Вы тут

Найлепшае, што здарылася з беларускім кіно за год


Самая галоўная падзея года ў беларускім кіно — кінафестываль «Лістапад» — вядомы як «фестываль фестываляў», бо тут прадстаўляюць стужкі, якія паспелі атрымаць узнагароды і пэўную вядомасць на іншых кінападзеях свету. Але сёлета фестываль быў адменены. Для беларускага гледача засталіся таямніцай не толькі замежныя фільмы. Беларуская кінаіндустрыя, найлепшыя прыклады якой звычайна траплялі ў праграму нацыянальнага конкурсу, таксама пазбавілася магчымасці падвесці вынікі. Але арганізатары «Лістапада» пры падтрымцы сеткі кінатэатраў Silverscreen вырашылі выправіць гэты момант. З 17 па 23 снежня прайшоў Фестываль беларускага кіно.


desktopbackground.org

Дату пачатку наўмысна прымеркавалі да Дня беларускага кіно, які адзначаецца 17 снежня з 1994 года. У 1924-м у гэты дзень была прынята пастанова СНК БССР «Аб урэгуляванні кінасправы ў БССР» і створана Упраўленне па справах кіно. Гэта пачатак афіцыйнай дзяржаўнай кінавытворчасці на тэрыторыі Беларусі.

Праграма Фестывалю беларускага кіно фактычна складзена з карцін, якія павінны былі ўвайсці ў нацыянальны конкурс «Лістапада». Падзея стала своеасаблівым спосабам падвесці вынікі года ў індустрыі. Праз пандэмію многія фільмы на вялікім экране ў Беларусі ўвогуле аказаліся ўпершыню.

Зноў у беларускім кіно пераважаюць дакументальныя і кароткаметражныя карціны, часам — і тое, і тое. Кінематаграфісты даследуюць чалавечыя стасункі і ўнутраныя станы, псіхалогію і жыццёвыя абставіны звычайных і незвычайных людзей. Выразнай і відавочнай канцэпцыі ў размеркаванні фільмаў па днях не заўважылася. За шэсць дзён фестывалю можна было паглядзець 19 карцін, з якіх 10 дакументальных, восем ігравых і адна анімацыйная. Толькі сем фільмаў маюць хронаметраж, большы за паўгадзіны.

Памяць.

Эмацыянальны ўраборас

Сумна, калі адной з найбольш значных і заўважных падзей года ў індустрыі становіцца страта, трагедыя. 14 мая гукарэжысёр Максім Гаўрыленка, рэжысёр Любоў Зямцова і прадзюсар Уладзімір Міхайлоўскі вярталіся  са здымак у Гомелі. На сорак трэцім кіламетры трасы яны трапілі ў аўтакатастрофу, якая адразу забрала жыцці хлопцаў. Любоў памерла ў рэанімацыі, не прыходзячы ў свядомасць, праз восем дзён.

Падзея стала жудасным ударам для ўсіх, хто ведаў маладых людзей, хто з імі працаваў.

Але прайшло паўгода. Фестываль беларускага кіно стаў выпадкам згадаць не пра трагедыю, а пра дзейнасць маладых кінематаграфістаў, пра тое, што яны распавядалі ў сваіх карцінах, якім бачылі свет.

Фестываль адкрыўся творчым вечарам Максіма Гаўрыленкі і скончыўся мерапрыемствам, прысвечаным памяці Любові Зямцовай і Уладзіміра Міхайлоўскага.

Жыццё гуку...

...дае гукарэжысёр, імя якога мы не дачакаліся ў цітрах і ўжо сышлі з залы або выключылі фільм на камп’ютары. Гэта чалавек, які напаўняе фільм жывым

голасам, раскрывае яму жабры, прымушае размаўляць з гледачом кінамовай не толькі візуальнай, але і звычайнай.

