Вы тут

Якую кнігу пакласці дзіцяці пад ёлачку? Топ-12 беларускіх дзіцячых выданняў — 2020


Які найлепшы падарунак для дзіцяці на Новы год і Каляды?

Кніга, вядома ж.

А якая?

Найперш беларуская!

Для мяне адказы на гэтыя пытанні, як для чалавека літаратурнага, відавочныя. Тым больш прапанаваць ёсць што! Нягледзячы на ўсе нялёгкасці года, які мы адпраўляем прэч, дзякуючы Богу, што перажылі яго, нашы кнігавыдаўцы падарылі дзеткам нямала цікавых навінак. А каб вы маглі сарыентавацца, што ж найлепей набываць, давайце напачатку паглядзім, што ж адбываецца сёння з беларускай дзіцячай кнігай.


Па-першае, з'явілася шмат кніжных серый. Вядома, гэта цікава і чытачам, і выдаўцам. Для хатняй бібліятэкі, у выпадку калі кніга спадабаецца, хочацца набыць усю серыю. Напрыклад, усе выпускі зборнікаў «Мастацкай літаратуры» пра поры года альбо ўсе кнігі пра старога Пэтсана і коціка Фіндуса выдавецтва KOSKA.

Яшчэ заўважна, што з'явілася шмат выданняў, якія распавядаюць зусім маленькім пра беларускую гісторыю і культуру. Даступна і займальна — пра Вітаўта і Міхала Клеафаса Агінскага, Францыска Скарыну і Максіма Багдановіча... Пра народныя музычныя інструменты, як у кнізе Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага; пра беларускую міфалогію, пра якую распавяла Ірына Клімковіч. А яшчэ сучасныя пісьменнікі ўсё часцей робяць героямі персанажаў тае беларускай міфалогіі. А што, свойскі Цмок не меней каларытны, чым які-небудь толкіенаўскі Смаўг!

Немагчыма не заўважыць і бум перакладной літаратуры! Калі ў вас дома падлеткі, неадкладна набывайце, каб пакласці пад ёлачку, кнігі на беларускай пра Гары Потэра і Ведзьмара, выпушчаныя выдавецтвам «Янушкевіч». Перакладныя кнігі для дзяцей звычайна добрай якасці, бо яны ж абраныя таму, што сталі бестселерамі ў іншых краінах, да таго звычайна друкуюцца з арыгінальным афармленнем, як «Чарнічны мішка. Каляндар для летуценнікаў» украінскай пісьменніцы Анастасіі Валхоўскай, што выдала «Мастацкая літаратура». А з'явіліся яшчэ і выданні для дзяцей, дзякуючы якім можна вучыць мовы, — кнігі-білінгвы. Напрыклад, «Бегла ліска з лесу блізка» выдавецтва «Беларуская навука».

Яшчэ адна тэндэнцыя — вялікі попыт на беларускую класіку! Гэта і народныя казкі, і напісанае Караткевічам, Барадуліным, Купалам, Коласам... Да каго ж яшчэ ісці па парады ў няпросты час, як не да іх?

Запаўняюцца незапоўненыя нішы, асвойваюцца новыя для беларускай літаратуры формы. Кніга-квэст? Калі ласка, Кацярына Хадасевіч-Лісавая напісала «Ключ ад вялікай каштоўнасці». Коміксы, анімэ? Вось вам кніга Евы Вайтоўскай «Гарэзлівы пацалунак». Наракалі, што мала дзіцячага фэнтэзі? Да вашых паслуг «Ключ дарог» Лілі Ілюшынай. Папракалі, што няма кніг на «складаныя» тэмы? Звярніце ўвагу на «Лета Гартмана», дзе для самых маленькіх распавядаецца пра... смерць. А калі маладым мамам здаецца, што ўсё яны робяць не так, звярніце ўвагу на кнігу Веранікі Ляўчук «Мама Зорачка і Маленькая Зай». Аўтарка, сама маладая мама, свой досвед пераўвасобіла ў чароўныя гісторыі з казачнай краіны. Здаецца, абвінавачванні ў прымітыве і аднастайнасці нашай дзіцячай літаратуры ўжо неактуальныя, прынамсі пасля «Фантазюрак» Веры Бурлак, «Нататак таткі» Андрэя Хадановіча, «Сумнага супу» Вольгі Гапеевай ну і чорнагумарных «Балтыйскіх шкарпэтак» Сяргея Календы.

І прыемна, што з'яўляюцца персанажы, якія не проста запамінаюцца, а выходзяць за межы кнігі, увасабляюцца мастакамі ў матэрыяле, робяцца героямі спектакляў і інтэрактыўных дзей, як незабыўныя паны Кубліцкі ды Заблоцкі Пятра Васючэнкі, Лахнэска Алены Масла, авечка Адэля Наталлі Бучынскай, Кот Шпрот Ганны Янкуты...

Карацей, выбіраць ёсць з чаго, а пакуль паглядзім, што набыць у кнігарні для маленькага чытача.

