Вы тут

Сем цудоўных мясцін, якія варта паглядзець замежніку на Брэстчыне


Перад Новым годам атрымала электронны ліст ад Марыны Гуранды з Ніжняга Ноўгарада. Гэта адна з маіх гераінь, пра чыю сям'ю нядаўна давялося пісаць. Марына Міхайлаўна паведаміла, што летам плануе прыехаць у Беларусь, а дакладней, на Брэстчыну, каб наведаць мясціны, звязаныя з жыццём яе маці і бабулі падчас акупацыі, а таксама паглядзець нашы славутасці. Вось я і задумалася, што найперш варта прапанаваць для прагляду гасцям у нашым рэгіёне.

Таямнічы свет пушчы


Ну, вядома ж, Белавежская пушча. Пра пушчу напісаны кнігі, складзены песні, створаны цэлы шэраг публіцыстычных твораў. Але з нашых пісьменнікаў найперш, відаць, ухапіў сутнасць векавога лесу Уладзімір Караткевіч у сваім слове пра «гэты самы лепшы куток старажытнай нашай краіны», дзе можна застацца сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй. Пісьменнік называе пушчу скарбам для ўсіх на свеце людзей.

Пушча — асаблівы свет. Вядома, вандроўніку трэба наведаць музеі, пазнаёміцца з гісторыяй лесу і запаведніка, пакаштаваць пушчанскія стравы. Але, важней, на мой погляд, праехацца на ровары, прайсці пешкі па турыстычных маршрутах, каб убачыць жывы лес. Ну вось, скажам, на экалагічнай сцяжыне пад назвай «Азёрны пярсцёнак» ёсць тры штучныя возеры. Яны створаны ў пачатку 1970-х гадоў для рэгулявання гідралагічнага рэжыму. Вада ў іх цёмная, бо на дне ёсць залежы торфу. І ў гэтай цёмнай вадзе па-асабліваму маляўніча адлюстроўваюцца дрэвы, сонца, неба — нібы гэта не натуральнае відовішча, а сфакусіраванае на нейкім экране, да таго ж цішыня і запаволенасць ствараюць эфект анімацыі, казкі... Але ў сапраўдную казку трапляеш не тут, а ў запаведнай дуброве, дзе пад шатамі дубоў і грабаў стаіць вечны цень. Расліны, што прызвычаіліся да гэтага паўзмроку, уяўляюць сабой асаблівае зялёнае пакрывала з цемнаватым адценнем, што стварае ўражанне, нібы трапляеш у глыбокую старажытнасць — здаецца, гэтак жа было, можа, з тысячу гадоў таму. А можа, і сапраўды так? І цішыня, спакой, якія бываюць толькі ў пушчы: ніякі іншы лес не мае гэтага ў такім выглядзе. Калі не верыце, варта праверыць.

Названыя вышэй цікавосткі лепш наведваць летам, а зімой варта паехаць у рэзідэнцыю беларускага Дзеда Мароза, асабліва калі пашанцуе са снегам.

З бронзавага і жалезнага вякоў

Калі ўжо дабраліся да Белавежскай пушчы, вельмі рэкамендую паглядзець новы археалагічны музей пад адкрытым небам. Прыкладна чвэрць стагоддзя таму ў паўднёвай частцы пушчы вучоныя знайшлі рэшткі стаянак старажытных людзей, пачынаючы ад каменнага веку. Тады і было прынята рашэнне стварыць музей — адзіны ў краіне такога кшталту. І ён з'явіўся, афіцыйнае адкрыццё адбылося ў 2019 годзе. Цікава расказвае пра яго навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку Руслан Кніга. Паводле навуковых даследаванняў, прыкладна 11 тысяч гадоў таму адсюль сышоў апошні ляднік. Старажытныя людзі сталі займаць новыя тэрыторыі. Так было і ў раёне цяперашняй вёскі Каменюкі — «сталіцы» пушчы. Толькі ўздоўж адной рэчкі Правай Лясной археолагі адкапалі рэшткі 23 стаянак! Тут і з'явіўся музей, дзе паступова будуць прадстаўлены ўсе перыяды жыцця людзей на гэтай тэрыторыі.

