Вы тут

Запавет гісторыка і краязнаўца


8 лістапада 2021 года — 75 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, краязнаўца, даследчыка айчыннай гісторыі Анатоля Васільевіча Статкевіча-Чабаганава. 


Год толькі пачынаецца. І ў яго краязнаўчым календары варта было б асобна вылучыць гэту дату. Зробленае Анатолем Васільевічам патрабуе асаблівай увагі. Яго няма з намі з 26 сакавіка 2019 года. За гэты час ужо варта ўсвядоміць, што месца гэтай асобы ў яе самаахвярным грамадскім служэнні беларускай гісторыі, у памкненнях аб’ядноўваць намаганнні грамадскасці збіраць радаводную памяць, фактычна ніхто не заняў. І ўжо гэта, на фоне, безумоўна, іншых здабыткаў і іншых ініцыятыў, патрабуе разважлівага асэнсавання. Хацелася б нагадаць, што радаводную кніжную серыю ён пачаў выдаваць па Благаславенню Высокапрэсвяшчаннейшага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага , Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Пачаўшы з раскрыцця гісторыі свайго ўласнага рода (а звес ткі пра род ён адшукаў з XIV стагоддзя!), Анатоль Васільевіч узнавіў падрабязнасці жыцця знакамітых і простых людзей з рознымі радаводнымі карэннямі. Выданне кожнай з кніг станавілася адметнай падзеяй у кніжным, асветніцкім жыцці Беларусі. І ўжо гэтыя мастацка-дакументальныя летапісы з шырокім выкарыстаннем самых старадаўніх архіўных дакументаў станавіліся крыніцамі для працы іншых даследчыкаў. Кнігі з адзнакай на вокладцы «Я — сын Ваш...» прыйшлі ў многія і многія бібліятэкі. Не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Анатоль Васільевіч шчодра адорваў гэтымі сапраўды энцыклапедычнымі выданнямі школы краіны, розныя асветніцкія ўстановы... 

Упэўнены, што радаводныя гісторыка-дакументальныя кнігі «Я — сын Ваш», выкананыя адметна ў паліграфічным, дызайнерскім плане, паверце, з часам стануць рарытэтамі. Іх будуць расшукваць у букіністычных крамах. А пры жыцці Анатоль Васільевіч браў на сябе ўсе разлікі за друкаванне і пасля бясплатна распаўсюджваў іх па бібліятэках і музеях краіны. Кнігі «Я — сын Ваш» — яшчэ і сапраўдная метадалогія гісторыка-краязнаўчага пошуку. Пра гэта часта пісалі рэцэнзенты гэтых выданняў. Адзнакай працы Анатоля Статкевіча-Чабаганава на гістарычнай ніве сталі дзяржаўныя адзнакі — пісьменнік быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ушанаваны званнем заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. 

Так, краязнаўчы пісьменнік Анатоль Васільевіч Статкевіч-Чабаганаў пакінуў свой след у жыцці Беларусі... Гісторык, які імкнуўся зазірнуць у самыя глыбіны памяці нашай Айчыны. Кнігазбіральнік, сапраўдны бібліяфіл, калекцыянер. Мецэнат... Вядомы яго ўдзел у фінансаванні помніка Сафіі Слуцкай, які ўсталяваны ў горадзе на Случы. Колькі яшчэ адметнасцяў маглі б ахарактарызаваць лёс, жыццё, штодзённыя памкненні гэтага ўнікальнага чалавека. Ён — з тых шэрагаў, дзе стаяць Аляксандр Ельскі, Міхаіл Без-Карніловіч, Мікола Каспяровіч, Яўстафій Тышкевіч, Мікола Ермаловіч, Генадзь Каханоўскі, Генадзь Кісялёў, Віталь Скалабан, Міхась Ткачоў... 

