Вы тут

У Савеце Рэспублікі ўпершыню абралі Савет старэйшын


На карысць дзяржаве: вопыт і веды былых парламентарыяў яшчэ спатрэбяцца

У Савеце Рэспублікі ўпершыню абралі Савет старэйшын. Новая інстытуцыя будзе дзейнічаць пры Прэзідыуме і выступаць у якасці дарадчага органа.


Як адзначыла на сустрэчы са сваімі сталымі калегамі спікер верхняй палаты парламента Наталля КАЧАНАВА, ініцыятыва стварыць савет з мудрых і паважаных парламентарыяў узнікла невыпадкова — вопыт і школа парламентарызму гэтых людзей яшчэ могуць прынесці плён краіне. Яна звярнула ўвагу, што сёння ёсць патрэба ў абмеркаванні пытанняў з тымі людзьмі, што ведаюць, разумеюць, бачаць сітуацыю, якая складваецца ў грамадстве. З пункту гледжання старшыні Савета Рэспублікі, гаворка датычыцца пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця, жыццядзейнасці краіны, таму вопыт і веды сталога пакалення, безумоўна, патрэбныя.

Наталля Качанава перакананая, што погляд збоку вельмі важны для прыняцця рашэнняў, таму што іх не заўсёды можна ацаніць аб'ектыўна, таму вопыт і веды папярэднікаў цяперашняму пакаленню парламентарыяў вельмі неабходныя.

Яна выказала ўпэўненасць, што сустрэчы будуць праходзіць на сістэмнай аснове і ўзаемадзеянне стане плённым.

Адзначым, што ў склад савета старэйшын увайшлі два былыя старшыні Савета Рэспублікі чацвёртага і пятага скліканняў — Барыс БАТУРА і Анатоль РУБІНАЎ; старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні пятага склікання і намеснік гэтай профільнай камісіі ў шостым скліканні Святлана ГЕРАСІМОВІЧ; намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах (трэцяга і чацвертнага скліканняў), член гэтай Пастаяннай камісіі ў першым і другім скліканнях Надзея ЕРМАКОВА; старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці чацвёртага склікання Антаніна МОРАВА; старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве пятага склікання, намеснік старшыні гэтай профільнай камісіі чацвертага склікання Лілія МАРОЗ; старшыня Пастяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы шостага склікання Сяргей РАХМАНАЎ і яго калега па пятым скліканні Уладзімір СЯНЬКО, а таксама намеснік старшыні Савета Рэспублікі пятага склікання Анатоль РУСЕЦКІ.

Трэба сказаць, што дзяліцца вопытам і ведамі гэтыя паважаныя і вопытныя людзі будуць на грамадскіх пачатках, а іх рашэнні будуць насіць рэкамендацыйны характар.

Як растлумачыла ў размове з журналістамі Надзея ЕРМАКОВА, сама назва новага інстытута — Савет старэйшын — сведчыць аб тым, што ў яго членаў ёсць пэўны жыццёвы досвед:

— З часам разумееш, як павінна быць. Адразу падаецца, што павінна быць толькі так, а не інакш, але калі паразважаеш і ўбачыш па жыцці, то вопыт старэйшага пакалення вельмі патрэбны моладзі. Гэта, напэўна, самая галоўная місія, — пераканана яна. — Наша задача — не перашкаджаць, але дзесьці падказаць, якім чынам можна зрабіць.

На думку Сяргея РАХМАНАВА, неабходна максімальна прыцягваць у арбіту палітычнага і эканамічнага жыцця людзей, якія маюць вопыт, умацоўваць аналітычны складнік, выпрацоўваць пэўныя рэкамендацыі.

— Сітуацыя ў свеце вельмі складаная, яна ўплывае і на Беларусь. І мы павінны ўсе рэсурсы, у тым ліку і інтэлектуальныя, выкарыстоўваць для вырашэння праблем, якія ўзнікаюць, — перакананы ён. — Таму патрэбна цесна ўзаемадзейнічаць з калегамі, у тым ліку з Расійскай Федэрацыі і іншых краін, каб знаходзіць рашэнні, якія дапамогуць прайсці гэтую складаную паласу па аптымальным шляху.

Ён звяртае ўвагу, што сітацыя звязана не толькі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, але і з сусветным эканамічным і палітычным крызісам.

— Паколькі наша краіна з адкрытай эканомікай — нас гэта закранае непасрэдна і неабходна дзейнічаць так, каб вывесці рэсурсы максімальна на паверхню і выкарыстаць на карысць дзяржавы і грамадзян, — падкрэсліў ён у размове з журналістамі. — Патэнцыял у нас ёсць. Таму сэнс дзейнасці Савета старэйшын, як мне падаецца, — ва ўзмацненні аналітычнай работы, прычым не толькі на бягучы момант, але і на перспектыву.

Сяргей Рахманаў акцэнтаваў увагу на неабходнасці бачання адпаведнай стратэгіі не толькі па краіне, але і па галінах, рэгіёнах, каб можна было прадставіць вобраз будучага і людзі разумелі, што трэба рабіць усім, каб гэты вобраз быў рэалізаваны на практыцы.

У канцы адзначым, што Савет старэйшын на першым сваім пасяджэнні абраў свайго кіраўніка — дарадчы орган узначаліў Барыс БАТУРА.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.