Вы тут

Шопінг на АlіExpress. Як купляць рэчы на анлайн-прасторах Кітая?


Жыццё становіцца ўсё даражэйшае, але простыя радасці (напрыклад, радасць шопінгу) па-ранейшаму прысутнічаюць у жыцці людзей. AlіExpress — кітайская «пячора Алі-бабы», дзе можна знайсці ўсё што заўгодна, палачка-ратавалачка для шапаголікаў.


Далёка не заўсёды пакупкі на AliExpress аказваюцца ўдалымі.

Пакупкі ў Сеціве — гэта часта «кот у мяшку». Асабліва калі тавар вам вязуць з іншага канца свету. І каб набытак «на Аліку» адпавядаў чаканню, трэба «купляць з розумам». Мы сабралі меркаванні з форумаў, пагутарылі з тымі, хто пастаянна купляе на AlіExpress і з тымі, каму не падабаецца гэта пляцоўка, улічылі, зразумела, уласны вопыт. І ўзялі на сябе смеласць зрабіць некалькі абагульненняў.

Алі-закупкі: агульныя рэкамендацыі

Што можна купіць на AlіExpress? Ды проста... усе. Ад мэблі і аргтэхнікі да адзення і біжутэрыі. Што варта купляць на AlіExpress? А вось тут ужо ўсё больш складана. Менавіта таму думкі карыстальнікаў настолькі палярныя — адны пасля першага няўдалага вопыту наогул нічога не заказваюць на гэтай пляцоўцы, іншыя (і такіх нямала) праяўляюць асцярожнасць, выбіраючы тавар максімум за 5 долараў у эквіваленце (калі што, не вельмі шкада). Але ёсць і тыя, хто ўдала і значна танней, чым у крамах, купляе на AlіExpress практычна ўсё — у тым ліку смартфоны і бытавую тэхніку. Варта памятаць, што AlіExpress — гэта анлайн-версія ўсходняга рынку: трэба трымаць вуха востра, размаўляць з прадаўцом і раіцца з тымі, хто купіў тавар да вас.

• Быццам бы парада аб тым, што трэба ўважліва чытаць водгукі, усім ужо надакучыла. Але часам людзі гэтага не робяць, або проста хутка праглядаюць напісанае. Між тым часам водгукі могуць датычыцца не таго тавару, пад якім яны размешчаны. Напрыклад, вы хочаце купіць таршэр і паленаваліся прачытаць водгукі. А калі б зрабілі гэта, то ўбачылі б, што напісанае датычыцца зусім іншага свяцільніка. Проста хітры прадавец зрабіў стаўку на легкадумнасць пакупніка. Калі водгукаў няма, напэўна, варта пачакаць з пакупкай. Яшчэ адзін арыенцір — колькасць заказаў абранага тавару (іх, як раяць заўсёднікі пляцоўкі, павінна быць не менш за тысячу). Раней арыентавацца можна было на высокі рэйтынг прадаўца. На жаль, не так даўно на Алі сістэма рэйтынгу была скасаваная. Цяпер, калі хочаце вылічыць рэйтынг анлайн-крамы на AlіExpress, можна карыстацца спецыяльнымі праграмамі. Акрамя таго, самым добрасумленным прадаўцам пляцоўка выдае значок «Надзейны брэнд».

• Зрэшты, водгукі — таксама не гарантыя таго, што тавар варты вашай увагі. Бо іх, як вядома, не складана купіць. А часам, пішуць дасведчаныя пакупнікі AlіExpress, вярнуць грошы за тавар з дэфектам прадавец згаджаецца з умовай, што карыстальнік пакіне станоўчы водгук. Дарэчы, калі водгук напісаны на рускай мове з вялікай колькасцю памылак, цалкам верагодна, што яго пісаў кітаец-паліглот. А наогул, лепш купляць у правераных прадаўцоў Алі, а таксама спадзявацца на рэкамендацыі знаёмых. Самастойна знайсці нешта вартае ўвагі сярод мільёнаў тавараў няпроста. Але калі, напрыклад, сусед або калега набыў пэўны тавар у пэўнага прадаўца і задаволены, а ў вас ёсць магчымасць убачыць выраб «у жывую», а не на малюнку, шанцы на ўдалае набыццё ўзрастаюць. Сюды ж можна аднесці рэкамендацыі блогераў у Іnstagram або на Тэлеграм-каналах — знайсці іх не складана. Напрыклад, Тэлеграм-канал «Сундук Алибабы» дае падрабязныя рэкамендацыі аб самых розных таварах з AlіExpress.

