Вы тут

Марына Мулявiна: «Я — татава дачка». Старэйшая дачка «песняра» распавяла пра тое, як будзе адзначацца 80-гадовы юбілей яе бацькі


Як гэта — быць дачкой аднаго з самых знакамiтых музыкантаў Савецкага Саюза? Як жыць, калі любімы тата раптам сыходзіць з сям'і? Як сберагчы гэтую любоў і стаць захавальніцай памяці бацькі? Пра гэта мы пагаварылі са старэйшай дачкой «галоўнага» песняра  Марынай Мулявінай.


— Цiкава, а цi можна было ў часы вашага дзяцiнства спакойна прайсцiся па вулiцы побач з Уладзiмiрам Мулявiным? Напэўна, ад прыхiльнiкаў праходу не было.

— Вырвацца кудысьцi з бацькамi было цяжка, але не з-за прыхiльнiкаў, а з-за занятасцi. Але з татам часта бывалi ў цырку — у яго там былi свае справы з музыкантамi аркестра, а я сядзела побач з iмi i глядзела прадстаўленне. На вулiцы, вядома, на яго ўвагу звярталi, але прыхiльнiкi паводзiлi сябе стрымана — бачылi, што ён з дзiцем.

Лi­дзiя Кар­маль­ская з дзець­мi Ма­ры­най i Ва­ло­дзем.

— На цяперашні час сказалi б, што вы — прадстаўнiк «залатой моладзi». А тады гэта адчувалася?

— Бацькi, асаблiва тата, мяне песцiлi. З гастроляў прывозiлi вельмi прыгожыя рэчы. Цяпер смешна пра гэта казаць, але так, я была «крутой» дзяўчынкай — лёгка частавала аднакласнiкаў жвачкай. Вядома, было сваё кола зносiн, у нейкай меры яно фарміравалася сям'ёй — дзецi сяброў бацькоў, аднакласнiкi. Я шчаслiвы чалавек — мае сяброўкi засталiся з дзяцiнства.

— Цi былi нейкiя прадвеснiкi скасавання шлюбу бацькоў?

— Абсалютна нiякiх. Тым больш гэта адбылося адразу пасля нараджэння Валодзi-малодшага, а тата так марыў пра сына. Для мяне проста патухла святло, калi бацькi разышлiся. Я — татава дачка. Тады i моцна схуднела, i прытомнасць страчвала. Ужо потым, калi стала дарослай, мы шмат гаварылi з татам на розныя тэмы. У тым лiку аб разводах. Другi яго шлюб быў жа зусiм нядоўгi. Тата не быў адналюбам. I разам з тым ён вельмi сумленны. Вось як некаторыя жывуць? Ёсць сям'я, i паралельна ёсць раманы. А тата — не: закахаўся — ажэнiцца. Неяк ён сказаў, што ад такiх, як мая мама, не сыходзяць... Але гэта разуменне з'явiлася потым, а калi разводзiўся, можа, нават яму хацелася здзейснiць нейкi дарослы ўчынак? Па жыццi мой тата — дзiця па натуры, як кiраўнiк «Песняроў» — зусiм iншы чалавек — сабраны, валявы.

Ва Уладзiмiра Георгiевiча ад трох шлюбаў чацвёра дзяцей: вы i Валодзя-малодшы ад Лiдзii Кармальскай, Вольга — ад шлюбу са Святланай Слiзскай, Валерый — ад шлюбу са Святланай Пенкiнай. Гэта таксама сям'я? Вы маеце зносiны?

Ула­дзi­мiр Му­ля­вiн з жон­кай Лi­дзi­яй i дач­кой Ма­ры­най.

— На шчасце, у нашай сям'i не было такога, каб мама забараняла мець зносiны з дзецьмi ад iншых шлюбаў таты. Маленькага Валеру мы дапамагалi гадаваць — нам часта яго пакiдалi, тым больш што жылi мы з татам па суседстве.

