Вы тут

Узнаўляем вобразы з Паднябеснай


У Беларусі ў апошнія гады пабачылі свет дзве аўтарскія анталогіі кітайскай паэзіі


Мікола Мятліцкі з анталогіямі

Перакладчыкам у абодвух выпадках выступіў лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры й мастацтва Мікола Мятліцкі.

Спярша, у 2012‑м, пабачыла свет кніга “Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая”. У яе ўвайшлі творы паэтаў, добра вядомых у Кітаі, ды менш па свеце: пачынаючы ад Цюй Юаня і завяршаючы Бянь Чжылінем. Нагадаем, што Цюй Юань нарадзіўся ў 340 (?) годзе да нашай эры. Творца — першы з вядомых кітайскіх паэтаў. “Прынята лічыць, што Цюй Юань — касмічны паэт, што ў ягоных творах адбілася старажытная кітайская паэзія. Для Кітая Цюй Юань — фігура ўсяленскага маштабу, паэт і філосаф, чые страсці, душэўныя пошукі, асабістая трагедыя й глыбокі песімізм задалі на многія стагоддзі напал стасункаў паэта з сабою й са светам. Акадэмік В. М. Аляксееў пісаў, што Цюй Юань — асабісты й вызначальны выказнік сардэчнага смутку, які жыве амаль у кожным кітайскім паэце да сённяшняга дня”. (Таццяна Вінаградава).

Другая кніга кітайскай паэзіі анталагічнага характару па-беларуску — “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Паэты Кітая XX стагоддзя” (2018).

Мікола Мятліцкі сваёй руплівай, настойлівай працай паказаў, як засвойваецца чужая нацыянальная паэзія ў беларускай прасторы, як збіраюцца краскі й фарбы з іншых краёў ды наколькі арганічна ўваходзяць у наш нацыянальны абсяг. А ці будзе й надалей надаваццца такая ўвага перастварэнню кітайскай паэзіі на беларускую мову? Несумненна, бо планета кітайскага прыгожага пісьменства прадаўжае прыцягваць самых розных беларускіх паэтаў, перакладчыкаў. Гэта відаць па публікацыях у перыядычным літаратурна-мастацкім друку, па згадках у інтэрнэт-прасторы. Так што рака ўвагі да паэтычнага Кітая ў Беларусі не павінна перасохнуць…

Кітайская паэзія ў беларускім перастварэнні

Ці застануцца й надалей вызначальнымі такія маштабныя праекты, як згаданыя анталогіі? Пэўна ж, не кожны перакладчык адважыцца на такую выключна затратную — і ў творчым плане, і ў часавых параметрах — працу. Патрэбны выдавецкія гарантыі ці то іншае матэрыяльнае спрыянне. Каб развіваць дзялянку-ніву беларуска-кітайскіх літаратурных, перакладчыцкіх сувязяў, варта б надалей болей выразна вызначыць характар сувязяў з кітайскім бокам, прыцягнуць да супрацы Інстытуты Канфуцыя ў беларускіх ВНУ, філалагічныя факультэты ВНУ Беларусі, дзе вывучаюць кітайскую мову. І, канешне ж, патрэбен кантакт з кітайскімі літаратуразнаўцамі, спецыялістамі ў галіне мастацкага перакладу з КНР.

Не дужа заўважае перакладчыцкія здабыткі ў прадстаўленні паэзіі Кітая па-беларуску й беларуская літаратурна-мастацкая крытыка. Чаму? Няўжо не цікава? Пройдзе час — і, несумненна, усе вартыя ўвагі крокі знаёмства беларускага чытача з кітайскай паэзіяй на роднай мове будуць вывучацца, даследвацца. А сёння мы вельмі павольна і часам інфантыльна, паблажліва ставімся да таго, што ўжо зроблена й магло б займець вартасны працяг. Згадаем усходнюю мудрасць: “Калі нечая старая рэч пераходзіць у іншыя рукі — яна становіцца новай”. То давайце прымаць гэтыя пераствораныя нашымі таленавітымі землякамі дзівосныя кітайскія скарбы з вялікай радасцю ўзнаўлення й беларускага першаадкрыцця!

Кастусь ХАДЫКА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».