Вы тут

Кніжныя навінкі. «Беларускія жанчыны, якія апярэдзілі час»


Дзмітрыя КАШАВАРА ўжо добра ведае айчынны чытач як актыўнага і дасведчанага папулярызатара беларускай гісторыі. І таму кожная кніга, напісаная ім ці падрыхтаваная, складзеная ім, займае высокія рэйтынгі ў сістэме продажаў беларускіх кнігарняў, запатрабаваная бібліятэкамі і школамі краіны.


Вось і новы зборнік Дзмітрыя Кашавара «Беларускія жанчыны, якія апярэдзілі час», выдадзены выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне», несумненна, выкліча чытацкую ўвагу. Пад адной вокладкай — гісторыі жыццяў, здзяйсненняў яркіх жанчын, якія пакінулі свой адметны след у лёсе нашай Айчыны. Аўтар выбраў тых персанажаў, якія, магчыма, на яго суб’ектыўны погляд, усё ж выявілі сябе як яркія, шматаблічныя Асобы. Напрыклад, Саламея РУСЕЦКАЯ. Што мы ведаем пра гэтую жанчыну-лекара, адважную вандроўніцу, аўтара мемуараў?.. Альбо Уршуля РАДЗІВІЛ... Сярод многіх прадстаўнікоў роду Радзівілаў згадваюцца ўсё болей мужчыны. Што ж да Уршулі Радзівіл, то і яна не меней астатніх вартая гістарычнай памяці. Першая ў Рэчы Паспалітай жанчына-драматург, заснавальніца беларускага тэатра. Расказвае ў сваёй кнізе Дзмітрый КАШАВАР і пра Эмілію ПЛЯТЭР, палымяную рэвалюцыянерку, якая ўсяго ў 24 (!) гады кіравала атрадам паўстанцаў. Многія факты, сабраныя ў зборніку нарысаў, гістарычных апавяданняў пра жанчын, якія апярэдзілі час, уражваюць, прыадчыняюць нам і ўвогуле незнаёмыя старонкі гісторыі Беларусі ці на крайні выпадак — малавядомыя старонкі гісторыі мінулых стагоддзяў.

Аўтар і аўтарытэтнае адукацыйнае выдавецтва адрасуюць кнігу «Беларускія жанчыны, якія апярэдзілі час» не толькі дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, але і бацькам. Зборнік, які, дарэчы, багата ілюстраваны, утрымлівае шмат рэпрадукцый мастацкіх твораў, дакументальных матэрыялаў, яшчэ і мае кантэнт дапоўненай рэальнасці. Гэтая акалічнасць робіць прастору кнігі шмат шырэйшай і дазваляе аткўны працаваць з ёю на розных уроках і гадзінах выхаваўчай працы ў школе.

Набыць кнігу, у тым ліку — і з аўтографам Дзмітрыя КАШАВАРА, можна ў сталічнай «Акадэмічнай кнізе» (праспект Незалежнасці, 72).

Між іншым, зборнік пабачыў свет у серыі «Гісторыя ў асобах». Раім цікаўнаму да гісторыі чытачу сачыць і за другімі выданнямі гэтай серыі выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».

Кастусь Лешніца

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.