Вы тут

Повязі нашага братэрства


Беларусы, якія апынуліся ў розныя часы ў Казахстане, робяць значны ўнёсак у яго развіццё


Заканчэнне.Папярэднія публікацыі гл. у № 20, 21 ад 29 кастрычніка і 13 лістапада

Аляксей ды Пётр Цэхавыя

Аляксей Цэхавой і Павел Атрушкевіч на Бацькаўшчыне. Мінск, 30.10.2009 г.

Яшчэ адзін вядомы беларускі род у Казахстане, пра які не магу не распавесці, — гэта род Цэхавых. Аляксей Піліпавіч Цэхавой — прафесар, доктар тэхнічных навук. Да таго ж ён вядзе вялікую грамадскую работу: як гендырэктар Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі ды сябар палітычнай рады партыі “NUR OTAN”. Родам Аляксей Піліпавіч з Беларусі. Пасля заканчэння ў 1965 годзе Казахскага політэхнічнага інстытута імя У. І. Леніна працаваў выкладчыкам кафедры транспартных і горных машын, дэканам інжынерна-будаўнічага агульнатэхнічнага факультэта КазНИТУ імя К. І. Сатпаева. У 1992‑м бліскуча абараніў доктарскую дысертацыю. Аляксей Цэхавой — дырэктар Цэнтра новых інфарматызацыйных тэхналогій ды кібернетыкі інстытута, першы намеснік старшыні Дзяржаўнага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Казахстан. Загадчык кафедры кампютарызацыі тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў КазНТУ, прэзідэнт Саюза праектных менеджараў Казахстана. Шматлікія навуковыя ідэі вядомага беларуса рэалізаваны на практыцы пры распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ды аўтаматызаваных рабочых месцаў спецыялістаў горназдабыўной прамысловасці.

Асабліва важкі ды значны ўнёсак вядомага вучонага ў станаўленне Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі (МАИН), Цэнтральна-Азіяцкага горна-прамысловага саюза (ЦАГПС), Нацыянальнай асамблеі навуковых арганізацый (НАНА РК) і Саюза праектных менеджараў Казахстана (СПМ РК).

Аляксей Цэхавой стаў лаўрэатам конкурсу “Чалавек года‑2007”, ініцыяванага ў Казахстане кампаніяй “Festіvals Іnternatіonal” сумесна з “European Marketіng Research Center” (Brussels), у намінацыі “Навуковы дзеяч”. Чалец Асамблеі народа Казахстана, праўлення нашага Беларускага культурнага цэнтра. Да таго ж і актыўны ўдзельнік многіх мерапрыемстваў як навуковага, так і культурнага характару. А сын ягоны, Пётр Аляксеевіч Цэхавой, выкладае горную справу ў Казахскім політэхнічным універсітэце.

На высокім парламенцкім узроўні

Крыху расказаўшы пра вядомых людзей з нашага Рэгіянальнага Беларускага культурнага цэнтра з горада Алматы, хачу прадоўжыць аповед пра тое, як ён развіваўся.

У 1995 годзе НКЦ “Беларусь” увайшоў у склад Асамблеі народа Казахстана, пры тым Павел Атрушкевіч абраны быў намеснікам Старшыні Асамблеі. Пачыналі ж мы сваю дзейнасць у цэнтры са збору інфармацыі пра этнічных беларусаў, якія жывуць у Казахстане, ды ўстанаўлення сувязяў з дзяржаўнымі й грамадскімі арганізацыямі Казахстана й Беларусі, супрацоўнікамі Амбасады Беларусі ў Казахстане. Помніцца, у 2000‑м пасля прызначэння Паўла Атрушкевіча дэпутатам Сената Парламента Казахстана старшынёй Савета НКЦ “Беларусь” абралі мяне. І тады я ўвайшоў у склад Савета АНК. У 2007‑м, пасля майго абрання дэпутатам Мажыліса Парламента Казахстана, было прынята рашэнне аб змене структуры й органаў кіравання БКЦ. Створаны быў выканаўчы орган — дырэкцыя. Узначаліў яе намеснік старшыні БКЦ, выканаўчы дырэктар Сяргей Іванавіч Сазонаў. Называцца ж суполка стала так: рэгіянальная грамадская арганізацыя “Беларускі культурны цэнтр”. Адкрыты быў філіял у Талдыкаргане.

