Вы тут

Не проста свята, а падарожжа да вытокаў традыцый: маладзёжны баль у Палацы Незалежнасці


Праз гадзіну пасля пачатку цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод у Палацы Незалежнасці распачаўся Беларускі навагодні баль для моладзі.


Яго ўдзельнікі — больш за тры сотні студэнтаў і навучэнцаў з самых розных вучэбных устаноў краіны. Гэта стыпендыяты спецыяльнага фонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцы і лаўрэаты рэспубліканскіх, дыпламанты міжнародных конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый, уладальнікі высокіх тытулаў, удзельнікі студэнцкіх будаўнічых атрадаў, чэмпіёны па спартыўна-бальных танцах, майстры спорту і іншыя маладыя людзі.

«Сёння тут, у Палацы Незалежнасці, заўсёды такім стрыманым і афіцыйным, ажывае гісторыя, — звярнуўся да іх Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. — Гісторыя Беларусі, якая багатая на ўнікальныя і прыгожыя традыцыі. Адна з іх, як дакладна адзначыў наш распарадчык, — культура бальных танцаў».

Сённяшні вечар — гэта не проста свята, а падарожжа да вытокаў традыцый, вакол якіх цягам стагоддзяў зараджалася і ўмацоўвалася імкненне нашага народа да сваёй дзяржаўнасці і незалежнасці, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Бо што такое дзяржаўнасць? Перш за ўсё гэта ўсведамленне народам гістарычнага права быць гаспадаром сваёй зямлі. Пачуццё радавой сувязі з пакаленнямі розных эпох. Разуменне таго, як фарміраваўся нацыянальны характар і менталітэт сучаснага чалавека, — сказаў ён. — І сёння мы не проста ўспамінаем традыцыю, а напаўняем яе новым зместам. Удумайцеся. Бо яшчэ крыху больш за сто гадоў таму на падобным свяце можна было апынуцца толькі па праве прыналежнасці да багатых і тытулаваных саслоўяў».

У наш час дзверы Палаца адкрытыя для ўсіх: у кожнага ёсць шанец увайсці ў іх і як госць, і як службовая асоба, заўважыў беларускі лідар. Дзякуючы не кроўнай прывілеі альбо сувязям, а сваім працы, таленту, адданасці Айчыне.

«У гэтым і ёсць справядлівасць — адно з галоўных дасягненняў суверэннай Беларусі — краіны абсалютна роўных магчымасцяў, — падкрэліў ён. — Нам бы толькі не згубіць гэта».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што стагоддзямі беларуская зямля была пад ботам іншаземцаў, што не павінна паўтарыцца, калі мы сапраўды хочам быць незалежнымі.

Звяртаючыся да моладзі, Прэзідэнт сказаў: «Я веру ў вас. Так, мы перажываем няпростыя часы. Так, часам у авангардзе падзей — юныя і гарачыя галовы. Вашы галовы. Так было заўсёды, і ў мае часы, і пазней. Але перакананы, рана ці позна ўсе нашы дзеці пачуюць не заклікі замежных телеграм-каналаў, а голас розуму. І скажуць „дзякуй“ тым людзям, якія сёння ваююць за будучыню».

На долю пакалення стваральнікаў незалежнай Беларусі выпала гістарычная місія служыць сваёй краіне, каб захаваць яе для наступнага пакалення, падкрэсліў беларускі лідар. Ён выказаў упэўненасць, што ўдзелам у гэтым балі зараз маладыя людзі будуць ганарыцца ўсё жыццё і заклікаў зрабіць больш памятных фота для будучых сваіх дзяцей і ўнукаў.

Прэзідэнт пажадаў незабыўных эмоцый, пачуцця дачынення да спадчыны беларускай гісторыі і адказнасці за будучыню Айчыны. А яшчэ — заставацца прыгожымі не толькі знешне, але і духоўна.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто працаваў над стварэннем бальнай атмасферы, павіншаваў усіх з надыходзячымі навагоднімі святамі.

«Няхай усе вашы мары здзейсняцца, а наша любімая Беларусь дзякуючы вашым поспехам і дасягненням стане яшчэ мацней і больш прыгожай», — рэзюмаваў ён.

І яшчэ некалькі слоў ад Прэзідэнта ў адрас, напэўна, не толькі моладзі: «Трэба ўсё рабіць сваімі рукамі, калі мы можам. А мы можам усё».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Яўгена Пясецкага і БЕЛТА


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».