Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


НАВЫПЕРАДКІ

Цяпер, калі з'явіўся гэты «Скайп», Сцяпану Мірончыку паступае даволі часта заказ ад жонкі: «Уключы. — І яна глыбока, гаротна ўздыхае. — Як там сястрычка? Сёння зноў сон кепскі бачыла... Уключы «Скайп», каму кажу! Ну, чаму стаіш?» Мужу нічога не застаецца, як паслухацца. Некалькі разоў у адказ на просьбы жонкі, праўда, ён супакойваў яе: «Не хвалюйся. Калі што здарыцца з сястрой — у яе дзеці ёсць: паведамяць. Жыві спакойна». Але гэта толькі выклікала ў кабеты бурную рэакцыю: маўляў, са сваімі родзічамі ты размаўляеш, калі табе ўздумаецца, а мне і слова сказаць сваім нельга, у вочы ім глянуць!»

Муж здаваўся. Яму, вядома ж, не шкада было «Скайпа» — размаўляйце сабе. Але ж ён не вытрымліваў, калі чуў, аб чым сёстры гамоняць, і хаваўся дзе-небудзь на кухні, каб не чуваць было іх галасоў. Яшчэ клапаціўся ён і пра здароўе кабет. Бо пра адно і тое ж — пра бальніцы, пра лекі, пра ціск, тэмпературу... Аднойчы нават заявіў: «Паслухаўшы вас, і здаровы захварэе! Перастань, Надзюша!..» І, бывае, нават пажартуе: «Лепш пра мужчын пагаманіце. Дазваляю. Альбо пра прыроду. У іх, на Урале, мабыць, ужо снег выпаў?»

Дзе там! Хоць кухня і далекавата ад пакоя, у якім камп'ютар, але Сцяпан усё роўна чуе, аб чым перамаўляюцца сёстры.

— Учора ледзь дзень перажыла, думала, памру, — кажа Сцяпанава жонка. — Ні есці, ні піць не хочацца. Якія толькі таблеткі не прымала!

Далей ідзе доўгі пералік лекаў.

Вера, сястра з Урала, перапыняе:

— Асабліва таблеткамі не злоўжывай, бо адно лечыш, а другое калечыш.

— Ды гэта я ведаю. А ціск які ў цябе?

— Бывае, што і дзвесце — верхні...

— Гэта не ціск! Гэта — дробязі! У мяне ўчора быў дзвесце дваццаць... — такое адчуванне, быццам Надзюша вельмі ганарыцца, што ў яе ціск большы. — Сама не збіла — давялося хуткую выклікаць.

— Доўга чакала яе?

— А я доўга не чакаю! Мяне ўжо там ведаюць! Падыму такі вэрхал, што запомняць на ўсё жыццё!..

— Ой, у мяне ўжо гэтых хвароб набралася — не пералічу, заблытаюся, — нібыта таксама хваліцца-ганарыцца сястра з Урала.

— А ў мяне, думаеш, меней? Букет!..

Сястра з Урала, выслухаўшы сястру з Гомеля, уздыхнула і не адразу прызналася:

— Забылася табе сказаць: мне ўчора далі другую групу інваліднасці...

Павісла паўза. Пасля яе Надзюша наўмысна націснула на адпаведную кнопку, і «Скайп» замоўк, а сястра прапала з манітора. Калі падышоў Сцяпан Мірончык, каб наогул выключыць камп'ютар, жонка сядзела нерухома і глядзела ў адну кропку.

— Што з табой, Надзюша? — насцярожыўся муж.

Жонка адказала не адразу:

— Ты чуў? Ёй далі другую групу... У яе, што, болей хвароб, чым у мяне? Не паверу! А ёй — групу! — Пасядзеўшы крыху, яна гучна заявіла мужу. — Гэта што ў нас заўтра? Панядзелак? Так, пачынаю збіраць дакументы на групу! Чым я горшая?

А сама падумала, мабыць: «Бач ты яе, Верку! Сіганула як наперад! Вырвалася! Даганю і пераганю, родненькая мая!.. Не радуйся асабліва!..»


КРЫНІЦА

Паблізу ад нашай хаты ў Іскані быў калодзеж, з якога мы і бралі ваду. Вады трэба было многа. Напаіць жыўнасць, напоўніць бак у лазні раз у тыдзень, прыгатаваць ежу, памыцца. Ну і гэтак далей. Спярша ваду насілі вёдрамі, пазней набылі бітон і каляску. Стала прасцей. Аднак іншы раз бацька прасіў каго з нас, сыноў, каб прынеслі вады з крыніцы, якая была крыху далекавата ад хаты. Прыносілі. Вядро тое стаяла проста на лаве, і, калі хацелася піць, чэрпалі конаўкай і атрымлівалі незвычайную асалоду: смаката!