Так, чалавек паспеў за кароткі век (хіба можа быць доўгім жыццё чалавека?! Нават, калі ён нарадзіўся ў 1946 годзе...) сапраўды праявіцца ў многіх справах і клопатах. Паспяховы бізнесмен, мецэнат, просьбаў да якога аб падтрымцы было не злічыць (і ён адгукаўся, уносіў свой уклад у многія і многія дзеі і справы). Вядома яго актыўная падтрымка беларускіх мас-медыя. А яшчэ Анатоль Васільевіч — калекцыянер жывапісу, твораў скульптуры, збіральнік праваслаўных ікон... Ён шмат што паспеў здзейсніць — і гэтай стваральнасцю быў, несумненна, цікавы найперш. Ён пісаў вершы, следуючы японскім традыцыям вершаскладання. Але не спяшаўся паказваць свой паэтычны плён... 

Пра гісторыка-краязнаўчую работу ўважлівага да даўніны даследчыка шмат пісалі ў друку, гаварылі на розных навукова-практычных і краязнаўчых канферэнцыях. Зробленае заслугоўвала гэтага. І зараз, відаць, можна сказаць і пра тое, што болей як пяць гадоў сваю даследчыцкую справу працягваў, дастойна і сумленна рабіў чалавек, які цяжка хварэў. Праблемы пачаліся ў 2013 годзе... Але ён і пасля няпростых захворванняў жыў разуменнем сваёй галоўнай місіі ў жыцці. Фізічныя пакуты стрымлівалі яго ў многіх памкненнях, але ён змог і ў гэтыя гады працягнуць ранейшыя даследванні, змог максімальна завершыць распачатае раней. І яшчэ паспяваў вылучаць новыя ідэі, новыя ініцыятывы. Адна з іх была звязана са стварэннем віртуальнага электроннага музея радаводнай памяці. Пра гэта Анатоль Васільевіч і ў друку заявіў, і праз сацыяльныя сеткі не аднойчы паспеў выказацца. І болей таго — шмат што здолеў сабраць і падрыхтаваць для выкарыстання ў гэтым музеі. Людзі розных узростаў, з розных куткоў свету адгукнуліся на ініцыятыву. І, пэўна ж, такі творчы, выключна сучасны праект сапраўды мог бы стаць найцікавейшым музеем не толькі сучаснасці, але і будучыні. Ведаю, што сваімі матэрыяламі падтрымку музею аказалі літаратуразнаўца Лідзія САВІК, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола МЯТЛІЦКІ, нашчадкі народнага песняра Беларусі Якуба КОЛАСА... Мяркую, што гэтую справу трэба прадоўжыць. 

Анатоль Васільевіч Статкевіч-Чабаганаў нарадзіўся 8 лістапада 1946 года ў вёсцы Засмужжа Любаньскага раёна Мінскай вобласці. З залатым медалём закончыў сярэднюю школу ў Любані (цяпер гэта СШ N 1 г. Любані). Ва ўсе гады свайго жыцця быў цесна звязаны з малой радзімай. Пэўна ж, менавіта там, у Любані, варта зрабіць першыя годныя крокі па ўшанаванню памяці чалавека, якім землякі, увесь Любаньскі край могуць смела ганарыцца. Мне бачыцца рэальнай справай і клопат пра наданне адной з вуліц у гарадку на Палессі, у Любані, імя Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Чаму б менавіта ў Любані не правесці Краязнаўчыя чытанні ў гонар Анатоля Васільевіча, надаўшы гэтаму праекту імя пісьменніка? Відаць, самім па сабе любанцам не пад сілу арганізаваць гэтую справу. Можа быць, да клопату спрычыніцца Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі..? Альбо гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Анатоль Васільевіч вельмі часта выказваўся пра тое, што патрыятычнае выхаванне грамадства, моладзі можна ажыццяўляць толькі з дапамогай глыбокага вывучэння гісторыі Айчыны. І ў гэтым — яго запавет усім нам, запавет краязнаўцам, гісторыкам, школьнаму настаўніцтву. 

Але ўшанаванне памяці пра гэтага багатага на зробленае чалавека — гэта ці не найперш спроба стварыць яго дакументальны партрэт праз кнігі, шырокія публікацыі ў друку, асабліва ў часопісах і газетах, куды зазірае цікаўны да гісторыі, краязнаўства чытач. Лёс Анатоля Васільевіча — прыклад служэння Бацькаўшчыне, Айчыне, прыклад фарміравання дзеяздольнай светлай Асобы. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.