Вы тут

Новы здымак? Значыць, зноў трэніроўка для мазгоў!


З чаго пачынаецца дружба, вядома ўсім: з усмешкі.

А вось з чаго пачынаўся звяздоўскі конкурс «Хто каго?», магчыма, варта і нагадаць, бо справа, як той казаў, даўно мінулых дзён... Не паверыце: гадоў з 20 таму газета надрукавала першы вясёлы здымак з просьбай прыдумаць подпіс — трапны, дасціпны, кароткі (не больш за восем радкоў) і...

Не будзем казаць, што варыянтаў прыйшло бачана-нябачана, але ж яны былі — першыя, можа, нават нясмелыя... А далей — болей: паступова, з часам, стваралася група пастаянных аўтараў, з якой нехта (відаць, па розных прычынах), здаралася, выбываў і да якой нехта пастаянна далучаўся. Рубрыка жыла!

Год адыходзячы, 2020-ы, не быў выключэннем: газета, як заўжды, друкавала здымкі і адмысловыя агляды лепшых варыянтаў подпісаў; разам з чытачамі вызначала аўтараў найлепшых і ўзнагароджвала квартальнай падпіскай на «Звязду».

Усё, здавалася б, добра? Адзінае...

Здымак друкаваўся раней, тыя самыя ўдалыя подпісы — журы вызначала пазней...

І толькі ў апошнім нумары года «карціна» атрымалася поўная. Такім чынам — усмешачку!


«Пяць гадочкаў Пеця

Вучыўся на бюджэце...»

Кліч ад цешчы быў, як SOS...

На яго й ляцеў Фядос,

«Сеўшы» мігам ля трубы,

Комін чысціў — не абы...

Зараз будзе печка грэць,

Не капціць і не дымець —

Небяспека знішчана,

Дымаход ачышчаны!

Іна Алісевіч,

Уздзенскі раён


«Венік сажу не бярэ?

Нечым адкалупваць?

Трэба, хлопча, па трубе

Малатком пастукваць».

Валянціна Гудачкова,

г. Жыткавічы


Павер, чытач мой дарагі,

Не будзе іншай тут работы,

Бо гэты ўнук бабы Ягі

Ізноў рыхтуецца да ўзлёту.

Карына Цануніна,

г. Вілейка


Пяць гадочкаў Пеця

Вучыўся на бюджэце.

Далей — размеркаванне,

Як тэст на выжыванне,

Ў слабенечкі калгас...

Й жытло — на першы час.

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск


Ходзяць чуткі, што у Яся

Ёсць суседачка Настасся,

І ён ходзіць не абы...

Ўжо дабраўся да трубы.

А што будзе — паглядзім —

Паміж ёй і паміж ім.

Сужэнцы Астроўскія,

г. Мінск


«Як у Брэсце было шэсце

Дзед-марозаў — штук мо дзвесце...»

Геаграфію Мароз

Ведаў слабавата.

Вылез там, куды прывёз

Лжывы навігатар.

«Дзе тут ёлка,

Дзе народ?» —

Чараўнік сканфужаны:

Гэта сёмы ўжо паход

Па знаёмых лужынах!

Іван Сіманёнак,

г. Паставы


На планеце пацяпленне?

Дзед Мароз,

спраўляй адзенне:

Развітайся з кажухом

(Замяні яго плашчом),

Набывай трыко і кеды.

Капялюш дарэчы б дзеду...

Скончыш пераапранацца

І пачнеш Адлігам звацца.

Мікалай Старых,

г. Гомель


Дзед Мароз наш Янка

Збочыў да каханкі.

Покуль там

сюрпрыз дастаў,

Дык і снег ужо растаў...

Але ж дзеці

ў дзеда вераць,

Значыць,

трэба лужы мераць!

Соф'я Кусянкова,

Рагачоўскі раён


Вось дзівосы дык дзівосы:

Дзед Мароз...

Амаль што босы —

У нейкіх тэпцях — па вадзе?

Ці не ў май да нас ідзе?

Аляксандр Матошка,

Расонскі раён


«Вобшук робіць гэты коцік:

Мігам знюхае наркотык...»

З крамкі неяк ехаў дзед,

Вёз на ровары пакет...

Да яго памкнуўся коця?

Значыць,

Там ляжыць смакоцце.

...Не сядзі, стары, у суседкі,

Бо нарвешся на аб'едкі.

Валерый Гаўрыш,

г. Чавусы


Цешчы трэба

валяр'янка...

У аптэку згойсаў Янка.

