Вы тут

Беларускі фармат Самары


XVІ Міжнародны беларускі дзіцяча-юнацкі фестываль-конкурс мастацтваў “Беларусь — мая песня!” сёлета праходзіў у горадзе на Волзе ў новым — дыстанцыйным — фармаце


Члены журы, педагогі, лаўрэаты  фестывалю-конкурсу

Заснавальніцай свята на Самарскай зямлі ў 2004 годзе выступіла разам з аднадумцамі Ірына Глуская, прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Творчы форум стаў штогадовым, з 2015‑га — міжнародным. Ладзяць яго актывісты суполкі пры фінансавай падтрымцы Мінкультуры Самарскай вобласці, з інфападтрымкай Адміністрацыі гарадской акругі Самара, Дома дружбы народаў вобласці. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета вырашылі правесці фестываль у дыстанцыйным фармаце. “Гэта дазволіла ўдзельнікам фестывалю-конкурсу нібыта пераадолець геаграфічныя бар’еры, а нам — прадаставіць роўныя шанцы для кожнага, хто пажадаў паўдзельнічаць у ім, — гаворыць Ірына Глуская. — А былі гэта салісты й калектывы як з Расіі, так і з замежжа. Важна, што ўсе фэст-імпрэзы праходзілі пад адзіным і вельмі актуальным сёння дэвізам: “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!”. Мы перажываем за нашу гістарычную Бацькаўшчыну і жадаем, каб лад і згода зноў вярнуліся на святую беларускую зямлю”.

Вітаючы арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю-конкурсу, кіраўнік Уфімскага аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі, дарадца Пётр Балтруковіч шчыра дзякаваў актывістам суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” за арганізацыю й правядзенне мерапрыемстваў, якія спрыяюць зберажэнню й папулярызацыі культуры братэрскіх славянскіх народаў Беларусі ды Расіі, за плённую працу па ўмацаванні й развіцці сяброўскіх дачыненняў паміж прадстаўнікамі рознымі нацыянальнасцяў. Дзякавалі арганізатарам і педагогі, бацькі ўдзельнікаў фестывалю-конкурсу. Сярод іх — Алена Балвашэнкава, педагог 176‑й школы гарадской акругі Самара (выхаванцы школы ў шосты раз удзельнічалі ў фестывальных імпрэзах) ды мамы ўдзельніц Сафіі Кудрашовай (адной з вучаніц гэтай школы), 8‑гадовай Віталіны Пановай.

Танцоры Паліна Рукасуева  і Ягор Сергіеўскі з кіраўніцай Верай Сальнікавай

Праграма конкурсу-фестывалю ўключала, як заўсёды, адборачны тур у розных намінацыях (вакальнае й харэаграфічнае мастацтва, мастацкае слова й тэатр моды), а таксама гала-канцэрт лаўрэатаў. Да таго ж з улікам неабходных антыкавідных рэкамендацый у Доме дружбы народаў вобласці для педагогаў школ-партнёраў суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” прайшоў круглы стол “Расія і Беларусь: сувязь культурных традыцый”, майстар-клас па прыгатаванні дранікаў. 10 конкурсных нумароў удзельнікаў адборачнага тура з Самары былі прадстаўлены членам журы вочна, і паралельна вялася іх відэаздымка. Усяго ж на адборачны тур паступіла больш за 80 заявак ад салістаў і творчых калектываў Самары й Самарскай вобласці, з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Армавіра, Казані, Томска, Тальяці, Уфы, а таксама з Беларусі, Украіны, нават Італіі… З 130 нумароў неабходна было выбраць не больш за 20 найлепшых.

