Вы тут

Выйшла з друку кніга-альбом «Мінск: з руін да росквіту»


Праспект Незалежасці, плошча Перамогі, Камароўка, Няміга... Гледзячы на сучасны Мінск, цяжка ўявіць, што пасля Вялікай Айчыннай вайны горад стаяў у руінах. Яшчэ больш складана ўявіць, колькі намаганняў было прыкладзена, каб яго аднавіць. Аднак менавіта фотамастацтва дазваляе дакрануцца да мінулага. Час на фотаздымках спыніўся, таму, разглядаючы іх, мы становімся сведкамі адлюстраваных у кадры падзей.


Цудоўную магчымасць убачыць фатаграфіі Мінска «да/ пасля» дае кніга-альбом «Мінск: з руін да росквіту» («Минск: из руин к процветанию»), падрыхтаваная выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» супольна з  Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.

Падрыхтаваў выданне вядомы беларускі гісторык, прафесійны экскурсавод, аўтар многіх навуковых прац па гісторыі Мінска і іншых гарадоў Беларусі Іван Сацукевіч. «Мая задача як вучонага — падабраць эксклюзіўныя фотаздымкі з багатай калекцыі архіва, сістэматызаваць іх і падрыхтаваць гістарычныя даведкі, тэксты. У кнізе 12 частак, якія распавядаюць пра знакавыя аб’екты і раёны. Фактычна “Мінск: з руін да росквіту” — мікс паміж фотаальбомам і навукова-папулярнай кнігай. Гэта захапляльнае падарожжа ў часе і прасторы. Гартаючы старонкі, можна прайсціся па сталіцы БССР 1940—1970-х, адчуць савецкую эпоху, паглядзець, як горад быў разбураны пасля вайны, як аднаўляўся і змяняўся, параўнаць з сучаснасцю. Цікавостка кнігі ў тым, што мы скарысталіся метадам паралельнага выстаўлення гістарычнай і сучаснай фатаграфіі. А дзякуючы QRкодам чытачы змогуць убачыць відэаздымку пасляваеннага Мінска», — расказвае аўтар.

Практычна ўсе фотаздымкі 1940—1970-х гг., якія прадстаўлены ў кнізе, былі зроблены трыма фатографамі: фотакарэспандэнтам БелТА Уладзімірам Лупейкам, фатографам інстытута «Белпраект» Яфімам Ліўшыцам і Васілём Калядой. Апошні — доктар-оталарынголаг і аматар гісторыі Мінска. Фатаграфіі розных куточкаў горада Васіль Каляда рабіў пасля працы, па дарозе дадому.

Адраджэнне Мінска пачалося адразу ж пасля вызвалення горада. Гэта было не проста аднаўленне, а маштабнае будаўніцтва новай сталіцы. Пры гэтым кардынальна змянялася архітэктурнае аблічча. Падчас вайны найбольш пацярпеў і быў разбураны прывакзальны раён Мінска разам з плошчай Леніна і сучасны праспект Незалежнасці ад Галоўпаштамта да плошчы Якуба Коласа працягласцю 4 км — немцы намагаліся знішчыць чыгуначную інфраструктуру і праезд па цэнтральнай вуліцы. Іншыя раёны горада пацярпелі менш.

Горадабудаўнічай асновай новага плана Мінска стала галоўная магістраль горада — вуліца Савецкая (цяпер — праспект Незалежнасці) — разам з плошчамі Леніна (цяпер плошча Незалежнасці), Цэнтральнай (сучасная Кастрычніцкая) і Круглай (плошча Перамогі). Другі буйны архітэктурны ансамбль ствараўся ў раёне вакзала і Дома ўрада. Генплан 1946 г. амаль цалкам быў рэалізаваны ў наступныя 30—40 гадоў, стаўшы тым самым асновай для развіцця Мінска ў будучыні. Вялікія аб’ёмы працы па расчыстцы завалаў праводзіліся тысячамі людзей уручную з  выкарыстаннем прымітыўных інструментаў — лапаты, лома і  кіркі. У дапамогу гараджанам адпраўляліся грузавыя машыны і першыя экскаватары на гусенічным ходзе. Разглядаючы фатаграфіі, варта звярнуць увагу на гендарныя суадносіны ў будаўнічых брыгадах: большасць працоўных — маладыя жанчыны, якія старанна выконваюць сваю працу.