Максіма Гаўрыленку абазначаюць як мастака гуку. Жыццё Максіма было звязана з двума захапленнямі: кіно і музыкай. Тонкае адчуванне гуку, уласцівае музыканту, ён перанёс у кінамастацтва і браўся за любыя праекты, нават бясплатна, каб дапамагчы незалежнаму кіно развівацца. Максім рыхтаваўся да рэжысёрскага дэбюту. Засталося шмат сцэнарных напрацовак.

На творчым вечары Максіма паказалі пяць яго работ. «Апошні лайк доктару Шперлінгу» — кароткаметражны фільм Дзяніса Зосіка, які распавядае пра канфлікт двух кіроўцаў на зімняй трасе. Маці Максіма здзіўлялася, як ён працаваў на гэтых здымках, бо хлопец вельмі не любіў холад.

«Пляж/лес/тамбур» Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай стаў найлепшым мастацкім фільмам на «Лістападзе-2018». Гэта эпізод гвалту, які своеасабліва даследуе псіхалогію агрэсара і ахвяры. Натуральныя дэкарацыі заўсёды вымагаюць вялікай увагі да гуку ў кіно.

«Victims» Антона Люмо — псіхалагічны нарыс, зняты ў стылістыцы старога кіно з VHS-плёнак. Персанажы размаўляюць па-англійску, але для беларускага паказу стваральнікі вырашылі яго пераагучыць. Рэжысёр прапанаваў імітаваць голас і стыль легендарнага акцёра агучкі, але Максім Гаўрыленка знайшоў яго самога і дамовіўся з ім.

«From a great hight» Улады Сяньковай распавядае пра хлопца, які хоча пазбегнуць прызыву ў армію, з’ехаўшы ў Польшчу, і ў вагоне цягніка сустракае бежанца з Сірыі. Гук у фільме адыгрывае адну з цэнтральных роляў, выступае сімвалічным складнікам, адным з галоўных экспрэсіўных сродкаў і вельмі дакладна ўвасабляе пачуцці герояў.

Кадр з фільма «Пад кронамі дрэў».

«Пад кронамі дрэў» Ігната Качана — прыгожая і цёплая гісторыя пра душы людзей з адной з беларускіх вёсак, пра тое, што хаваецца ў іх за штодзённай працай і тое, што ім патрэбна ў жыцці. Адна з асаблівасцей фільма — жывы гук музычных інструментаў, што разносіцца ў полі. Здаецца, у гэтым фільме для Максіма апрацоўка кінагуку і музыкі маглі сустрэцца.

Кожны рэжысёр выходзіў распавядаць пра сваё кіно і супрацоўніцтва з Максімам Гаўрыленка. Яго згадвалі як надзвычай добрага чалавека і захопленага справай прафесіянала, з якім было камфортна працаваць, які калі і крычаў, то толькі «Цішыня на пляцоўцы».

Любоў — галоўны прынцып

Так заўсёды характарызуюць работы Любові Зямцовай. Чалавек і яго любоў былі галоўнай тэмай яе кіно, кожнай з работ. Рэжысёрка скончыла Акадэмію мастацтваў у Мінску і школу Вайды ў Варшаве.

«Пра любоў: Іра», «Месца кахання», «Дзень Перамогі». Зямцова — аўтар трох дакументальных фільмаў і трох карцін з цыкла «Невядомая Беларусь», які выходзіў на канале «Цяперашні час». У праекце выйшлі фільмы пра жыццё мінскай Камароўкі, пра людзей, якія працуюць па размеркаванні пасля навучальных устаноў, і пра прытулак для жанчын, якія збеглі з сямей праз хатні гвалт. Фільмы з «Невядомай Беларусі» можна паглядзець у інтэрнэце, яны напоўнены ўвагай і цікаўнасцю да лёсаў герояў, да дэталяў іх жыцця. Уладзімір Міхайлоўскі быў партнёрам Любові і па жыцці, і па працы, а таксама прадзюсарам «Невядомай Беларусі». Яны пазнаёміліся дзякуючы герою працяглага праекта «Выхаванне Арцёма». Разам з Максімам Гаўрыленкам маладыя людзі рыхтавалі чацвёрты фільм праекта, прысвечаны гомельскім валанцёрам, якія дапамагаюць медыкам падчас пандэміі каранавіруса.