Серыя «12 месяцаў». «Мастацкая літаратура»

Не зробіце памылку, калі пакладзяце пад навагоднюю ёлачку ярка аформлены камплект з дванаццаці кніг «12 месяцаў». Гэта — чытанка на кожны дзень. Нават каляндар ёсць, дзе распісана, якую казачку калі чытаць. А казачкі адборныя! І народныя — не толькі беларускія, але і ўсіх народаў свету, і найлепшая сусветная класіка ў перакладзе на беларускую мову: Грым, Андэрсэн і нашы сучасныя аўтары... Рускія аўтары, дарэчы, даюцца на рускай мове. А кожны том яшчэ і мастацкі альбом, бо для афармлення выкарыстана класіка беларускай ілюстрацыі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Карацей, пастарайцеся сабраць усе кнігі, але нават адна, снежаньская, з зімовай тэматыкай, стане цудоўным падарункам!

Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «Вухуцік. Васільвася». Выдавецтва «Звязда»

Добра, калі вам пашчасціла трапіць на прэзентацыі гэтай пісьменніцы — тэатралізаваныя, фантазійныя, на якіх аўтарка прысутнічае ў выглядзе Кніжнай феі. Але калі не ўжывую, дык з Кніжнай феяй можна камунікаваць анлайн. Новая кніга «Вухуцік. Васільвася» — дзве кнігі ў адной. Адзін варыянт напісаны для дзяўчынак, другі — для хлопчыкаў. Зразумела, цікаўны чытач прачытае абедзве, каб трапіць у «вандрульню». Самі даведайцеся, што такое. Гэтым разам антуражам абраная не беларуская міфалогія, як у кнізе-квэсце «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці», а фантастыка, бо Вухуцік і Васільвася прыляцелі, уявіце сабе, з космасу. Праўда, праз магічны партал. Ну а што ім, яны ж героі, яны могуць!

«Вядзьмар, які рабіўся ваўком». Беларускія чарадзейныя казкі. Укладальнік Антон Францішак Брыль. Выдавецтва «Янушкевіч»

Кніга, якая ўразіць на ўсё жыццё, праўда, можа і настрашыць. Чарадзейныя беларускія казкі ў добрай апрацоўцы плюс чарадзейнае афармленне славутага Валерыя Славука. Дзівосны і застрашлівы свет ваўкалакаў, цмокаў, ведзьмакоў, непралазных нетраў... Сярод трыццаці казак многія пададуцца вам незнаёмымі: яны ўзятыя з фальклорных збораў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Зрэшты, кожнае выданне, аформленае Валерыем Славуком, можна ставіць і на паліцу альбомаў па мастацтве.

Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст.«Мама Му, Крумкач і Каляды». Выдавецтва KOSKA

Вось ужо не першы год беларускія дзеткі ахвотна чытаюць казкі пра разумную і трохі дзіўную карову Маму Му і яе сябра Крумкача. Казкі прыдумала вядомая шведская пісьменніца Юя Вісландэр, а мастак Свэн Нурдквіст праілюстраваў. На беларускую іх пераклала Надзея Кандрусевіч, яна ж выступае і як выдавец. Калі вас не бянтэжыць, што карова, салідная такая істота, чытае, гайдаецца на арэлях, катаецца на санках і ўвогуле мае амбіцыі даследаваць свет, — далучайцеся разам са сваімі дзеткамі да прыхільнікаў гэтай серыі! Тым больш ёсць і размалёўка, і кніжка-кардонка для самых маленькіх.

Алег Грушэўскі. «Краіна Вымярэнія». Выдавецтва «Кнігазбор»

Для большай разнастайнасці — вось вам і адукацыйная казка! У гульнявой форме, з дапамогай ілюстрацый Віктара Козела дзеткі даведваюцца пра адзінкі вымярэння. Казачныя гісторыі адбываюцца ў краіне, дзе жывуць разумныя звяры, напрыклад, мама-рысь пасылае сына ў млячарню па малако. І маленькаму рысяняці разам з чытачом давядзецца здагадацца, колькі ж таго малака браць: кілаграм, метр альбо літр. А як пазнаваць час па гадзінніку са стрэлкамі, зайчаняткі вучацца, дзелячы спечаны маці-зайчыхай яблычны пірог. Хоць кніга не сёлетняя, ёй крыху больш часу, але падобнай не з'явілася, таму звярніце ўвагу.

Уладзімір Караткевіч. «Жабкі і чарапаха». Серыя «Жывая класіка дзецям». «Мастацкая літаратура».

Нават калі вы не разлічвалі на асаблівыя затраты, усё адно можаце набыць цудоўны падарунак, калі звернеце ўвагу на серыю выдавецтва «Мастацкая літаратура» «Жывая класіка дзецям». Невялікія, але якасна выдадзеныя і аформленыя кніжкі прадстаўляюць найлепшыя творы беларускіх класікаў. Акрамя цудоўнай і вельмі актуальнай казкі юбіляра гэтага года Уладзіміра Караткевіча «Жабкі і чарапаха» — «І нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды?», — у серыі пабачыла свет яго ж казка «Лебядзіны скіт», вершы Алеся Пісьмянкова «Бабчыны дранікі» і Рыгора Барадуліна «Сем янотаў», апавяданні Ядвігі Бяганскай «Дзе начавалі рукавічкі» і іншае. Можна таксама збіраць цэлую серыю!