Азеляненне цэнтральнай часткі Мінска шматгадовымі ліпамі. Ілюстрацыя з кнігі

Пасля вызвалення ў горадзе востра стаяла жыллёвае пытанне: людзі вымушаны былі жыць ў падвалах, часовых збудаваннях, складах. Аднак радасць вялікай перамогі, працоўны энтузіязм дапамаглі гараджанам перажыць гэты складаны час. Так, на адным з размешчаных у  кнізе фотаздымкаў — від на часовыя палаткі з буржуйкамі на фоне руін цэнтра Мінска. А  на першым плане стаіць маладая жанчына з грудным дзіцём, якая сімвалізуе няпросты тагачасны быт і веру ў шчаслівую будучыню.

Адзін са здымкаў на старонках кнігі-альбома раскрывае для чытача загадку хуткага азелянення цэнтральнай часткі Мінска ў 1960—1970-я гг. Як аказалася, на галоўнай вуліцы горада высаджвалі шматгадовыя ліпы. Асаблівай увагі заслугоўваюць накладкі на асвятляльных апорах. «Калі прыглядзецца, можна заўважыць выяву фантастычнага васілька, пазычанага са знакамітых слуцкіх паясоў. Цікава, што аўтарам менавіта такога пластычнага рашэння стаў знакаміты мастак-кераміст М. Міхалап, які да вайны быў дырэктарам мінскай карціннай галерэі. Праз 70 гадоў ужо на праспекце Незалежнасці новыя асвятляльныя мачты ўпрыгожаны такімі ж накладкамі», — каменціруе І. Сацукевіч.

З цягам часу былі адрамантаваны галоўныя вуліцы Мінска, адміністратыўныя, культурныя, навучальныя ўстановы, фабрыкі, заводы. Знішчаліся тыя, якія не ўваходзілі ў план рэканструкцыі, і будаваліся новыя. У 1948—1953 гг. былі пабудавыны «вароты горада» на Прывакзальнай плошчы, якія і сёння з’яўляюцца візіткай Мінска. Быў адноўлены будынак Вялікага тэатра оперы і балета, у  якім падчас акупацыі немцы размяшчалі склады і стайню. У  аднаўленні тэатра прымалі ўдзел нямецкія ваеннапалонныя.

З прычыны вялікай папулярнасці спорту як у БССР, так і ва ўсім СССР, хутка аднаўляліся і будаваліся новыя спартыўныя аб’екты. Так, на месцы даваеннага паўстаў новы, адноўлены стадыён «Дынама». У суверэннай Беларусі спорт таксама займае важнае месца. Сёння на праспекце Пераможцаў размяшчаюцца маштабныя спартыўныя комплексы: Футбольны манеж, Палац мастацкай гімнастыкі, Дом грэблі, Лёгкаатлетычны манеж, веладром канькабежны палац і МінскАрэна.

У 1940—1970-я гг. быў закладзены падмурак Мінска, якім мы яго ведаем сёння, створана архітэктура праспекта Незалежнасці, вызначаны напрамкі і шырыня галоўных магістраляў, закладзены прамысловыя прадпрыемствы і пачата забудова жылых мікрараёнаў. З  цягам часу Мінск развіваўся: былі ўзведзены новыя будынкі міністэрстваў і замежных пасольстваў, гасцініцы, гандлёвыя і бізнес-цэнтры, выраслі новыя жылыя мікрараёны, быў адрэстаўрыраваны гістарычны цэнтр горада. Мінск стаў яшчэ больш прыгожым, утульным і зручным.

Кніга-альбом «Мінск: з руін да росквіту» з дапамогай шматлікіх ілюстрацый паказвае, як змяніўся горад за 75 гадоў пасля вайны. Кантрасныя фотаздымкі «да/пасля» дэманструюць, як сталіца «паўстала з попелу» і колькі намаганняў для гэтага давялося прыкласці. На эксклюзіўных фатаграфіях можна заўважыць, што шмат гістарычных будынкаў знішчыла не вайна, а рэканструкцыя. Кніга будзе карысна студэнтам гістарычных, архітэктурных, будаўнічых спецыяльнасцей, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Мінска.

 Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».