Патрыятычны праект

Леанід Піталенка, Аляксей Цэхавой, Амбасадар Казахстана ў Беларусі Анатоль Смірноў, акадэмік Яўген Бабосаў і Павел Атрушкевіч на форуме ў Мінску. 30.10.2009 г. Фота - Іван Ждановіч

У 2009 годзе Беларускі культурны цэнтр, Асамблея народа Казахстана й Міністэрства культуры ды інфармацыі Казахстана спрацавалі разам і напярэдадні 65‑годдзя Вялікай Перамогі ажыццявілі вялікі праект “Освободители. Вызваліцелі. Азат етушілер”. Вынікам той патрыятычнай супрацы стала выданне дакументальнай кнігі “Освободители. Вызваліцелі. Азат етушілер”, у якую ўвайшлі ўспаміны Дзмітрыя Снегіна, нарысы, артыкулы Уладзіслава Уладзімірава, Аляксея Пятроўскага, Алены Брусілоўскай, Любові Шашковай, Васілія Шупейкіна, проза Адзі Шарыпава й паэтычныя творы Музафара Алімбаева, Жубана Малдагаліева, Сагінгалі Сеітава, Леаніда Скалкоўскага, Алжаса Сулейменава ды многіх іншых гісторыкаў, журналістаў, супрацоўнікаў архіваў. Аўтары праекта — Сяргей Сазонаў, Аляксей Цэхавой, Леанід Піталенка, Любоў Шашкова. Кніга цёпла і з удзячнасцю была прынятая чытацкай аўдыторыяй.

І тая добрая справа мела працяг. Па замове БКЦ у плыні сумеснай казахска-беларускай акцыі “Освободители. Вызваліцелі. Азат етушілер”, прысвечанай 65‑годдзю вызвалення Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны й памяці казахстанцаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі “Баграціён”, быў зняты дакументальны фільм “Белорусский рубеж”. Рэжысёрам выступіў Эдвард Кульбаеў — выкладчык Казахскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў імя Т. К. Жургенава, цяпер загадчык аддзела прозы літаратурна-мастацкага часопіса “Простор”. І быў яшчэ выдадзены фотаальбом.

Нашая ўдзячнасць Ларысе Пакуш

У Казахстане дзяржава надае значную ўвагу нацыянальным культурным цэнтрам, дае й фінансавую падтрымку. Таму развіваюцца сродкі масавай інфармацыі, працуюць нацыянальныя тэатры, нядзельныя школы. Падтрымлівала наш цэнтр і першая Амбасадар Беларусі ў Казахстане Ларыса Пакуш, бацькі якой, дарэчы, жылі ў Казахстане. Дыпламатка надавала шмат увагі ўмацаванню беларуска-казахстанскіх сувязяў, да таго ж напісала кнігу пра двухбаковыя эканамічныя й культурныя стасункі. Ларыса, помніцца, заўсёды была жаданым госцем у нашым Беларускім культурным цэнтры. Пры ёй казахстанскія юнакі й дзяўчаты паехалі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларусь, дзеці пачалі адпачываюць у вядомым беларускім Міжнародным цэнтры “Зубраня”, што на возеры Нарач.

Цяпер намеснік кіраўніка БКЦ й бліжэйшы мой паплечнік — Аляксандр Вайцяхоўскі. Які, дарэчы, з 1970 года — намеснік кіраўніка Казахскага таварыства аховы прыроды. Больш за пяць гадоў Аляксандр Мікалаевіч курыруе арганізацыйна-масавую работу Беларускага культурнага цэнтра.

Юбілейная дата. Развіццё ўзаемадзеяння.

