Вы тут

Як з'явіўся Новы год


У далёкім мінулым жыццё людзей было вельмі цесна звязана з земляробствам. І ў большасці ранніх цывілізацый адлік новага года пачынаўся ад часу збору ўраджаю або пачатку палявых работ. Адсюль такія розныя даты ў гістарычным летазлічэнні.

Згодна з дадзенымі археалагічных раскопак, першыя згадкі пра сумеснае святкаванне надыходу новага года адносяцца да ІІІ ст. да нашай эры — на тэрыторыі старажытнай дзяржавы Месапатамія.

Жыхары яе з асаблівымі маленнямі і надзеямі штогод чакалі пачатку прыбаўлення вады ў рэках Тыгр і Еўфрат, бо з кожнай новай паводкай на рэках яны пачыналі новы земляробчы цыкл. Асірыйцы верылі, што паўнаводнасць рэк сведчыць пра перамогу Мардука — вярхоўнага бажаства Міжрэчча — над смерцю. Затым знамянальная падзея адзначалася 12-дзённымі святкаваннямі. Арганізоўваліся карнавалы, маскарады і ўрачыстыя шэсці. Акрамя таго, у святочныя дні было забаронена працаваць і арганізоўваць любыя судовыя і асабістыя разборкі: усе павінны былі радавацца перамозе святла над злом.

А ў Вавілоне падчас святкаванняў змены года (вясной) цар на некалькі дзён, пакуль простыя людзі аддаваліся святочным гулянням, пакідаў горад. Урачыстае яго вяртанне гаварыла аб пачатку новага года, і на наступны дзень усе прымаліся за працу.

Святкаванне змены года ў Старажытным Егіпце было прымеркавана да сезоннага разліву Ніла (канец верасня). Для жыхароў даліны ракі гэтая падзея была сапраўды галоўнай, паколькі толькі разліў Ніла гарантаваў рост сельскагаспадарчым культурам сярод пустынных участкаў Егіпта. На працягу месяца, ад першага дня навагодняга свята, па Нілы плавала лодка са статуямі егіпецкага бога Амона Ра і яго жонкі. Увесь гэты час у краіне праходзілі бурныя святкаванні, панавалі весялосць і танцы. Па завяршэнні святочнага месяца статуі багоў вярталі назад у храм.

У Галіі (цяпер тэрыторыя Францыі і часткова Англіі) Новы год насіў назву Samhain (ад англ. Summer's end — канец лета) і адзначаўся з пачаткам восені. Павер’е старажытных кельтаў і галаў абвяшчала, што ў новы год усе духі, якія пайшлі да продкаў, на дзень вяртаюцца да жывых, каб сумесна сустрэць новы жыццёвы этап. У галаў таксама існавала традыцыя рабіць жанчынам падарункі ў Новы год, даючы ім дробныя грошы «на шпількі і стужкі». Адсюль пайшла і назва кішэнных грошай — pin money, што перакладаецца як «грошы для шпілек».

  • Вядома, што ў сярэднявечнай Англіі ў 1752 годзе вырашылі ўпарадкаваць каляндар і перанесці святкаванне Новага года з сакавіка на 1 студзеня. Гэтае рашэнне выклікала гучныя пратэсты з боку жанчын: яны абураліся з-за прыбаўлення іх узросту! І ўзрост вырашылі не павялічваць...

Датай святкавання Новага года 1 студзеня мы абавязаны рымскаму імператару Юлію Цэзару: ён зацвердзіў такое летазлічэнне ў 46 годзе да нашай эры. Да прыняцця юліянскага каляндара былі розныя даты: 1 або 25 сакавіка, 1 або 23 верасня, 25 снежня. У некаторых краінах Новы год адзначалі ў адзін дзень з хрысціянскім Вялікаднём. Канчаткова сучасная дата новага года — 1 студзеня — замацавалася на тэрыторыі Еўропы толькі ў XVIII ст.

Калі адзначалі Новы год славяне-язычнікі, дакладна невядома, аднак у большасці факты кажуць, што гэта супадала з заканчэннем зімы. Пасля хрышчэння Русі замацавалася дата 1 сакавіка, затым змянілася на 1 верасня. А ў 1699 годзе цар Пётр I выдаў указ аб святкаванні Новага года ад 1 студзеня. Гэта было зроблена па прыкладзе еўрапейскіх краін. І, сустракаючы 1700 год, Пётр I урачыста з’явіўся ў 12 гадзін ночы сам на галоўнай плошчы сталіцы каля навагодняга феерверка. Перад гэтым усе былі абавязаны ўпрыгожыць свае дамы яловымі галінкамі, а вось надыход новага года радасна сустракаць на вуліцы разам.

Практычна ва ўсіх народных культурах, хоць і ў розны час, з’явіўся казачны персанаж — дух свята. Гэта быў добры дзядуля, які адорваў падарункамі дзяцей. У яго нямала імёнаў: у Францыі яго завуць Тата Ноэль, у Італіі — Баббе Натале, Чэхіі — Мікулаш, у Румыніі — Мош Джарылэ, у Нідэрландах і Бельгіі дзеці чакаюць з'яўлення Сінтэр Клааса. Англійскі міфічны персанаж Father Cristmas, або Санта-Клаўс, палюбіўся далёка за межамі яго радзімы. А мы ўсе з дзяцінства знаёмыя з чырвонашчокім Дзедам Марозам.

Легенд, звязаных са з'яўленнем добрага дзядулі, у свеце вядома не менш, чым варыянтаў яго імя. У некаторых краінах лічыцца, што продкі яго — гномы, у іншых кажуць пра добрага вандроўніка, прадаўца цацак. Гістарычны прататып персанажа — архіепіскап Мікалай, які жыў у IV ст. у турэцкай Лікіі. Аднойчы гэты святар выратаваў ад ганьбы трох дачок набожнага бедняка, таемна падкінуўшы кожнай з іх напярэдадні сватання спадчынныя грошы. У памяць аб подзвігу дабрыні, калі стала вядомая гэта гісторыя, у дзень памяці Святога Міколы дзецям пачалі дарыць падарункі. Змены ў календарах перанеслі «дзень падарункаў» спачатку на Каляды, а пазней і на Новы Год.

Ці ведаеце вы…

• У Індыі ў розных правінцыях існуе свой час для святкавання Новага года, у выніку жыхары Індыі сустракаюць Новы год 8 разоў :))

• На адным з астравоў Мікранэзіі пасля 31 снежня, сустрэўшы Новы год, раніцай усе жыхары прачынаюцца з новымі імёнамі. Іх яны таемным чынам паведамляюць адно аднаму. На думку астраўлянінаў, гэта дапамагае ім у барацьбе са злымі духамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?