Вы тут

Пяць прычын паглядзець на Беларусь вачыма расійскіх пісьменнікаў


1. Прыехаць у Віцебск на цягніку, як Бунін

Фота sladka1981.tourister.ru

Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры ў Сінявокай бываў не аднойчы. Упершыню — калі літаратарам-пачаткоўцам выправіўся ў безразважлівае падарожжа па Арлоўскай-Віцебскай чыгунцы. «Вельмі падабаюцца словы: Смаленск, Віцебск, Полацк…» — весела прызнаваўся пісьменнік сваёй жонцы Веры. З паўночнай сталіцы Беларусі 19‑гадовы Бунін вярнуўся ў Маскву, «не маючы грошай нават на начлег». Затое пад велізарным уражаннем.

«У Віцебск я прыехаў увечары. Было марозна, светла. Усюды вельмі снежна, глуха і чыста. Нібы захаваўшы дзявоцтва, горад падаўся мне старажытным і нярускім: высокія, у адно злітыя дамы са стромкімі дахамі, з невялікімі вокнамі, з глыбокімі і грубымі паўкруглымі варотамі ў ніжніх паверхах… Я ішоў як зачараваны ў гэтым натоўпе, у такім старажытным, як мне здавалася, горадзе, ва ўсёй яго цудоўнай навізне для мяне».

У апошні раз Віцебскую губерню Іван Бунін бачыў з акна цягніка ў 1918 годзе. У эміграцыю ён ад’язджаў, не хаваючы слёз і «пакінуўшы за сабой і ўсё сваё ранейшае жыццё, і разваліны Расіі, перасягнуўшы ў выгнанне з яе новую яе мяжу ў Оршы».


2. Дастаць пашпарт у Стоўбцах, як Маякоўскі

Фота radzima.org

«Будынак станцыі Стоўбцы, і чысты выглядам, і белы колерам, адразу дало Еўропу… Вось гэта клопат, вось гэта будоўля! Тое, што называецца «шыкоўны» будынак!» — казаў Уладзімір Маякоўскі ў 1927 годзе. Тады беларускія тэрыторыі былі падзелены мяжой: заходняя частка — польская, а ўсходняя — савецкая. З мястэчку Стоўбцы (цяпер Мінская вобласць) пачыналася зусім іншая краіна.

Менавіта там нарадзіліся легендарныя радкі аб савецкім пашпарце. Уладзімір Маякоўскі пісаў іх, калі імчаў у міжнародным экспрэсе «Маньчжурыя — Стоўбцы». Дакладна вядома, што купэ з паэтам дзялілі швед і брытанец, якія потым сталі героямі знакамітага верша.

Сцены Стаўбцоўскага вакзала бачылі многіх знакамітасцяў: пісьменнікаў Максіма Горкага, Барыса Пастэрнака, Аляксея Талстога, шахматыста Міхаіла Батвінніка, брытанскага прэм’ер-міністра Энтані Ідэна. Але з асаблівай цеплынёй работнікі станцыі ў нашы дні ўспамінаюць менавіта Маякоўскага. Цяпер прад’явіць «дакуменцікі» вас там ніхто не папросіць. А вось дастаць «чырванаскурую паспарціну» і горда вымавіць: «Чытайце, зайздросце, я — грамадзянін» ніхто не забараняе.


3. Прайціся па Магілёве, як Пушкін

Фота mogilevnews.by

«Сонца рускай паэзіі» асвятляла Беларусь сваімі візітамі двойчы. У 1820 годзе Аляксандр Пушкін накіроўваўся ў спасылку з Пецярбурга ў Кішынёў, а у 1824‑м вяртаўся ў радавы маёнтак Міхайлаўскае пад наглядам паліцыі.

Чуткі пра тое, што ў губернскі Магілёў заедзе сам Пушкін, распаўсюджваліся хутка. Паэта чакалі. І ён не падвёў: па старадаўніх вулачках расхаджваў у рускай кашулі і ботах. На плечы накідваў афіцэрскую шынель, на галаве красавалася ярмолка. За ім звычайна ішоў слуга, апрануты татарчонкам. Чыноўнікі і большасць афіцэраў праігнаравалі прыезд Пушкіна, а звычайныя людзі і ваенныя ніжніх чыноў зладзілі пышны прыём. Паэт у падзяку да чатырох гадзін раніцы чытаў ім вершы.

Паводле сведчанняў сучаснікаў, Аляксандр Пушкін не раз заяўляў, што Магілёў яму спадабаўся. Асабліва паэта ўразілі архітэктура, адзенне жыхароў горада, іх размова. Пацвярджэнне слоў знаходзім у «Барысе Гадунове»: «Пі, ды сябе разумей», «Вып’ем жа чарачку за Шынкарачку», — кажуць на беларускі манер пушкінскія героі.


4. Пагуляць у Брэсце, як Грыбаедаў

Фота evrotourtver.ru

Аўтар самага цытуемага твора рускай літаратуры «Гора ад розуму» быў бліскучым дыпламатам. Але яго гусарскай мінуўшчыне на ўроках літаратуры ўвагі звычайна не надаюць. Дарма! Аляксандр Грыбаедаў прымаў самы непасрэдны ўдзел у вайне з Напалеонам, а перамогу над французамі сустрэў у Брэст-Літоўску. Там малады афіцэр упершыню паспрабаваў сябе як літаратар. П’есы «Маладыя муж і жонка» і «Свая сям’я, або Замужняя нявеста» былі напісаныя ў брэсцкі перыяд, а ўжо ў тэатральным сезоне 1815 года сталі хітамі лепшых тэатраў Пецярбурга. Зрэшты, берасцейцам Грыбаедаў запомніўся іншымі «подзвігамі».

Аднойчы ён на спрэчку заехаў на другі паверх дома вярхом на кані ў разгар балю. Захавалася гісторыя і пра тое, як Грыбаедаў падчас службы ў касцёле Брэсцкага езуіцкага кляштара падмяніў арганіста. Спачатку гуляў традыцыйную музыку, а потым нечакана для людзей, якія маліліся, ударыў «Камарынскія» танцы.


5. Паслужыць на Палессі, як Блок

Фота photocentra.ru

Тонкага лірыка з Пецярбурга на Піншчыну прывяла Першая сусветная вайна. Аляксандр Блок у 1916‑м служыў табельшчыкам 13‑й інжынерна-будаўнічай дружыны. Якімі былі палескія дні паэта?

«Я азвярэў, паўдня з канём па лясах, палях і балотах раз’язджаю, амаль неумыты; потым — выпіваем самавары чаю, сварымся на начальства, спім ці адпачываем, строчым у канторы, часам на прызбе сядзім і глядзім на свіней і гусей. Ва ўсім гэтым шмат добрага, але, калі гэта спыніцца, усё здасца сном». Ніводнага верша ў свой беларускі перыяд Блок не напісаў. Аднак перад смерцю безнадзейна хворы Аляксандр часта ўспамінаў вёсачку Каўбы, дзе быў раскватараваны яго полк. У стане трызнення ён не раз прамаўляў імя Марыя і нават казаў, што, магчыма, на Палессі ў яго расце сын.

Соф’я АРСЕНЬЕВА

Загаловак у газеце: Яны ўбачылі тут шмат прывабнага.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».