Крыніцу называлі Драздовай. Няцяжка было здагадацца — чаму. Дрозд, не помню сёння як яго імя і па бацьку, жыў побач з крыніцай. Пэўны час ён быў старшынёй калгаса, старшыні тады часта мяняліся, а калі яго не перавыбралі на новы тэрмін, некуды з'ехаў, а ў яго хаце пачала жыць Наталля з сынам Васькам.

А потым прыйшла ў вёску меліярацыя. Вытралявалі вольхі, спрамілі рэчку Чарняўку і зраўнялі з зямлёй крыніцу. Я прыехаў у сваю вёску і не пазнаў наш падол. Чыста, гладка — далёка відаць. Аднак мне яшчэ доўга бачыліся вольхі, сярод якіх мы, хлапчукі, галёкалі з купіны на купіну, гулялі ў хованкі, слухалі спеў птушак, збіралі кветкі і ставілі дома іх у слоікі — каб прыгажэй было ў хаце.

Я часта ўспамінаю Драздову крыніцу. І — верыце? — адчуваю смак яе вады. Неверагодна! А яшчэ згадваю, як нядаўна ў санаторыі «Белая Вежа» пад Брэстам, на канцэрце, падрыхтаваным сіламі адпачывальнікаў, адзін мужчына выйшаў на сцэну і расказаў такую гісторыю. Доўгі час працаваў ён шахцёрам у Казахстане, а пасля пераехаў на пастаяннае месца жыхарства на радзіму жонкі ў Расію. Але родныя мясціны, што не кажыце, клічуць, бударажаць душу. Наведаў іх. Але на месцы ягонай вёскі было поле, засеянае жытам. Не знайшоў ён і крыніцы. Аднак вызначыў месца, дзе яна была. Раздабыў у суседняй вёсцы рыдлёўку ў добрых людзей, сякеру і аднавіў крыніцу. Паставіў нават конаўку каля яе: піце, людзі!.. Частуйцеся!..

Я ж, на жаль, у свой час гэтага не зрабіў. Трэба было, мабыць, раней пачуць мне гісторыю пра крыніцу беларуса з Расіі…


СТРАТЫ

Дом, у якім жыла вялікая сям'я Самусікаў, трапіў пад знос. Атрымаў кватэру і Валодзька. Двухпакаёвую. Ён хоць і пабраўся шлюбам некалькі гадоў назад, але жыў асобна ад жонкі і сына. І трэба заўважыць, тыя былі далекавата — ажно ў Расіі. На Браншчыне. Паехаў ён туды неяк у госці да таварыша, з якім служыў у арміі, і прыглянулася яму маладая настаўніца вясковай школы. А паколькі з першай жонкай быў скасаваны шлюб, Валодзька і прызнаўся Кацярыне, так яе велічалі, у сваіх пачуццях. Тым больш, сказаў, хутка нас будуць зносіць, мы атрымаем у маім горадзе прыстойную сучасную кватэру і будзем жыць-пажываць і дабро нажываць. Навошта табе гэтая вёска здалася!..

Пабраліся шлюбам. Справа няхітрая. Нарадзілася дзіця. Кацярына з сынам хоць і прыпісаныя былі ў горадзе, аднак вёску і працу ў школе пакідаць не рашылася. Яна зразумела, чаму ў Валодзькі не склаўся шлюб з першай жонкай. Ён — добры выпівоха і пустацвет.

І Валодзька жыў адзін. Да сям'і прыязджаў рэдка, і тое п'яны, а потым прагналі з адной работы, з другой... І пайшло-паехала. За кватэру плаціла маці. Суседзі раілі ёй напісаць Кацярыне, бо яна ж тут прыпісана, то няхай і клапоціцца, аднак старая не рашалася, усё верыла, спадзявалася, мо возьмецца за розум сынок.

А час ішоў. Валодзькаў сын падрос, стаў старшакласнікам. Кацярына назусім адправіла яго ў горад — ёсць жа дзе жыць. Няхай там жыве і вучыцца. Хлопец самастойны. А прычына для гэтага знайшлася да таго ж важная — у старэйшыя класы трэба было тэпаць у суседнюю вёску, далекавата. Навошта, калі недзе ёсць свая кватэра і школа пад вокнамі?

Пазней перабралася ў горад і Кацярына. Знайшла сабе тут работу няхай і не ў школе, а ў бібліятэцы. Затое сын быў пад наглядам.