У аснове кампазіцыі музея-скансэна — сем розных складовых для адлюстравання эпох: ад мезаліту да Сярэднявечча. Першым узведзена гарадзішча бронзава-жалезнага вякоў. Тут наведвальнік можа акунуцца ў культуру і побыт тутэйшых жыхароў, якія жылі дзве з паловай тысячы гадоў таму.

Жылая пабудова ўяўляе сабой старажытны дом на дзве сям'і з адкрытым ачагом для вогнішча. Сцены ўпрыгожваюць скуры зубра, аленя, зайца, казулі. Тут жа ёсць прылады працы і палявання. Кожны наш продак абавязкова меў у сваёй гаспадарцы лук, стрэлы, абарончую рагаціну і, вядома, кошыкі з камянямі.

Асновай гарадзішча з'яўляецца вартаўнічая вежа, дзе назіралі за наваколлем, і калі трэба, паднімалі супляменнікаў на абарону. Наогул жа цікава паглядзець у абстаноўцы, набліжанай да рэальнай, на прадметы побыту, прылады працы чалавека той пары, калі агонь у жытле падтрымлівалі пастаянна. Менавіта тут могуць расказаць, якія прыродныя антысептыкі ды імунамадулятары выкарыстоўваў дагістарычны чалавек.

Вежа, якую не змаглі разабраць

А тым, хто прыехаў у Камянецкі раён, каб наведаць пушчу, грэх будзе не зазірнуць у Камянецкую вежу, галоўную славутасць тутэйшых мясцін. Помнік архітэктуры да гэтай пары (асабліва замежнікі) памылкова называюць «Белай вежай». І ўсё з-за таго, што некаму ў 50-я гады мінулага стагоддзя стрэліла ў галаву ідэя пабяліць гмах. Праўда, у сярэдзіне 90-х падчас рэстаўрацыі сляды той пабелкі канчаткова аддзерлі, і вежа атрымала назад свой гістарычны чырванавата-карычневы колер.

Экскурсаводы раскажуць, што цагляная абарончая вежа была ўзведзена паміж 1276 і 1288 гадамі. Тады гэтыя землі ўваходзілі ў склад Валынскага княства. Вежа і горад Каменец былі пабудаваныя па загадзе князя Уладзіміра Валынскага. Першая ўзводзілася як абарончы аб'ект, але — парадаксальна — галоўны ўрон ёй нанеслі не войны, а рукі рабавальнікаў. Ужо ў ХVІІІ стагоддзі вежу пачалі расцягваць на цэглу. А ў 1822 годзе яе наогул вырашылі разабраць, але не здолелі: звязка ды цэгла так акамянелі за стагоддзі, што ўвесь стоўп стаў нібы адзін вялікі камень. Вось як будавалі калісьці!

Першую маштабную рэстаўрацыю вежа зведала ў пачатку ХХ стагоддзя, у 1903 годзе па праекце акадэміка Суслава. Тады вакол яе быў зняты трохметровы слой зямлі. Абапал насыпалі і абклалі каменем вал. Разбураныя ўчасткі сцен і зубцоў заклалі цэглай. Наступная маштабная рэстаўрацыя прайшла ў сярэдзіне 90-х. У выніку ўнутры ўладкавалі памяшканне, замянілі драўляныя насцілы, узвялі новую лесвіцу. Цяпер у вежы працуе музей. А з пляцоўкі наверсе адкрываецца маляўнічы выгляд на Каменец і яго ваколіцы. Можна знайсці шмат станоўчых водгукаў аб музеі ў сеціве. Напрыклад, карыстальнікі Google паставілі Камянецкай вежы 4,8 бала з пяці.

