Вы тут

Заступніца сталіцы. Гісторыя святыні, якой больш за 500 год пакланяюцца жыхары Мінска


Гэта не проста адзін з самых старых беларускіх артэфактаў, гэта аб'ект, якому ўжо больш за 500 гадоў пакланяюцца жыхары Мінска. З ім звязаны легенды і рэальныя гістарычныя падзеі. За яго змагаліся, спрачаліся, хваляваліся. Не ўсе тайны абраза Божай Маці Мінскай яшчэ разгаданыя. Крыху пазнаёміліся з імі і разам з гісторыкам і экскурсаводам Цімафеем Акудовічам «адправімся» ў адмысловую вандроўку, прысвечаную галоўнай святыні Мінска.


Легенда пра з'яўленне абраза Божай Маці Мінскай вядомая з некалькіх крыніц. Адна з найбольш грунтоўных — у работах манаха-базыльянца з Полацка Ігнація Сцябельскага. Так, у 1781 годзе ён пісаў, што абраз спачатку знаходзіўся ў Кіеве ў Дзесяціннай царкве, «будучы пастаўлены там святым самадзержцам зямель рускіх Уладзімірам Першым Святаслававічам, дзе заставаўся на працягу пяціста з гакам гадоў». Але каля 1500 года падчас рабаўніцтва Кіева татарамі адзін з іх вынес абраз з царквы, садраў з яго рызу і кінуў у Дняпро. Так абраз ці то вадой (цудоўным чынам супраць плыні), ці то анёламі быў перанесены да Мінска і з'явіўся на рацэ Свіслач пад замкам, дзе быў заўважаны па незвычайным ззянні.

Самае цікавае, што амаль усё супадае з рэальнымі гістарычнымі падзеямі. У канцы ХV стагоддзя крымскія татары сапраўды рабавалі Кіеў, а сам горад стаіць на Дняпры, куды «басурмане» маглі кінуць абраз. Ёсць, праўда, і «нестыкоўка» — Дзесяцінная царква (адзін з сімвалаў Кіева) на той момант ужо была разбураная.

У іншым апісанні гэтай легенды згадваецца, што абраз быў намаляваны святым Лукой. Наогул у той час усе найбольш значныя святыні прыпісвалі гэтаму апосталу. На Русі было вядома дзесяць такіх абразоў, сярод якіх і згаданы намі.

Сёння на ўзбярэжжы Свіслачы, побач з адным з карпусоў Мінскай духоўнай акадэміі, стаіць скульптура ў гонар з'яўлення абраза Божай Маці — можа быць, якраз побач з тым месцам, адкуль яго дасталі з вады. Але ад гэтай цудоўнай кампазіцыі давайце пяройдзем на другі бок вуліцы Максіма Багдановіча, дзе некалі знаходзілася Мінскае замчышча.

Шанаванне святыні

Ікона была перанесена да замка, што стаяў за высокімі валамі (каля дзесяці метраў). У ХVІ стагоддзі тут віравала жыццё. За імі былі тры царквы, у адной з якіх і захоўваўся абраз Божай Маці Мінскай. Ёсць сведчанне з канца ХVІ стагоддзя, што побач з гэтай выявай Божай Маці былі ўпрыгажэнні і каштоўныя ланцужкі, якія насілі багатыя і паважаныя людзі. Калі абразу рабілі такія ахвяраванні, значыць, яго вельмі шанавалі. Яшчэ адно з пацвярджэнняў таму — пры царкве было брацтва не ў гонар храма, а менавіта святыні, якая там захоўвалася.

Але чаму абраз быў такі шанаваны? Магчыма, падказка схаваная ў «Атласе Святой Марыі». У 1670-х гадах падобныя выданні ў Еўропе былі даволі папулярныя, у іх апісваліся абразы, з якімі былі звязаныя пэўныя цуды. У адным з такіх распавядалася і пра святыню з Мінска. Прычым, акрамя «класічных» цудаў, такіх як вылячэнне сляпых і звар'яцелых людзей, згадваецца, што пасля таго як абразом абнеслі горад, удалося спыніць эпідэмію. Прыводзіцца тут і вялікая перамога над татарамі, якую ўдалося здабыць у прысутнасці гэтага абраза.

У пачатку ХVІ стагоддзя татары спальвалі Мінск некалькі разоў, якраз у часы з'яўлення іконы. Але ў 1506 годзе ў бітве пад Клецкам пад кіраўніцтвам князя Глінскага татараў удалося разбіць. Перамога над ворагам, які доўгія гады тэрарызаваў землі Вялікага Княства Літоўскага, канешне, была важнай падзеяй. Хутчэй за ўсё, менавіта ў гэтай бітве быў «задзейнічаны» і цудадзейны абраз, бо ў ёй удзельнічалі і мінскія харугвы. Натуральна, што перамогу звязвалі з дапамогай святыні.