З Вольгай i яе сям'ёй мы сябруем. Нашы дзецi адзiн у аднаго хросныя. Валера, можа, таму што самы малады сярод нас, трымаецца трошкi адасоблена. На мой погляд, як бы нi склалася жыццё бацькоў, на зносiнах дзяцей гэта не павiнна адбiвацца. Таму мы павiнны сябраваць, разам трымацца, разам прымаць нейкiя рашэннi, якiя датычацца памяцi таты.

— Марына, раскажыце, як з'явiлася iдэя напiсаць кнiгу пра вашых бацькоў?

— Калi не стала таты, расiйскае выдавецтва практычна адразу прапанавала мне апублiкаваць iх лiсты з невялiкiмi каментарыямi. Ведаеце, я не была гатовая ўсё гэта вынесцi на публiку. Мне здавалася, што такiм чынам я «аддам» сваю сям'ю ўсiм. Усур'ёз пра кнiгу я пачала думаць, калi нарадзiўся першы ўнук. Мне хацелася, каб ён ведаў гiсторыю сям'i. Доўга выношвала гэтую думку, а потым звярнулася да сваёй сяброўкi — музыказнаўцы Вольгi Брылон, каб яна мне дапамагла. Вольга пачала рабiць запыты, працаваць у архiвах, i мы зразумелi, што да сямейнай гiсторыi дадаецца i прафесiйная. Так у нас у суаўтарстве атрымалася кнiга «Уладзiмiр Мулявiн i Лiдзiя Кармальская. Недасказанае...» Яна пра маiх бацькоў i, як мне здаецца, пра самы паспяховы перыяд «Песняроў».

–– Марына, раскажыце, як у гэтым годзе будзе адзначацца юбілей вашага бацькі?

–– Ужо стала добрай традыцыяй, што ў яго дзень нараджэння дае канцэрт Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца, які заўсёды сімпатызаваў майму тату. У гэты раз пад чароўныя гукі цымбалаў песні таты выканаюць Ян Жанчак, Кацярына Дзегцярова, Андрэй Коласаў, Ігар Задарожны, Аляксандр Ляпуноў, Павел Бяркоў, Уладзіслаў Даніловіч. Заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко, як заўсёды, зрабіў вельмі прыгожыя аранжыроўкі для аркестра, ён жа ім і будзе дырыжыраваць у гэтым канцэрце. Адзначу, што нязменнай вядучай канцэртаў памяці Уладзіміра Мулявіна з'яўляецца Вольга Брылон, якая стварае вельмі цёплую, сяброўскую атмасферу.

У адзін і той жа час у Мінску і Екацярынбургу –– на радзіме таты будуць ўскладацца кветкі да помнікаў. Гісторыя гэтых помнікаў вельмі цікавая. У Екацярынбургу помнік быў адкрыты ў 2014 годзе, яго аўтарам з'яўляецца беларускі скульптар Сяргей Логвін. Ва ўральскай сталіцы плануецца грандыёзнае мерапрыемства пад патранатам губернатара вобласці Яўгена Куйвашава. А вось Мінску помнік бацьку падарыла Свярдлоўская вобласць напярэдадні 950-годдзя нашай сталіцы. Хоць выраблены манумент у свярдлоўскай майстэрні, стварыў яго выдатны беларускі скульптар Аляксандр Каструкоў, з якім тата сябраваў. Дарэчы, Аляксандр Каструкоў і аўтар надмагілля таты на Усходніх могілках. Звычайна ў дзень нараджэння туды прыходзяць яго сябры і калегі. Не ведаю, як будзе ў гэтым годзе з-за каранавіруса.

Ужо знята нямала дакументальных фільмаў пра бацьку і «Песняроў». А да 80-годдзя выйдзе двухсерыйны дакументальны фільм «Песняры» –– маладосць мая», створаны на Першым канале ТБ Расіі, дзе адбудзецца прэм'ера 16 студзеня.

