Вы тут

Гарады як машыны цудаў. Сусветныя трэнды — за разумную ўрбанізацыю


Сучасны свет я ўяўляю як камп'ютарную карцінку, што «рассыпаецца» на пікселі, а пасля гэтыя дробныя квадрацікі складваюцца ў новыя вобразы. З'яўляюцца прафесіі, заняткі, рэчы, якіх не існавала раней. Пераасэнсоўваюцца ранейшыя веды, адбіраюцца найлепшыя практыкі, мяняецца мысленне. І справа тут не толькі ў развіцці тэхналогій. ХХІ стагоддзе — гэта час ідэй. Гэта рубрыка — спроба асэнсаваць, што адбываецца сёння і зазірнуць наперад.


Глабальная змена клімату, скарачэнне рэсурсаў, новыя запыты насельніцтва адбіваюцца на стандартах будаўніцтва і праектавання гарадоў. Ужо сёння сертыфікуюцца не толькі будынкі, але і цэлыя раёны. Такія стандарты экалагічнай забудовы, як WELL, FІTWELL, BREEAM, LEED, рэгламентуюць увесь жыццёвы цыкл будынкаў ад стадыі іх праектавання да зносу. Дзякуючы новым тэхналогіям гарады паступова мяняюць аблічча, «абрастаюць» новымі паслугамі і магчымасцямі. Змяняецца транспартная, экалагічная і сацыяльная інфраструктура. Улічваюцца новыя мэты, сярод якіх — павышэнне якасці жыцця гараджан, захаванне іх здароўя і дабрабыту. Пандэмія «падкінула» ўрбаністам шэраг новых ідэй пры рабоце над далейшымі стратэгіямі развіцця гарадоў і ў той жа час яна паскорыла працэсы, якія ўжо даўно выспявалі. Сёння ва ўсіх кутках зямнога шара ўрбаністы шчыруюць над будучымі сцэнарыямі забудоў і развіцця гарадоў. Яны ствараюць складаныя комплексныя праграмы, улічваюць шматлікія выклікі — ад змен клімату, вырашэння экалагічных пытанняў да прафілактыкі розных захворванняў. Пры рабоце над сцэнарыямі забудоў і развіцця населеных пунктаў звяртаюць увагу на тое, што ад гарадскога асяроддзя залежаць паводзіны чалавека, харчовыя звычкі, псіхічны стан, зносіны з іншымі. І ўсе гэтыя запыты і патрэбы пераплецены. Немагчыма вырашыць адно пытанне, не закранаючы іншых. Больш за тое, комплексны падыход дазваляе эканоміць грошы. Напрыклад, ствараючы зялёныя зоны, можна вырашаць праблемы, звязаныя з адвядзеннем лішняй вады падчас моцных ліўняў, ахалоджваннем гарадоў у спёку, прафілактыкай хранічных і псіхічных захворванняў сярод насельніцтва.

Асноўны акцэнт сёння робіцца на павышэнне якасці жыцця гараджан. Мінулы год паказаў, наколькі важна ствараць асяроддзе з улікам аховы здароўя, бяспекі, пытанняў, звязаных з дабрабытам жыхароў. Прычым важна ўлічваць не толькі ўжо існуючую карціну, але і старацца прадугледзець, з якімі праблемамі гараджане могуць сутыкнуцца ў будучым, працаваць на доўгатэрміновую перспектыву.

Новыя тэндэнцыі горадабудаўнічай палітыкі, арыентаванай на чалавека, выяўляюцца ў рэалізацыі падыходу Urban Health у кіраванні горадам. Уцягненне насельніцтва ў прыняцце ключавых палітычных рашэнняў, комплекснае разуменне аховы здароўя, кіраванне, заснаванае на прынцыпах устойлівага развіцця, — вось трэнды, скіраваныя на тое, каб ствараць гарады будучага з камфортным асяроддзем, паляпшаць якасць жыцця ў іх.

Куды знікаюць аўтамабілі?

