Вы тут

Леў КАЗЛОЎ. УСМЕШКІ МІЖ ЛЕТАПІСНЫХ РАДКОЎ


Леў КАЗЛОЎ

Мяшчанка-ўдава заказала літургію ў царкве і заплаціла ўсяго паўгроша. Святар стаў за аналоем, але службу не пачынаў, толькі гартаў і гартаў Евангелле, быццам нешта шукаючы. Была зіма, ужо і ногі ў кабеты пачалі мерзнуць, а каля алтара панавала цішыня.
Нарэшце заказчыца не вытрымала і спытала, у чым справа. «Ды вось ніяк не магу знайсці тое месца ў кнізе, якое служыцца за паўгроша», — патлумачыў клірык. І давялося эканомнай удаве патроіць суму.


 

* * *
Неяк адзін заможны шляхціц прыбыў у рэзідэнцыю літоўскага канцлера з намерам прасіць у князя пратэкцыю, каб заняць месца земскага суддзі. Канцлер ужо добра ведаў, хто ён і што сабой уяўляе, але нічога не паказваў наперад.
Выслухаўшы працяглае казанне прэтэндэнта на пасаду, Чартарыйскі, падышоўшы да секрэтэра, дастаў адтуль сапсаваны гадзіннік і працягнуў яго шляхціцу. Той здзіўлена паглядаў на князя, не разумеючы, для чаго ўсё гэта.
— Бярыце, бярыце, — заспакоіў вялікі канцлер прасіцеля. — Хацеў бы, каб пан яго ўласнаручна адрамантаваў.
— Але ж я ніколі гэтым не займаўся! — зусім разгубіўся той.
— Можа, пан авалодае прафесіяй
і ўсё ж зробіць…
— Ратуй Божа, ніколі не навучуся!

— Ну, што ж, усё зразумела, — сказаў князь, адносячы гадзіннік назад, — з гэтай самай прычыны не станеце і суддзёю.

* * *
Староста і бурмістр жылі ў добрай згодзе. Нават мелі адно супольнае адзенне для свят ці ўрачыстых цырыманіялаў, якое апраналі па чарзе. Але аднойчы староста па нейкай прычыне не перадаў боты з гэтага афіцыйнага камплекта, і бурмістр, атрымаўшы запрашэнне на сустрэчу з каралём, які праязджаў праз іх горад, вымушаны быў прасядзець дома. І гэта абразіла яго да глыбіні душы.

Прайшло некалькі дзён. Пану старосту трэба было пакараць неяк злачынца, якога суд прыгаварыў да павешання. Па саму шыбеніцу даводзілася звяртацца да таго ж бурмістра. І дзяржаўца мясцовых зямель як нічога і не было накіраваў просьбу ў магістрат. На гэта галава горада адказаў так: «Шыбеніцу не дам, бо, калі і маю яе, то выключна для сябе асабіста і для сваіх блізкіх».


 

* * *
Па старым звычаі кароль і вялікі князь Жыгімонт час ад часу наведваў Літву, дзе цешыў сябе паляваннем. Асабліва любіў ён назіраць за тым, як сабакі змагаюцца з мядзведзем.
Аднойчы падчас такой сцэны пан Халецкі, староста чаркаскі, які стаяў каля яго вялікасці, здзівіўся, што сабакі чамусьці без асаблівага жадання ідуць на звера.
— Відаць, іх абкармілі перад гэтым, — выказаў меркаванне кароль, — таму і не бяруць яго.
— Тады, найяснейшы пане, — параіў староста, — пусці на мядзведзя сваіх пісараў, бо як яны ні аб’ядаюцца, а ўсё бяруць і бяруць.

* * *
У аднаго селяніна здохла карова, а крыху пазней памерла жонка. Сядзіць ён пасля ўсяго гэтага ў роспачы, не ведае, як жыць далей. Пачалі падыходзіць да яго суседзі і суцяшаць.
— Ці ж у нас дзяўчат бракуе, што застанешся ўдаўцом адзінокім? — кажа адзін. — У Пятра тры дачкі, выбірай, якую хочаш. Васілёва сястра на выданні…
— Мо хочаш, удаву табе пашукаем, — прапануе другі.
Той слухае, слухае ды адзываецца:
— Вельмі вам удзячны за вашыя парады. Але бачу, лепей страціць жонку, чым карову. Бо на месца нябожчыцы падсоўваеце мне капу дзяўчат, а вось каб хоць адзін прапанаваў жывёліну!

* * *
Ёсць старажытная ўсходняя прымаўка: «Сустракаюцца стагадовыя сяляне, не сустрэнеш стагадовага чыноўніка». Такое, відаць, здаралася і ў нас.
Кароль і вялікі князь Аляксандр Ягайлавіч паехаў на паляванне ў Налібоцкую пушчу і сустрэў там лесніка, якому, як казалі, было ўжо даўно за сто, але выглядаў ён даволі маладжава.
— Ці наведвала цябе хвароба? — спытаў старога Аляксандр.

— Не, найяснейшы пане. Хвароба не гасціла ў мяне, бо я не меў чым яе частаваць, — адказаў ляснік.

* * *
Стары дваранін, з тых, што служылі яшчэ пры Жыгімонту Аўгусту, цяжка захварэў. Лекары, якія абследавалі яго, безнадзейна махнулі рукой, што ўсе зразумелі як блізкі канец. Паколькі сваякоў у вяльможы не было, то некалькі знаёмых дваран, а за імі і слуг кінуліся ў пакой хворага, каб прыхапіць нешта каштоўнае з маёмасці. У імгненне вока ўсё было разрабавана. Засталіся толькі дзве жывёлінкі, якія неяк суцяшалі адзінокага саноўніка на сконе жыцця: маленькая малпа ды сабачка.

Раптам малпа, быццам нагледзеўшыся на людзей, што паспешна хапалі рэчы, выцягнула з-пад галавы свайго гаспадара падушку і пабегла з ёю ў куток. Сабачка кінуўся ўслед з шалёным брэхам і пачаў цягнуць тую падушку да сябе.
Ад гэтага вэрхалу і тузаніны дваранін ачуўся і, угледзеўшы прычыну, рассмяяўся: «О, Божа! І яны б’юцца за маю спадчыну». Ад гэтага смеху стала лягчэй, а праз некалькі дзён ён зусім ачуняў.

 

* * *
Сярод розных спосабаў здабываць «неапалітанскія сумы» ў каралевы Боны быў і такі, як продаж службовых пасад — і свецкіх, і духоўных. Калі стала вядома, што каралева-ўдава збіраецца туды, адкуль прыехала, ды яшчэ разам з такімі каштоўнасцямі, сенат прапанаваў затрымаць яе.

Для перагавораў з манархіняй паслалі біскупа Зэбжыдоўскага, аднаго з былых фаварытаў Боны, бо той таксама скарыстаў магчымасць і набыў сваё месца пад сонцам у яе вялікасці. Але зараз сітуацыя была зусім іншай, таму Зэбжыдоўскі пачаў даволі ультыматыўна. Тут старая каралева не вытрымала і гнеўна абарвала яго:
— І гэта кажаш ты, які купіў з майго дазволу біскупскі сан!
— Што зробіш, — уздыхнуў пасланец сената, — купіў, бо прадавалася…

«З дазволу караля і вялікага князя», Мн., 2016 г.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».