• Не давярайце зніжкам. «Распродажы» і «абвал цэн» на AlіExpress праходзяць ледзь не кожны тыдзень. А глабальныя «абвалы» звычайна звязаны са святамі. Але вельмі часта гэта проста маркетынгавы ход, каб прыцягнуць пакупнікоў (асабліва калі пішуць, што зніжка — 99 %: зразумела, ніхто не стане гандляваць сабе ва ўрон). Схема гэтая прыдуманая не кітайскімі прадаўцамі і апрабаваная мноства разоў яшчэ ў даінтэрнэтаўскую эпоху. За некалькі дзён да «распродажу» цана на тавар накручваецца, а потым «абвальваецца» да зыходнай. Каб не трапіцца на гэтую вуду, дастаткова спампаваць спецыяльнае пашырэнне для браўзера (іх шмат). Яно прааналізуе дынаміку цэн на той ці іншы тавар, а таксама пакажа рэальны рэйтынг прадаўца. Зрэшты, можна абысціся і проста здаровым сэнсам. Эканоміць на зніжках рэальна (вядома, значна менш заяўленых працэнтаў). Але з-за наплыву пакупнікоў падчас «глабальнага распродажу» сваю рэч вы будзеце чакаць значна даўжэй, чым пасылку з таварам, які вы набылі не ў «чорную пятніцу».

• Ну, а калі хочаце зніжак — мэтазгодна выкарыстоўваць купоны і прома-коды. Іх выдае сам AlіExpress (напрыклад, новым наведвальнікам), або іх можна знайсці ў блогераў.

• AlіExpress мяняецца: гандаль на гэтай пляцоўцы становіцца ўсё больш цывілізаваным. Напрыклад, з'явіліся кэшбэк-сэрвісы, якімі сапраўды варта карыстацца, каб вярнуць частку грошай за пакупкі. Каб атрымаць кэшбэк, пакупкі праводзяцца з дапамогай спецыяльных сэрвісаў — на AlіExpress вы пераходзіце па спасылках. Памер кэшбэка залежыць ад сэрвісу. Звычайна ён ад 3 да 7 %. Не так даўно AlіExpress абзавёўся яшчэ адной функцыяй — «Бясплатнае вяртанне». Калі тавар па нейкіх крытэрыях вам не падышоў ці проста не спадабаўся, яго можна бясплатна вярнуць прадаўцу. Які, у сваю чаргу, верне вам грошы.

• Яшчэ адна парада «бывалых» — карыстайцеся англамоўнай версіяй сайта. Уводзяце ў пошукавы радок назву тавару, які шукаеце, на англійскай мове. Не ведаеце англійскую мову? Гугл-перакладчык вам у дапамогу. Справа ў тым, што кітайцы вельмі дрэнна ведаюць рускую і наогул славянскія мовы. Затое ведаюць англійскую — і калі ўведзяце запыт на гэтай мове, атрымаеце падборку тавараў, блізкую да таго, што вам трэба. У адказ на запыт на рускай сайт выдасць значна большы роскід тавараў, прычым часам наогул не зразумела, па якіх крытэрыях іх можна аб'яднаць. А беларускую мову сайт наогул не разумее — праверана.

• Распакоўваючы атрыманы з AlіExpress тавар, здыміце працэс на відэа. Асабліва калі тавар дарагі. Так вы зможаце даказаць наяўнасць дэфекту або паломкі ці нават адсутнасць тавару ва ўпакоўцы. І ў вас будзе больш шанцаў вярнуць грошы, адкрыўшы спрэчку з прадаўцом. Дарэчы, аб спрэчцы. Адкрываючы яе, указвайце для вяртання не 100 % сумы, а, дапусцім, 90. Так, хутчэй за ўсё, вы без праблем вернеце амаль усе затрачаныя сродкі.

