Вы тут

Памяці геральдыста Анатоля Цітова


5 студзеня 2020 года памёр гісторык, геральдыст, сфрагіст Анатоль Кірылавіч ЦІТОЎ. Ён нарадзіўся 27 лістапада 1947 года ў Германіі ў Дрэздэне). 


У сярэдзіне 1980-х — на пачатку 1990-х гадоў да чытача адна за другой прыйшлі яго так неабходныя для Беларускага Адраджэння кнігі — «Гербы беларускіх гарадоў» (1983), «Гарадская геральдыка Беларусі» (1989), «Наш сімвал — Пагоня» (1993), «Пячаткі старажытнай Беларусі» (1993), «Вольныя беларускія месты» (1996)... А пасля, крыху пазней — «Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.)», «Сфрагістыка і геральдыка Беларусі», «Геральдыка Беларусі», «Шляхамі Францыска Скарыны», «Краіна майстроў»…

Выпускнік гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дасведчаны архівіст (ён быў старэйшым палеографам Цэнтральнага гістарычнага архіва БССР), спецыяліст у галіне беларускай генеалогіі, гістарычнай геаграфіі, ён аказаўся адным з тых, хто закладваў падмурак, грунт для сённяшніх рупліўцаў на ніве даследвання гісторыі Беларусі, для краязнаўцаў з самых розных рэгіёнаў краіны. І тыя, хто займаўся стварэннем гісторыка-дакументальных хронік «Памяць», прысвечаных асобным раёнам Беларусі, і тыя, хто фарміраваў свае ўласныя накірункі гісторыка-краязнаўчага пошуку, наладжваў працу краязнаўчых музеяў, — усе чыталі працы Анатоля Цітова «з алоўкам», праходзячы не толькі «лікбез», але і сапраўдную школу, універсітэты ў геральдычнай справе. Ды і напісаны былі тэксты ў багатых на ілюстрацыі выданнях лаканічна, ясна, проста, што дазваляла карыстацца кнігамі самаму шырокаму чытачу. 

Аўтарытэт Анатоля Цітова быў настолькі высокі, што яго прынялі членам геральдычных таварыстваў Украіны, Польшчы. Беларускі даследчык — ганаровы член Усерасійскага геральдычнага таварыства. 

Анатоль Цітоў з той кагорты, якая і зараз, пасля сыходу гэтых Асоб з жыцця, яднае сапраўдных будзіцеляў нацыянальнай свядомасці беларусаў у другой палове XX — на пачатку XXI стагоддзяў, — Уладзіміра КАРАТКЕВІЧА, Міколы ЕРМАЛОВІЧА, Міхася ТКАЧОВА, Кастуся ТАРАСАВА, Віталя СКАЛАБАНА, Генадзя КАХАНОЎСКАГА, Мар’яна ВІЖА... Іх мастацкія, публіцыстычныя, навукова-папулярныя кнігі складаюць бібліятэку, якая і зараз працуе на асветніцтва, выхаванне гістарычнай памяці. 

Развітанне з Анатолем Цітовым пройдзе 8 студзеня ў Мінску ў зале рытуальных паслуг па вуліцы Альшэўскага. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?