Пад ціскам уніі

Давайце пяройдзем да самага старога будынка ў сталіцы — Петрапаўлаўскай царквы. Тут абраз Божай Маці захоўваўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у храм ён быў унесены ў 1942 годзе (на той час гэта была адзіная адчыненая праваслаўная царква ў цэнтры). І хоць святары спрабавалі прыцягнуць сюды вернікаў, дзейнічалі курсы і школа, людзі ўсё ж не ішлі. Баяліся. За брамай царквы пачыналася Мінскае гета, адкуль чуліся стрэлы і крыкі, дзе гінулі людзі. Пасля вайны храм зачыніўся, у будынку стварылі архіў, а святыня з 1945 года была перанесена ў кафедральны сабор.

Але тут варта згадаць не толькі ваенную гісторыю. Петрапаўлаўская царква была пабудавана ў 1612 годзе дзякуючы ахвяраванням апошніх буйных праваслаўных родаў (у той час шляхта масава пераходзіла ў каталіцызм). Ахвяруючы сродкі на будоўлю, шляхта пакінула наказ, што робіць гэта, каб іх дзеці засталіся праваслаўнымі. Сёння на храме ёсць шыльда ў гонар заснавальнікаў Свята-Петрапаўлаўскага манастыра. Сярод пазначаных прозвішчаў — Друцкія-Горскія, Агінскія, Ваньковічы, Валадковічы, Станькевічы, Вярыгі, Сялявы. Наказ не быў выкананы — іх нашчадкі ўжо будуць каталікамі.

Варта звярнуць увагу яшчэ на адно прозвішча з гэтай шыльды — Рагозаў. Менавіта рашэнне, прынятае прадстаўніком гэтага роду Міхаілам, значна паўплывала на далейшы лёс Божай Маці Мінскай.

Міхаіл Рагоза стаў мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі. У 1596 годзе ён падпісаў Берасцейскую унію, тым самым прызнаўшы далучэнне праваслаўных епархій да рымска-каталіцкай царквы. Гараджане такое рашэнне не падтрымалі, успрыняўшы яго як здрадніцтва веры.

Большасць мінчан перастала наведваць галоўныя храмы, і дайшло да таго, што людзі ахвяравалі грошы ў магістрат, каб адтуль яны ішлі на маленькую цэркаўку, апошнюю праваслаўную ў горадзе.

Адзінае, чаго дамогся мітрапаліт Рагоза, — вяртанне абраза Божай Маці. Яго размясцілі ў кафедральнай царкве.

Падарунак каралевы

Ёсць і іншыя версіі таго, як у Мінску з'явіўся цудадзейны абраз. Цімох Акудовіч прывёў версію, выказаную гісторыкам Юрыем Мікульскім, пра тое, што абраз быў падораны каралевай. У судовай цяжбе паміж мітрапалітам Міхаілам Рагозам і жыхарамі Мінска згадваецца, што гараджане забралі з храма каштоўныя ланцужкі, падсвечнікі і абраз, падораны каралевай Аленай.

Алена — дачка маскоўскага князя Васіля ІІІ, была жонкай Вялікага князя Літоўскага Аляксандра. Алена адмовілася станавіцца каталічкай, як патрабавала акружэнне Аляксандра. Нават падчас вяселля, якое праходзіла ў Вільні па каталіцкім абрадзе, за дзяўчынай стаяў праваслаўны святар.

Алена рабіла ахвяраванні на праваслаўе. Вядома, што ў Вільні захоўваўся абраз, падораны ёй. Некалькі разоў каралева наведвала Мінск, у тым ліку і ў пачатку ХVІ стагоддзя. І тут таксама пакінула каштоўныя падарункі.

Новы дом

Пазбаўленыя вернікаў, уніяцкія цэрквы прыходзілі ў заняпад. Распаўсюджваць унію праз звычайных святароў было вельмі складана. Але ўсё змянілася, калі да справы былі далучаны манахі, якія шмат працавалі на асвету. Тут варта згадаць Язэпа Руцкага — стваральніка ордэна базыльянаў.