Апранаемся на AlіExpress

Гадоў восем таму купляць вопратку на AlіExpress было складана. Вельмі часта памеры не супадалі з еўрапейскімі — рэчы былі мініяцюрнымі, на кітайцаў, і прамахнуцца з памерам было лёгка. Цяпер часцей за ўсё памеры супадаюць з еўрапейскімі: прадаўцы сталі адшываць рэчы не толькі на субтыльныя фігуры. І вельмі часта гэта практычна аналагі тых рэчаў, якія можна ўбачыць у калекцыях вядомых брэндаў, — такое ж, «але без крылаў» і ў разы таннейшае. Вядома, такое ды не такое — і ўсё ж гэта варыянт, калі вы не маеце намеру марнаваць на свой гардэроб значныя сумы. Таму ў першую чаргу звяртаем увагу на састаў тканіны. Крамы, што сочаць за сваёй рэпутацыяй (а такія на Алі ёсць), сумленна гэта паказваюць. Калі сумняваецеся — напішыце прадаўцу і ўдакладніце ў яго гэты нюанс.

Зрэшты, магчымыя хітрасці і тут. Дапусцім, у адным радку апісання тавару пазначана натуральная тканіна, а ў іншым — сінтэтычная. Удакладніце ў прадаўца. Магчыма, з натуральнай тканіны толькі падшэўка адзення або пэўная дэталь крою. І яшчэ адзін немалаважны аспект — шчыльнасць тканіны. Памятайце: на фота на AlіExpress тканіна вырабаў заўсёды выглядае больш цяжкай, чым на самай справе.

Аліэкспрэс апрыёры танная пляцоўка — хоць там ёсць адзенне розных цэнавых катэгорый. У дачыненні да цаны вам дапаможа здаровы сэнс. Відавочна ж, што пінжак ці сукенка прэміум якасці не могуць каштаваць пяць долараў. І нават дзесяць — не могуць! Нават у кітайскіх прадаўцоў. Калі вам прапануецца, напрыклад, выраб з натуральнага футра за 50 долараў, хутчэй за ўсё, гэта выбракоўванне, выраб нізкай якасці з крывымі швамі. Наўрад ці вы захочаце яго насіць. А худзі за пяць долараў наўрад ці будзе не з сінтэтыкі.

Самае складанае пры куплі адзення без прымеркі — не памыліцца з памерам. І хоць памеры, як ужо гаварылася, у асноўным супадаюць, лепш за ўсё зрабіць уласныя замеры і параўнаць іх з размернай сеткай, якую часцей за ўсё змяшчае прадавец. Блытаніна з памерамі на Алі ўсё яшчэ існуе, і L-ка ў аднаго прадаўца можа супадаць з S-кай у іншага. Асаблівую ўвагу (калі вы купляеце «верх») варта аддаць даўжыні пляча і рукавоў. Гэта ўсё ж такі кітайская вытворчасць, у фігур людзей там іншыя параметры, і адзенне з Алі грашыць кароткімі рукавамі і вузкімі плячыма. Між тым менавіта ад супадзення даўжыні пляча з вашым залежыць, ці «сядзе» на вас рэч. Калі купляеце «ніз», у прыватнасці, джынсы, памерайце даўжыню калашын і вышыню таліі — калашыны могуць быць карацейшыя, а пасадка — ніжэйшай, чым вы чакалі.

Яшчэ адзін важны аспект — колер. Ён можа быць «як на малюнку», цямнейшы або святлейшы. Можа быць больш ці менш насычаны, і нават іншага адцення. Калі вы хацелі сукенку колеру марсала, а вам даслалі бардовую — гэта будзе зусім не тое, што вы планавалі. Так што ў выпадку з адзеннем асаблівую ўвагу звярніце на водгукі з фота — так вы ўбачыце, як выглядае рэч на самай справе. Дарэчы, фатаграфіі ўнізе старонкі, якія выкладвае прадавец, таксама больш інфарматыўныя, чым загалоўнае фота тавару.

