Вы тут

Праект па аднаўленні Тураўскага крыжа адзначаны прэміяй


У толькі што прамінулым, вельмі трывожным, цяжкім годзе былі і светлыя падзеі, адна з іх — аднаўленне Тураўскага крыжа, артэфакта XІІ—XІІІ стагоддзяў. Ідэя аднавіць яго ўзнікла яшчэ ў далёкіх 1960-х, калі слынны гісторык Пётр Лысенка падчас раскопак Тураўскага гарадзішча знайшоў чатыры свінцовыя іконкі, якія, згодна з ягонай гіпотэзай, маглі знаходзіцца на напрастольным крыжы.


Шмат гадоў гісторык спрабаваў ініцыяваць аднаўленне таго крыжа, і вось нарэшце пачаліся рэальныя крокі. У 2018 годзе быў аб'яўлены конкурс на найлепшы эскіз адноўленай святыні, праект падтрымаў Банк Развіцця Рэспублікі Беларусь. На жаль, сам Пётр Лысенка не дажыў да здзяйснення сваёй мары, але паспеў узяць удзел у рэалізацыі праекта. А 26 верасня 2020 года, на свята Узнясення Крыжа Гасподняга, у мінскім храме Свяціцеля Кірылы Тураўскага напрастольны крыж Тураўскай епархіі ХІІ—ХІІІ стагоддзяў быў прадстаўлены людзям.

І вось вестка: прэмія «За духоўнае адраджэнне» за 2020 год прысуджаная калектыву аўтараў за аднаўленне беларускай святыні — Тураўскага крыжа. Сярод лаўрэатаў — сябра Беларускага саюза мастакоў Алена Андрушчанка, чый праект перамог у адкрытым конкурсе, куратар праекта і аўтар канцэпцыі крыжа, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускай праваслаўнай царквы Марыя Нецвятаева і дырэктар ТДА «Залаты платан» Алег Ермаловіч, ювелір, які зрабіў крыж. Дакладней, два крыжы: адзін для дэманстрацыі ў храме, другі — для Нацыянальнай акадэміі навук.

Чым значны праект па аднаўленні Тураўскага крыжа?

Артэфакт быў галоўнай святыняй Тураўскай епархіі, знаходзіўся ў Тураўскім кафедральным саборы. Згублены пасля землятрусу, які разбурыў сабор у XІІІ стагоддзі. Туды ж, у Тураў, у сённяшні яго галоўны храм, крыж прынясуць у дзень памяці святога Кірылы Тураўскага. У асобнік крыжа, які будзе дэманстравацца ў храме, укладуць часцінкі Крыжа Гасподняга, а таксама часцінкі мошчаў свяціцеля Мікалая, апостала Андрэя Першазванага і велікамучаніцы Варвары.

Па-другое, рэканструкцыя напрастольнага крыжа Тураўскага епіскапальнага храма ўнікальная сваёй «беларускасцю», прывязкай менавіта да нашай гісторыі. Як сцвярджае Марыя Нецвятаева, «Мы не хацелі, каб крыж быў зроблены «пад Візантыю» ці пад нейкую готыку. Мы ставілі ўмову, каб гэта была менавіта беларуская нацыянальная святыня. Так, я заўважала ў тых жа казаннях Кірылы Тураўскага калькі з візантыйскай культуры, але ў іх шмат свайго, самабытнага. Старажытны Тураў быў вельмі важны і для Захаду... І калі мітрапаліт Веньямін прымаў узноўленыя крыжы, многія выказваліся, што гэта самабытны беларускі артэфакт».

З гэтай жа мэтай крыж упрыгожылі выказванні Кірылы Тураўскага.

Вядома, гэта яшчэ і высокі ўзор беларускага мастацтва і майстэрства беларускіх ювеліраў. Пётр Лысенка захапляўся тым, наколькі высокі ўзровень мелі старажытныя тураўскія майстры. Сённяшнія майстры, якія прычыніліся да аднаўлення Тураўскага крыжа, таксама паказалі высокі клас. Алег Ермаловіч расказваў журналістам, што давялося аднаўляць прыёмы ювеліраў старажытнага Турава, даследаваць крыніцы:

— Дапамагло і веданне тэхналогій таго часу — бронзавае ліццё, выкарыстанне ліцейных формаў з стэатыту, са сланцаў, радовішчы якіх знаходзіліся побач — у Оўручы... Так, крыж выкананы ў сярэднявечных тэхналогіях. Вядома, некаторыя сучасныя метады мы не маглі цалкам выключыць, і сплавы металаў адпавядаюць сучасным стандартам. Але гэтыя стандарты блізкія да прапорцый, якія прымяняліся ў XІІ—XІІІ стагоддзях. Для крыжа, які часта трымалі ў руках, проба бралася некалькі ніжэй, таму што тут важная пэўная трываласць. Але, напрыклад, самі абразкі зробленыя з золата 958-й пробы — гэта практычна максімальная проба, метал мяккі і пластычны, выглядае фактычна як чыстае золата.

Мастачка Алена Андрушчанка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай праекту, выказалася вельмі ўзнёсла:

— Я, вядома ж, ганаруся, што маю нейкае дачыненне да стварэння крыжа. Я паспрабавала максімальна выкласціся, калі рыхтавала эскізы. Калі ствараецца такі аб'ект, складана сказаць, што ты адзін аўтар. Тваёй рукой, напэўна, водзяць вышэйшыя сілы, як мне здалося.

Адноўлены Тураўскі крыж называюць важным сімвалам. Марыя Нецвятаева заўважае, як была ўражана тым, што, паводле даследаванняў таго ж Пятра Лысенкі, Тураў ніколі ні на кога не нападаў, толькі бараніўся:

— І гэта таксама сімвалічна для вобраза Тураўскага крыжа, які ўспрымаецца як заклік да міру.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.