Валодзька па-ранейшаму нідзе не працаваў. І хоць маці яго прытуліла, жыў пастаянна ў яе, іншы раз заглядваў да сямейнікаў: ну як вы тут? Аднойчы Кацярына добра пачаставала мужа, а калі ён назаўтра, спадзеючыся апахмяліцца, зноў заглянуў да яе, то яна папрасіла наогул адмовіцца ад кватэры і патрэсла перад ягоным носам доларамі: вось і апахмелішся. Думай і рашай. Жонка была добрым псіхолагам. П'яніца, калі ў яго гараць пасля ўчарашняга каласнікі, штаны і апошнюю сарочку аддасць. Валодзька пагадзіўся. Трыста долараў! Для яго гэта былі вялікія грошы. Жыў чалавек адным днём, то ці трэба казаць, як узрадаваўся ён: гэта ж столькі пляшак гарэлкі можна купіць!

Колькі пляшак гарэлкі Валодзька купіў — невядома, аднак ужо на другі дзень ён сядзеў за сталом у маці і пускаў слязу: не помніць, куды падзеліся тыя долары. Хоць забі — не помніць...

Застаўся і без кватэры, і без грошай. Не пазайздросціш.

Неўзабаве не стала маці, і Валодзьку зусім зрабілася нявыкрутка. Кватэру ж старая падарыла ўнучцы, таму сястра паказала на дзверы...

Апошнія свае дні Валодзька правёў у далёкай вёсцы на Брагіншчыне. Там вольных хат хапала. Выбірай любую, засяляйся і жыві. Паехаў туды не адзін. Знайшоў сабе такую ж бяздомную сяброўку, як і сам. Да пенсіі нядоўга працаваў на ферме...

Страціў сям'ю, кватэру, сябе... Верыцца — не верыцца, што такое можа быць.

І ўсё ж — верыцца. Хацеў паставіць клічнік, аднак перадумаў: няма чаму радавацца…


КАМУ ЛЕПШ

Раней Ніна Якаўлеўна часта прыязджала з Магілёва да сястры Вольгі, якая жыве ў вёсцы. Цяпер наведвае яе вельмі рэдка. Гады бяруць сваё. Ды і яшчэ адна прычына важная — аўтобусы перасталі ў сестрыну вёску хадзіць, бо, кажуць, няма выгоды, пасажыраў мала. Яно сапраўды так. Каму тут куды ездзіць! Жыхароў у вёсцы — на пальцах пералічыш, а маладзейшыя маюць уласны транспарт.

Але ўсё ж выбралася надоечы, чым нямала здзівіла сястру. Прыкаціла на таксі! Пад самы ганак. Сама ж прызналася:

— А колькі таго жыцця! Ды і нядорага ўзяў таксіст, мірыцца можна. Калі ж па табе засумавала. Можа, больш ужо і не ўбачымся?..

Вольга махае рукой:

— Цьфу на цябе! Цьфу! Што ты такое кажаш, сястра! Будзем жыць яшчэ, будзем! Які наш век?..

Сядзяць за сталом. Выпілі па пяцьдзясят грамаў — за сустрэчу, гамоняць.

— Зайздрошчу я табе, Ніна, — кажа Вольга. — Ты ў горадзе жывеш — шчаслівая! Ні дровы не трэба, ні ваду насіць з калодзежа — яна пад бокам, вада. А ў нас і фельчарскі пункт ліквідавалі. Няма і паштовага аддзялення. Пенсію, праўда, прыносяць дамоў. Ды і дзеці твае побач. Як яны там?

Ніна Якаўлеўна ўздыхае:

— А я, Вольгачка, верыш ці не, табе зайздрошчу ўвесь час.

— Як гэта? — дзівіцца Вольга. — Чаму?

— Як чаму? Твае дзеці далёка, і як яны там жывуць, табе невядома. Ты не бачыш і не чуеш, як яны там... А ў мяне ўсё навідавоку. Пагрызуцца, а прычын для гэтага знойдзецца шмат, а я ж бачу, і як кожная маці, блізка да сэрца бяру, перажываю. Іншы раз Паўлік да мяне начаваць прыходзіць. Чаму — і пытаць не трэба... А то дачка паскардзіцца: Сцёпка зноў напіўся, біцца лезе... За дзяцей — і да мяне... Маці прыгрэе... Накорміць, напоіць і суцешыць...Так што радуйся, што твае дзеці далёка...

Пасядзелі моўчкі. Потым Ніна Якаўлеўна глыбока ўздыхнула, кажа:

— Можа ў іх, у тваіх дзяцей, і сапраўды ўсё добра? Хай будзе так.

А Вольга нічога не адказвае. Яна, відаць, сур'ёзна задумалася, каму з іх лепш жыць...

Васіль ТКАЧОЎ

Прэв’ю: fonstola.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».