Палац, у якім стваралася гісторыя

З Каменца, калі мець на мэце славутасці, бліжэй за ўсё ехаць у Ружаны. Апошнім часам мне шмат даводзілася пісаць пра Ружанскі палац Сапегаў, бо гэты турыстычны аб'ект ніколі не абмінаю ў паездках. Ён асаблівы, бо захоўвае шмат таямніц. Першы раз мне выпала пазнаёміцца з гісторыяй Ружанскай рэзідэнцыі ў самым канцы 80-х гадоў падчас падрыхтоўкі рэпартажу ў маладзёжную газету. У Ружанах на расчыстцы смецця працаваў студэнцкі атрад, і ўжо тады ішла размова пра рэстаўрацыю. Пазней давялося размаўляць са сталымі мясцовымі жыхаркамі, якія хадзілі на работу ва ўсходні флігель, дзе некалі была кантора сельгаспрадпрыемства. А недзе ў сярэдзіне нулявых, калі на тэрыторыі каля палаца яшчэ пасвіліся козы, мы з тагачасным старшынёй райсавета заехалі на яе тэрыторыю. Спрытны хлопчык піянерскага ўзросту прапанаваў за невялікую суму грошай правесці экскурсію па руінах палаца. Не пашкадавалі пяць рублёў і былі прыемна здзіўленыя: хлапчанё сапраўды шмат ведала з гісторыі. Саматужны экскурсавод рабіў акцэнт на паданні, якія ходзяць у гэтай мясцовасці. Потым не раз прыходзілася чуць і ад сталых людзей пра чорную «волгу», якая спынілася каля адной са сцен палаца ў пачатку 80-х гадоў. З машыны нібыта выйшлі людзі ў строгіх касцюмах, выбілі некалькі цаглін у сцяне брамы і забралі з атрыманай нішы нейкую скрыню. Пра скарбы Сапегаў тут складзена нямала легенд. Ды яно і зразумела. Варта нагадаць, што Сапегі мелі на тэрыторыі сучаснай Беларусі паўтара дзясятка маёнткаў, але Ружанскі палац стаў галоўнай рэзідэнцыяй магутнага роду. Канцлер Вялікага Княства Літоўскага, складальнік Статута ВКЛ Леў Сапега ўзвёў сапраўды раскошны палац. Тут быў знакаміты на ўсю Еўропу тэатр. Наведаць палац лічылі за гонар нават каранаваныя асобы. Аднак галоўным скарбам рэзідэнцыі была яе багатая бібліятэка — неад'емны інтэлектуальны і духоўны складнік тагачаснага палаца.

З 2011 года ў палацы працуе музей. Адноўлены ўсходні і заходні флігелі, уязная брама, на якой стаіць скульптура святой Ганны. Нядаўна рэстаўратары ўзяліся за ўсходні корпус. Зараз музей складаецца з чатырох экспазіцыйных і выставачных залаў, працуе сувенірная крама.

Рамантычны кароль балю

Ад Ружан да Косава ўсяго 45 кіламетраў — там знаходзіцца прыгажэнны палац Пуслоўскіх.І калі Ружанскі часта памылкова называюць замкам, бо ён асацыюецца са скляпеннямі, інтрыгамі, скляпеннямі, жорсткасцю нораваў у прыгонным тэатры, то звесткі пра Косаўскі палац наскрозь прасякнутыя рамантызмам. Як у той песні: «Балы, красавицы, лакеи, юнкера». Засталося нямала сведчанняў аб тым, якія шыкоўныя і незвычайныя балі праходзілі ў Косаве. Упрыгажэннем адной з залаў служыў вялікі акварыум з рыбкамі, а ў зімовым садзе на прывязі сядзеў сапраўдны леў. Кожная зала мела адметны інтэр'ер, свой колер, за які і атрымала тую або іншую назву. Былі тут Белая, Чорная, Ружовая, Сярэбраная залы.

А пра незвычайныя бэзавыя кампазіцыі Косаўскага палаца да гэтай пары ўспамінаюць мясцовыя жыхары. Калі зацвітаў бэз, скампанаваны па колерах, воку адкрывалася карціна незвычайнай прыгажосці. Кусты яго цвілі яшчэ некалькі гадоў пасля пажару 1944 года, пакуль канчаткова не вырадзіліся і не згінулі пад наступам лесу.

На Косаўскі палац варта паглядзець здаля. У сонечны дзень ён нагадвае замак са старой казкі ці з фільма пра сівую даўніну — нездарма ж яго называюць апошняй данінай рамантызму ў нашым краі. З руін палац першай паловы ХІХ стагоддзя паволі паўстае на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Цяпер тут дзейнічае музей, адкрыліся рэстаран і атэль. А перайшоўшы праз дарогу, можна наведаць музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі — героя трох кантынентаў.