Анатоль Клышка. «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга». Выдавецтва «Беларусь»

«У Італіі, у адным з найстарэйшых у свеце Падуанскім універсітэце, ёсць славутая «Зала сарака». На покуці стаіць зробленая з тоўстых дошак, сёння паточаная ўжо шашалем трыбунка-кафедра. Яна памятае, як некалі тут чытаў лекцыі Галілей». Так пачынаецца аповед пра Францыска Скарыну — згадзіцеся, адразу захоплівае. У гэтым годзе выдавецтва «Беларусь» перавыдала ў цвёрдай вокладцы гэты твор пра нашага першадрукара і гісторыю кнігавыдання. Аўтар — Анатоль Клышка, слынны пісьменнік і навуковец. Менавіта па яго «Букварах» вучыліся некалькі пакаленняў беларускіх школьнікаў.

Дзмітрый Пятровіч. «Дзіцячы атлас Беларусі. Легенды і паданні». «Мастацкая літаратура»

Вы яшчэ не купілі свайму дзіцяці ніводнага «Дзіцячага атласа Беларусі»? Неадкладна купляйце! Можаце пачаць вось з гэтага выпуска, аўтар якога — паэт Дзмітрый Пятровіч, які нядаўна пайшоў з жыцця. На кожным развароце — карта Беларусі, дзе пазначана, адкуль менавіта з'явіліся асілак Менеск, разбойнік Машэка, селянін Добруш, князь Альшан, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, княгіня Рагнеда. Пра кожнага персанажа — кароткі займальны аповед. У той жа серыі набудзьце атлас аўтарства Яраша Малішэўскага «Замкі, крэпасці, бажніцы», Наталлі Карліёнавай пра птушак Беларусі, Станіславы Умец пра славутых асоб краіны... Відовішчна і карысна!

Эрвін Мозэр. «Неверагодныя гісторыі на дабранач». Выдавецтва «Янушкевіч»

З усяго багацця перакладных дзіцячых кніг назаву, бадай, яшчэ і гэтую — сучаснага аўстрыйскага пісьменніка і ілюстратара Эрвіна Мозэра. Кніга сёння ў свеце лічыцца бестселерам. Кароценькія, на старонку-паўтары, забаўныя гісторыі з выдатнымі ілюстрацыямі — усяго іх восемдзесят восем. Мышка Ліманэла дрэсіруе леапарда, коцік чытае кнігі, кенгуру катаецца на лыжах, ёсць тут і Гранд-гатэль, і замак на востраве, і цырк... Дзецям падабаецца. У тым ліку за лаканічнасць твораў. Раз — і прачытаў!

Ягор Конеў. «Прыгоды дамавічкоў». Выдавецтва «Звязда»

Вось і прыклад, як сучасны аўтар выкарыстоўвае беларускую народную міфалогію. Ягор Конеў, аўтар гістарычных раманаў, любіць ствараць гісторыі пра дамавічкоў. Прынамсі, ёсць у яго п'еса менавіта пра дзіўную парачку — гаспадарлівага Шушыка і гарэзу Жулю. Дзейнічаюць яны і ў гэтай кнізе. Жывуць дамавічок і дамавушка ў вёсцы, у адной хаце на ўскраіне... Ясна, што даводзіцца альбо вечна сварыцца, альбо вучыцца прымаць адно аднаго ды разам змагацца за дабрабыт.

Ганна Янкута. «Марта і яе маара пра снег». Выдавецтва «Папуры»

А вось гэтая кніга зусім свежанькая! Аўтарка гісторый пра Ката Шпрота гэтым разам расказвае пра... снег. Марыць сабе дзяўчынка Марта, каб пачалася сапраўдная зіма, а тут гразюка ды гразюка. Але нездарма сказана: бойцеся сваіх жаданняў. Мара спраўджваецца, і на горад паваліў снег, чысценькі, пухнаценькі і шмат... Вельмі шмат... Ой, задужа шмат... Давядзецца не толькі марыць пра іншае, але і дзейнічаць.

Вольга Гапеева. «Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі». Выдавецтва «Галіяфы»

Яшчэ адна дзіцячая кніга, выпушчаная проста да Каляд. Вольга Гапеева — вядомая паэтэса. І гісторыі яе для дзетак асабліва вобразныя. Усяго іх шэсць, у афармленні Насты Івановай, але якія! «Хамелеон Луіза і калготы»: і захочаш — не прадкажаш зместу. «Авакада і каноэ», «Слімак Раджэш і ёга»... Заінтрыгаваны? «У гэты дзень Авакада і Каноэ шмат смяяліся, плавалі і не расставаліся ні на хвіліну». Насмеяцеся таксама разам з дзеткамі.

А добрых беларускіх кніг для дзетак куды больш, чым можна назваць у адным артыкуле. Так што светлых вам свят, недарэмных спадзяванняў і добрага чытання!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».