15 верасня 2017 года ў Доме дружбы Алматы мы правялі імпрэзу “Добрасуседскія ўзаемаадносіны”. Яна была прысвечана 25‑годдзю ўстанаўлення дыпламатычных сувязяў Казахстана з Беларуссю. “Нашы краіны дэманструюць сусветнай супольнасці выбудоўванне выніковага дыялогу й супрацы ў галіне палітыкі, эканомікі, культуры й літаратуры”, — адзначаў тады ў вітальным слове намеснік кіраўніка прадстаўніцтва МЗС Казахстана ў Алматы Дудар Жакенаў. На імпрэзе казалі пра важкі ўнёсак Беларускага культурнага цэнтра ва ўмацаванне агульнанацыянальнага адзінства, міру й згоды ў Казахстане, значную працу па развіцці культуры, мовы, звычаяў і традыцый беларускага народа.

Сёння Казахстан для Беларусі — ключавы партнёр у Еўразійскім рэгіёне, надзейны й даўні саюзнік у міжнародных адносінах. Таваразварот паміж краінамі няўхільна павялічваецца. Сістэмнасці ў рабоце па развіцці гандлёва-эканамічных адносін спрыяе План мерапрыемстваў развіцця супрацы між урадамі Беларусі ды Казахстана. Ён ахоплівае ўсе сферы супрацы, уключаючы гандлёва-эканамічныя, навукова-тэхнічныя, культурныя, гуманітарныя, рэгіянальныя ды іншыя пытанні. На тэрыторыі Казахстана працуюць 9 сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі ды абсталявання (БелАЗ, МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, Бабруйскаграмаш ды іншыя), і гэта не мяжа. У 2017‑м, напрыклад, сумесна з кампаніяй “Астана-Моторс” пачалася зборка самазвалаў “МАЗ” у Алматы.

Вялікую цікавасць выклікаў міжнародны круглы стол “Беларусь у творчасці й лёсе”: ён прайшоў 27 лютага 2019 года ў Доме дружбы Алматы. Яго ладзілі Беларускі культурны цэнтр, Інстытут літаратуры й мастацтва імя М. Ауэзава, Навукова-экспертная група АНК г. Алматы й Саюз пісьменнікаў Казахстана.

Знакі нашай прысутнасці

Аляксей Цэхавой, Ларыса і Павел Атрушкевічы ў Мінску на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Казахстан — Беларусь: вопыт гуманітарнага супрацоўніцтва і захавання міжнацыянальнай стабільнасці”. 30.10.2009 г. Фота - Іван Ждановіч

Беларусы ёсць у розных месцах Казахстана — не толькі ў Алматы. Актыўна працуе Культурны цэнтр “Беларусь” (старшыня Аляксандра Фёдараўна Раманава) у Нур-Султане. Праяўляў актыўнасць і Валерый Аляксандравіч Сіліч у Атбасары Акмолінскай вобласці. (Цяпер зямляк вярнуўся жыць на Бацькаўшчыну — мы пра тое пісалі. Гл: “Міна, якая не ўзарвалася”. – ГР, 24.04.2020. — Рэд.) Працуюць Фонд беларускай культуры “Спадчына” (старшыня Аляксандр Аляксандравіч Хука) у Карагандзе, Нацыянальна-культурны цэнтр “Беларусь” (старшыня Леанід Уладзіміравіч Шаўчэнка) у Кастанаі, Культурны цэнтр “Беларусь” (старшыня Любоў Іванаўна Богнат) у Паўладары й Паўночна-Казахстанскі абласны беларускі культурны цэнтр “Радзіма” (старшыня Раіса Уладзіміраўна Солапава) у Петрапаўлаўску. Спрыяе ўмацаванню казахстанска-беларускіх сувязяў і Беларускі культурны цэнтр “Радзіма” з Нур-Султана (кіраўнік Дзмітрый Астаньковіч). І ў кожнага з цэнтраў ёсць свае адметнасці ў працы. Скажам, у структуры нашага БКЦ актыўна працуе Савет маці пад кіраўніцтвам Ірыны Косцінай, якая родам з горада Кобрына Брэсцкай вобласці. Працаваць Ірына Аляксандраўна пачынала на вытворчым аб’яднанні “Бабруйскшына”, затым пераехала з мужам у Казахстан, у Капчагай. Працавала інжынерам, эканамістам на Капчагайскім рыбакомплексе, затым у міжрэгіянальным дзяржкансорцыуме “Проммаш”, Выдавецкім доме “Кто есть кто в Республике Казахстан” ды іншых месцах. З 2013 года член-карэспандэнт МАИН Ірына Косціна кіруе інфармацыйна-інавацыйным часопісам “Новая эра.kz”, пры тым надае вялікую ўвагу прапагандзе на яго старонках прамых кантактаў з беларускімі партнёрамі па эфектыўным узаемадзеянні інавацыйных праектаў ва ўсіх сферах дзейнасці.

