыі.

 Аліна БЛІМ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.