Вы тут

Міцкевічазнаўца з віцебскай Улы


Сёлета спаўняецца 100 год з дня нараджэння рускага літаратуразнаўцы, даследчыка творчасці Адама Міцкевіча Івана ГОРСКАГА, які нарадзіўся на Віцебшчыне.


Ула – не такое і вялікае паселішча на Віцебшчыне. Аграгарадок у Бешанковіцкім раёне, які месціцца на беразе ракі Заходняя Дзвіна ў тым месцы, дзе ў яе ўпадае прыток Ула. Насельніцтва — крыху болей за 600 чалавек. Але ў гэтага паселішча ёсць свой герб. І, канешне ж, досыць багатая, слаўная гісторыя.

Сярод колішніх гаспадароў Улы былі і Радзівілы. У верасні 1568 года літоўскае войска Рамана Сангушкі захапіла і спаліла замак ва Уле, пазней замак-крэпасць быў узноўлены польскім каралём Стэфанам Баторыем. У 1897 годзе ў паселішчы было ўжо каля 2500 жыхароў. З гісторыяй мястэчка звязаны і лёсы многіх цікавых ураджэнцаў. Адзін з іх — вядомы мастак Іван Хруцкі, які нарадзіўся ў 1810 годзе. Адна з вуліц паселішча носіць яго імя. Ва Уле 30 мая 1921 года і нарадзіўся і Іван Канстанцінавіч Горскі, рускі літаратуразнаўца, спецыяліст па польскай літаратуры, даследчык жыцця і творчасці легендарнага польскага паэта, земляка беларусаў — Адама МІЦКЕВІЧА.

На вялікі жаль, не так і шмат вядома з творчай і жыццёвай біяграфіі нашага віцебскага суродзіча. У 1941–1943 гг. ён удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, быў цяжка паранены ў 1943 годзе. Пасля Вялікай Айчыннай скончыў філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949 год). Адразу паступіў у аспірантуру. Мо беларускія карані і падказалі накірунак навуковых, літаратуразнаўчых, гісторыка-літаратурных пошукаў… З 1950 года малады вучоны актыўна выступае з артыкуламі ў навуковай перыёдыцы, калектыўных зборніках. Асноўныя працы прысвечаны польскай літаратуры, пытанням літаратурных сувязяў, міжнародным стасункам рускай літаратуры, гісторыі рускага літаратуразнаўства. Выступаў у газетах «Советский флот», «Учительская газета», іншых перыядычных выданнях. Артыкулы, грунтоўныя даследаванні Івана Горскага былі надрукаваны ў зборніках «Славяне і Захад. Зборнік артыкулаў да 70-годдзя І. Ф. Бэлзы» (Масква, 1975 год), «Пісьменнікі народнай Польшчы» (Масква, 1976 год), «Рэалізм у літаратурах краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы» (Масква, 1983 год).

Тэма кандыдацкай дысертацыі нашага земляка — «Рысы рэалізма ў творчасці Юлія Славацкага». Яе Іван Канстанцінавіч Горскі абараніў у 1953 годзе, амаль адразу пасля заканчэння вучобы ў аспірантуры. У 1967 годзе (ва ўзросце 46 гадоў, усяго праз чатырнаццаць гадоў пасля абароны першай дысертацыі!) вучоны абараняе доктарскую дысертацыю — «Гістарычны раман Сенкевіча». Манаграфія па матэрыялах гэтай працы была надрукавана яшчэ раней — у 1966 годзе.

Працаваў наш зямляк у Інстытуце славяназнаўства і балканістыкі АН СССР. Дарэчы, Іван Горскі – адзін з аўтараў «Гісторыі польскай літаратуры», першы том якой у Маскве пабачыў свет у 1968 годзе, і кнігі «Акадэмічныя школы ў рускім літаратуразнаўстве» (Масква, 1975 год). Пяру Івана Горскага належаць дзясяткі артыкулаў, прысвечаных польскай літаратуры і якія былі надрукаваны ў «Кароткай літаратурнай энцыклапедыі», «Вялікай Савецкай Энцыклапедыі», «Малой Савецкай Энцыклапедыі». Ураджэнец Улы з увагай сачыў за развіццём літаратуразнаўства ва Украіне, Беларусі і Польшчы, друкаваў рэцэнзіі на кнігі польскіх даследчыкаў літаратуры Станіслава Пігоня, Аліны Нофер, Яраслава Мацееўскага, Мечыслава Інглёта і шмат яшчэ каго. Іван Горскі — аўтар кніг «Рысы рэалізма ў творчасці Юлія Славацкага» (Масква, 1953), «Творчы шлях Ежы Путрамента» (Масква, 1953), «Адам Міцкевіч» (Масква, 1955), «Польскі гістарычны раман і праблема гістарызма» (Масква, 1966), «Аляксандр Весялоўскі і сучаснасць» (Масква, 1975). Адна з кніг Івана Горскага — «Пра Сянкевіча і Весялоўскага» ў перакладзе на польскую мову выйшла ў Варшаве ў 1986 годзе.  

2021 год — самая што ні ёсць нагода, каб найперш і на Віцебшчыне ўзгадалі імя Івана Горскага. Стагоддзе з дня нараджэння аўтарытэтнага літаратуразнаўцы магло б спрыяць правядзенню творчай вечарыны ў знак яго юбілея. А мо на адным з будынкаў у Бешанковічах ці ва Уле варта было адкрыць і мемарыяльную дошку ў гонар земляка? Што ўжо казаць пра вартасць, неабходнасць публікацый, прысвечаных вучонаму, які праз літаратуразнаўства яднаў культуры і народы, праводзіў сваю «літаратуразнаўчую дыпламатыю».

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».