Вы тут

Літва! Усходзе мой!


Уступ перакладчыцы

Дзірк Уфельман (нар. у 1969 годзе) — найбуйнейшы нямецкі славіст, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства ва ўніверсітэце Юстуса Лібіга ў Гісэне. Аўтар шэрагу артыкулаў і некалькіх манаграфій, сярод якіх «Руская культурасофія. Логіка і аксіялогія аргументацыі» (1999), «Прыніжаны Хрыстос. Метафары і метаніміі ў рускай і савецкай культуры і літаратуры» (2010), «Дыскурсы Уладзіміра Сарокіна» (2020), «Польская посткаланіяльная літаратура» (2020); сурэдактар навуковых зборнікаў і анталогій. Старшыня нямецкага аддзялення Міжнароднага камітэта славістаў.

Артыкул «Літва! Усходзе мой!» быў упершыню апублікаваны на польскай мове ў 2010 годзе, нямецкамоўная версія з’явілася ў 2012-м. Матэрыялам для даследавання стаў адзін з найбольш вядомых паэтычных твораў ураджэнца Наваградчыны Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод». Сам паэт прысвоіў свайму сачыненню жанравае азначэнне «гістарычная аповесць», хаця ў фармальных адносінах гэта хутчэй паэма. Гісторыю свайго шматіменнага героя Вальтэра/Альфа/Конрада Адам Міцкевіч ствараў у расійскай высылцы, у перыяд пасля развалу арганізацыі філаматаў і філарэтаў у Вільні, а таксама пасля разгрому паўстання дзекабрыстаў у Санкт-Пецярбургу. На сённяшні дзень гэты загадкавы і нават містычны твор Міцкевіча трывала ўвайшоў у беларускі літаратурны канон. Дзірк Уфельман разглядае «Конрада Валенрода» — як і ўсю творчасць Адама Міцкевіча — у кантэксце гісторыі польскай літаратуры, аднак у цалкам адметным ракурсе: з пункту гледжання посткаланіяльнай тэорыі.

Назва гэтай тэорыі — postcolonial studies — часам выклікае пытанні ў даследчыкаў: маўляў, посткаланіяльныя даследаванні могуць датычыцца хутчэй культуры і літаратуры народаў Афрыкі, Лацінскай Амерыкі або, скажам, Індыі, якія насамрэч зазналі перыяды каланіяльнага падняволення. Тым часам грамадскія навукі ў ХХІ стагоддзі адышлі ад чыста паліталагічнага разумення тэрміна «каланіялізм» і разглядаюць яго ў хутчэй гісторыка-культурным рэчышчы. Постсавецкая і наогул посткамуністычная сітуацыя таксама мае непасрэднае дачыненне да сферы зацікаўленасцяў postcolonial studies. З такіх жа метадалагічных перспектыў разглядаецца гісторыя культуры беларускага і польскага народаў перыяду знаходжання ў складзе Расійскай імперыі. «Конрад Валенрод» у гэтым плане уяўляе сабой ўнікальны мастацкі артэфакт, што як найлепш характарызуе культурную сітуацыю знаходжання пад уладай гегемона. Падобным чынам унікальнай даследчыцкай працай з’яўляецца і прапанаваны артыкул, які сінтэзаваў у сабе тэарэтычныя падыходы тых мысляроў ХХ стагоддзя — ад Івана Франко да Мішэля Фуко і Жака Лакана, — без якіх не можа абысціся і сённяшняя навука пра літаратуру.

З практыкі выкладання гісторыі беларускай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ ведаю, што менавіта «Конрад Валенрод» выклікае нязменна гарачыя дыскусіі, у якія (да маёй радасці) уцягваліся нават тыя студэнты, якія найчасцей падчас заняткаў тыкаюць пальцамі ў смартфон. Падобным чынам гістарычная аповесць Міцкевіча прыцягвае ўвагу даследчыкаў і перакладчыкаў розных пакаленняў. «Конрада Валенрода» перакладалі на беларускую мову Пятро Бітэль, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вялюгін, Кастусь Цвірка. Герою Адама Міцкевіча маладыя беларускія інтэлектуалы ахвотна прысвячаюць свае курсавыя, дыпломныя і магістарскія праекты. Вось чаму пераклад артыкула Дзірка Уфельмана прапануецца ў «Маладосці» з поўным захаваннем яго багацейшага бібліяграфічнага і спасылачнага апарату. Уся гэтая разнастайная навуковая інфармацыя можа паслужыць добрай даследчыцкай базай для тых, хто ўсур’ёз захоча разгадаць ужо амаль двухвекавую загадку таямнічага магістра Тэўтонскага ордэна, які быў літвінам па паходжанні і сваёй падрыўной дзейнасцю амаль давёў гэты ордэн да згубы. Стаўшы апафеозам любові да Радзімы, гістарычная аповесць Міцкевіча закранула шэраг іншых праблем чалавечага існавання — прычым існавання «на мяжы», як геапалітычнай, так і экзістэнцыйна-маральнай.

Жанна Некрашэвіч-Кароткая


Тэкст артыкула Дзірка Уфельмана:

https://zviazda.by/sites/default/files/ufelman.pdf


 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.