Кадр з фільма «Месца кахання».

Святлана Зямцова, маці рэжысёркі, шмат распавядала пра звычкі і спосабы працаваць, уласцівыя Любові і Уладзіміру. У сям’і і сярод сяброў пра іх не кажуць у мінулым часе — яны адправіліся ў касмічную камандзіроўку.

На вечары памяці паказалі першую поўнаметражную стужку, сумесную работу Любові і Уладзіміра — «Месца кахання», якая даследуе, як фарміруюцца і развіваюцца стасункі ў людзей з інваліднасцю, якія наведваюць цэнтр дзённага знаходжання.

Акрамя гэтага, была прадстаўлена новая работа Любові пад назвай «Вольны народ». Фільм прысвечаны жыхарам вёскі Ніжнія Жары ў Гомельскай вобласці, якія змагаюцца за права застацца на сваёй радзіме.

Любоў паказала сваіх герояў натуральнымі, непасрэднымі, экспрэсіўнымі, пазбягаючы лішняй драмы і непатрэбных акцэнтаў. Фільм атрымаўся светлым і дынамічным. Пасля паказу «Месца кахання» ўключылі запіс з прэм’еры на фестывалі «Watchdocs», дзе Любоў адказвае на пытанні пра здымкі, узаемадзеянне з героямі. Кіно і тое, як яго ўспрымае стваральніца, сплялося ў адно ўражанне і ўтварыла шчымлівае пачуццё страчанага святла. Гледзячы на фотаздымкі маладых людзей, у апошнюю чаргу падазраеш, што ім прысвечаны вечар памяці, а не звычайны творчы вечар.

Для ўсіх прысутных было зразумела, якія перспектывы страціла беларуская кінаіндустрыя. Але лейтматывам, неаднойчы паўтораным на абодвух вечарах, была фраза: «У нас засталося іх кіно». Цудоўна, калі ў людзей атрымліваецца пакінуць, закансерваваць частку сябе ў пэўным стварэнні, але не такія падзеі павінны быць прычынай пазнаёміцца з творамі.

Малая радзіма

Як адзначалася ў пачатку, з 19 фільмаў у праграме большая частка — дакументальныя стужкі, некаторыя з іх зроблены на кінастудыі «Летапіс». У анонсах фестывалю фігуравала яшчэ і такая фраза: «19 фільмаў, каб зразумець Беларусь». Насамрэч дакументальнае мастацтва гэтым і займаецца: даследуе навакольны свет, назірае за ім, збірае заўважанае і пасля з гэтага фарміруе карціну, уяўленне пра гэты свет. Кажуць, што няварта супрацьпастаўляць дакументальнаму кіно мастацкае. «Пастановачныя» карціны называюцца ігравымі, а дакументальныя стужкі не менш мастацкія, бо ўсё адно не адлюстроўваюць рэальнасць абсалютна аб’ектыўна, а паказваюць яе праз прызму поглядаў і ўспрыманне рэжысёра. На мантажы ўсё адно выбіраюцца спосабы ўздзеяння на гледача і тое канчатковае ўражанне, якое стваральнік хоча закласці.

Пра гэта распавядала маці Любові Зямцовай: манціруючы фільм, рэжысёрка часта паказвала родным напрацоўкі з пытаннем «Што ты бачыш?». Гэта дазваляла ёй параўноўваць сваё бачанне з тым, наколькі ўдала яно перадалося.

Даследаванні беларускіх дакументалістаў засяроджаны на лёсах людзей. Герой у кадры галоўны, але асяроддзе, у якое ён змешчаны, дзе ён існуе, часта адыгрывае ролю другога галоўнага персанажа. Цікавы не чалавек сам па сабе, а чалавек у абставінах. Гэта і зразумела: як распавесці цікавую гісторыю пра таго, хто нічым не вылучаецца?

Кадр з фільма «Невядомы рай».