І, нарэшце, фасон. Не варта радыкальна мяняць свае перавагі, зыходзячы з фота мадэлі. Калі адзення таго фасону, які вам спадабаўся на AlіExpress, у вашым гардэробе ніколі не было, спачатку памерайце нешта падобнае «ў жывую». Напрыклад, у краме або ў гасцях у сяброўкі.

Што кажуць стылісты

Нават людзі, чыя прафесія — мода, часам карыстаюцца AlіExpress для папаўнення ўласнага гардэробу. Многія стылісты час ад часу звяртаюцца да тэмы Аліэкспрэса: калі вы падпісаныя на Іnstagram некалькіх стылістаў, вы, напэўна, чыталі падобныя посты. І калі абагульніць тое, што яны пішуць, атрымліваецца прыкладна наступнае.

• Тое, што купляецца на Алі, досыць хутка губляе выгляд. Але тое ж самае можна сказаць пра многія рэчы брэндаў мас-маркету.

• Адна блузка за 200 долараў (у эквіваленце) будзе выдатна выглядаць даўжэй, чым 20 блузак па 10 долараў. І справа нават не ў цане. Справа ў якасных лякалах, пашыве, тканіне, колеры — толькі ў гэтым выпадку рэч будзе «вашай».

• «Я не настолькі багаты, каб купляць танныя рэчы», казаў барон Ротшыльд. Мы шмат разоў чулі пра тое, што мода развіваецца па спіралі: проста адкладзіце рэч, і гадоў праз пяць яна зноў стане актуальная. Але з большасцю кітайскіх набыткаў у гардэроб гэты нумар не пройдзе. Наўрад ці рэч з AlіExpress здольная стаць вінтажнай. Хутчэй за ўсё яна стане проста старой (калі наогул дажыве).

• Зрэшты, бываюць уцешныя выключэнні. І на AlіExpress можна знайсці рэспектабельныя рэчы. Але каб адшукаць іх, трэба валодаць беспамылковым густам або прафесійнымі навыкамі стыліста.

Слова пакупнікам

Святлана, ніколі не купляе на AlіExpress:

— У дачыненні да шопінгу я кансерватыўная. Для мяне важная асаблівая атмасфера, якая і прыносіць задавальненне ад пакупак. AlіExpress падобны да фаст-фуду. Асабіста мне па душы, няхай і рэдка, але, працягваючы аналогію, класічны рэстаран. Пакупкі на AlіExpress нагадваюць лётанне ад палаткі да палаткі на рэчавым рынку 90-х. Я хачу прыгожую сукенку ў прыгожай упакоўцы. А не скамечаную анучку ў цэлафанавым мяшку. Я не хачу мыць адзежу перад тым, як надзець першы раз. І прасаваць у надзеі, што яна будзе выглядаць як на малюнку. І яшчэ я не згодна чакаць месяц, каб атрымаць невядома яшчэ што за рэч. Я хачу тут і цяпер набыць тое, што мне спадабалася.

Ірына, пастаянны пакупнік AlіExpress:

— Спачатку, купляючы адзенне на Алі, я часта памылялася з памерамі, фасонамі і якасцю. Ведаеце гэтыя малюнкі — чаканне/рэальнасць. Са мной таксама такое было не раз. Цяпер у мяне ёсць спіс правераных прадаўцоў з AlіExpress, якія не падводзяць. І вопратку (сабе, дзецям, мужу), і патрэбныя ў гаспадарцы дробязі для дома і дачы я час ад часу купляю ў іх. Шчыра кажучы, купляць на Алі людзі часта пачынаюць, так бы мовіць, не па ўласным жаданні. На AlіExpress апранацца танней. Вядома, не настолькі танней, як пару гадоў таму, але ўсё роўна атрымліваецца сэканоміць. Бывае, што рэч аб'ектыўна «аднаразовая», бывае — надзяваю тыя ж джынсы з Алі некалькі гадоў. Але ў цэлым па якасці адзенне не горшае, чым у мас-маркеце. Галоўнае — навучыцца выбіраць.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Прэв’ю: vipidei.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.