Каранавірус паказаў, што гарады аказаліся не гатовыя да атак вірусаў — шчыльнасць насельніцтва спрыяе распаўсюджванню хвароб. Такі «вірусалагічны» выклік прывёў нават да дыскусій аб тым, ці не знікнуць гарады ў будучыні. Маўляў, жыхары пачнуць перабірацца ў больш бяспечныя маланаселеныя тэрыторыі і працаваць дыстанцыйна. Але гэты год паказаў, што людзі не жадаюць жыць у ізаляцыі — у час, калі каранцін у многіх краінах быў зняты, жыхары актыўна выйшлі на вуліцы. Усё ж гарады даюць зносіны, розныя магчымасці, выбар, інакш яны так не прыцягвалі б насельніцтва (параўнайце: яшчэ 200 гадоў таму толькі два працэнты насельнікаў планеты былі гараджанамі, сёння — не менш за 55). Менавіта гарады іграюць ключавую ролю ў сусветнай эканоміцы: яны даюць 80 працэнтаў ВУП.

Пандэмія загнала людзей у інтэрнет-прастору. У той жа час яна аб'яднала чалавецтва: эксперты з розных куткоў свету пачалі разам шукаць адказы на сучасныя экалагічныя, вірусалагічныя і эканамічныя выклікі, дзяліцца сваімі ідэямі. Так, на Маскоўскім урбаністычным форуме эксперты з усяго свету абмяркоўвалі не толькі пытанне, як пандэмія зменіць жыццё гарадоў, але і спрабавалі разабрацца, якім прынцыпам павінны адпавядаць стандарты арганізацыі гарадскога асяроддзя, каб людзі сталі больш здаровыя і шчаслівыя, а населеныя пункты — устойлівыя і раўнапраўныя.

Так, заснавальнік і старшыня канадскай арганізацыі 8—80 Cіtіes, а таксама першы амбасадар міжнароднай арганізацыі гарадскіх паркаў, грамадскіх прастор і рэкрэацыйных зон World Urban Parks Гільерма Пеньялас упэўнены, што сёння ў жыхароў павінна быць магчымасць карыстацца горадам. Трэба праектаваць асяроддзе так, каб у ім камфортна было не толькі тым, каму каля 30 гадоў і хто знаходзіцца ў добрай фізічнай форме, але і каму ад васьмі да 80 гадоў. Людзей трэба выманьваць з дамоў. Ілюмінацыя, музыка, актыўнасці павінны паказваць, што вуліцы гатовыя заняць жыхароў у любы сезон года, нават у зімовыя цёмныя дні.

Шмат робіцца для таго, каб прыбраць машыны з вуліц. Адзін з сусветных трэндаў — развіццё веласіпеднага руху і пешаходных вуліц, а таксама перасаджвання гараджан з уласных аўто на грамадскі транспарт. Такія змены — не проста экалагічны запыт: усё ж гарады з'яўляюцца буйнымі крыніцамі забруджвання паветра, але і спроба вырашыць праблему з заторамі (два аўтобусы здольныя перавезці куды больш людзей і пры гэтым займаць на паласе значна менш месца,чым дзясяткі машын). Паступова мяняецца і мысленне людзей, яны бачаць, што інфраструктура можа выкарыстоўвацца па-рознаму. Так, у выхадныя дні транспартныя дарогі аддаюцца пешаходам і веласіпедыстам. Да таго ж горад, дзе «ліквідуюцца» машыны, становіцца больш бяспечным.

Пры планаванні гарадоў можна адразу закладваць такія схемы рассялення, каб людзі змаглі абыходзіцца без аўтамабіляў. У кампактных раёнах жыхары атрымліваюць усё, што ім патрэбна: жыллё, работу, забавы, гандлёвыя і медыцынскія паслугі. Прычым любы аб'ект знаходзіцца ў зоне 15-хвіліннай даступнасці і да яго можна дабрацца пешшу ці на ровары.

Як выманіць людзей на вуліцы?