Той, што спыніў час

Аматару мастацтваў я абавязкова параіла б пабываць на Іванаўшчыне, на радзіме славутага мастака і кампазітара Напалеона Орды. Варта адзначыць, што не толькі на Брэстчыне, але ў многіх рэгіёнах нашай краіны і нават у суседніх, помнікі архітэктуры аднаўляюцца менавіта па малюнках Напалеона Орды. Ад некаторых аб'ектаў не засталося сёння і следу, а мы пра іх ведаем па работах майстра. Пра яго казалі: «Мастак, які спыніў час». Сапраўды, не адно пакаленне абавязана яму важнай інфармацыяй аб даўнейшай архітэктуры. І было б зусім несправядліва, калі б іншыя сядзібы адраджаліся па яго карцінах, а яго ўласная стаяла закінутая. Сядзіба Ордаў ва ўрочышчы Чырвоны Двор каля вёскі Варацэвічы была адноўленая за сродкі з дзяржаўнага Фонду па падтрымцы культуры і мастацтва. Паступова адбудавалі дом, у якім нарадзіўся наш славуты зямляк. Дом уяўляе сабой тыповую дваранскую сядзібу канца ХVІІІ стагоддзя. З часам там плануецца размясціць тэматычную экспазіцыю па матывах шляхецкага побыту той пары. А вось карцінная галерэя дзейнічае ўжо больш за дзесяцігоддзе. І хоць экспанаты ў ёй з'яўляюцца копіямі работ майстра, з іх можна скласці ўяўленне аб прыгажосці архітэктуры нашай зямлі, колішнім багацці палацава-паркавых комплексаў і адмысловасці маленькіх сядзіб.

Там, дзе кожны камень — помнік героям

Ну а калі ты пабываў у Брэсце, але не наведаў крэпасць, — лічы, быццам бы ў горадзе і не быў. Бо яго ведаюць у свеце менавіта дзякуючы Брэсцкай крэпасці. З моманту адкрыцця мемарыяльнага комплексу (сёлета будзе 50 гадоў) яго наведалі мільёны турыстаў. Крэпасць стала неўміручым сімвалам непахіснай мужнасці, стойкасці абаронцаў Радзімы.

Музейны комплекс пастаянна развіваецца. За апошнія два дзесяцігоддзі праведзена вялікая работа па яго рэстаўрацыі. З'явіліся новыя музеі. На дапамогу супрацоўнікам прыйшоў інтэрактыў. Новыя экспазіцыі «Музей вайны — тэрыторыя міру», «Летапіс Брэсцкай крэпасці» і іншыя аснашчаны з дапамогай інфармацыйных тэхналогій і разлічаны на маладую аўдыторыю. Цяпер многія падзеі з былога можна ўбачыць літаральна наглядна, шмат інфармацыі магчыма атрымаць з дапамогай уласнага смартфона. Але для мяне найбольш каштоўнымі з'яўляюцца сведчанні, лісты, успаміны былых удзельнікаў абароны крэпасці, якія беражліва захоўваюць музейныя работнікі. Захоўваюцца тут і квітанцыі ад пераводаў на карысць музея, якія рабілі былыя абаронцы са сваіх сціплых пенсій і дасылалі з усіх куткоў былога Саюза. Яны хацелі, каб крэпасць вечна жыла як помнік. І яна жыве. Напрыклад, нядаўна тут зрабілі новую падсветку. Крэпасць варта наведаць не толькі ў памятныя даты, але і ў любы іншы дзень або вечар.

Вызначыла для сябе сем мясцін, сем жа згадала. Але ж не сказала нічога пра цудоўныя пінскія храмы, пра капліцу Ажэшкаў на Драгічыншчыне, пра Скокаўскі палац пад Брэстам, пра славутасці Баранавіч і Бярозы, пра цікавыя помнікі ў іншых раёнах вобласці. Іх таксама трэба паказваць гасцям. Але пра гэта як-небудзь іншым разам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

P.S. Два аб'екты — героі матэрыялу — сёлета трапілі ў ганаровы спіс адзначаных спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта. У складзе аўтарскага калектыву прэміяй узнагароджаны навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Руслан Кніга за стварэнне археалагічнага музея пад адкрытым небам, а таксама калектыў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» за значны ўклад у захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, рэалізацыю праекта Саюзнай дзяржавы па рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў Брэсцкай крэпасці

Загаловак у газеце: Найлепшы куток на зямлі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.