Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Хакеісты «Дынама-Мінск» пачалі 2021 год з перамогі. У штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем першыя ў новым годзе спартыўныя навіны.


1.Беларускі плывец Ілья Шымановіч прызнаны найлепшым плыўцом у Еўропе за 2020 год. Ганаровага звання беларус удастоены па меркаванні аўтарытэтнага выдання swіmswam.com. Галоўным дасягненнем Ільі ў 2020 годзе стаў новы сусветны рэкорд на дыстанцыі 100 метраў брасам на «кароткай вадзе». Гэтую дыстанцыю беларус пераадолеў за 55,34 секунды і на 0,07 секунды перавысіў рэкорд брытанца Адама Піці, які быў лідарам у гэтай дысцыпліне. У 2020 годзе Ілья Шымановіч устанавіў два рэкорды Еўропы ў 25-метровым басейне і абнавіў больш за дзясятак нацыянальных рэкордаў у розных дысцыплінах.

2. Біятланісты Дзінара Алімбекава і Антон Смольскі занялі 8-е месца ў мас-старце Каляднай гонкі, якая прайшла 28 снежня ў нямецкім Рупольдзінгу. Біятлонны дуэт дапусціў сем промахаў. Дзінара і Антон на 1 хвіліну і 50,1 секунды адсталі ад пераможцаў гонкі, расійскіх біятланістаў Яўгеніі Паўлавай і Мацвея Елісеева. Другое месца занялі нямецкія спартсмены Францыска Пройс і Сімон Шэмп, трэцяе — аўстрыйскія біятланісты Ліза Тэрэза Хаўзэр і Юліян Эберхард.

Наступны старт для біятланістаў запланаваны на 8 студзеня. У гэты дзень у нямецкім Аберхофе пачнецца пяты этап Кубка свету, падчас якога спартсмены будуць спаборнічаць у спрынтах, гонках пераследу, змешанай і адзіночнай эстафетах.

3. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» скончыў стары год паражэннем, а новы пачаў перамогай. 30 снежня ў матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі мінчане ўступілі ніжнекамскаму «Нафтахіміку» — 4:5. Але ўжо 3 студзеня «зубры» ўзялі рэванш і абыгралі омскі «Авангард». Матч на «Мінск-Арэне» скончыўся з вынікам 5:4 у авертайме. Шайбы ў вароты апанентаў закінулі Райн Спунер, Раман Гарбуноў, Арцём Дзямкоў, двойчы вызначыўся Шэйн Прынс.

Ігракі «Дынама-Мінск» у 2020 годзе добра праявілі сябе ў матчах КХЛ. Абаронца Сцяпан Фалькоўскі стаў адным з найлепшых ігракоў лігі. У дзевяці матчах Сцяпан набраў 6 балаў (3 галы + 3 выніковыя перадачы) пры паказчыку карыснасці «+6». Ён выканаў восем кідкоў па варотах, у яго калекцыі 11 сілавых прыёмаў і восем заблакаваных кідкоў. Форвард Раян Спунер увайшоў у тройку самых выніковых ігракоў КХЛ па выніках 2020 года. У 49 матчах ён набраў 26 балаў. Апярэдзілі яго Стэфан да Коста з казанскага «Ак Барса» (27 балаў у 60 матчах) і маскоўскі дынамавец Вадзім Шыпачоў (27 балаў у 63 сустрэчах).

Наступны сапернік «Дынама-Мінск» — клуб «СКА» з Санкт-Пецярбурга. Сустрэча адбудзецца 5 студзеня на «Мінск-Арэне».

4. У Саудаўскай Аравіі стартаваў ралі-марафон «Дакар-2021». Пасля першага этапу экіпаж Сяргея Вязовіча, які прадстаўляе каманду «МАЗ-СПОРТ-аўта», займае чацвёртае месца. Дыстанцыю з Джыды ў Бішу са спецучасткам 277 кіламетраў беларускі экіпаж пераадолеў за 3 гадзіны 28 хвілін і 35 секундаў. Лідзіруе расіянін Дзмітрый Сотнікаў, прадстаўнік каманды «КАМАЗ-Майстар». Яго вынік — 3 гадзіны 17 хвілін 50 секундаў. Другім да фінішу прыехаў чэх Алеш Лопрайс з каманды «Прага», які ўступіў лідару 7 хвілін 56 секундаў. Трэцяе месца заняў яшчэ адзін прадстаўнік расійскай каманды «КАМАЗ-Майстар» Антон Шыбалаў, які адстаў ад лідара на 8 хвілін, 07 секунды.

Другі беларускі экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» пад кіраўніцтвам Аляксея Вішнеўскага сутыкнуўся з тэхнічнымі праблемамі. Ён прыехаў да фінішу 17-ы з вынікам 4 гадзіны 37 хвілін і 13 секундаў.

Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» двойчы станавілася прызёрамі «Дакара». У 2018 годзе беларусы заваявалі «серабро», а ў 2020 — «бронзу».

«Дакар-2021» працягнецца да 15 студзеня. Маршрут ралі-рэйду пракладзены ў паўночна-заходняй частцы Саудаўскай Аравіі. Каранавірус не дазволіў арганізатарам прывесці караваны ў Егіпет і Іарданію. Усяго спартсменаў чакае 12 этапаў з днём адпачынку. Агульная працягласць ралі — 7600 кіламетраў, працягласць спецучасткаў — 4700 км.

5. Віталь Жукоўскі стаў новым галоўным трэнерам футбалістаў барысаўскага БАТЭ. На гэтай пасадзе ён замяніў Аляксандра Лісоўскага, які працаваў з камандай з верасня 2020 года пасля адстаўкі Кірыла Альшэўскага. Апошнія два сезоны барысаўская каманда займала другое месца ў нацыянальным чэмпіянаце, уступаючы брэсцкаму «Дынама» і салігорскаму «Шахцёру». БАТЭ — 13-разовы чэмпіён Беларусі.

Віталь Жукоўскі 11 гадоў узначальваў футбольны клуб «Іслач». Пад яго кіраўніцтвам каманда з Мінскай вобласці вырасла з аматарскага да прафесійнага ўзроўню. Футбалісты гэтай каманды — бронзавыя прызёры другой лігі (2012 год) і Кубка рэгіёнаў УЕФА (2013 год), а таксама чэмпіёны першай лігі (2015). У 2019 годзе «Іслач» заняла 5-е месца ў нацыянальным першынстве і прайшла ў паўфінал Кубка Беларусі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.