«Адпачні», — спыніў братан,

Ды забыўся на ката,

А ў таго на валяр'янку,

(Што вядома і не дзіва)

Нюх —

не горшы, чым у Янкі

На гарэлку і на піва!

Мікалай Касмачэўскі,

г. Наваполацк


Пасвіў воўк авечак

(зноўку!),

Даглядаў казёл капусту,

А загадчыкам сталоўкі

Быў пацук стары

Ды шустры...

І каток за працу ўзяўся —

Каштавальнікам прысмакаў.

Жаль, нядоўга пратрымаўся,

Нехта даў нагой пад...

Віктар Сабалеўскі,

г. Узда


Ежы — поўныя прылаўкі!

І ўсюды — хімдабаўкі.

Бедны коцік! Гэта ежа

Без нажа цябе зарэжа!

Лепш бы ты лавіў мышэй,

Жыў бы, мо, крыху даўжэй?

Валянціна Гудачкова,

г. Жыткавічы


«Як такую дзеўку ўбачыш,

Дык на тыдзень розум страціш!..»

Тры бабулькі

пад акном

«Косці мылі»

вечарком:

Цікавалі

за дзяўчынай

Ды казалі

досыць чынна:

— Не інакш —

радзіла ночкай?..

Не дачушку,

не сыночка,

Мо сабачку

ці катка?

Не пазнаць

таго звярка!

Мікола Кісель,

г. Мінск


Вабяць,

Клічуць дрэвы

ў парку,

Што ля ручая...

Дзеўчына —

шыкоўная! —

Шкода — нічыя...

Галіна Пятроўская,

Смаргонскі раён


Гімн

спяваем

мы вадзе:

Без яе ніяк...

нідзе...

Гэта вось дзяўчо

пад сонцам

Мые лапкі

ўлюбёнцу,

Каб ён век бяды

не меў,

На кавід

не захварэў.

Зоя Наваенка,

Глыбоцкі раён


Існуе сягоння мода

На сабачыя пароды.

І калі за ёй

пагнацца,

Можна...

голенькай застацца.

Валянціна Гудачкова,

г. Жыткавічы.


«А нядрэнна Валянцін

Пражывае каранцін...»

На лужку ў ванне Ціт

Лечыць свой радыкуліт.

Што ў бінокль

разглядае?

Там малодка загарае.

Ні падлегчы...

Ні абняць...

Толькі й можа —

пазіраць.

Валянціна Гудачкова,

г. Жыткавічы


Пазаўчора —

яхта,

хвалі акіяна,

прыгажуня Светка...

А сягоння —

дача,

у гародзе ванна

і праз плот суседка.

Наталля Шкут,

Светлагорскі раён


Ліхадзей між

нас лунае —

У бальніцы заганяе...

То не змей, не цмок,

не вісус.

Гэта горай —

кляты вірус!

Не пужаецца Фама:

Як не бачу, — то й няма.

Мікалай Старых,

г. Гомель


Яшчэ ўчора без прынукі

Мылі ногі, мылі рукі,

А як вірус побач дзесь,

Ясь купаецца ўвесь.

Алена Мельнік,

г. Віцебск


Меў пасаду і пашану,

Не лічыў сваё дабро...

Узяў на лапу —

Мае... ванну

І дзіравае вядро.

ххх

...А нядрэнна Валянцін

Пражывае каранцін...

Каб у ванну йшчэ

і Ганну,

Дык на чорта і Багамы?!

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск


Чарговы конкурсны агляд (і, адпаведна, новае «дамашняе заданне»— гэта з яго нагоды спадарыня Мельнік з Віцебска выдала: «Новы здымак? Значыць, зноў трэніроўка для мазгоў!») надрукаваны ў нумары за 9 снежня. Амаль месяц прайшоў. І таму не дзіва, што многія з чытачоў ужо даслалі свае варыянты подпісаў, многія, хочацца верыць, яшчэ дашлюць, бо... Як сведчыць рэдакцыйная пошта, без конкурсаў «Хто каго?», без «...Народа на провадзе»— і «Звязда» не «Звязда».

А значыць (хочацца верыць!), быць і быць гэтым рубрыкам! Каб адкрываць новыя імёны і таленты, каб падымаць настрой і прасвятляць, каб нагадваць даўно крылатае «Пакуль народ смяецца, ён на зямлі жыве!»

Валянціна ДОЎНАР,

са шчырай удзячнасцю да ўсіх, хто пісаў

(і, магчыма, будзе!), да ўсіх, хто чытаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».