Беларускія дакументалісты часта здымаюць у правінцыі, далёка ад Мінска і абласных цэнтраў. «Каб зразумець Беларусь», яны шукаюць яе сутнасць у ціхіх і спакойных вёсках, у сэрцах іх жыхароў. «Усе мерапрыемствы па плане» Алеся Лапо — пра дырэктара сельскага Дома культуры, «Невядомы рай» Дар’і Юркевіч — пра жыццё сям’і ў вёсцы побач з Чарнобыльскай зонай, «Мне трэба поціскаў...» Андрэя Куцілы — карціна пераадолення самоты ў напаўзакінутай вёсцы. Цікава і тое, як рэжысёры бачаць. У Андрэя Куцілы карціна запаволеная, манатонная, сцішаная, рэдка выходзіць на вуліцу. Замкнёная ў сабе. Алесь Лапо паказвае шмат размоў, імкнецца злавіць характар кожнага, хто трапляе ў кадр. Карцінка выглядае шэрай, быццам вечнае пахмурнае надвор’е. Асабліва адчуваецца кантраст з «Невядомым раем» Дар’і Юркевіч. Назва карціны вельмі дакладна адлюстроўвае яе настрой. Нягледзячы на тое, што ў карціны няма пэўнай фабулы, камера проста сочыць за людзьмі, фільм атрымаўся рухавы, дынамічны, гучны і надзвычай удала зняты. Гэта менавіта той выпадак, калі абставіны вызначаюць цікавасць да героя, і аўтар адводзіць абставінам шмат экраннага часу. Агульныя планы прыроды побач з Чарнобыльскай зонай адчужэння зняты так, што можна рабіць скрыншоты, ставіць іх на застаўку камп’ютара, і ніхто не здагадаецца, што гэта ў Беларусі. Прытым тут справа не столькі ў нейкай унікальнай прыгажосці, колькі ў бачанні аўтаркі, у тым, як гэта зафіксавана. «Рай» паказаны ў поўнай адпаведнасці з найменнем, але на кадрах не хаваецца знак радыяцыйнай небяспекі. У гэтай несупастаўляльнасці, супярэчлівасці абставін — тэма фільма. Яе раскрыццё — у гарманічным, натуральным суіснаванні дысгарманічнага асяроддзя і харызматычнага чалавека.

Гульня ў масавае

Тэма Чарнобыля, дарэчы, таксама з неверагодна прыгожымі пейзажнымі планамі ўзнікае ў «Забароненай зоне» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Рэдкі звер у беларускай кінавытворчасці — ігравы поўнаметражны фільм, тым больш з замашкамі хорара і трылера. Розныя эксперыменты на гэтых жанрах рэгулярна ставіць Мікіта Лаўрэцкі, але спроб зрабіць масавае кіно ён не прадпрымаў.

Кадр з фільма «Забароненая зона».

Значыць, маем трылер з класічным пачаткам «кампанія сяброў выпраўляецца ў паход/ладзіць вечарынку», класічным паваротам настрою «спачатку ўсім весела і бесклапотна, а пасля пачынаецца нешта жудаснае» і класічным развіццём сюжэта «ўсіх адстрэльваюць па адным». Таксама прысутнічаюць маладыя і адносна вядомыя расійскія акцёры. Ёсць прыгожая аператарская праца, насычаная здымка лясных пейзажаў і заўсёды цікавых планаў закінутага горада. Ёсць выразная тыпізацыя характараў герояў, на якой добра, як на дражджах, расце канфлікт, асабліва калі змясціць гэты росчын у гарачую духоўку экшну.