Літаратуры злучаюць народы

Літаратурнае супрацоўніцтва Казахстана й Беларусі цяжка ўявіць сабе сёння без асабістага ўкладу ў яго развіццё лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі, паэта, перакладчыка Міколы Мятліцкага; вядомага журналіста, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, пісьменніка Аляксандра Карлюкевіча; выдаўца, паэта, перакладчыка, сакратара Саюза пісьменнікаў Казахстана па літаратурных сувязях Бахытжана Канап’янава. Адзначым таксама чальцоў Праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана — гэта Любоў Шашкова (намесніца галоўнага рэдактара часопіса “Простор”, намесніца старшыні Савета па рускай літаратуры й літаратурных сувязях, паэтка) ды Святлана Ананьева (загадчыца аддзела аналітыкі й знешніх літаратурных сувязяў Інстытута літаратуры й мастацтва імя М. А. Ауэзава, чалец Савета па рускай літаратуры й літаратурных сувязях Саюза пісьменнікаў Казахстана, намесніца старшыні Навукова-экспертнай групы АНК горада Алматы). Прэзентацыі кніг, навуковых даследаванняў па казахска-беларускіх літаратурных сувязях, міжнародныя канферэнцыі ды круглыя сталы ў Алматы і ў Мінску, удзел у Дні беларускага пісьменства й Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час” — усё гэта вельмі ўмацоўвае й пашырае наша гуманітарнае супрацоўніцтва.

З 2006 года, многія ведаюць, актыўна працуе “Беларускі Партал ў Казахстане” (www.belarus.kz). Тэхнічны дырэктар яго — выпускніца Satbayev Unіversіty (КазНІТУ імя К. І. Сат-паева) Соф’я Буланава. Партал падае шмат цікавай інфармацыі, асвятляе жыццё беларусаў у Казахстане, працу Асамблеі народа Казахстана й Беларускага культурнага цэнтра. Безумоўна, гэта спрыяе наладжванню кантактаў паміж бізнесменамі Казахстана й Беларусі, пашырэнню гуманітарнай ды навуковай супрацы.

У 2019 годзе я быў у Мінску: прымаў удзел у пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі па справах беларусаў замежжа. У ходзе пасяджэння Савета сярод іншых абмяркоўвалася й пытанне распрацоўкі самастойнай Дзяржпраграмы “Беларусы ў свеце” на 2020–2025 гады, гаварылі пра яе структуру й змест. У працы КС тады паўдзельнічала 19 прадстаўнікоў этнічных суполак беларусаў з розных краін. Тады ж, абменьваючыся досведам працы з супляменнікамі, я ў чарговы раз пераканаўся: мы, беларусы, не згубіліся ў Казахстане. І Беларускаму культурнаму цэнтру, што дзейнічае ў Алматы, ёсць чым ганарыцца. Мы актыўна ўдзельнічаем у будаўніцтве грамадзянскай супольнасці ў краіне, умацоўваем рознабаковыя сувязі паміж Казахстанам і Беларуссю. І дзякуючы такой грамадскай працы Повязі нашага братэрства толькі мацнеюць.

Леанід Піталенка, кіраўнік Рэгіянальнага Беларускага культурнага цэнтра, г. Алматы

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.