Архітэктар з Даніі, прафесар і кансультант па гарадскім дызайне Ян Гейл заўважыў, што падыходы да планавання гарадской прасторы пастаянна мяняюцца. Так, спачатку перад еўрапейскімі архітэктарамі ставілася задача стварыць больш пешаходных вуліц, у 60—80-я іх трэба было напоўніць актыўнасцямі, абсталяваць прастору, дзе людзі змогуць кантактаваць. Менавіта тады пачалася так званая эпоха капучына, калі за кубачкам кавы можна было сустрэцца з сябрамі ці дзелавымі партнёрамі або проста адпачыць і палюбавацца горадам. Пасля ўрачы загаварылі пра сіндром чалавека, які вельмі многа сядзіць, і праекціроўшчыкі сталі думаць, як абсталяваць гарадское асяроддзе, каб людзі больш займаліся спортам. Апошнім часам вострай стала праблема, звязаная з адаптацыяй гарадоў да змен клімату. Рост тэмператур у летні перыяд адбіваецца на самаадчуванні гараджан, у спякоту вырастае смяротнасць.

Запыт і новыя патрэбы ўплываюць на змены асяроддзя. Трэба прадумваць маршруты для людзей, пашыраць камунікацыю. Яшчэ гадоў 20 таму нават і гаворкі не вялося пра неабходнасць стварэння грамадскіх прастор. А сёння гарады цяжка ўявіць без такіх цэнтраў прыцягнення і аб'яднання людзей. Дарэчы, публічныя прасторы — гэта не толькі месцы для забаў, творчасці, нефармальнай адукацыі: там можна займацца самай рознай дзейнасцю (у тым ліку разам з суседзямі абмяркоўваць далейшае развіццё сваіх кварталаў).

Праз сацыяльную і фізічную актыўнасць гарады працуюць на прафілактыку атлусцення, шматлікіх хранічных захворванняў і псіхічных праблем. Гарадское планаваннне і будаўніцтва могуць разглядацца як інвестыцыі ў чалавечы капітал.

Прадуманае асяроддзе дазваляе пазбаўляць людзей ад адзіноты, спрыяе наладжванню ўзаемадзеяння паміж суседзямі, гараджанамі наогул. Натуральна адкрыты і камунікабельны горад, насычаны сацыяльнымі кантактамі, спрыяе росту даверу паміж людзьмі, становіцца больш бяспечным.

Важную ролю адыгрываюць зялёныя насаджэнні і фасады будынкаў, інфраструктура. Людзі не захочуць выбірацца на вуліцу, калі там непрыгожа і няўтульна. Неабходна, каб зоны адпачынку знаходзіліся побач, каб для людзей сталага веку дабрацца да іх не стала пэўным выпрабаваннем. Становіцца папулярным і такі занятак, як агародніцтва ў горадзе. Напрыклад, сёлета ў Маскве гараджане бралі ў арэнду градкі ў батанічных садах, каб вырошчваць розныя расліны. Такі адпачынак — гэта адзін з найлепшых спосабаў медытацыі ў горадзе.

«Машыны цудаў». Так называе гарады архітэктар, кіруючы дырэктар кампаніі Space Syntax UK па гарадскім планаванні і дызайне Універсітэцкага каледжа Лондана Цім Стонар.

Ён лічыць, што каранавірус стаў сур'ёзным выпрабаваннем для гарадоў, бо падрывае іх асноўную функцыю — сацыяльную. Усё ж гэта асяроддзе, створанае, каб людзі маглі ўзаемадзейнічаць. Так, мы навучыліся жыць з зумамі і іншымі сістэмамі і распрацавалі новыя метады ўзаемадзеяння. Але лічба не заменіць жывыя сустрэчы, горад дорыць нефармальныя зносіны, нечаканыя спатканні, у ім можа нешта адбывацца не па плане.

Многія гарады і да ковіда жылі неэфектыўна, не працавалі як «машыны цудаў», у акружэнні мільёнаў «суседзяў» многія адчувалі сябе адзінокімі. Пандэмія абвастрыла гэтую праблему. Людзі адчулі, што яны страцілі з каранцінам. Таму важна ствараць умовы для гарадскіх сюрпрызаў, насычаць вуліцы жыццём, улічваць усё гэта пры праектаванні. Людзі не павінны бачыць адпаліраваныя бетонныя пліты. Будынкі становяцца арганічнай часткай ландшафту. Галерэі і кавярні ствараюць спрыяльную атмасферу. Менавіта сацыяльнае ўзаемадзеянне, на думку архітэктара, — ключ да поспеху гарадоў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.