Ёсць нешта па-свойму вясёлае і нават унікальнае ў тым, што тыповае кіно ў Беларусі выглядае таксама эксперыментальным. Канешне, у фільме хапае спрэчных момантаў, асабліва з пункту гледжання сюжэтных хадоў. Загадкавасць тут умоўная, хорару дадае хутчэй нечаканасць, чым незразумеласць пагрозы. Псіхалагізм даволі павярхоўны, прысутнічае настолькі, наколькі патрэбна крыху размежаваць добрых і дрэнных, хаця варта адзначыць, што чаканні стэрэатыпнага вырашэння пару разоў не апраўдваюцца. Персанажы часам паводзяць сябе нелагічна, але гэта ў пэўнай меры тлумачыцца канцоўкай. Пасля паказу рэжысёр прызнаваўся, што яны знялі два варыянты фіналу, але ён хацеў змясціць у фільм менавіта такі, і ўвогуле ўся праца была яму цікавай дзякуючы канцэпцыі фіналу. У фабулу, цалкам пабудаваную на экшне, раптам дадаецца лагічная метафара, якая тлумачыць і некаторыя дзіўныя моманты ў паводзінах герояў, і паглыбляе, надае дадатковы сэнсавы пласт развязцы.

Эксперыменты і разважанні

Незвычайнае для масавага гледача — больш звычайная сітуацыя ў беларускім кіно. Перадапошні дзень фестывалю стаў такой выстаўкай эксперыментаў, аб’яднаўшы тры кароткаметражкі — анімацыйную, ігравую і дакументальную. На першы погляд, фільмы не аб’яднаны нічым, але калі паглядзець іх і крыху падумаць, аказваецца, што кожны з іх — пасвойму літаратурная карціна, відэаэсэ, кінароздум. Цікава глядзець іх адзін за адным, бо кожны фільм рэалізоўвае гэтую эсэістычнасць па-рознаму, карыстаючыся адмысловымі метадамі кінамастацтва.

«Царства зорак», цалкам аўтарская работа Івана Гапіенкі, уяўляе сабой абстрактнае разважанне пра каштоўнасці, ідэі, іх паступовую трансфармацыю. Насычаныя, але не кіслотныя колеры, арыгінальная анімацыя і малюнак у суаднясенні з гісторыяй, абазначанай буйнымі рысамі. Гэта анімацыйны нарыс, свайго роду эсэ, у якім ні сюжэт, ні сімвалы, ні карцінка не займаюць дамінантнай пазіцыі, усё развіваецца цэльна і гарманічна.

«Дзе жывуць жаданні» абазначаны як гульнявы фільм, але гэта абсалютны эксперымент. Сумесная работа Дар’і Голавай і Сашы Кулак аб’ядноўвае малюнак, дзеянне, прадметную здымку і тэкст у своеасаблівы тэматычны нарыс. Ён выкананы кардынальна адрозна ў параўнанні з «Царствам зорак». У першым выпадку карціна пабудавана на стылістычнай аднароднасці і паступовай трансфармацыі сімвалаў, тут — фільм-эсэ атрымліваецца за кошт мантажу мазаічнага і статычнага, што праходзіць праз розныя кадры ўвасаблення. Таксама гэтую карціну адрознівае медытатыўнасць, падкрэсленая спакойнай колеракарэкцыяй.

Дакументальны фільм, паказаны ў гэты дзень, — «Дзіма» рэжысёра Дзімы Дзядка. У адрозненне ад «Мікіты Лаўрэцкага» Мікіты Лаўрэцкага, гэты фільм не пра стваральніка. Гэта ідэальнае спалучэнне ўнікальнага героя і падачы. Рэжысёр паказвае побыт, «працу» і прынцыпы чалавека, які ўсё жыццё займаецца крадзяжом. Яго матывацыя, погляды, уяўленне пра справядлівасць, законы светабудовы здзіўляюць, аказваюцца нечаканымі для гледача не менш, чым кадры з начным узломам вясковай крамы.

Кадр з фільма «Дзіма».

Эксперыменты — увогуле нешта накшталт крэда для беларускага кіно, таму відавочна, што ў фестывалі іх было дастаткова. Той жа фільм Мікіты Лаўрэцкага зманціраваны са старых відэа, у якіх аўтар з’яўляецца ва ўзросце ад 0 да 16 гадоў. І этнаграфічнае даследаванне ў кіно — «Код продкаў» Уладзіміра Луцкага і ўжо згаданы «Victims» Антона Люмо, і іншыя.