Тады і ўзнікла ідэя аб перанясенні абраза на новае месца — у Верхні горад, які ў пачатку ХVІІ стагоддзя становіцца яго цэнтрам. Там пачаў будавацца Свята-Духаў храм. Не абышлося без спрэчак, прычым базыльяне пасварыліся са сваімі ж — уніятамі. Частка шляхты на той момант ужо прыняла унію і выступала за тое, каб абраз заставаўся ў старым Кафедральным саборы на Замку, а Язэп Руцкі быў упэўнены, што неабходна стварыць новы моцны цэнтр і шанаваная ікона павінна захоўвацца менавіта ў Верхнім горадзе. Гэтыя спрэчкі зацягнуліся, нават у ХVІІІ стагоддзі уніяцкія жыхары горада судзіліся са Свята-Духавай царквой, каб абраз Божай Маці Мінскай вярнулі на Замак.

Не ўсе гараджане гатовыя былі мірыцца з тым, што ў цэнтры горада з'явіцца новы буйны ўніяцкі комплекс. Часам па начах яны «шчыравалі» на будоўлі царквы Святога Духа — раскідвалі, псавалі матэрыялы. Нават за тры дні да перанясення абраза быў здзейнены такі напад. І тым не менш, урачыста, вялікім хрэсным ходам абраз быў перанесены ў новы храм.

Абраз Божай Маці, відаць, спрыяў таму, што сюды пацягнуліся вернікі. Так, калі спачатку царква была драўляная, то каля 1636 года тут быў закладзены мураваны будынак. Свята-Духаў храм займеў унікальны барочны фасад, размаляваны фігурамі святых. Менавіта ў гэтай царкве абраз захоўваўся найбольш доўгі час — да 1935 года. Тут жа ён змяніўся. Вобраз, вядомы нам сёння, быў намаляваны па-над старым роспісам.

У пачатку ХVІІІ стагоддзя падчас вайны са шведамі, калі ў Мінску спыняўся Пётр Першы, абраз і храм ніхто не чапаў. Адзінае, калі войскі Пятра сышлі, за рабаўніцтва ўзяліся калмыкі, што служылі рускаму цару. У тым ліку «пагаспадарылі» яны і ў храме Святога Духа, хацелі знесці абраз, але горад узняўся на абарону і адстаяў сваю святыню.

У ХІХ стагоддзі храм пацярпеў ад пажару. Пасля некалькіх перабудоў ён цалкам змяніў сваё аблічча. Тады ж абраз быў перамаляваны на новы лад.

Царкву ў 1915 годзе наведаў Мікалай ІІ, дзе яму паказалі і самы шанаваны абраз горада.

Храм Святога Духа быў узарваны ў 1936 годзе. Яго аднавілі ў 2009—2011 гадах, прычым у тым выглядзе, у якім ён быў пабудаваны ў ХVІІ стагоддзі. Сёння тут знаходзіцца канцэртная зала Дзіцячай філармоніі «Верхні горад».

Вяртанне

У 1920-я гады на мінскую святыню паквапіліся новыя ўлады. Дакладна, іх больш цікавіла багатая аправа абраза Божай Маці. Гараджане паспрабавалі адкупіцца ад сквапных бальшавікоў. Але ў хуткім часе аправу ўсё роўна «прыбралі» на карысць рэвалюцыянераў. Абраз жа перадалі ў краязнаўчы музей.

За савецкім часам Мінскі дзяржаўны музей размяшчаўся ў Архіерэйскім падворку — на месцы цяперашняга Дома афіцэраў. Музей гэты быў даволі багаты. Так, у ім меліся экспазіцыі, прысвечаныя першабытнаму часу і Сярэднявеччу. Дарэчы, артэфакты для яго збіраў Вацлаў Ластоўскі.

У 1930-х гадах, калі пачалося будаўніцтва Дома афіцэраў, музей перамясцілі ў флігель, у якім было мала месца для экспазіцый. Новыя куратары палічылі ранейшую экспазіцыю «буржуазнай». Пад ранейшую гісторыю выдзелілі адну залу, астатнія прысвяцілі рэвалюцыі.

Вялізная колькасць артэфактаў трапіла ў дрывотню. Ёсць апісанне, што абразы проста скінулі на зямлю. І калі б нейкі чалавек не пасцяліў палатно, не прыставіў іх да сценкі і не прыкрыў, магчыма, снегам і дажджом каштоўнасці былі б знішчаны.

Пры немцах у Мінску новы кіраўнік музея знайшоў абраз і перадаў яго на рэстаўрацыю Георгію Віеру...

Пасля вайны абраз быў перанесены ў Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе і знаходзіцца сёння.

У пачатку 1990-х рэстаўратару Пятру Журбею выпала складаная задача па аднаўленні святыні... Сёння абраз Божай Маці такі, які ён быў у ХVІІ стагоддзі, а пад гэтым слоем схаваныя яшчэ больш старажытныя лікі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Заступніца сталіцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»