Фрагменты з кнігі Марыны Мулявінай і Вольгі Брылон «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недамоўленае ...»

Мама прымушала яго займацца, як настаўнік шкаляра: дзе ўгаворамі, а дзе пагрозамі. Магла і па карку адважыць. Бацьку часцей за ўсё займацца не хацелася, і ён у адказ мог праявіць характар, напрыклад, сказаць маме: «Лідзія!» І гэта ў яго вуснах гучала, як самае лаянкавае слова. Яно нават не азначала імя. Яно азначала крайнюю ступень крыўды і раздражнення. І калі ў доме раптам чулася лаянка «Лідзія!», - значыць, бацька быў вельмі злы і раззлаваны на маму. Часцей за ўсё ён крыўдзіўся менавіта з-за таго, што яна прымушала займацца. А для яе гэта было занадта сур'ёзна, таму яна не адступала. Магла пры гэтым крычаць, тупаць нагамі... Ён надзімаў вусны, браў гітару і ішоў граць. І тады ўжо забываў пра ўсё...

Бацька ў нашым доме ніколі не быў Мулям. Гэтая мянушка з'явілася ў яго пазней, таму што так яго пачалі называць музыканты. А ў нас у сям'і ён быў заўсёды Лёця. Чаму? Я ў мамы пыталася пра гэта. Але яна сама не ведала, чаму так клікала бацьку. Напэўна, гэта ўсё ж такі нейкі скарочаны варыянт ад імя Валодзя. Акрамя яе больш ніхто яго так не называў. Гэта было хатняе памяншальна-ласкальнае слова. І гэтым імем яна клікала яго да апошняга дня.

Першы канцэрт «Лявонаў» адбыўся ў БДУ. Калі мы ўжо адслужылі і вярнуліся дадому, недзе ў лістападзе 68-га года я выпадкова сустрэў на вуліцы Лёню Тышко. «Лявоны» тады ўжо існавалі як калектыў. Лёня кажа: «Слухай, у нас сёння першы канцэрт. Прыходзь!» Пытаюся: «Дзе?» - «У актавай зале БДУ». І я прыйшоў туды. І вось там упершыню прагучала «Бе-ла-я Ру-у-сь ты ма-я!» Упершыню там я пачуў гэтую Валодзіну песню. І яшчэ яны спявалі «Аб-ла-ді, аб-ла-да, пам-пам-пааа-ра!» Я яшчэ здзівіўся: і як гэта ім яшчэ дазволілі ?! Вось гэта быў першы канцэрт «Лявонаў». Потым яны сталі «Песнярамі», але гэта быў іх пачатак.

Пасля перамогі ў конкурсе нас пакінулі на тыдзень выступаць ад Тэатральнага грамадства. Адпрацоўваць перамогу. Прэмію, якую атрымалі на конкурсе (нешта каля 2000 рублёў), мы маментальна спусцілі, хоць паспелі замовіць банкет. І грошы скончыліся, таму што сутачныя нам выплацілі толькі на час конкурсу. Спадзяваліся, мабыць, што мы прайграем і адразу прыедзем дадому. А мы такую «подлянку» закруцілі! І давялося ім нам даплачваць. Адчулі, што гэта непазбежна, канец. Палічылі дадатковыя сутачныя, ўзгаднілі, колькі трэба. І прыязджае мастацкі кіраўнік Анчыкаў, які нас гнабіў. Ён у трансе. Сабраў нас:

–– Хадземце, я прывёз грошы!

Адышлі ў бок. Ён гаворыць:

–– Атачыце мяне!

Што такое? Мы не зразумелі спачатку. Атачылі. І ён расшпільвае кальсоны, а там у яго зашытыя грошы. Для яго гэта былі вялікія грошы! Ён нам раздаў гэтыя грошы, і ўвечары мы добра куцілі на банкеце ў гасцініцы «Масква».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Юрыя ІВАНОВА і з асабістага архіва Марыны МУЛЯВІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.