Вы тут

Кірмаш… у відэафармаце


Юбілейны “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” прайшоў анлайн


Вось які прыгожы наш кірмаш!

Беларускія кірмашы ў Даўгаўпілсе — гэта ўжо даўно адна з культурных візітных картак горада, яны заўжды праходзяць пры поўным аншлагу. На гэты ж раз ва ўмовах каранавірусных абмежаванняў Х Міжнародны фестываль народнай культуры прайшоў незвычайна: у відэафармаце. А відэазапісы з кірмашовага канцэрта можна глядзець на Youtube, Facebook, сайце www.bkc.daugavpіls.lv

“Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” праходзіць штогод увосень, паядноўваючы аматарскія беларускія ансамблі Латгаліі, Літвы, Эстоніі ды Беларусі. Кожны фэст мае сваю тэму, і сёлетняй была талака. Як вядома, на Беларусі талака — гэта калектыўная праца, агульная справа і ўзаемадапамога. Вельмі важная, дарэчы, традыцыя ў культуры многіх народаў. Мы ўзгадавалі свой “Кірмаш” ад фальклорнага свята дыяспары да міжнароднага брэндавага фэсту й першага юбілею — ды ўсё разам, агульнымі намаганнямі. Адным словам: талакой!

Перарываць традыцыі — не наш стыль, таму “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” прайшоў сёлета ў новым фармаце. Мы аб’ядналі відэа, дасланыя сябрамі й партнёрамі, з запісамі лепшых песень і танцаў папярэдніх “кірмашоў” у зводны канцэрт. Звычайна гала-канцэрт — на дзве з паловай гадзіны, а відэаверсія меншая ўдвая. У канцэрце прадстаўлены ўсе гурты, якія былі запрошаныя на фэст, у тым ліку нашы беларускія партнёры па пагадненнях аб супрацоўніцтве. Упершыню “Кірмаш” сабраў анлайн у Даўгаўпілсе беларускія ансамблі не толькі з Латгаліі — з усёй Латвіі.

Па традыцыі да гледачоў з вітальным словам звярнуліся старшыня Даўгаўпілскай гарадской думы Ігар Прэлатаў і Генеральны консул Беларусі у Даўгаўпілсе Ілья Лапуць. І пад песню “Кірмаш-кірмашок” (словы Галіны Сантоцкой, музыка Вячаслава Пятрова) пачаўся канцэрт. Ансамбль “Купалінка” з Даўгаўпілса падтрымаў бадзёрай песняй “Базар большой” ансамбль “Паўлінка” з Ліепаі. А між выступамі я расказвала пра талочныя традыцыі беларусаў. Згадала, што талака — даўні народны звычай калектыўнай дапамогі ў гаспадарчых работах, абавязкова ўдалай. Талакой садзілі й капалі бульбу, касілі сена, жалі жыта, рвалі лён, нарыхтоўвалі дровы, будавалі хаты, масты, млыны… Прычым у талацэ працавалі добраахвотна й бясплатна — хіба што на некаторых талоках усіх талакоўшчыкаў гаспадары шчодра частавалі.

Якая праца летам была найпрацяглай ды самай цяжкай? Вядома, сенакос. Пра тое спявалі ансамблі “Завіруха” (Екабпілс) і “Купалінка” (Даўгаўпілс). А як з сенам ухадзіліся — пара збожжавыя прыбіраць. Пра жніво й дажынкі спявалі “Сузор’е” (Рэзэкнэ), “Узоры” (Ліваны), “Спадчына” (Даўгаўпілс), дуэт Дар’і Мілашэвіч ды Яўгеніі Шук (Мёры, Беларусь). А ці вядома вам, што лічылася ў беларусаў вялікім грахом касіць пшаніцу касой? Толькі сярпом жаць! А вось грэчку, наадварот, сярпом не жалі, а толькі касілі. Пра грэчку спяваў ансамбль “Аколіца” (Дагда), прычым на беларускай і латгальскай мовах. Пасля гарачай пары пачыналі капаць бульбу, якую “любяць усе на свеце”, “ураджай сабралі — адразу частавалі”. Пра тое вясёлыя песні спявалі “Рабінушка” (Прэйлі), “Лянок” (Елгава), “Журавінка” (Вентспілс), “Світанак” (Вісагінас, Літва), танцам расказваў “Лянок” (Даўгаўпілс). І, нарэшце, уборка лёну завяршала цыкл сельскагаспадарчых талочных работ. Пра тое спявала дзіцячая студыя “Скарбніца” (Даўгаўпілс). А дзіцячы ансамбль “Камарыкі” (Наваполацк, Беларусь) станцаваў завадны танец: нібыта камарыную талаку на сцэне зладзілі.

Пасля працы талака прадаўжалася ў доме гаспадара — добрым пачастункам, заканчвалася народным гуляннем з песнямі й танцамі: святкавала ўся вёска. Пра тое спявалі: “Крыніца” (Лудза), “Вытокі” (Рыга), “Пралескі” (Даўгаўпілс), “Полацкі зьвяз” і “Княжыч” (Полацк, Беларусь), “Сябры” (Нарва, Эстонія), “На панадворку” (Браслаў, Беларусь). Дарэчы, ад слова “талака”, пэўна, узяў назву горад Талачын (Віцебскай вобласці), і якраз у тым прыгранічным рэгіёне ў нас найбольш партнёраў ды ўдзельнікаў фэсту. На канцэрце гледачы пачулі шмат беларускіх прыказак і прымавак, прысвечаных талацэ: “Без талакі — як без рукі”, “Дзе талака — там хлебна”, “Прыйшла талака — лі па кубку малака”, “Талака — апякунка жніва і ўраджайнасці” ды іншыя. І фрагменты восеньскага беларускага кірмашу гледачы таксама ўбачылі. На ім удзельніцы тэатральнай студыі “Паўлінка” нахвальвалі свой тавар — плеценыя кошыкі, гародніну й садавіну, саленні ды варэнні ад гаспадынь таварыства “Уздым”, лялькі-абярэгі.

Добрая атрымалася талака ў Даўгаўпілсе: працавітая, дружная й незвычайна віртуальная! Ды ўсе традыцыі “Беларускага кірмашу” мы збераглі. А ў фінале гучала песня “Беларускі дом” (словы Станіслава Валодзькі, музыка Аляксандра Рудзя) у выкананні Сяргея Шабадалава й Паўла Прозара. Усе ўдзельнікі кірмашовага канцэрта атрымаюць па пошце дыпломы, памятныя сувеніры, у тым ліку й фірменныя насценныя календары “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, аўтарскія керамічныя вырабы Ліліі Зэйлі.

Выказваем удзячнасць сябрам і партнёрам, мы — разам! Асаблівыя словы падзякі Генконсульству Беларусі у Даўгаўпілсе: за падтрымку й падарункі. Над фільмам-канцэртам “X Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” працавала каманда супрацоўнікаў Цэнтра беларускай культуры (Жанна Раманоўская, Марыя Памецька, Галіна Сантоцкая, Ірына Апэйнанэ, Дагнія Літвіноўская), відэааператар Аляксандр Фядотаў.

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».