Вы тут

На Гомельшчыне пачалі абіраць удзельнікаў Усебеларускага народнага сходу


У вобласці аднымі з першых вызначалі ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу — прадстаўнікоў ад Гомеля. У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку вылучэння кандыдатур і абрання ўдзельнікаў шостага Усебеларускага народнага сходу норма прадстаўніцтва ў цэлым для Гомеля ўстаноўлена абласным арганізацыйным камітэтам у колькасці 75 чалавек. Частка дэлегатаў вылучана і ўзгоднена на сесіі Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў, якая прайшла напярэдадні.


— Гарадскім арганізацыйным камітэтам даведзена норма прадстаўніцтва ад Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў у колькасці 25 чалавек, — адзначыў яго старшыня Мікалай КАВАЛЕВІЧ. — Таксама гарадскім аргкамітэтам усталяваны і абраны рэзерв удзельнікаў Усебеларускага народнага сходу. Галасаванне праводзілася дэпутатамі па кожнай кандыдатуры паасобку.

Так, 15 дэпутатаў Гомельскага гарадскога і 10 ад абласнога Саветаў дэпутатаў ужо зацверджаны ў якасці ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу. Сярод абраных дэлегатаў — прадстаўнікі прамысловай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю, адукацыі, аховы здароўя і культуры. Многія ў апошнія некалькі месяцаў актыўна ўдзельнічалі ў рабоце грамадскіх прыёмных і дыялогавых пляцовак, таму ведаюць, якія праблемы сёння хвалююць людзей. Частка дэлегатаў вяла збор ініцыятыў і прапаноў ад грамадзян, таму ў сталіцу кожны прыедзе са сваім бачаннем і канкрэтнымі прапановамі па развіцці нашай дзяржавы.

У ліку дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф. Скарыны Сяргей ХАХОМАЎ:

— Я спадзяюся, што на гэтым сходзе будуць не толькі падводзіцца вынікі мінулай пяцігодкі, абмяркоўвацца планы на будучую, але і будуць абмяркоўвацца актуальныя палітычныя пытанні, пра якія ў апошнія месяцы шмат гаворыцца і ў сродках масавай інфармацыі, і на дыялогавых пляцоўках, і паміж людзьмі.

Між тым, як удакладнілі ў аддзеле арганізацыйна-кадравай работы Гомельскага гарвыканкама, прадугледжаны два спосабы вылучэння дэлегатаў: ад саветаў дэпутатаў і ад грамадскіх аб’яднанняў. Такім чынам, у Гомелі яшчэ 50 дэлегатаў выберуць кіруючыя органы грамадскіх арганізацый. Каб аб’ектыўна падысці да ацэнкі дасягненняў і перспектыў развіцця, у складзе дэлегацыі абавязкова будуць прадстаўнікі розных кірункаў — ад спецыялістаў прадпрыемстваў, прадстаўнікоў сацыяльнай сферы да дзяржслужачых.

Нагадаем, што VI Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 11–12 лютага. Адпаведны ўказ аб яго скліканні Кіраўнік дзяржавы падпісаў 28 снежня. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных асоб VI Усебеларускага народнага сходу складзе 2 700 чалавек. Удзельнікі форуму ад абласцей і Мінска абіраюцца з улікам нормаў прадстаўніцтва раённымі і гарадскімі Саветамі дэпутатаў і найбольш шматлікімі грамадскімі аб’яднаннямі. Пры гэтым ад кожнай вобласці ў сходзе прыме ўдзел не больш за 310 чалавек, ад Мінска — не больш за 370. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.