Вы тут

Здымаецца біяграфічны фільм пра Уладзіміра Мулявіна


Прыйшоў час для мастацкага ўвасаблення гісторыі ўнікальнага калектыву і яго лідара

Класічны склад «Песняроў» патрапіў на кінастужку практычна адразу пасля сваёй сенсацыйнай перамогі на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў 1970 годзе. Гэта быў музычны фільм рэжысёра Уладзіміра Арлова, фрагменты з якога часцей за ўсё тыражуюцца ў сучасных тэлеперадачах. Ён жа зняў калектыў у сваім фільме «А таксама цырк». І гэта толькі маленькі фрагмент фільмаграфіі «Песняроў».


У савецкі час куміры публікі ў кадры — гарантыя поспеху фільма. Так самі музыканты сталі кінаартыстамі ў карціне «Ясь і Яніна». Сёння мала хто ўспомніць сюжэт, але песні любяць да гэтага часу. Або вось фантастычны навагодні фільм «Гэтая вясёлая планета», у якім сярод іншапланетных прышэльцаў раптам з’яўляюцца цалкам зямныя «Песняры» з хітом «Нашы любімыя». Дакументальны фільм «Дыск» рэжысёра Аляксандра Стэфановіча знаёміць гледача з «кухняй» ансамбля — гэта амаль што рэпартажная здымка пра запіс грампласцінкі. Адным словам, кіношнікі спрыялі «Песнярам» Уладзіміра Мулявіна.

Пасля смерці лідара «Песняроў» было знята шмат дакументальных фільмаў, сярод якіх «Песняры. Беларускі цуд», «Песняры». Перапынены палёт», «Пясняр. Сэрцам і думамі». У нашай краіне свайго роду летапісцам знакамітага калектыву стаў рэжысёр Уладзімір Арлоў. Цяпер вось і на расійскім тэлебачанні знялі двухсерыйны дакументальны фільм «Песняры» — маладосць мая».

 

Сёлета 12 студзеня народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 80 гадоў. А «Песнярам», пра якіх шмат спрачаюцца: ад іх застаўся толькі брэнд ці які-небудзь з некалькіх калектываў з такой назвай блізкі да арыгіналу, будзе ў верасні 52 гады.

Ужо з’явіліся мемуары пра «Песняроў», напісаныя музыкантамі: «Песняры» і Вольга» Леаніда Барткевіча, «Песняры» часу свайго» і «Песняры». Погляд з будучыні» Анжэлы Гергель і Валерыя Дайнэкі, «Песняры. Я раман з працягам пішу...» Уладзіслава Місевіча.

Прыйшоў час і для мастацкага ўвасаблення  гісторыі ўнікальнага калектыву і яго лідара.

— Шэсць гадоў таму я сустрэўся з Віктарам Лабковічам, які сказаў, што марыць зняць фільм пра «Песняроў» і папрасіў падзяліцца ўспамінамі, — распавядае заслужаны артыст БССР, адзін з сузаснавальнікаў легендарнага ВІА Уладзіслаў МІСЕВІЧ. — Мы вельмі душэўна пагутарылі, я бачыў шчырую зацікаўленасць Віктара. Але ў той час мне здавалася, што зрабіць такі фільм у Беларусі немагчыма па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын. Асабіста для мяне тая сустрэча з Віктарам стала яшчэ адным штуршком да напісання кнігі пра «Песняроў».

Мемуары Уладзіслава Місевіча былі апублікаваныя ў 2018 годзе і прыхільна сустрэты чытачамі. Пра фільм ён часам успамінаў, тым больш, што ў апошнія гады на экраны выходзілі серыялы аб культавых савецкіх выканаўцах.

А затым зноў быў званок ад генеральнага прадзюсара «Першай КінаВідэаКампаніі» Віктара Лабковіча. Ён запрасіў Уладзіслава Місевіча ў якасці кансультанта 8-мі серыйнай стужкі пад рабочай назвай «За паўгадзіны да вясны».

Не я адзін, але ганаруся, што ёсць і мой уклад у тое, што забракавалі першапачатковы сцэнар, створаны пры ўдзеле расійскіх партнёраў. Занадта ён быў павярхоўным, з «жаўцізной», кажа Місевіч. Віктар Лабковіч пагадзіўся, што пакуль ёсць людзі, якія асабіста былі датычныя да гісторыі «Песняроў», трэба іх прыцягваць да працы. Зараз у аснову сцэнара ўвайшла кніга Марыны Мулявінай і Вольгі Брылон «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недамоўленае... », а таксама і мая. У сцэнарнай групе задзейнічаны знаўца гісторыі «Песняроў», таленавіты беларускі журналіст і літаратурны рэдактар ​​маёй кнігі Сяргей Трэфілаў. Было вырашана, што падзеі ў фільме завершацца на высокай ноце,  калі ў ансамбля быў «залаты» склад і пік кар’еры. І мне гэта здаецца абсалютна правільным.

Вадзім Галыгін і Уладзіслаў Місевіч, фота з архіва Уладзіслава Місевіча

«Першая КінаВідэаКампанія» здымае фільм у партнёрстве з расійскай кампаніяй Yellow, Black and White. Нагадаем, што ў творчым багажы беларускай прыватнай кінавідэакампаніі папулярныя гульнявыя фільмы «Сляды апосталаў», «Упыр», «Унутры сябе». YBW вядомая такімі работамі, як серыялы «Татавы дочкі», «Кухня», фільмы «Халоп», «Гатэль «Бялград» і шэраг іншых.

Зрэшты, кампанія YBW юрыдычна расійская, але яе генеральны прадзюсар Аляксей Трацюк родам з Брэста, у свой час у складзе каманды БДУ двойчы заваяваў тытул чэмпіёна Вышэйшай лігі КВЗ. Рэжысёр карціны зноў-такі наш чалавек: Кірыл Папакуль таксама ў мінулым капітан каманды КВЗ БДУ. А цяпер ён не толькі рэжысёр і сцэнарыст, але яшчэ і ўдзельнік музычнай групы «АПОТОМ».

Імёны выканаўцаў галоўных роляў рассакрэчваюцца паступова. Ужо вядома, што вобраз Уладзіслава Місевіча ўвасобіць Вадзім Галыгін. Што тычыцца музычнага афармлення, то будуць выкарыстаны аўтэнтычныя запісы «Песняроў» і толькі пры вострай неабходнасці запішуць новыя трэкі. Таксама будзе гучаць музыка таго часу, бо артысты пастаянна слухалі запісы сваіх куміраў.

Пабываўшы на здымачнай пляцоўцы, бачу, што ўсё робіцца на вельмі высокім узроўні. Працуе выдатная каманда, — рэзюмуе Уладзіслаў Місевіч. І вядома, захапляюся Віктарам Лабковічам ён прайшоў вельмі доўгі і няпросты шлях ад мары да яе рэалізацыі. Дзіўна, але на гэты раз палкі ў колы устаўляў калега па цэху. Зрэшты, усё гэта мне знаёма: на «Песняроў» калегі таксама пісалі скаргі, напрыклад, чаму ў нас у калектыве ажно пяць заслужаных артыстаў і сярод іх нават бубнач. Але ўсё, што даецца праз пераадоленне, атрымліваецца, як правіла, вельмі добра. Абсалютна ўпэўнены, што фільм будзе праўдзівым, яркім і яго чакае поспех у публікі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Юрыя ІВАНОВА

Загаловак у газеце: Серыял пра «Песняроў» завершыцца на высокай ноце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».