Яркае выканальніцкае майстэрства Юльяны Буташавай з самарскага Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчество” (педагог Іна Сухачэўская) журы адзначыла дыпломам лаўрэата Гран-пры ў намінацыі “Вакальнае мастацтва, эстрадны вакал”. Юльяна спявала беларускую народную песню “Рэчанька”. Дыпломы лаўрэатаў І ступені — у ансамбля “Каданс” САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000” (песня “Куточак Беларусі”), ансамбля “Соцветие” (самарская СШ № 36, кіраўніца Алена Кірылашава, песня “Ляці за мной”). Дыплома лаўрэата І ступені ўдастоены й дзіцячы ансамбль “Калейдоскоп” (педагог Таццяна Гандзіна). Гэта былі найменшыя, 5–6 гадовыя ўдзельнікі конкурсу, і спявалі яны беларускую народную песню “Саўка ды Грышка”. Яшчэ адзін дыплом лаўрэата І ступені (песня “Небасхіл Еўропы”) атрымаў Уладзіслаў Даутаў, пастаянны ўдзельнік усіх фестываляў мастацтваў, якія ладзяць беларусы Самарскай вобласці. Аднагалосным рашэннем журы дыплом лаўрэата І ступені прысуджаны й вакальнаму дуэту “Ружа кветка” (Алёна і Эліна Абызавы) з суполкі беларусаў у Казані “Спадчына”: сёстры з сталіцы Татарстана цудоўна спявалі беларускую народную песню “Цячэ вада ў ярок”.

Пакарыла журы цудоўным выкананнем песні “Белая Русь” і Алеся Аблыгіна, пастаянная ўдзельніца беларускіх імпрэзаў у Самары. Алеся Раманаўна ўжо з адзнакай закончыла МДУ імя М. В. Ламаносава, цяпер — аспірантка факультэта вылічальнай матэматыкі й кібернэтыкі таго ж універсітэта, і па-ранейшаму з задавальненнем выконвае песні пра Беларусь. У намінацыі “Вакальнае мастацтва, эстрадны вакал, сола” дыплома лаўрэата І ступені ўдастоена Анастасія Надуцік (песня “Каліна-ягада”) з украінскага Міргарада.

Наталля Меліхава і салісткі яе харэаграфічнага калектыву “Мозаика”

Парадавалі арганізатараў фестывалю й творчыя калектывы з Беларусі. Узорны хор “Крынічка” (кіраўніца Яўгенія Фурс, канцэртмайстар Таццяна Крыжэўская) дзейнічае ў 77‑й школе Мінска, якая — даўні творчы партнёр беларусаў Самарскай вобласці. Хор прадставіў на суд журы ў намінацыі “Вакальнае мастацтва: ансамбль, харавы спеў” дзве песні сучасных беларускіх аўтараў, і за высокі прафесіяналізм удастоены дыплома лаўрэата 1 ступені. А дуэт Златы і Міі Мусіхіных (кіраўніца Анастасія Ячнік) з мінскай сярэдняй школы № 157 імя Аляксея Сямёнавіча Бурдзейнага спяваў песню “Не бывае неба лепшага” ды адзначаны дыпломам лаўрэата 2 ступені.

Падведзены таксама вынікі ў іншых конкурсных намінацыях, і заключным акордам фэст-імпрэзаў стала канцэртная праграма ды ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў фестывалю-конкурсу мастацтваў “Беларусь — мая песня!”. Праўда, сёлета з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі ў праграме было толькі 9 нумароў: уладальнікаў дыпломаў Гран-пры і лаўрэатаў 1 ступені з гарадской акругі Самара ды Самарскай вобласці. А ў сацсетках з’явіўся ўжо відэаролік, створаны з найбольш яркіх конкурсных нумароў: https://www.youtube.com/watch?v=ldnHOvpІUІQ&t=654s. Лепшыя выканаўцы атрымалі дыпломы: з рук старшыні журы конкурсу Ірыны Глускай ды сустаршыні Ігара Бурава, дырэктара Дома дружбы народаў. Арганізатары ў чарговы раз парадаваліся, што свята беларускай культуры адбылося, што праект запатрабаваны й па-ранейшаму дапамагае раскрываць творчы патэнцыял салістаў, творчых гуртоў — з самай рознай прапіскай.

Мікалай Бойка, г. Самара

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».