Часам звыклыя формы кіно ўспрымаюцца як эксперыментальныя толькі праз малую прадстаўленасць у кантэксце, як «Забароненая зона» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Часам у класічны фільм уносяцца арыгінальныя рэжысёрскія рашэнні, прадыктаваныя прадметам даследавання, як у «Цемры звонку» Анастасіі Мірашнічэнкі, дзе адна з частак гісторыі пра невідушчых футбалістаў зманціравана толькі гукам на чорным экране. У беларускім кіно заўсёды шмат аўтарскага падыходу, які пераўтварае карціну не проста ў дакументальнае, ігравое ці анімацыйнае кіно, але ў кіно з відавочным рэжысёрскім рашэннем.

800 хвілін самоты

Калі дакладна — 807 хвілін. Гэта сумарны хронаметраж усіх карцін фестывалю. Вядома ж, самі мерапрыемствы доўжыліся больш дзякуючы ўнікальнай магчымасці размовы са стваральнікамі фільмаў. Адразу атрымаць адказы на пытанні, якія пакінуў твор мастацтва, — рэдкая раскоша. У многіх выпадках што гледачы, што стваральнікі застаюцца сам-насам са сваімі ўражаннямі, адчуваннямі, эмоцыямі і адсутнасцю эмоцый.

Адзінота. У найлепшым, што здарылася з беларускім кіно ў 2020 годзе, пануе матыў адзіноты, што пераходзіць і трансфармуецца, уплятаецца ў сюжэт, праглядаецца праз сімвалы, наўпрост прамаўляецца персанажамі, пераадольваецца імі, скарае іх або застаецца фонам. Дзевятнаццаць крокаў самоты праз шэсць фестывальных дзён: у поглядзе, бачанні, страху, сваіх перакананнях, небяспецы, імкненні нешта стварыць, спробах да чагосьці дацягнуцца, бессэнсоўным і жорсткім спаборніцтве, закрытым ладзе жыцця, самаахвяраванні, сустрэчах з мінулым, немагчымасці адной з форм кантакту са светам, чалавечнасці, чысціні, сваім разуменні сумленнасці, чаканні кахання, барацьбе за сваё. Гэта заўважна нават па тэмах, лакацыях, абставінах: зона адчужэння, забытыя ці інертныя вёскі, дыспансер для людзей з псіхічнымі захворваннямі, могілкі, сацыяльны цэнтр для людзей з інваліднасцю. Заўважна па накіраванасці погляду: у мінулае, углыб свядомасці, у спробы зразумець і супаставіць убачанае з аб’ектыўным.

Кіно, як і любое мастацтва, не толькі забаўляе, але — у першую чаргу — пашырае наш светапогляд, рассоўвае межы таго, што мы ведаем пра сусвет, што мы здольныя ўгледзець і зразумець у ім. Чужая камера — тая дадатковая оптыка, якая дапамагае нашым уласным вачам бачыць болей. Фестывальнае кіно — пастаяннае знаёмства з тэмамі, праблемамі, людзьмі, да якіх мы непадобныя, і рэжысёрскім поглядам на ўсё гэта. Такая своеасаблівая праверка зроку: ці памятаеш ты пра існаванне таго, што не бачыш кожны дзень? Ці здольны ты гэта разумець, суперажываць, успрымаць нязвыклае як цікавае? Наколькі шырока і поўна ты бачыш карціну свету?

У гэтых фільмах сапраўды можна ўбачыць Беларусь. Зразумела, што не ўсю, а тыя яе часткі, што звычайна хаваюцца ў самых цёмных кутах рэчаіснасці і не прыходзяць большасці звычайных людзей у галаву роўна да таго моманту, пакуль яны самі не акажуцца ў падобных абставінах. Або не ўбачаць гэтыя абставіны ў кіно.

Дар’я СМІРНОВА

Друкуецца ў ЛІМе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».